Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(99)/2022
Інтэрв’ю Касцёла
Размова Францішка ДУБРАЎСКАГА з біскупам Віцебскім Алегам БУТКЕВІЧАМ
У ВЕРНАСЦІ ЯГОНАЙ ВОЛІ
In memoriam
Крыстына ЛЯЛЬКО
«СПАДЗЯЮСЯ НА СВЯТЛО…»
Ала (Альбіна) СЯМЁНАВА
SURSUM CORDA!
Краязнаўства
Паэзія
Постаці
Нашы святыні
Паэзія

ПАВОДКА

ВЕРШЫ
Прэзентацыя
Успаміны

ЯЕ РАТАВАЛА ВЕРА...
Каталіцкія місіі
Спадчына
Інтэрв’ю

БЕЛАРУСКІЯ БУКВАРЫ ФАРМІРУЮЦЬ СВЯДОМАСЦЬ
Асобы
Мастацтва

Ірына БАГДАНОВІЧ

«ТЫ МЕЙ ПРАД САБОЙ ТОЛЬКІ БОГА…»:
ДУХОЎНЫЯ КРЫНІЦЫ ПАЭЗІІ АЛЕСЯ ГАРУНA

Да 135-годдзя з дня нараджэння паэта

Алесь Гарун. 1907 г.

Алесь Гарун — адзін з найяскравейшых паэтаў у гісторыі беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя, калі бурлівыя гістарычныя перамены абудзілі грамадскі рух і вызначылі аблічча беларускага нацыянальнага адраджэння. Да плыні адраджэння сваім літаратурным талентам і грамадскай актыўнасцю адразу ж далучыўся і Алесь Гарун. Яго творчасць адметна і асабліва дапаўняе тагачасны пантэон класікаў нашай літаратуры — Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цёткі (Алаізы Пашкевіч), Максіма Багдановіча, вызначаецца блізкасцю светаадчування да кожнага з іх і непаўторнымі рысамі ўласнага паэтычнага голасу. Сярод гэтых рысаў вельмі адчувальна ў творах Алеся Гаруна прысутнічаюць хрысціянскія матывы і вобразы, што сведчаць пра яго глыбокую духоўнасць, якая мела каталіцкія сямейныя карані.

Сапраўднае прозвішча Але­ся Гаруна — Аляксандр Ула­дзіміравіч Прушынскі (27.02/ 11.03.1887 – 20.07.1920); ён нарадзіўся ў фальварку Новы Двор пад Мінскам. Першым яго біёграфам быў Максім Гарэцкі, які ў сваёй «Гісторыі беларускай літаратуры» пісаў, што паэт «радзіўся і ўзгадаваўся ў сям’і чорнаработніка ў Менску». Гарэцкі згадваў таксама, што Гарун скончыў рамесніцкае вучылішча ў 1902 г., працаваў сталяром у розных менскіх майстэрнях, а ў 1904 г. актыўна далучыўся да менскай арганізацыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У 1907 г. ён быў арыштаваны паліцыяй падчас працы ў нелегальнай друкарні, больш за год правёў у астрогах Мінска і Вільні, быў асуджаны на катаргу, якую замянілі высылкай, таму ў 1908 г. ён апынуўся ў Іркуцкай губерні, цяжка пакутуючы ад паднявольнай працы і адарванасці ад радзімы, з якой ён усё ж здолеў наладзіць сувязь, выпісваючы дазволеныя часопісы і кнігі.

Відавочна, што ў высылцы Алесь Гарун атрымліваў асноў­ную і самую вядомую на той час беларускую газету «Наша Ніва», куды рэгулярна дасылаў свае творы, засведчыўшы, што ў беларускую літаратуру прыйшоў новы яркі талент. Псеўданім Гарун быў абраны ім, зразумела, невыпадкова і сведчыў не толькі пра нялёгкую долю самога паэта, але і пра долю Айчыны, якую ён горача апяваў у сваіх творах, пачынаючы з першай сваёй нашаніўскай публікацыі — верша «Маці-Беларусі» ў 1907 г. Пазней, з 1913 па 1915 гг., у Вільні пачынае выходзіць каталіцкая газета «Bielarus», з якой ссыльны Аляксандр Прушынскі таксама наладжвае сувязь: выпісвае яе, лістуецца з рэдакцыяй і дасылае туды свае творы. У газеце «Bielarus» паэт друкуецца пад іншым псеўданімам — А. Сумны, які сваёй семантыкай блізкі да ўжо вядомага і замацаванага ў літаратурным руху яго псеўданіма.

Асноўныя рысы біяграфіі Алеся Гаруна, якія выклаў у свой час Максім Гарэцкі, потым мала ўдакладняліся, бо імя і творчасць паэта з канца 1920-х да 1980-х гадоў былі фактычна забароненыя з-за таго, што, вярнуўшыся на радзіму з царскай высылкі ў верасні 1917 г., паэт актыўна далучыўся да будаўніцтва новай Беларусі, да літаратурнай і грамадскай дзейнасці: ён шмат пісаў, рэдагаваў газету «Беларускі шлях» (1918), яго палымяныя вершы і публіцыстыка з’яўляліся ў такіх беларускіх выданнях, як газета «Вольная Беларусь», часопіс «Рунь» ды іншыя. Ён прымаў чынны ўдзел у дзейнасці Беларускай вайсковай камісіі і арганізацыі беларускага войска ў часе польска-савецкай вайны яшчэ да таго, як летам 1920 г. Мінск будзе заняты бальшавікамі, а савецкая ўлада сцвер­дзіць свае паўнамоцтвы ва Усходняй Беларусі. Аднак паба­чыць усё гэтае на свае вочы Гарун ужо не паспеў: яго жыццё абарвалася тым жа летам 1920 г. у польскім курортным горадзе Закапанэ, куды легендарны паэт, хворы пасля царскай высылкі на сухоты, быў адпраўлены на лячэнне.

Свае паэтычныя творы Алесь Гарун, вярнуўшыся на радзіму, адмыслова сабраў у адзіны прыжыццёвы зборнік «Матчын дар. Думы і песьні 1907–1914», які быў выдадзены ў Мінску ў 1918 г. і стаў годным сведчаннем велічы яго таленту. У зборнік увайшлі 72 вершы, укладзеныя ў тры цыклы: «Роднаму краю», «На чужыне», «Прыявы роднага». Уплыў паэзіі Алеся Гаруна на літаратурны рух быў вельмі адчувальны і пры яго жыцці, і ў 1920-я гг. Неўзабаве пасля яго смерці вершы памяці Алеся Гаруна прысвяцілі таленавітыя паэты маладнякоўскай генерацыі Міхась Чарот і Уладзімір Дубоўка, а новаўтвораны акадэмічны Інстытут беларускай культуры меўся ўслед за выданнем двух тамоў збору твораў Максіма Багдановіча трэцім томам выдаць поўную літаратурную спадчыну Алеся Гаруна. Такі том быў падрыхтаваны да друку ў 1929 г., аднак не выйшаў (як бібліяграфічную рэдкасць цяпер можна сустрэць перавыданне ў 1929 г. толькі зборніка «Матчын дар», наклад якога быў знішчаны амаль цалкам), бо ў канцы 1920-х гг. усё нацыянальнае беларускае пачало няшчадна крытыкавацца ў афіцыйным друку, пасля чаго настаў час рэпрэсій.

Толькі ў 1980-я гг., у многім дзякуючы старанням беларускага даследчыка Уладзіміра Казберука, імя Алеся Гаруна становіцца дазволеным, яго творчасць вяртаецца ў гісторыю беларускай літаратуры, становіцца хрэстаматыйнай. Да стагоддзя з дня нараджэння паэта з’яўляюцца артыкулы ў перыядычным друку, у 1988 г. у выдавецтве «Мастацкая літаратура» выходзіць факсімільнае перавыданне зборніка «Матчын дар», а ў 1991 г. нарэшце выходзіць асобным томам досыць поўны збор яго літаратурнай спадчыны «Сэрцам пачуты звон», укладзены У. Казберуком з яго ж грунтоўнай прадмовай. У згаданых публікацыях можна знайсці ўжо значна больш дакладных і падрабязных звестак, якія дапаўняюць і канкрэтызуюць біяграфію паэта, бо У. Казберуку ўдалося выявіць раней не вядомыя архіўныя дакументы. Так, у прадмове ён цытуе выпіску з метрыкі Алеся Гаруна, якая захавалася ў судовай справе, паводле якой мы даведваемся не толькі пра дакладныя дату і месца нараджэння паэта, але і пра тое, дзе і калі ён быў ахрышчаны: гэта адбылося на наступны дзень па нараджэнні (28 лютага 1887 г.) у «Мінска-Кальварыйскім Рыма-Каталіцкім касцёле», да парафіі якога належаў фальварак Новы Двор, дзе паэт нарадзіўся; бацькі ж паэта, Уладзімір Каэтанаў і Соф’я Іванава з Жывіцаў Прушынскія, у гэтай выпісцы з метрыкі пазначаны як сяляне.

Звесткі гэтыя змушаюць задумацца, з якіх жа Прушынскіх паходзіў наш легендарны паэт? «Селянінам» ці «чорнаработнікам» быў насамрэч ягоны бацька, вымушаны зарабляць на жыццё рукамі? І ці не вядуць карані радаводу паэта да вядомага шляхецкага роду Прушынскіх герба «Равіч», якія мелі ў сваёй маёмасці сярод іншага Каралішчавічы пад Мінскам, а таксама і мінскі Новы Двор? Безумоўна, тут патрабуюцца спецыяльныя даследчыцкія росшукі, якія дадуць магчымасць больш пэўна вызначыць паходжанне нашага славутага паэта. Тое ж, што пакуль не падлягае сумненню, — гэта прыналежнасць ягонай сям’і да рыма-каталіцкай парафіі Кальварыйскага касцёла ў Мінску, што вызначыла тую духоўную хрысціянскую аснову ўзгадавання і выхавання Алеся Гаруна, якая моцна адбілася і ў ягонай літаратурнай творчасці. Ніякія новыя сацыялістычныя, рэвалюцыйныя ідэі не змянілі хрысціянскую сутнасць светапогляду Алеся Гаруна, якая не замінала яму актыўна далучыцца ў юнацтве да партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, каб паспрыяць адраджэнню роднага краю. Менавіта каталіцкая духоўнасць, крыніца якой забруілася ў ім разам з хростам, вызначала ягоныя жыццёвыя і творчыя шляхі, уплывала на выбар грамадзянскай пазіцыі і ўчынкаў, на сам дух і змест яго літаратурнай творчасці. У гэтым мы зможам пераканацца, чытаючы вершы зборніка «Матчын дар» і тыя, што ў яго не ўваходзілі, а таксама ягоную прозу.

Аўтограф верша «Малітва».

Ушаноўваючы нашай публікацыяй сёлетні юбілей паэта, прапануем чытачам «Нашай веры» некалькі цудоўных вершаў Алеся Гаруна, якія сведчаць пра глыбіню і прыгажосць яго веры, хоць яе выпрабоўвалі шматлікія цярпенні і пакуты. Ён давяраў Хрысту, несучы ўласны крыж, і з-пад яго пяра, праз боль і церні, выходзілі вялікай сілы радкі, якія ўзносілі яго паэзію над сацыяльнай заангажаванасцю і надавалі ёй духоўнае вымярэнне. Такой духоўнай моцай напоўнены верш «Малітва», які быў дасланы паэтам у «Нашу Ніву» і надрукаваны там 21 снежня 1912 года. Верш напісаны як відзежа: лірычны герой бачыць Хрыста, які ўзно­сіць гарачую малітву да Айца. Праз гэтую малітву Сына Божага паэт перадае і ўвесь свой душэўны і фізічны боль ад відовішча таго зла, якое пануе на зямлі «паўсюдах з краю ў край». Хрыстус у вершы просіць Айца заступіцца за людзей, пазбаўленых надзеі, паслаць ім Абаронцу, каб настала панаванне Божай праўды ў свеце.

Аб тым, наколькі блізкім быў Алесь Гарун да рэлігійнай каталіцкай практыкі, сведчыць і яго вельмі арыгінальны верш «На прыміцыю кс. Г.». Гэты верш быў апублікаваны 30 мая 1914 г. у беларускай каталіцкай газеце «Bielarus» пад псеўданімам А.Сумны. У гэтым жа нумары праз некалькі старонак была змешчаная таксама інфармацыя з Духоўнай акадэміі (на той час яна была ў Пецярбургу) аб тым, што 31 мая там будуць высвенчвацца ксяндзы, у тым ліку і з Віленскай дыяцэзіі: «31-га мая <...> і з Віленскай дыяцэзіі маюць прыняць сьвячэньня вось якія клерыкі-студэнты: Стан.[іслаў] Бобель, Андрэй Цікота, Вінц.[энт] Гадлеўскі, Язэп Куста, Стан.[іслаў] Марцінкоўскі і Крыштоф Чыбір. 1-га чэрвеня адбудзецца ўрачысты «акт», пасля «Te Deum», а 2-га чэрвеня клерыкі-студэнты раз’едуцца дамоў на летні адпачынак <...>». Вельмі магчыма ў гэтай сувязі дапусціць, што свой верш Алесь Гарун прысвяціў з гэтай нагоды менавіта ксяндзу Вінцэнту Гадлеўскаму, які яшчэ з часоў семінарыі вызначаўся далучанасцю да справаў беларускага нацыянальнага адраджэння і як будучы святар меўся служыць яму на духоўнай ніве. Пра ўсё гэта ссыльны паэт Алесь Гарун у далёкім Іркуцкім краі добра ведаў яшчэ напярэдадні, лістуючыся з рэдакцыяй, а таму загадзя напісаў і даслаў свой верш, прымеркаваны да гэтай падзеі. Трэба таксама зазначыць, што гэты верш ніколі пасля першай публікацыі не згадваўся ў спадчыне Алеся Гаруна і не ўваходзіў у перавыданні яго спадчыны. Толькі ў 2003 г. ён быў апублікаваны ў томе «Выбраныя творы» Алеся Гаруна ў серыі «Беларускі кнігазбор» і вернуты такім чынам у літаратурную спадчыну. У гэтым вершы, апрача сведчання веры, вызначыліся і адбіліся напоўніцу таксама грамадскія, патрыятычныя і духоўныя ідэалы паэта ў іх арганічнай злучанасці. Будучага святара суайчынніка паэт заклікае быць падобным да Хрыста:

Дык будзь жа такім, як наш Збаўца:
Ён мовы і вольнасці даўца
Вучыў у тэй мове народу,
З якога быў целам і родам!..
Прыклад гэта вечны і ясны!..

Такім чынам, у святары паэт бачыць абаронцу і настаўніка даверанага яму народу, які на ўзор Хрыста служыць народу ва ўсіх праявах і вядзе яго да праўдзівага пазнання шчасця і да вечнай Нябеснай Айчыны.

Верш «Жыццё» быў апублікаваны ў газеце «Вольная Беларусь» 30 лістапада 1917 г., ужо па вяртанні Гаруна з высылкі. Пазней разам з вершам «Малітва» паэт уключыў яго ў зборнік «Матчын дар». У вершы «Жыццё» пры дапамозе алегарычных вобразаў Гарун не згаджаецца з тым паднявольным станам, які церпіць яго родны народ, пакорліва несучы сваё рабскае ярмо, забыўшыся на пашану і годнасць. Такі стан выклікае ў паэта адпаведны экзістэнцыйны настрой і справядлівае абурэнне. Ён задае жорсткія пытанні, каб абудзіць запрэжаных у ярмо, заахвоціць іх да вяртання чалавечай годнасці, якая ёсць адбіткам годнасці Божай.

Да ўсяго сказанага можна дадаць, што і шмат якія іншыя творы Алеся Гаруна сведчаць пра арганічную ўключанасць яго паэтычнай думкі ў прастору хрысціянскай духоўнасці. Ён, безумоўна, яшчэ з дзяцінства добра ведаў кнігі Бібліі, Старога і Новага Запаветаў, бо вобразы і матывы гэтых кніг часта сустракаюцца ў яго паэтычных рэфлексіях. З вераю паэт перажываў усе жыццёвыя выпрабаванні, годна нёс свой крыж цярпенняў і болю, таму і яго паэзія дасягнула вышыняў таго мастацкага ідэалу, які і сёння здольны захапляць сваім памкненнем да праўды і хараства.

Гл. таксама:
АЛЕСЬ ГАРУН :: ВЕРШЫ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY