|
|
|
№
2(56)/2011
Жыццё Касцёла
Інтэрв’ю
ВЕРА & SOCIUM
Галерэя
Пераклады
Ad Fontes
Мастацтва
На кніжнай паліцы
З архіваў часу
Постаці
Кантрапункт
На кніжнай паліцы
In memoriam
Пераклады
Мастацтва
Вачыма візітатара
|
Сто семдзесят гадоў таму, зімой 1841 года, у Вільні быў дадзены дазвол на выданне твора «Асаблівасці маіх думак і пачуццяў» беларускага і польскага філосафа і педагога Фларыяна Бохвіца. Імя гэтага вядомага ў XIX стагоддзі мысляра сёння, на жаль, амаль забытае, аднак філасофскія і педагагічныя ідэі Бохвіца зноў набываюць актуальнасць. Жыццё Фларыяна Бохвіца было цесна звязанае з Беларуссю. Будучы філосаф нарадзіўся ў 1799 г. у мястэчку Мір у шляхецкай сям’і сярэдняга дастатку. Бацька Фларыяна Рамуальд быў пратэстантам, а маці Анэлія — перакананай каталічкай. Яна выхавала сына ў духу сваёй веры. Школьныя гады Фларыяна прайшлі ў Нясвіжы, дзе ён вучыўся ў школе пры кляштары дамініканцаў. Затым Бохвіц працягваў адукацыю на юрыдычных факультэтах Кіеўскага і Віленскага ўніверсітэтаў. Пасля атрымання вышэйшай адукацыі ён некаторы час працаваў адвакатам у Наваградку, уваходзіў у склад мясцовай асацыяцыі адвакатаў. Аднак адвакацкая практыка не захапляла Фларыяна Ф. Бохвіца. Ён жадаў вясковай цішыні, дзе мог займацца філасофскімі разважаннямі. Ажаніўшыся з Паўлінай Маеўскай, сваячкай Адама Міцкевіча, Фларыян Бохвіц купіў у 1838 г. невялічкі маёнтак Вашкоўцы на Ляхавіччыне, дзе заняўся сельскай гаспадаркай. У Вашкоўцах сям’я жыла ў старой драўлянай хаце, значную частку якой займала сабраная Ф. Бохвіцам каштоўная бібліятэка з багатым зборам часопісаў. У гэтым утульным месцы збіралася ў тыя гады мясцовая інтэлігенцыя, прыязджалі сюды літаратары і філосафы, сябры Фларыяна Бохвіца.
У Вашкоўцах Бохвіц напісаў свае філасофскія працы. Першы яго твор — «Сутнасць маёй думкі. На памяць жонцы і дзецям» — быў выдадзены ў Вільні ў 1838 годзе. Працягам гэтай працы стала кніга «Сутнасць маёй думкі аб мэтах існавання чалавека». У 1842 г. убачыла свет кніга Бохвіца пад назваю «Асновы маіх думак і пачуццяў», а ў 1847 г. — «Думкі аб выхаванні чалавека». У цэнтры ўвагі мысляра знаходзіліся маральныя і педагагічныя праблемы. Фларыян Бохвіц распрацаваў шэраг этычных праблемаў, падкрэсліваючы значэнне працы ў жыцці грамадства, заахвочваючы прыхільнае стаўленне да прыватнай уласнасці і павагу да дзяржаўнай законнасці. Ён выступаў за выхаванне найбольш карысных для грамадства людзей шляхам зліцця адукацыі з працоўнай дзейнасцю і гарманічнага развіцця разумовых і фізічных здольнасцяў. У прадмове да «Думак аб выхаванні чалавека» філосаф адзначаў, што чалавек, які з’яўляецца на свет толькі адзін раз, павінен рэалізаваць усе свае здольнасці, каб не знікнуць з гэтага свету, як цень. Фларыян Бохвіц лічыў, што людзям дадзена здольнасць даведвацца пра ўсё на свеце, што іх здзіўляе, што з’яўляецца мудрым, дабрачынным, боскім. Гэтая здольнасць развіваецца ў чалавека з дзяцінства, а бацькі павінны дапамагаць у гэтым, схіляць дзіця да добрых учынкаў. У гэтай здольнасці, пісаў Ф. Бохвіц, чытаецца воля Бога, каб людзі праз навуку і маральныя ўчынкі развівалі ў сабе веды, каханне і ўласную волю. Як бачым, сваю педагагічную сістэму выхавання і навучання Фларыян Бохвіц пабудаваў на прынцыпах асветы і рэлігійнай маралі. І сапраўды, у супрацьлегласць ідэям вальнадумства і атэізму, што панавалі ў эпоху Асветніцтва, мысляр адстойваў вяршэнства рэлігіі ва ўсіх чалавечых думках і справах. Таму Фларыяна Бохвіца лічаць прадстаўніком хрысціянскай філасофіі. Акрамя гэтага, значнае месца ў яго творах займаюць такія праблемы, як прыхільнае стаўленне да бацькоў, да інстытутаў шлюбу і сям’і. На думку Ф. Бохвіца, Бог з самага пачатку натхніў людзей ідэяй шлюбу, што заўсёды лічыўся ўсімі народамі святочным, святым звычаем, без якога людзі апусціліся б у сваім развіцці на адзін узровень з жывёламі. Філосаф закранаў таксама пытанні грамадска-палітычнага характару. Ён не бачыў будучыні індывіда па-за грамадствам. У «Думках аб выхаванні» ёсць такія радкі: «Чалавек не можа таксама абысціся без грамадства. Маці патрабуе дапамогі бліжніх, каб нарадзіць і гадаваць дзіця. Адзін чалавек, без узаемадзеяння з іншымі, не зробіць для сябе адзення, ежы, жылля. Таму з-за патрэбы ў кантактах з грамадствам у нас узнікаюць узаемаадносіны, абавязкі, якія патрабуюць ад унутранага „Я” думаць, кахаць і кантраляваць сваю волю». Але не толькі грамадства павінна паляпшаць жыццё кожнага чалавека, а і сам чалавек у працэсе свайго жыцця павінен прыносіць карысць грамадству. Таму адзін з тэзісаў Ф. Бохвіца абвяшчае: «Нам трэба вучыцца таму, што сапраўды развівае нашыя веды, што робіць нас карыснымі грамадству на розных пасадах і ў розных жыццёвых абставінах. Нам трэба вучыцца таму, што цікавіць чалавецтва і тлумачыць сэнс яго існавання». Філосаф пісаў, што людзям дадзены даволі працяглы час маладосці і таму першыя дваццаць гадоў жыцця проста прызначаны для навукі. І самы ўбогі, і самы багаты чалавек, лічыў Ф. Бохвіц, у кожным без выключэння стане, павінен атрымаць у час маладосці пэўную адукацыю.
Менавіта ў такім духу былі выхаваныя сыны і ўнукі Фларыяна Бохвіца, якія сталі адукаванымі і ўсебакова развітымі людзьмі. Адзін з сыноў Фларыяна Бохвіца, Ян Атон, актыўны ўдзельнік паўстання 1863 года, пісаў вершы, быў вядомым грамадскім дзеячам, спецыялістам у галіне сельскай гаспадаркі, асабліва садоўніцтва. Ян Атон актыўна займаўся памалогіяй — навукай аб гатунках пладовых раслінаў і адборы найбольш перспектыўных з іх. Яго даследаванні былі апублікаваныя ў працах «Некаторыя агародніцкія назіранні», «Як закладваць і даглядаць сады». Недалёка ад Вашкоўцаў ён заснаваў уласную сядзібу, названую ў гонар бацькі Фларыянава, і зарэкамендаваў сябе добрым гаспадаром. Тадэвуш Бохвіц, старэйшы сын Яна Атона, вядомы як блізкі сябар Элізы Ажэшкі. Іх перапіска склала больш за трыста старонак мастацкай прозы. Акрамя таго, Тадэвуш ведаў некалькі замежных моваў, сур’ёзна захапляўся гісторыяй журналістыкі. Пісьменнік, педагог і філосаф Фларыян Бохвіц пражыў у сваім маёнтку ў Вашкоўцах да канца жыцця. Ён памёр 9 жніўня 1856 года, а пахаваны быў на каталіцкіх могілках у вёсцы Дарава (цяпер у Ляхавіцкім раёне). Надпіс, зроблены на помніку мысляру, быў вельмі сімвалічным: «Хай твой прыклад паказвае нам дарогі праўды». Творы Фларыяна Бохвіца былі выдадзеныя ў Вільні на польскай мове і з’яўляюцца сёння бібліяграфічнай каштоўнасцю. Знайсці іх даволі складана, аднак у аматараў айчыннай гісторыі ўсё ж ёсць шанц прачытаць працы філосафа ў электронным варыянце. Хочацца спадзявацца, што яны будуць перакладзены і выдадзены ў Беларусі для шырокага кола чытачоў.
|
|
|
|