Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(99)/2022
Інтэрв’ю Касцёла
Размова Францішка ДУБРАЎСКАГА з біскупам Віцебскім Алегам БУТКЕВІЧАМ
У ВЕРНАСЦІ ЯГОНАЙ ВОЛІ
In memoriam
Крыстына ЛЯЛЬКО
«СПАДЗЯЮСЯ НА СВЯТЛО…»
Ала (Альбіна) СЯМЁНАВА
SURSUM CORDA!
Краязнаўства
Паэзія
Постаці
Нашы святыні
Паэзія

ПАВОДКА

ВЕРШЫ
Прэзентацыя
Успаміны

ЯЕ РАТАВАЛА ВЕРА...
Каталіцкія місіі
Спадчына
Інтэрв’ю

БЕЛАРУСКІЯ БУКВАРЫ ФАРМІРУЮЦЬ СВЯДОМАСЦЬ
Асобы
Мастацтва

Ірына БАГДАНОВІЧ

СУСТРЭЧА СА СВЯТЫМ КАЗІМІРАМ, АБО ЦУД У СТОЎБЦАХ, ЯКІ АДБЫЎСЯ НА СТАЎПЕЦКІЯ КАЗЮКІ Ў 2022 ГОДЗЕ

Фота В. Ведзеня.

Грамада людзей у Стоўбцах сабралася разам, каб адрадзіць традыцыю і зладзіць святочны кірмаш у гонар святога Казіміра, нябеснага Апекуна Беларусі, — стаўпецкія Казюкі. Нечакана яны ўбачылі самога святога Казіміра. Маршалак грамады прывітаў яго і распачаў з ім гутарку:

Маршалак грамады:
Спытайма ўсім людам
У гэты час:
Якім жа цудам
Прыйшоў ты да нас?..
З нябеснага трону спусціўся?.. Дык шчыра
Вітаем цябе, святы Казіміру!

Святы Казімір:
Вітаю і я вас! Браты і сястрыцы!
У вечнасці часу не лічаць…
Я з вамі заўсёды! У кожнай капліцы…
У духу… І ў гэтым абліччы…
Так, я па крыві каралевіч,
Ўладар ўсяго гэтага краю,
Ды з гэтага пыхі не маю,
У яднанні з Хрыстом — мая веліч!..

Маршалак грамады:
Не прагнуў ты славы на зямным троне,
Ззяеш нам сёння ў нябеснай кароне.
Распавядзі нам, святы наш Патроне,
Як сталася гэта?.. Як ёсць гэта сёння?..

Святы Казімір:
Быў Кракаў калыскай маёй з нараджэння,
Ложам смяротным — Гародня,
А Вільня была маім месцам служэння
Ў любові і праўдзе… Так штодня —
Ў любові да Бога, народа, Айчыны
Выконваў, што Бог мне прызначыў,
Ішоў за Хрыстом…

Маршалак грамады:
Уявіць немагчыма,
Што ўсё гэта ў веку юначым!
А гульні-забавы? А скокі, а чаркі,
Паненак прынаднае кола?..
Ты ж — трону нашчадак! З такой гаспадаркі
Мог бавіцца гучна, вясёла…

Святы Казімір:
Ні пяшчотаў дзявочых, ні гучных забаваў,
Ані ўлады, ні пышных палацаў,
Я не прагнуў. Не гнаўся за прывіднай славай.
Люду простаму братам назвацца
Я заўсёды жадаў… Для нябеснага трону
Толькі марыў ускласці карону…
У ахвяры цярпенняў, у чыстасці цела
Сэрца толькі любоўю гарэла
Да Цябе, Найсвяцейшая Езуса Маці,
Да цябе, мой падданы, гаротны мой браце…
І хваробу як дар я прыняў на дарогу,
У сабе ўсё даверыўшы Богу…

Маршалак грамады:
Перайшоў ты з Гародні ў вечнасці браму,
Асвяціў гэты край ты сабою.
Люд маліўся табе, як святому, таксама
Ўжо тады, як ішоў за труною…
Ацаляў ты няшчасных, нядужых,
Здаравіў целы іхнія й душы…
Пад Кірхольмам, пад Воршай, пад Венай
Блаславіў пераможныя бітвы,
Ззяў над войскам, як рыцар праменны,
Спалучэннем адвагі й малітвы.
І варожая падала зброя,
Родны край бараніў сваю волю,
На труне тваёй меч асвячалі героі,
Каб свабоду Айчыны не страціць ніколі.
Гімн хвалы табе ўзносім бясконца,
Наш нябесны святы Абаронца!

Святы Казімір:
Бог любіць свой народ, грахі даруе,
Калі з нас кожны ў споведзі шчыруе.
Чакае ўсіх Ён душаў навяртанне
Праз пакаянне…
Касцёлаў зруйнаваныя цагліны
Ён ператворыць зноў у мур айчыны,
І брамы пекла што не перамогуць!
Малецеся, браты, сястрыцы, Богу!
Ў малітве з вамі я таксама буду,
Каб стацца, як было калісьці, цуду…

Маршалак грамады:
А цуда пад Полацкам стала:
Конная постаць святога
Ў момант змагання цяжкога
Дзіўна прад войскам заззяла,
Быццам пасланка ад Бога,
З ёю прыйшла перамога!..

Святы Казімір:
Такою моцай продкаў ззяла вера!
І ў гетмана, і ў кожнага жаўнера!

Маршалак грамады:
З дапамогай святога геройскі
І далей неаднойчы з адвагай
Адбівалі маскоўскія войскі,
Што сюды йшлі з захопніцкай прагай.
Аднаўляць краю роднага веліч
Ты спрыяў нам, святы Каралевіч!
Нашу праўду, свабоду і веру
Ты бярог, о нябесны Жаўнеру!

Святы Казімір:
Не бойцеся! Малецеся, прасеце!
І будзе дадзена па веры вам! У свеце
Мінае слава ўсіх зямных прастолаў…
Узносьце вежы новыя касцёлаў,
Каб дух малітвы йшоў да трона Бога,
Адтуль заўжды прыходзіць перамога!

Маршалак грамады:
Рупна ты веру шырыць стараўся,
З ласкі тваёй і Будслаў узняўся
У неба вежамі ды званамі…
О Каралевіч, застанься з намі!
Сваёй малітвай і дарам цудаў,
Каб з нашых земляў прагнаць прыблудаў,
Як ты калісьці ўчыніў пад Воршай,
Перавярні ў найлепшы найгоршы
Дзень!.. З’явіся, як рыцар з аблокаў,
Так, як калісьці, з’яўляўся для продкаў,
І барані ад захопніцкіх маршаў
Край дарагі наш…

Святы Казімір:
Малітваю, працай служыў я старанна
Найперш гаротным сваім падданым,
І зараз я з вамі ў бядзе-прыгодзе,
О любы мой, годны, шляхетны народзе,
Што выцерпеў столькі стратаў,
Ад кратаў ішоў да кратаў…

Маршалак грамады:
Якая б тут прыгода ні гула,
Ў выпрабаваннях, пошасцях і скрусе
Будзь з намі, Рыцар праўды і святла!
Нябесны Абаронца Беларусі!

Святы Казімір:
З зямлёй гэтай крэўна звязаны,
Ў яе ўсёй душой закаханы,
Яшчэ ў час зямной пілігрымкі,
Цяпер жа ў Нябеснай Айчыне
Сваёй вам заўсёднай падтрымкі
Ўдзялю я ў змаганнях, у чыне
Малітвы за вас у цярпеннях…
Прыміце ж маё блаславенне!

Маршалак грамады:
З падзякай схіляемся ў нізкім паклоне!
Як некалі продкі, тваёй абароне
Усе аддаемся з пакораю, шчыра!
Нябесны Заступнік! Святы Казіміру!

Святы Казімір:
Дык сведчу вам: як Бог вялікі ў Небе,
Так з вамі буду ў кожнае патрэбе!
Свяціся, Край айчынны, ласкай Божай!
Ўсё зло Любоў няхай тут пераможа!

Грамада (паўтарае):
Свяціся, Край айчынны, ласкай Божай!
Ўсё зло Любоў няхай тут пераможа!

Ірына Багдановіч,
9–12 лютага 2022 г.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY