Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(85)/2018
Жыццё Касцёла
Пакліканне
Даследаванні
Інтэрв’ю

БЫЦЬ КСЯНДЗОМ — НЕ ЗНАЧЫЦЬ БЫЦЬ ПРАРОКАМ
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Постаці

«АДКУЛЬ У ІХ БЫЛІ СІЛЫ?»
Спадчына
Асобы

ELEEMOSYNARIUS
Кніжныя скарбы
Нашы святыні
Паэзія

ТОЛЬКІ СЛОВЫ
Мастацтва
Паэзія

ВЕРШЫ
Проза
Мастацтва

СПАВЯДАЮЦЦА ФАРБЫ...

ПАЛЕСКІ ІКАНАСТАС
Музыказнаўства

MAGNUM OPUS Ф. МІЛАДОЎСКАГА

СПЕВЫ ДА СВЯТОЙ ІМШЫ
Архітэктура

Данута БІЧЭЛЬ

ТОЛЬКІ СЛОВЫ

Анёлы на дрэвах
На дрэвах мае анёлы
гукаюць са мной вясну...
Калі ёсць у каго сумленне —
то яно мае формулу сну.

Нейкая жменя, імгненне
мінулага захаплення,
нейкая рэштка
на дне дзіравага рэшатка
памяці
пасля лютаўскай замеці…

як бліскавіцы пасля навальніцы,
адчуванне бязмежнага шчасця,
ігнараванне напасцяў…

Адважнымі ў снах бываем,
у небе падтрымку маем,
анёлы ўздымаюць высока,
куды — ні сінічка, ні сойка…

Анёлы перасяляюць
на пляцы дзівосных местаў,
дзе людзям бывае цесна,

на светлае сумаўленне —
за каго ўзносім маленне…
каб змог з нябёсаў спусціцца
ціхім піскам сініцы…

У дзявочым гаёчку,
невідочны, схаваўся дзе ты,
калі рассыпала ночка
свае залатыя манеты?..

Страх смерці глыбей, чым сорам,
глыбей, чым сон і сумленне,
ды смерць, нібы вызваленне —
для замучаных горам…
Несмяротнасць — жыве ў імгненні,
мастацтва рамак не мае…
Малітва ў рамках трымае.

А звычайныя простыя словы
не разбудзяць людзей талковых,
ні народу не родзяць, ні мовы…
Марны клопат, дармовы.

19.01.2018 г.

Малітва
Божа, маіх дзяцей —
Віку, Валеру, Стася,
Аксеню, Андрэя, Антося,
пад крылы свае схавай,
строгім Айцом з імі будзь,
калі на грахі ідуць,
як патруль, спыні, затрымай.

Надзялі іх думкі пакорай,
каб не было яшчэ горай!
Выводзь на светлую радасць,
адганяй ад іх супастатаў.

Запоўні іх розум святлом
мудрасці Твайго Евангелля!
Навучы тварыць Тваю волю, Спасе!
Добрым з імі застанься!

Ты, наш Божа Адзіны!
Уладар Усясветны!
Змілуйся над дзецьмі маімі!
Вяртай да Тваіх запаветаў!

Захавай іх пад сваім крыллем!
Збаўляй ад духа злога,
адгані ад іх ворагаў, злыдняў,
напоўні любоўю да Бога!

31.01.2018 г.

Залатая пчала ў залатым садку

…сон, вызвалены лётам пчалы

Залатая пчала ў залатым садку
назбірала залатога мядку.
І я свае кросенцы ціха датку.

Залатое сонейка па срэбнай рацэ
купаецца ў маці-зямлі малацэ.
Залатая хмарка, распрануўшыся дагала,
па халодным Нёмане ў Балтыку паплыла,
У Нёмане донца дастала,
залатыя клубочкі зматала,
так і я свой сувой у восемдзясят нітоў
аснавала, даматала, даткала.

Добра было тут мне
ў сонечнай цёплай вясне,
у срэбным восені-лецейку,
у пуша́най зіме.
Пчолкі слоўцы збіралі,
трутні не любілі мяне.

Кроцікі-дроцікі-плотачка-кротачка-верш.
Ты маім болем полем жытнёвым — найлепш.
А я ад тых успамінаў
у салодкі машок уцяку…
на мядзведзіку ці на ваўку,
на спаленым залатым павуку,
сярод вужакаў, соў ды імхоў —
у сончыкавы захоў…

Як мы беглі па мосце,
як нам бераг зайздросціў —
не раскажуць ім нашы косці!

11.02.2018 г.

Спярша
Спярша…
У шыбы вокнаў б’ецца пан Падвей.
У снах жыццё праходзіць цікавей.
У тым старым бяздомным цёплым сне
шчэ нехта не забыўся пра мяне...
шчэ нехта, файны, памяць не згубіў:
заўважыў некалі, служанкай не зрабіў,
сам быў вялікім, стаў цяпер малым,
душой прыліп, як смоўжык да скалы,
лячыўся, а заснуў, стаміўся, усох,
так прыляпіўся да жыцця, як мох...
Як у смаўжа, ў асілка-малыша
у выспятку сухім яго душа...
Тут продкі птахамі былі спярша...

Птахамі продкі былі
Але
не на каменнай скале,
на касцях,
на болесцях, на стагоддзях —
Каложа,
вогненны птах,
з валуноў і плінфы на небаўзыходзе.

Гэтак паўстанеш і ты,
наш святы і грэшны народзе,
з Божанькам — не пры чужым стале…

Дойлід — ён шліфаваў лекавыя камяні —
у агні.
Лучнік пацэліў у сэрца чужое лук.
Цвіў, не крануты касой, не пакошаны луг.
Братка Нёман. Паводка…
Барыс і Глеб…

Вежы замкаў князёў, каралёў.
У капцах палае галлё…
Ад Грунвальда жар не ачах!
Адчыняе вароты матка з дзіцём на плячах,
у руках у сына вянец,
учапіўся за косы, абхітрыў яе — маладзец!
вырасце князь ці купец!
Сцяна.
Сутарэнне. Склеп.

12.02.2018 г.

Світанак
Світанак пасля начных прыгнятанак…
Світанак глыбокіх сэрцавых ранак…
Світанак — перад адлётам прыстанак…
Світанак на цёплых зёлках палянак…
Світанак у трох куточках альтанак…

А хмаркі плывуць нацянькі,
нібы мосцікі ўдоўж ракі.
На дваістым дне той ракі
рак палюе, вялізны такі.
А на мосцік драўляны ўдоўж
прысмактаўся той слізкі смоўж.
Паслізнешся, нібы няўзнак —
будзеш там, дзе зімуе рак.

Я не плачу аб слове памерлым,
я на полымі скамянелым
малюю сцяжок белым мелам.

А нехта маўчыць за сталом,
пад скамянелым крылом
гартае стратаў важкі том…

А на яблыні зоркі расіцу п’юць,
зялёным яблыкам заядуць,
напіўшыся, у хмаркі свае палятуць.

Жаўранак будзіць дасвецце,
з хмаркі страсае вецер,
расцвітае акна ружы-квет,
усміхаецца ўвесь белы свет!

Вядзёрка ў студню дае нырца,
падстаў збаночак — налье жыцця.

Завуркоча ў коміне гром,
Дух Святы прыходзіць з дажджом.
Божанька вітае дабром,
дабрынёй напаўняе дом
і праводзіць з поўным вядром.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY