|
|
№
1(99)/2022
Інтэрв’ю Касцёла
In memoriam
Ала (Альбіна) СЯМЁНАВА
SURSUM CORDA! Краязнаўства
Паэзія
Ірына БАГДАНОВІЧ
СУСТРЭЧА СА СВЯТЫМ КАЗІМІРАМ, АБО ЦУД У СТОЎБЦАХ, ЯКІ АДБЫЎСЯ НА СТАЎПЕЦКІЯ КАЗЮКІ Ў 2022 ГОДЗЕ Постаці
Нашы святыні
Ігар СУРМАЧЭЎСКІ
ЮНАЦТВА БУДСЛАЎСКАГА КАСЦЁЛА. Сувязь Будслава з Вільняй Літаратуразнаўства
Ірына БАГДАНОВІЧ«ТЫ МЕЙ ПРАД САБОЙ ТОЛЬКІ БОГА…»: ДУХОЎНЫЯ КРЫНІЦЫ ПАЭЗІІ АЛЕСЯ ГАРУНА Да 135-годдзя з дня нараджэння паэта Алесь ГАРУН ВЕРШЫ Паэзія
Прэзентацыя
Успаміны
Каталіцкія місіі
Спадчына
Інтэрв’ю
Размова Элы ДЗВІНСКАЙ з кандыдатам культуралогіі Алесем СУШАМ
БЕЛАРУСКІЯ БУКВАРЫ ФАРМІРУЮЦЬ СВЯДОМАСЦЬ Асобы
Мастацтва
|
У гісторыі кожнага народа маюцца постаці і героі, жыццё якіх з’яўляецца прыкладам служэння сваёй нацыі. Як часта мы, людзі сённяшняга дня, забываем, што за многімі адкрыццямі, з’явамі і рэчамі, якія зрабіліся для нас звычайнымі, стаіць лёс канкрэтнага чалавека, яго творчае натхненне, яго пакутлівыя роздумы і практычныя высілкі, ахвярнасць. Такая ахвярнасць звычайна не шукае ніякай зямной, матэрыяльнай узнагароды, яе шлях — шлях духоўнай лучнасці з усім светам, шлях памяці і пераемнасці. У справах і дзеях будучых пакаленняў атрымлівае яна жыццё і несмяротнасць. Шмат, і асабліва ў апошнія дзесяцігоддзі, было сказана навукоўцамі і пісьменнікамі пра жыццёвы шлях і творчую дзейнасць Францішка Скарыны, якога беларускі народ справядліва лічыць сваім апосталам — духоўным пасланнікам. Задумаймася, наколькі грандыёзнай павінна была выглядаць 500 гадоў таму задача, якую паставіў перад сабой асветнік — данесці народу на яго роднай мове Божае слова. Дастаткова сказаць, што Скарынаў пераклад Бібліі з’яўляецца чацвёртым па ліку пасля нямецкага, італьянскага і чэшскага і другім сярод славянскіх перакладаў. У стандартным камп’ютарным наборы ён займае блізу 1 800 старонак. Гэтая «статыстыка» здзівіць сёння нямногіх, але за ёю — карпатлівая праца над перакладам і яго зверка з лацінскімі, грэчаскімі, чэшскімі і габрэйскімі крыніцамі; распрацоўка і выраб арыгінальнага шрыфту, заставак, буквіцаў, віньетак, гравюраў; напісанне прадмоваў і пасляслоўяў; вырашэнне мноства пытанняў, звязаных з арэндай друкарні, аплатай, наборам і праўкай тэксту, з друкам і распаўсюдам кніг... А ўсё, што меў тады наш Скарына, — толькі пільнае вока, удумлівы розум і нястомныя рукі. І ў нашыя дні, але ўжо з дапамогай тэхнікі, такая праца займае нямала часу, а што ўжо казаць пра сівую даўніну!.. Пераклад Бібліі, дакладней, кніг Старога Запавету, быў толькі адным з трох дароў Ф. Скарыны, стараннямі і высілкамі якога каля 1522 г. у Вільні пабачыла свет т. зв. «Малая падарожная кніжка», а ў 1525 г. — «Апостал» (Новы Запавет без Евангелляў і Адкрыцця). «Малая падарожная кніжка» — агульны загаловак для сукупнасці выданняў. Яна не мае тытульнага аркуша (што не было выключэннем у той час), а сваю назву ў навуковай літаратуры атрымала дзякуючы чэшскаму славісту Ёзэфу Добраўскаму, які арыентаваўся на складзены Ф. Скарынам пералік надрукаваных твораў («Писаныи речи в сей малой подорожной книжце по ряду кратце положены суть»). Кожны з іх мае ўласную фаліяцыю (нумарацыю старонак), а некаторыя — і тытульны аркуш. Па колькасці назваў гэта 21 выданне: Псалтыр, Гадзінаслоў, 8 параў аднайменных акафістаў і канонаў (Жываноснай Труне Гасподняй, Арханёлу Міхаілу, Яну Папярэдніку, апосталам Пятру і Паўлу, цудатворцу Міколу, Крыжу Гасподняму, Найсалодкаму Імю Ісуса, Багародзіцы), Шасцідзён, Канон пакаяльны, Паслядоўнасць царкоўнага збору (Саборнік). Аднак словы першадрукара «в сей малой подорожной книжце» даюць нам падставы лічыць гэтае 21 выданне адным зборнікам — зборнікам, які прэзентуе першыя кірылічнага шрыфту кнігі, надрукаваныя на ўсходнеславянскіх землях. Грунтоўны, насуперак назве, аб’ём выдання (860 старонак) спараджае заканамернае пытанне: што хацеў сказаць асветнік азначэннем «малая»? Адказ у гэтым выпадку будзе адназначны: меўся на ўвазе невялікі, у 1/8 аркуша фармат кнігі, што ў звычных для нас памерах азначае 9 на 13 см. Яна лёгка змяшчаецца на далоні. Безумоўна, гэта мела немалаважнае значэнне падчас розных пераездаў і падарожжаў: такая кніга займае няшмат месца ў багажы, ёю лёгка карыстацца ў любых умовах. Словам, гэта кніга для індывідуальнага, а не калектыўнага, як у храме, чытання. Дзякуючы ёй падарожны, выпраўляючыся ў шлях па прыватных, камерцыйных, дыпламатычных або іншых справах, мог адчуваць сваю лучнасць з братамі ў Хрысце. Але ж і не ўсе яе часткі маглі спатрэбіцца ў дарозе: хтосьці аддаваў перавагу акафістам, камусьці залежала на датрыманні гадзінаў багаслужбы, іншы здавольваўся чытаннем псальмаў, а да ўсяго выданне частак асобнымі брашурамі мела яшчэ і такую перавагу, што кожны мог складаць або сшываць іх у адвольнай колькасці і паслядоўнасці, у адпаведнасці з уласнымі ўпадабаннямі. Змешчаны тут пераклад Псалтыра нязначна адрозніваецца ад пражскага выдання 1517 года: асобныя словаформы заменены на царкоўнаславянскія, няма глосаў на палях і адсылках да іншых біблейскіх кніг, не пазначаныя месца і дата выхаду. Аднак у «Малой падарожнай кніжцы» Псалтыр улучаны ў сэнсавае поле наступных тэкстаў. Той факт, што змешчаны ён перад «Гадзінасловам» («Часословцем», паслядоўнасцю штодзённых богаслужэнняў), дае падставы аднесці яго да т. зв. следаваных псалтыроў, г. зн., што кніга мае ўніверсальны богаслужбовы і навучальны характар. Складзеныя на падставе Псалтыра богаслужбовыя зборнікі былі тыповымі для хрысціянскай традыцыі, аднак меліся і пэўныя адроненні: калі ў традыцыі Усходняй Царквы асноўная нагрузка была на гімнаграфічных сачыненнях (сціхірах, трапарах, славаслоўях), то ў заходняй традыцыі аснову багаслужбы складалі псальмы, якія актуалізаваліся пры дапамозе антыфонаў — кароткіх вершаў. Традыцыйныя тэксты каталіцкага набажэнства складалі т. зв. Брэвіярый, які адначасова выконваў ролю «Гадзінаслова» для святароў. Яго скарочаная форма — liber viaticus, «кніга для падарожных» — гэта Брэвіярый для падарожнікаў, тыповы для Еўропы канца XV — пачатку XVI ст.1. У «Гадзінаслове» змяшчаюцца абавязковыя малітвы, якія прамаўляюцца вернікамі цягам дня і ночы. Насуперак усходнеславянскай традыцыі, у Ф. Скарыны «Гадзінаслоў» пачынаецца з апаўночніцы. Гэта не было прэцэдэнтам, бо такая паслядоўнасць уласцівая ўжо першым славянскім выданням Швайпольта Фіёля (Кракаў, 1491), Джурджа Чарноевіча (Цэтынэ, 1495) і Бажыдара Вукавіча (Венецыя, 1520). Змешчаныя далей скарынаўскія акафісты належаць да пярлінаў беларускай рэлігійнай паэзіі XVI ст., у іх найбольш поўна раскрыўся паэтычны талент Ф. Скарыны, заўважны ўжо ў пражскіх выданнях кніг Старога Запавету. У многім тагачасная хрысціянская паэзія (псальмодыя) пераймала духоўную габрэйскую паэзію. У прыватнасці, з апошняй былі запазычаны: алітэрацыя, ужыванне сугучных словаў (дзеяслоў і назоўнік аднаго кораня, што ўзмацняе сэнс словаў і выразаў, вылучае найбольш істотнае ў тэксце); рыфмаваная мова, асабліва ў суфіксах; гульня словаў (сугучныя, але розныя па значэнні); паўтарэнне пэўных вершаў на працягу песні, прычым строфы могуць мець або аднолькавы пачатак, або аднолькавае заканчэнне і інш. Адным з асноўных сродкаў эмацыйнага ўздзеяння на слухача з’яўляецца ў акафісце т. зв. «нагнятанне» блізкіх вобразаў і значэнняў. У свой час расійскі даследчык А. Папоў вытлумачваў гэта наступным чынам: «Калі ў малітоўніка хутка ўзнікаюць і праносяцца ў свядомасці аднародныя вобразы, напр., палаючай свечкі, тлеючай лямпады, ззяючай зоркі, зіхатлівай маланкі, ззяючага сонца і г.д., то ўсе гэтыя мімалётныя вобразы зліваюцца ў душы ў адзін вобраз духоўнай святланоснасці»2. У візантыйскай рэлігійнай гімнаграфіі, да якой узыходзіць усходнеславянская, цэнтральным жанрам быў канон. Ён будаваўся ў адпаведнасці з нормамі антычнай метрыкі, поўны разрыў з якой адбыўся ў творчасці Рамана Мілагучнага, які стварыў два новыя паэтычныя жанры, названыя ім кандаком і ікасам. Спалучэнне апошніх дало гнуткую паэтычную форму, што адкрыла вялікія магчымасці для выяўлення эмоцый. Разам з тым вершаваная арганізацыя новых жанраў набыла завершанасць: тэкст падзяляўся на суадносныя па колькасці складоў строфы з рэфрэнам, строфы складаліся з кавалкаў тэксту з фіксаванай колькасцю складоў, вытрымлівалася схема размеркавання танічных націскаў унутры кожнага з гэтых кавалкаў. У крыху змененым выглядзе ў часы спелага і позняга Сярэднявечча ікасы і кандакі зрабіліся складовымі часткамі акафістаў, узорам для якіх паслужыў ранневізантыйскі твор «Акафіст Багародзіцы» (акафіст з грэч. — ‘песня, што спяваецца не седзячы’). Адсюль — жанравая кансерватыўнасць, нязменнасць акафіста: абавязковая наяўнасць 12 ікасаў (аб’ёмных, але структурна аднолькавых у межах кожнага гімна строфаў), прысутнасць у кожным ікасе 12-ці парных і аднаго заключнага хайрэтызма («Радуйся!»), чаргаванне ікасаў з кандакамі (меншымі па аб’ёме строфамі з іншым рэфрэнам — «Алілуя!»). Пераважная частка скарынаўскіх акафістаў — пераклады, а не арыгінальныя творы, аднак трэба ўлічыць, што нават іх пераклад патрабаваў вялікага паэтычнага майстэрства і немалой версіфікацыйнай практыкі, а па-за гэтым — ведання тэорыі складання гімнаграфічных твораў. Спрашчаючы, можна сказаць, што кандак складае празаічную, а ікас — паэтычную частку акафіста, бо на практыцы спеўнае выкананне ікасаў з фанетычнага і меладыйнага боку мела пэўныя адрозненні ў параўнанні з рэчытатывам малітвы кандака. Таму ў ікасах рыфма магла мець прыблізны характар: патрабавалася не столькі яе наяўнасць, колькі супадзенне 2–4 фінальных гукаў (похваление — воздержание, подателю — губителю і г.д.), якія падчас распеву і за кошт мелодыкі распеву стваралі ілюзію рыфмавай гармоніі. Напрыклад, словы «Радуйся, мудрых самотворче повеленией, // Радуйся, Божихъ об’явителю сведенией!» з 3-га ікаса «Акафіста св. Арханёлу Міхаілу» пры распеве маглі б выглядаць наступным чынам (тлустым шрыфтам вылучаны асноўныя націскі, курсівам — дадатковыя меладыйныя; знакі ↑ і ↓ перадаюць узыходную і сыходную інтанацыі адпаведна):
Меладыйныя націскі могуць надаваць ізасілабічным (з роўнай колькасцю складоў) вершам пэўнае падабенства з сілаба-танічнымі (з роўнай колькасцю складоў і танічных націскаў), паколькі імкнуцца ўрэгуляваць сістэму націскаў:
Гэты факт можа быць патлумачаны тым, што большая частка кандака, верагодна, першапачаткова выконвалася ў форме рэчытатыва, таму тэкст паміж «радуйся!» і апошнім словам нярэдка прамаўляўся скарагаворкай, аднак арыгінальнае музычнае суправаджэнне кандакоў на сёння страчана. Пастаяннае «ваганне» паміж рытмізаванай прозай, сілабічным і танічным вершам стварае непаўторную паэтычную індывідуальнасць Ф. Скарыны. Яскравым пацвярджэннем гэтых словаў можа паслужыць наступны ўрывак з малітвы па «Каноне да Труны Гасподняй», першыя два радкі якога можна аднесці да сілаба-танічнага (!) верша (умоўная разбіўка на радкі зроблена мною, рыфмы вылучаны курсівам):
У свой час М. Грынчык небеспадстаўна акцэнтаваў увагу на тым, што, улічваючы навучанне першадрукара ў Ягелонскім і Падуанскім універсітэтах, яго выдатнае веданне еўрапейскіх літаратур, «зварот Скарыны да вершаваных формаў неабходна разглядаць у кантэксце ўсёй еўрапейскай сілабічнай традыцыі, у цеснай сувязі з маладымі тагачаснымі славянскімі літаратурамі, асабліва суседнімі — польскай і чэшскай»3. Выдатнай ілюстрацыяй да гэтых словаў можа паслужыць змешчаная ў канцы акафіста Багародзіцы «Набожная малітва да Найсвятой Багародзіцы». Рытміка-інтанацыйныя і лексічныя асаблівасці польскай мовы прасочваюцца пры адваротным перакладзе верша Скарыны на старапольскую мову (яўныя паланізмы вылучаны курсівам; у дужках паказана колькасць складоў у радку): Тэкст Ф. Скарыны:
Адпаведны польскі тэкст (рэканструкцыя):
Наватарскім для ўсходнеславянскага пісьменства стала ўключэнне ў структуру акафістаў трох акравершаў: «Писал доктор Скоринич Францискус» (Акафіст Яну Папярэдніку), «Делал доктор Скоринич Францискус» (Акафіст Найсалодкаму Імю Ісуса) і азбучны акраверш (Акафіст апосталам Пятру і Паўлу). Гэта сведчыць, што Ф. Скарына добра разбіраўся ў распрацаваных Раманам Мілагучным прынцыпах складання кандакарных гімнаў, у якіх першыя літары зачына і ўсіх наступных ікасаў павінны ўтвараць акраверш (напрыклад, «тварэнне недастойнага Рамана»). Услед за акафістамі размешчаны «Шасцідзён» — зборнік песнапенняў на ўвесь тыдзень, пачынаючы ад суботняй павячэрніцы аднаго тыдня да суботняй абедні наступнага, а таксама «Парадак гадавога царкоўнага збору», які складаецца з дзвюх частак. У першай змешчаны гадавыя святцы, у якіх распісана памінанне розных хрысціянскіх святых на працягу года. Звыш таго ўказваецца колькасць дзён і іх працягласць у кожным месяцы, зацьменні Сонца і яго рух праз знакі задыяка. Напрыклад, стасоўна верасня падаюцца наступныя звесткі: Імать дни 30, в начале его имат годин 12 а дроб[ных] 54, нощ — 11, дроб[ных] 6. Знамена ж бегу солнъцева — Дева и Вага. Адметна, што побач з лацінізаванымі назвамі месяцаў першадрукар падае і іх народныя, г. зн. старабеларускія адпаведнікі: септеврий — вресень, октоврий — листопад, ноемврий — грудень, декаврий — прасинец, генуарь — стычень, февраль — люты, март — марец, априль — кветень, май — май, июнь — чирвець, июль — липець, август — серпень. Заўважым, што пачатак года пададзены ў адпаведнасці з праваслаўнай традыцыяй — з верасня. Другая частка «Парадку...» прадстаўлена аўтарскім тэкстам Ф. Скарыны «Пра Пасхалію, або Пасху», у якім тлумачыцца методыка вызначэння рухомых царкоўных святаў, перадусім Вялікадня (Пасхі). Доўгі час існаванне «Пасхаліі» заставалася невядомым для даследчыкаў, і толькі пасля Другой сусветнай вайны яна была знойдзена а. Аляксандрам Надсанам у Каралеўскай бібліятэцы ў Капенгагене і ўведзена ў навуковы ўжытак. Менавіта гэты тэкст дазволіў а. Аляксандру вызначыць год з’яўлення «Малой падарожнай кніжкі»: Ф. Скарына змясціў разлікі свята Пасхі на перыяд з 1523-га па 1543 гады, што дае падставы аднесці друк выдання на папярэдні, 1522 год. Францішак Скарына, які аб’яднаў у сваёй кнігавыдавецкай, перакладчыцкай і творчай дзейнасці пражскага перыяду (1517–1520) заходнюю і ўсходнюю традыцыі, застаўся верны сабе і пры стварэнні богаслужбовага зборніка 1522 г., які мы сёння называем «Малой падарожнай кніжкай». Імкненне акцэнтаваць увагу на тым, што лучыць, а не раз’ядноўвае, што ўзбагачае, а не збядняе, было, відавочна, жыццёвым крэда беларускага першадрукара і асветніка, таму ў сваіх перакладах біблейскіх кніг ён смела ўзнаўляў часткі, прапушчаныя ў праваслаўных або каталіцкіх крыніцах, часта змяшчаў паралельныя варыянты выслоўяў, узятыя з грэчаскага і лацінскага перакладаў (Кніга Мудрасці Божай, Кніга выслоўяў Саламонавых, Кніга Ісуса сына Сіраха), тым самым як бы ствараючы экуменічны тэкст Бібліі. Нельга не заўважыць таксама, што ў сваёй творчасці Ф. Скарына паслядоўна пазбягаў ужывання азначэнняў «праваслаўны» або «каталіцкі», падкрэслена выводзячы словы «мы, хрысціяне». У гэтым — яго запавет, які і праз 500 гадоў не страціў для нас актуальнасці.
|
|
|