|
|
№
1(99)/2022
Інтэрв’ю Касцёла
In memoriam
Ала (Альбіна) СЯМЁНАВА
SURSUM CORDA! Краязнаўства
Паэзія
Ірына БАГДАНОВІЧ
СУСТРЭЧА СА СВЯТЫМ КАЗІМІРАМ, АБО ЦУД У СТОЎБЦАХ, ЯКІ АДБЫЎСЯ НА СТАЎПЕЦКІЯ КАЗЮКІ Ў 2022 ГОДЗЕ Постаці
Нашы святыні
Ігар СУРМАЧЭЎСКІ
ЮНАЦТВА БУДСЛАЎСКАГА КАСЦЁЛА. Сувязь Будслава з Вільняй Літаратуразнаўства
Ірына БАГДАНОВІЧ«ТЫ МЕЙ ПРАД САБОЙ ТОЛЬКІ БОГА…»: ДУХОЎНЫЯ КРЫНІЦЫ ПАЭЗІІ АЛЕСЯ ГАРУНА Да 135-годдзя з дня нараджэння паэта Алесь ГАРУН ВЕРШЫ Паэзія
Прэзентацыя
Успаміны
Каталіцкія місіі
Спадчына
Інтэрв’ю
Размова Элы ДЗВІНСКАЙ з кандыдатам культуралогіі Алесем СУШАМ
БЕЛАРУСКІЯ БУКВАРЫ ФАРМІРУЮЦЬ СВЯДОМАСЦЬ Асобы
Мастацтва
|
Якія каштоўнасці закладаліся ў беларускія Буквары хрысціянскай эпохі і чым адрозніваліся ад іх савецкія Буквары? Як выбар закладзеных каштоўнасцяў уплываў на выхаванне і ўзрастанне асобы і стан усяго грамадства? — Больш за дзесяць гадоў Вы займаецеся даследаваннямі беларускіх Буквароў. З чаго пачалася Ваша паглыбленне ў гэту тэму? — Буквар для кожнага чалавека — кніга святая, бо з яе пачынаецца знаёмства з навукай. Буквар — гэта выхавальнік агульначалавечых каштоўнасцяў, прадаўжальнік шматвяковых адукацыйных традыцый. Праз яго кожнае юнае пакаленне атрымлівае асноўныя веды аб сваёй Бацькаўшчыне, сваім народзе і культуры. Гісторыя беларускага Буквара налічвае больш за чатыры стагоддзі. Для нас гэтыя кнігі тым больш святыя, што яны дайшлі да нас з ХVII-ХVIII стагоддзяў. Беларускі Буквар прайшоў доўгі шлях сталення. Назва яго мянялася доўга і канчаткова замацавалася адносна нядаўна. На працягу некалькіх стагоддзяў нашы продкі называлі падручнік для навучання грамаце не толькі Букваром, але і Навукай, Алфавітам, Граматай, Граматыкай, Азбукай, Катэхізісам, Лемантаром, Элементажам. У 2012 годзе ў Нацыянальнай бібліятэцы мы працавалі над факсімільным ўзнаўленнем унікальнага помніка асветніцкай думкі — «Буквара мовы славянскай», надрукаванага ў Вільні ў 1767 годзе. У 2014 годзе было ажыццёўлена факсімільнае ўзнаўленне Куцеінскага выдання Спірыдона Собаля 1631 года. У 2018 годзе, юбілейным годзе, калі адзначалася 400-годдзе выдання Буквара ў Еўі, мы падрыхтавалі выданне з трох тамоў, прысвечанае гэтаму помніку нашай кніжнай культуры.
— Якія каштоўнасці былі закладзены ў Буквары, выдадзеным у друкарні Віленскага Свята-Духава манастыра інакамі кіновіі Віленскай? — Буквар быў падрыхтаваны Праваслаўным брацтвам, ён быў разлічаны на навучанне ў царкоўных школах, таму больш паловы яго зместу складалі рэлігійныя тэксты маральна-выхаваўчага характару. З мэтай фарміравання сістэмы духоўных арыенціраў і каштоўнасцяў у склад выдання ў якасці важных тэкстаў былі ўключаны найбольш важныя малітвы, Сімвал веры Нікейскага і Канстанцінопальскага Сабораў, Сімвал веры Афанасія Александрыйскага, Вызнанне веры Амброзія Медыяланскага і Аўгустына Гіпонскага — пераклад лацінскага гімна «Те Deum Laudamus». Рэлігійны складнік быў вельмі важным у навучальным працэсе даўняй Беларусі, звычайна нават дамінаваў. Фактычна ўсе навучальныя выданні былі арыентаваны на замацаванне ў маладым чалавеку хрысціянскай маралі, адказнасці, адпаведнасці этычным нормам, адлюстраваным у тэкстах Святога Пісання. Меркаванымі скаладальнікамі кнігі з’яўляюцца вядомы беларускі і ўкраінскі царкоўны дзеяч Мялецій Сматрыцкі і архімандрыт Віленскага манастыра Святога Духа Лявонцій Карповіч.
— У Вашай новай кнізе ёсць раздзел, прысвечаны падручнікам для навучання дзетак католікаў: яны выдаваліся ў час каталіцкага адраджэння пачатку ХХ стагоддзя. — Адным з лідараў беларускай каталіцкай грамадска-культурнай працы стаў біскуп Стэфан Дзенісевіч (1836–1913). Менавіта ў гэты час, з 1905-га да 1908 года, ён як Апостальскі Адміністратар кіраваў каталіцкай мітраполіяй, межы якой распасціраліся амаль на ўсю Расійскую імперыю. Стэфан Дзенісевіч добра разумеў, што найперш неабходна забяспечыць каталіцкае духавенства беларускімі падручнікамі, літаратурай для набажэнства і катэхізацыі. Першай жа ініцыятывай прэлата С. Дзенісевіча стала перавыданне ў 1906 годзе «Elementarza dla dobrych dzietok katolikou» — «Элементажа для добрых дзетак католікаў». Адным з пачынальнікаў беларускага выдавецкага руху лічыцца ксёндз Ф. Будзька. Яго літаратурныя і перакладчыцкія здольнасці былі заўважаны біскупам С. Дзенісевічам, які замовіў маладому святару зрабіць пераклад з польскай мовы кніг «Кароткі Катахізм для прыспасаблення дзяцей да першай Споведзі і Камуніі святой» Р. Філяхоўскага. «Кароткі Катахізм...» быў надрукаваны ў 1907 годзе накладам 10 000 асобнікаў.
— У Вашу кнігу ўвайшло шмат інфармацыі пра беларускія Буквары ХХ стагоддзя і пра тых, хто над імі шчыраваў. — Вялікую цікавасць да стварэння Буквароў і падобных кніг мелі вядомыя культурныя дзеячы ўсіх стагоддзяў — ад Францыска Скарыны, Лаўрэнція Зізанія, Мялеція Сматрыцкага і Сімяона Полацкага да Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Цёткі, Максіма Танка. Пісьменнікі ўключалі ў Буквары апавяданні, вершы, казкі, прыказкі, прамаўкі, скарбы вуснай народнай творчасці. Першым афіцыйным савецкім Букваром стаў «Беларускі Лемантар» Сцяпана Некрашэвіча — ініцыятара і арганізатара Інстытута беларускай культуры, выдадзены ў 1922 годзе. У пасляваенны час у Беларусі на працягу чатырох дзесяцігоддзяў да 1968 года перавыдаваўся Лемантар «Чырвоныя зоркі» Надзеі Сіўко. Гэта быў адзін з самых дасканалых падручнікаў, які добра ўплываў на развіццё пачатковай адукацыі ў Беларусі.
— Чым вызначаліся савецкія Буквары? — Класавы прынцып у Савецкім Саюзе дамінаваў у падыходах да любой дзейнасці, у тым ліку адукацыйнай. Асабліва актуальнай выглядала гэта задача ў кантэксце разгорнутай у краіне індустрыялізацыі і мадэрнізацыі прамысловасці. Таму, напрыклад, Лемантар «Ударнік» быў цалкам прыстасаваным да інтарэсаў і характару пралетарыяту. Навучанне пачыналася са словаў: «Нашы машыны», «Работа наша», «Нашы заводы». Гэты падручнік быў прадуктам свайго часу. Многія заклікі з Лемантара сёння ўспрымаюцца з іроніяй і нават з сумам, як, напрыклад, працаваць без выхадных і святаў («Бесперапынка»), а некаторыя фразы і аповеды выглядаюць як злачынства з сучасных пазіцый: «У нашым Савецкім Саюзе налічваецца 50 000 цэркваў. На іх вісіць у паветры 150 000 тон званоў. З гэтага металу мы зробім трактары і паравозы, мэталь пойдзе на параходы, аэропляны».
— Вы знайшлі звесткі пра тое, што Буквары аўтарства нацыянальных творцаў пацярпелі рэпрэсіі, як і іх стваральнікі. — У 1937 годзе Галоўліт БССР выдаў загад №33 пад назвай «Спіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі з бібліятэк...» У спісе вельмі шмат назваў беларускіх падручнікаў па школьных дысцыплінах, пры гэтым колькасць Буквароў была даволі вялікай. У спіс патрапілі Лемантар для сельскагаспадарчых і лясных рабочых «Наша сіла — Саюз», «Лемантар» і чытанка «Роднае слова» Некрашэвіча, «Наша сіла — ніва да машына» Байкова, Некрашэвіча і Багдановіча, «Зорка» Смоліч і іншыя. Які ж лёс чакаў гэтыя Буквары? Толькі знішчэнне...
— Вы не абышлі ўвагай літоўскія, польскія, яўрэйскія і іншыя Буквары, якія выходзілі на тэрыторыі нашай краіны… — Складальнікам мінскага Лемантара польскай мовы была вядомая паэтэса, перакладчыца і педагог Ядвіга Машынская-Гельтман. Гэты падручнік выйшаў у Беларускім дзяржаўным выдавецтве ў 1926 годзе. У 1931 годзе ў Мінску выйшаў першы вядомы нам літоўскі Лемантар Вінцаса Пятрайціса над назвай «Mokykis ir dirbk» — «Вучымся і працуем».
— Сёння шмат разнастайных паэтычных Буквароў у папяровым выглядзе і ў электронным варыянце. У Вашай кнізе Вы ўзгадалі паэтычныя буквары Васіля Віткі, Артура Вольскага, Рыгора Барадуліна, Максіма Танка і іншых творцаў. — Адным з самых вядомых і дасканалых паэтычных Буквароў з’яўляецца твор Рыгора Барадуліна «Вясёлы вулей». У 1965 годзе выдаваў «Азбуку Вясёлкіна» Васіль Вітка, а ў 1973-м выходзіў займальны Буквар Артура Вольскага «Жывыя літары»: арыгінальным быў Буквар Міколы Маляўкі «Літары-сваячкі», адметнай была паэтычная азбука Міколы Чарняўскага «Села мурка на падмурку...».
— Вы сябруеце з многімі навукоўцамі, якія вывучаюць гісторыю кнігі. Нагадайце, калі ласка, колькі Буквароў у калекцыі лінгвіста Юрыса Цыбульса, які дэманстраваў свой збор у Нацыянальнай бібліятэцы ў 2018 годзе? — У яго калекцыі больш за 10 000 буквароў на розных мовах, і яны захоўваюцца ў яго ў кватэры ў Рызе!
— Дзякуем Вам за глыбокае і цікавае даследаванне! Зычым Вам далейшых поспехаў! Гутарыла Эла Дзвінская. Фота аўтара.
|
|
|