Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(99)/2022
Інтэрв’ю Касцёла
Размова Францішка ДУБРАЎСКАГА з біскупам Віцебскім Алегам БУТКЕВІЧАМ
У ВЕРНАСЦІ ЯГОНАЙ ВОЛІ
In memoriam
Крыстына ЛЯЛЬКО
«СПАДЗЯЮСЯ НА СВЯТЛО…»
Ала (Альбіна) СЯМЁНАВА
SURSUM CORDA!
Краязнаўства
Паэзія
Постаці
Нашы святыні
Паэзія

ПАВОДКА

ВЕРШЫ
Прэзентацыя
Успаміны

ЯЕ РАТАВАЛА ВЕРА...
Каталіцкія місіі
Спадчына
Інтэрв’ю

БЕЛАРУСКІЯ БУКВАРЫ ФАРМІРУЮЦЬ СВЯДОМАСЦЬ
Асобы
Мастацтва

Франц СІЎКО

У ВЕРНАСЦІ ЯГОНАЙ ВОЛІ


18 сакавіка адзначыў сваё 50-годдзе ардынарый Віцебскай дыяцэзіі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі біскуп Алег Буткевіч. З гэтай нагоды мы друкуем інтэрв’ю з Яго Эксцэленцыяй і зычым яму шчодрых дароў Духа Святога на наступныя паўвеку.
 

— Ваша Эксцэленцыя, восем гадоў мінула з часу атрымання Вамі біскупскай сакры, а такое адчуванне, быццам учора ўсё адбывалася. Ці Вам, можа, іначай усё бачыцца?

— Сапраўды, адчуванне такое, быццам новае прызначэнне ў маім жыцці адбылося зусім нядаўна. Дзіўна, бо гэтулькі часу мінула, а ўражанне ад нечаканасці намінацыі і, адпаведна, уяўлення, што ўсё гэта адбываецца не са мной, а з кімсьці іншым, усё не пакідае мяне… Факт, які сёння ўспрымаецца з пачуццём усё яшчэ «не пачатага краю работы» і адначасова — вялікай удзячнасці Богу за тое, што правёў праз гэты перыяд, як калісьці габрэяў «сухой нагой праз Чырвонае мора».

 

— Азірючыся на гэтыя восем гадоў, ці можаце сказаць, што ўсё, што планавалі на пачатку працы ардынарыем дыяцэзіі, здзейснілася?

— Віцебская дыяцэзія як самастойная частка Касцёла ў Беларусі — структура маладая. У 2019 годзе мы адзначалі толькі дваццаць гадоў яе існавання, але гэтыя дваццаць гадоў былі часам вельмі моцнага імпульсу для яе развіцця, найперш дзякуючы энтузіязму і харызме майго папярэдніка — ксяндза біскупа Уладзіслава Бліна і значным дасягненням у аднаўленні каталіцкага жыцця ў рэгіёне. Таму ад самага пачатку сваім заданнем я бачыў захаванне і развіццё таго добрага, што было здзейснена папярэднікам, як у плане арганізацыі жыцця Касцёла, так і ўдасканалення душпастырска-евангелізацыйнай працы. Мяркую, збольшага гэтыя намеры ўдалося ажыццявіць, аднак, зразумела, клопатаў наперадзе яшчэ шмат.

 

— Што на сённяшні дзень уяўляе з сябе Віцебская дыяцэзія ў сэнсе наяўнасці касцёлаў і капліцаў, колькасці парафій і іх забяспечанасці кадрамі святароў і законных сёстраў?

— Тэрытарыяльна наша дыяцэзія знаходзіцца ў адміністратыўных межах Віцебскай вобласці. Да 1999 года яна ўваходзіла ў склад Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, і з таго часу змены адбыліся вельмі значныя, асабліва ва ўсходняй частцы, дзе зруйнаванне касцёлаў і капліцаў у гады атэізму было найбольш брутальнае, дзе, дарэчы, даўней было часам не менш касцёлаў, чым на захадзе краіны, які традыцыйна лічыцца «больш каталіцкім». На сённяшні ж дзень Віцебская дыяцэзія налічвае сто дваццаць восем рыма-каталіцкіх, без уліку капліц на могілках, і дзве грэка-каталіцкія святыні. Больш за сто тысяч вернікаў з’яўляюцца парафіянамі дзевяноста трох рыма-каталіцкіх і чатырох грэка-каталіцкіх парафій. Абслугоўваюць іх адпаведна восемдзесят два святары рыма-каталіцкага і тры — грэка-каталіцкага абраду. Спраўна служаць людзям і Богу сорак адна сястра-манахіня і два браты-манахі.

— З прыведзеных Вамі лічбаў вынікае, што ў дыяцэзіі не хапае святароў. У чым прычына такога недахопу, і як такое становішча адбіваецца на душпастырстве? Якія Вы бачыце захады па выпраўленні сітуацыі?

— Сапраўды, шляхам элементарнага падліку можна зразумець, што без сталага душпастыра на сённяшні дзень застаецца ў дыяцэзіі адзінаццаць парафій. Частка з іх, такія, напрыклад, як у Езярышчы Гарадоцкага раёна, у Обалі Шумілінскага раёна, у Ветрыне ці Фарынаве Полацкага раёна або ў знакамітым нашым Парыжы Пастаўскага раёна, з прычыны невялікай колькасці вернікаў не прэтэндуе на тое, каб мець уласнага святара. Тым не менш вернікі кожнага з названых населеных пунктаў маюць поўнае права на ахоп душпастырскай паслугаю. Гэта значыць, што святар так ці іначай павінен туды даязджаць, і гэта — нагрузка, якую ён атрымлівае ў дадатак да той, што мае ў асноўнай сваёй парафіі. Нярэдка ж такіх пунктаў дадатковага душпастырства ў мясцовасці не адзін, а нават некалькі. Справа ўскладняецца тым, што з усяго персанальнага складу духавенства дыяцэзіі толькі крыху больш за палову — сорак дзевяць асобаў з васьмідзесяці дзвюх — з’яўляюцца інкардынаванымі, прыпісанымі да яе. Астатнія ў пэўным сэнсе «пазычаныя» або належаць да манаскіх супольнасцяў, а гэта значыць, што яны могуць у любы момант быць адазванымі ўладай манаскага ордэну.

Не на карысць справе і тое, што святарам, як і братам і сёстрам манаскіх супольнасцяў, з замежжа неабходна рэгулярна, раз на год, паўгода або нават і тры месяцы, атрымліваць дазвол ад свецкай улады на вядзенне рэлігійнай дзейнасці. Усё гэта не спрыяе якаснай паслузе святара, які вымушаны размяркоўваць свае намаганні на ўладжванне справаў і сітуацый, не звязаных з яго непасрэднымі святарскімі абавязкамі.

Безумоўна, не выпадае абмінуць у кантэксце закранутага пытання і тэмы паклікання да святарства, семінарыйнага выхавання і адукацыі. У хрысціянстве святарства не з’яўляецца прафесіяй у прамым сэнсе гэтага слова. Выбар юнаком, мужчынам святарскай паслугі звязаны з пакліканнем — Божай ласкай, прызначэннем, на якое чалавек павінен добраахвотна выказаць згоду, прыняць яго, пайсці за голасам Бога. Таму спачатку пакліканне трэба распазнаць, а потым мець адвагу адказаць на яго згодай, сказаць сваё «fiat», «так», Пану Богу. Вялікай дапамогай у гэтым з’яўляецца для чалавека хрысціянскае жыццё ў сям’і і ўжо потым — семінарыйная фармацыя. Гэта няпросты і не хуткі працэс, які складаецца з высілкаў як самога кандыдата да святарства, так і выхаваўцаў-фарматараў і, зразумела, Божай ласкі, якая павінна адпаведным чынам быць прынятаю і як мага больш поўна выкарыстанаю. На кожным з этапаў гэтага працэсу могуць узнікаць свае цяжкасці, сумнівы, спакусы. Сітуацыя ўскладняецца яшчэ і тым, што ў наш час духоўнасць і маральныя прынцыпы не заўсёды з’яўляюцца прыярытэтнымі арыенцірамі для чалавека, які абірае ў якасці ўзору паводзінаў і штодзённага існавання больш прагматычны падыход да жыцця. Таму ў свеце наогул назіраецца спад пакліканняў, а ў некаторых краінах нават фіксуецца іх крызіс.

Як мы выглядаем у гэтым плане? На сённяшні дзень Віцебская дыяцэзія мае чатырох клерыкаў — студэнтаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, і за гэта ўжо варта дзякаваць Богу. Канечне, гэта кардынальна не пераломіць сітуацыі, аднак вырашальным застаецца не колькасць, а якасць падрыхтоўкі святароў. Якое выйсце? Хрыстус па гэтым пытанні кажа наступнае: «Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво сваё» (Мц 9, 37–38). Менавіта «работнікаў», кожнага з якіх Ён хоча бачыць як «Добрага пастыра» (Ян 10,11), паводле прыкладу, які нам пакінуў у сваёй Асобе, у адрозненне ад «наймітаў». Пакліканне да святарства і яго якасць — гэта дар, аб якім трэба прасіць, таму першы крок — гэта малітва: малітва аб пакліканнях, малітва аб добрых сем’ях, якія былі б такой глебай, у якой пакліканне магло б паспяхова ўзрастаць і развівацца. Вельмі важны і добры прыклад святара, яго святарскага жыцця, і ўжо потым — семінарыя, аб чым было сказана вышэй. Таму «прасіце і будзе дадзена вам, шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам» (Мц 7,7).

 

Чэслаў Буткевіч
з сынам Алегам,
будучым біскупам.

— Ці ёсць у дыяцэзіі нейкія «брэндавыя», уласцівыя толькі ёй традыцыі, дзеі, мерапрыемствы?

— Побач з традыцыяй культу Найсвяцейшай Дзевы Марыі, ушанавання непаўторнага абраза Маці Божай Браслаўскай Валадаркі Азёраў, змешчанага ў адным з найбольш маляўнічых куткоў нашай краіны, а таксама культам росіцкіх мучанікаў з яго адметнымі набажэнствамі і пакутнай працэсіяй да «брэндавых» можам аднесці таксама Дні хрысціянскай культуры, якія ладзяцца ў дыяцэзіі ў перыяд Божага Нараджэння. Яны ўключаюць у сябе выставы, творчыя імпрэзы розных мастацкіх калектываў, конкурсы батлеек і калядных спеваў з віншаваннямі і адзначэннем ды заахвочваннем не толькі пераможцаў, але і кожнага ўдзельніка такога мерапрыемства.

Асаблівае месца займаюць у жыцці вернікаў абласнога цэнтра адмысловыя сустрэчы пад агульнай назвай «Кожны талент ад Бога» пры катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага з удзелам не толькі вядомых музыкаў, літаратараў, мастакоў, але і прадстаўнікоў іншых прафесій. Штогод у абласной бібліятэцы агульнымі намаганнямі касцёла і адміністрацыі ўстановы адбываюцца калядныя вечарыны з удзелам творчых калектываў як аматарскага, так і прафесійнага ўзроўню.

Яшчэ адной адметнай падзеяй, якая стала ўжо традыцыйнай у Прыдзвінскім краі і мае пэўнае практычнае сацыяльнае і прафесійнае значэнне, з’яўляецца медыцынская канферэнцыя па праблемах біяэтыкі ў сучасным свеце. Яна мае, дарэчы, статус міжнароднай і сёлета будзе праводзіцца васемнаццаты раз, гэтым разам на тэму актуальнай сёння ў свеце праблемы каранавіруса. Як заўсёды, удзел у ёй возьмуць навукоўцы, выкладчыкі, студэнты медыцынскіх навучальных установаў, прадстаўнікі духавенства нашай краіны і замежжа, прадстаўнікі мясцовай улады і Міністэрства аховы здароўя Беларусі.

 

— Вы закранулі тэму каранавіруса. Ведаю, што Вас і Вашых блізкіх гэтая пошасць таксама, на жаль, не абышла.

— Так, у мінулым годзе з-за ўскладненняў ад каранавіруса адышоў у вечнасць мой тата. Семдзесят шэсць гадоў — не малады век, але ж, згадзіцеся, і не катэгарычная нагода развітвацца з жыццём. На жаль, гэтак сталася. Прыняць такую вялікую страту было цяжка: моцнае адчуванне пакінутасці і пустэчы ў душы не пакідала досыць доўга. Тата не проста быў радзіцелем, побач з якім ты, дарослы чалавек, адчуваеш сябе ўтульна і бяспечна, як у дзяцінстве. Ён быў сябрам, з якім можна было паразмаўляць пра звычайныя жыццёвыя справы ці проста моўчкі пабыць разам у нейкую скрушлівую або радасную хвіліну. І цяпер, калі яго не стала, больш выразна пачынаеш разумець, які ты быў шчаслівы ўжо толькі таму, што гэты чалавек у тваім жыцці быў, не кажучы ўжо пра выхаванне і прыклад веры, які яны разам з маці давалі сваім дзецям, а гэта па-сапраўднаму вялікі Божы дар.

 

— Як, на Ваш погляд, паўплывала пандэмія на стан справаў у Касцёле?

— Зразумела, што, стаўшы выклікам для ўсяго свету, яна не магла не ўнесці нейкіх зменаў і ў жыццё Касцёла. Абмежаванні, звязаныя з неабходнасцю засцерагацца ад пагрозаў здароўю, а часам і жыццю чалавека, шмат у каго абвострылі пытанне веры і асабістых стасункаў з Богам. У пэўным сэнсе яны сталі выпрабаваннем веры, пра трываласць якой мы зможам меркаваць, напэўна, тады, калі з Божаю дапамогай гэты цяжкі шлях да аздараўлення паспяхова адолеем.

 

— Што, на Ваш погляд, самае складанае ў працы біскупа?

— Пасланне апостала Паўла да Ціта падае асноўныя рысы, якімі павінен валодаць біскуп: «...як Божы распарадчык, павінен быць бездакорны, не дзёрзкі, не гняўлівы, не п’яніца, не задзірысты, не карыслівы, але гасцінны, прыхільны да дабра, разважлівы, справядлівы, пабожны, дысцыплінаваны, які трымаецца, згодна з вучэннем, праўдзівага слова, каб быў моцны, мог заахвочваць у здаровым вучэнні і пераконваць тых, хто супярэчыць» (Ціт 1, 7–9). Калі вылучаць сярод гэтых якасцяў асноўную, то на першае месца я паставіў бы веру, асабістыя ўзаемаадносіны з Богам, якія ў першую чаргу павінны дапамагчы ўсвядоміць, што Касцёл — гэта не ўласнасць біскупа ці святара, але Валадарства Хрыста, якому мы ўсе служым, і што эфектыўнасць гэтага служэння залежыць у першую чаргу ад нашай паслухмянасці і вернасці, адданасці Ягонай волі. Што датычыць найбольш складанага ў біскупскай паслузе, то, на маю думку, гэта захаванне поўнай аб’ектыўнасці падчас прыняцця рашэнняў, для якой трэба валодаць дакладнай інфармацыяй, што з розных прычын не заўсёды бывае магчымым.

 

— А якімі якасцямі ардынарый найперш мусіць валодаць дзеля найбольш паўнавартаснага слугавання Пану Богу і пастве?

— Святарскае пакліканне, як казаў Хрыстус, нельга «схаваць пад пасудзінай», і запаленую свечку «не хаваюць пад ложкам». А біскуп — гэта той самы святар, толькі з крыху большым «заплечнікам» удзеленай яму ўлады і адказнасці. Святарства ж прадугледжвае служэнне людзям, з якіх «святар быў узяты і да якіх пастаўлены». З іншага боку, жывы кантакт з людзьмі, веданне іх цяжкасцяў і клопатаў, а таксама радасцяў і поспехаў дапамагаюць «трываць у рэчаіснасці», то бок — самому заставацца чалавекам.

 

— Сваю працу пробашчам у парафіях часта ўзгадваеце?

— Часам узгадваю як «залаты век» свайго святарства. Але разам з тым нельга забываць і выраз апостала Паўла: «Забываю тое, што за мною, і сягаю да таго, што наперадзе» (Флп 3,13). Вызначаючы кожны раз новае заданне, Бог дае нам і адпаведныя ласкі і здольнасці. Адсюль жа і біскупскі заклік «Будзь воля Твая».

 

— Што Вас як асобу духоўную найбольш непакоіць на сённяшні дзень у свеце і грамадстве?

— Непакоіць, наколькі важнае месца духоўнасць і маральныя нормы займаюць у жыцці чалавека, ці дастаткова ўвагі ім надаецца ў розных сферах жыцця, а асабліва ў выхаванні дзяцей і моладзі. Ці не ўспрымаюцца яны як архаізм, перажытак мінуўшчыны ці нават цемрашальства, бо ігнаруючы клопат пра гэтыя дзве згаданыя катэгорыі, каштоўнасці, а перадусім веру як іх крыніцу і фундамент, мы рызыкуем заблытацца ў невырашальнасці як асабістых, так і грамадскіх пытанняў і праблемаў: несправядлівасці, злоўжыванняў рознага кшталту, агрэсіі, безадказнасці, абыякавасці. Гэта першае. Па-другое, не можа не непакоіць разрыў між узроўнем тэхнічнага развіцця сучаснага свету, які найлепшыя свае дасягненні часцей выкарыстоўвае ў ваеннай сферы, а не дзеля вырашэння сацыяльных ці грамадскіх праблем, і духоўным узроўнем грамадства, які ў пэўны момант можа проста быць няздольным стрымаць выкарыстанне тэхнічнага патэнцыялу супраць чалавека ў імя той ці іншай ідэалогіі са сцёртымі або ўсталяванымі кімсьці на свой прыватны густ межамі паміж дабром і злом. Занядбанне духоўнай сферы пагражае чалавецтву катастрофамі горшымі за каранавірус. Варта пра гэта памятаць.

 

— Што б Вы хацелі пажадаць тым, хто будзе чытаць гэтую размову?

— Шаноўным чытачам хачу пажадаць перадусім вытрываласці ў веры, у перакананні, што нашае жыццё, з усімі яго цяжкасцямі і праблемамі, заўсёды знаходзіцца ў далонях Нябеснага Айца. Няхай гэтая праўда кожнаму з вас, тут і цяпер, дорыць спакой, дапамагае з надзеяй глядзець у будучыню, а ў выпрабаваннях ратуе сэрцы ад нянавісці, захоўваючы ў іх любоў. Здароўя, поспехаў і Божага благаслаўлення!

Францішак Дубраўскі.

Здымкі з сямейнага архіва Буткевічаў.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY