|
|
|
№
2(56)/2011
Жыццё Касцёла
Інтэрв’ю
ВЕРА & SOCIUM
Галерэя
Пераклады
Ad Fontes
Мастацтва
На кніжнай паліцы
З архіваў часу
Постаці
Кантрапункт
На кніжнай паліцы
In memoriam
Пераклады
Мастацтва
Вачыма візітатара
|
Жонцы. Менск, 24 чэрвеня 1843 г. Тэатр уяўляе касцёл бэрнардынаў у Менску. Нядзеля. Тлум (цісканіна). Маладзён у акулярах, знуджаны мармытаннем ксяндза-казанніка, прадзiраецца праз людскi натоўп i нарэшце, выцiснуты да бабiнца, выпроствае пакамечаны капялюш, прыводзячы яго ў першапачатковы стан, — і пры такім занятку застае яго адна дама, і размова распачынаецца з гучных выклічнікаў. — Мой князь!!! — Каралева! — Што тут ты робіш? — Які выпадак прывёў цябе ў нашыя краі? — Ай ты, жартаўнік — жартаўнік! Вось гэта нечаканка, далібог неспадзяванка... — Не будзем пра мяне! Ты, зорка, гэтак нечакана мільганула на гэтым цёмным даляглядзе, адкуль, куды едзеш? — Была ў Віцебску. Ах, які горад! Мой родны горад! Усё каралі, князі, валадары свету! І я паміж імі валадарыла. Не жадалі мяне адпускаць, нават была змушаная даць сябе выкрасці жыду-фурману, і цяпер я па дарозе ў Вільню! — Ба!.. Каралева дазволіць прыняць лёгкі сняданак у свайго слугі? — Не магу, мой князь! Толькі адсвяткую шабас і еду далей. Ты не будзеш пісаць да сваіх? — Пісаць я не буду, але, прыехаўшы ў Вільню, скіруйся зараз жа да спадарыні палкоўнікавай1 і скажы, што ты мяне сустрэла. — Ай ты, жартаўнік! Бывай жа здаровы! — Шчаслівай дарогі. — А некалі, як прыедзеш жа ў Вільню, будзем мы валадарыць! Будзем, будзем.
Так размінулася тая далікатная пара,
Мінулы ліст быў гэтак няўважліва пісаны, што пра тую сустрэчу я забыўся папярэдзіць каханую Омку. Мэерава ўжо дагэтуль павінна была б давалачыся да вас. Што ж ты скажаш пра яе вагу? Як бачна, вандроўка па кароткіх гасцінцах розным па-рознаму служыць, бо бедны Манчыньскі памкнуўся з канцэртам, і калі сабралася 11 асобаў, вымушаны быў ad meliora tempora4 адкласці. Сам сабе нашкодзіў. Цэлымі днямі спіць, ніякага знаёмства не заводзіць, а якія лепшыя надарыліся, дык і тыя не ўмее шанаваць, і аддаўся ў пратэкцыю менскім дурням маляваным. Дзякуй табе за віленскія плётачкі, але не дзякую за жудасныя весткі пра нашыя інтарэсы. Калі мае лісты гэтак жа спраўна даходзяць, як твае, табе трэба дзівіцца, што ўжо трэці атрымліваеш з паўторным паведамленнем, што я выбіраюся з Менска да Ігнася з паўнамоцтвамі, якія ён павінен падпісаць. Калі атрымаецца рэалізаваць паспяхова той праект, мы можам усю скуплінскую справу з усімі яе турботамі лічыць скончанаю, бо Календа — чалавек вядомы, у сталых кантактах з грамадзянствам і які мае ад іх давер, а што найгалоўней, у яго самога ёсць контрагент на частку Скупліна, таму, маючы два бакі ў сваіх руках, яму будзе лёгка скончыць тую справу, якую б мы, самі робячы, і за некалькі гадоў не спарадчылі б. Але я ізноў падрабіўся пад стыль ліставання Сідаровіча, таму як хутчэй вяртаюся назад. Быў я на менскім балі-маскарадзе! Даволі таго паведаміць, каб ты магла зразумець, як за мае 4 злотыя я быў частаваны. Людзей гэтым разам, не так, як заўсёды, было няшмат — але і тых мне хапіла. Распуста, манернічанне, моладзь, дзяўчаты, удовы і замужнія жанчыны... усе вартыя адзін аднаго! Зан меўся выехаць некалькі дзён таму, але калі панна Свентаржэччанка прыехала ў Менск, бачыў яго яшчэ ўчора на шпацыры з ейнай кампаніяй. Гэта сапраўды дзяўчына ідэальных уяўленняў і вартая выключэння з дзявоцкай хеўры... Не маю шчасця ведаць яе асабіста, але даволі пачуць аповеды пра раманныя гісторыі, каб яе ацаніць. Маме, самай добразычлівай маёй дабрадзейцы, найпяшчотней дзякую за некалькі слоўцаў — віншую з пячаткамі! Вельмі прыгожыя. Не маю часу асобна падзякаваць Міцкевічу за цудоўную «Мазурку», хачу гэты недахоп выправіць вусна. Няма патрэбы апісваць, як жа я сумую па вас, бо ты мяне ведаеш. Неспадзяванкі табе прыездам маім я не зраблю, будзь спакойная. Элёнка дарагога пацалуй і зрабі з ім за мяне гу-та-та! Цябе я найсардэчна цалую, твой Станіслаў.
Жонцы. Менск, 18 ліпеня 1843 г. Мая найдаражэйшая Амiно! Праз некалькi хвiлiнак выязджаю з Навiцкiм на Чарнiцу (?) у Скуплін i сёння чакаў толькi пошты з Вiльнi, а паколькi не сёння, але ажно паслязаўтра пошта адсюль пойдзе да вас, то ўручаю гэтае лiсцянятка ў рукi нашага фактора — не ведаю, як дойдзе. Шкадую, што не бачыўся з Жыльветрам, але не вельмi, бо мы дакладна ўквэчаныя1 ўдзячнай афiцынай2. Пiшучы гэта, мне прыходзiць думка, чаму i Завадзкiя сваю друкарню назвалi афiцынай, напэўна, дзеля прывязанасцi да нас. Пабачыцца са Стафановiчамi не маю часу, таму пра справу Жалкоўскай нiчога не паведамляю. Прыгаворваюць яны таксама нейкую гувернантку з Рыгi, але гэта яшчэ цалкам няпэўна i таму хочуць мець у запасе другую. Я пiсаў табе, просячы, каб напiсала Кляшчыньскiм i ад майго iмя, а ты зноў звяртаешся да мяне з тым самым iнтарэсам. Найдзiўнейшае ў гэтым тое, што мы ў адзiн дзень, а можа i ў адну і тую ж самую гадзiну, пiсалi пра гэта, бо пошта адсюль выходзiць у тыя самыя днi, што i з Вiльнi. Не ручаюся, што Кляшчыньскiя нашыя лісты атрымаюць той самай поштай, перапрашаючы адно другое. Ты нiчога новага не паведамляеш мне пра карэспандэнцыю панны YY са спадарыняй I3. Гэтая пара вартая адна адной і вартая шкадавання. Адна цяцёрка, другая цецярук. Адна марудная, а другая надта жвавая, у выніку чаго атрымлiваецца, што разам утвараюць фатальную «бяжыць-ідзе». Прашу прабачэння!.. Менск такі глухi, як.. стрый4. Здаецца, што спакойны i не чуе, а ў вантробах сваiх точыць і душыць. Гэты тыдзень быў для мяне жахлiвы, сапраўды пакутнiцкi. Што за нуда! Што за людзi!! Гвалт! Колькi разоў выязджаю з гэтай мясцiнкi5, заўсёды ў мяне жаданне памыць рукi, твар i ногi абцерцi. Паслязаўтра iмянiны таты, здаецца, што будзем святкаваць у Барысаве. Пашытую камiзэльку аддам яму. Як паведамляюць з Чарнiцы, Казюк здаровы, а можа адтуль i пiсалi табе наўпрост. Бедны наш Элёнак! За якiя грахi пакутуе гэтае дзiцянё — пацалуй яго ад мяне найпяшчотней, а маме-дабрадзейцы тысячу падзякаў за некалькi кiнутых словаў. Сябе, на колькi можаш, любi i шануй; тваё найдаражэйшае здароўе — мой адзiны скарб. Прыкладу ўсе намаганнi, каб як найхутчэй быць каля цябе. Твой Станiслаў.
Жонцы. Менск, 15 чэрвеня 1845 г. Мая найдаражэйшая! Я быў вельмі неспакойны за твой спакой. Не мог я стрымаць слова, каб у чацвер выслаць табе ліст. Вандроўка наша гэтак зацягнулася, што замест панядзелка ўвечары дабраліся мы ў Менск толькі ў аўторак а першай гадзіне апоўдні, а гэта з прычыны разгону1, які нам адразу на першай станцыі ад Вільні і на перадапошняй загадаў двойчы начаваць. Бацькоў у хаце я не заспеў — былі ў Кальварышках2, і я чакаў іх цэлыя чатыры гадзіны. Натуральна, што сюрпрыз быў выдатны. На кантракты я не толькі не спазніўся, але нават з асобаў зацікаўленых у нашай справе быў самы першы: Слізень паехаў атрымліваць грошы. Машчыньскі да хворага. Козел нават учора прыехаў — але гэта звер рагаты: я не дужа спадзяюся, што з ім дамоўлюся — паслужыць толькі за пудзіла іншым пакупнікам. Адамавы толькі за дзень да мяне прыехалі. Ваньковічы заўтра выязджаюць, таму ў панядзелак будуць у Вільні — няма патрэбы казаць, як варта прыняць іх належным чынам у нашай хаце, гэта значыць сціпла і годна. Ігнась днямі павінен абавязкова прыехаць. Вось нагаварыў усяго, што нас датычыць найбліжэй. На будучым тыдні Доплер павінен выстуць у шляхецкай зале. Учора ён іграў у Хржановіча (там, дзе жыў Навачак) і ўсіх захапіў надзвычайна. Можна спадзявацца, што да ста квіткоў будзе лёгка распрададзена без пратэкцый вялікіх мясцовых шышак. Да прыезду Морыса тэатр быў у вельмі занядбаным стане. Затое ўчора на першым ягоным выступленні была прорва люду і публіка разышлася ў вялікім захапленні; я не быў, але тата з мамай у ложы Адамаў. Ёсць тут Малеўскі, твой улюбёнец, ён на дарозе ў Вільню. Калі я кажу пра тэатр, міжволі другі спектакль просіцца пад пяро, пра які не хацеў бы й казаць, ба! нават не быць ягоным сведкам: працэсія Божага Цела адбылася з усёй пабожнасцю малітоўнага люду, якога можна было налічыць да 3 000, і з усёй самай пампезнай ахвярнасцю з боку духавенства і ўсіх прысутных. Даволі сказаць, што біскуп не быў, а Імшу цэлебраваў інфулат3 Дамброўскі. <...> Балдахін быў аточаны дзясяткам гарнізонных салдатаў з стрэльбамі і ў фуражках — падчас усяе працэсіі грымела музыка, выпярэджваючы развясёлы марш, напэўна, каб развеяць сумныя думкі, якія выклікаў выгляд усяго гэтага шматлюднага натоўпу. Я толькі з Ф. Завадзкім, як сапраўдныя віленчукі, узнаўлялі ў памяці пышнасць і імпазантнае рэлігійнае ўражанне ад працэсіі Божага Цела ў Вільні. <...> Што ж там у нашай Пагуляначцы?4 Як дзятва, як пачуваецца Омка? Ці памятае пра мужавыя дзесяць загадаў? Ці шануе сваё найдаражэйшае здароўе?5 Ці не ўваходзіць у непрыязныя, як дагэтуль, адносіны з Маліноўскім?.. Учора ўвечары я атрымаў ад Ёдкі ліст — іду цяпер яго адведаць. Здаецца, што Аляксандра тут няма — калі б быў, дык я сустрэў бы яго ў харчэўні Цыбульскіх, дзе ён заўсёды харчуецца. У Дамініка6 быў, але ён яшчэ спаў. Злітуйся, мой Анёлку, напішы мне найшчырай, як ты там даеш рады ў касе з сваімі выдаткамі? Ростань на некалькі дзён з пярсцёнкам, гэтак для мяне дарагім, будзе для мяне яшчэ больш мілай, калі ты будзеш мець патрэбу ў дапамозе7 — прашу цябе і малю пра гэта. Маме каханай ручкі цалую. Тата ёй напіша. Дзятву і цябе найпяшчотней абдымаю. Твой Чацвер, ці гэтым разам Пятніца, або: Пятнічак.
Публікацыя і пераклад з польскай мовы
Гл. таксама:
|
|
|
|