|
|
№
1(99)/2022
Інтэрв’ю Касцёла
In memoriam
Ала (Альбіна) СЯМЁНАВА
SURSUM CORDA! Краязнаўства
Паэзія
Ірына БАГДАНОВІЧ
СУСТРЭЧА СА СВЯТЫМ КАЗІМІРАМ, АБО ЦУД У СТОЎБЦАХ, ЯКІ АДБЫЎСЯ НА СТАЎПЕЦКІЯ КАЗЮКІ Ў 2022 ГОДЗЕ Постаці
Нашы святыні
Ігар СУРМАЧЭЎСКІ
ЮНАЦТВА БУДСЛАЎСКАГА КАСЦЁЛА. Сувязь Будслава з Вільняй Літаратуразнаўства
Ірына БАГДАНОВІЧ«ТЫ МЕЙ ПРАД САБОЙ ТОЛЬКІ БОГА…»: ДУХОЎНЫЯ КРЫНІЦЫ ПАЭЗІІ АЛЕСЯ ГАРУНА Да 135-годдзя з дня нараджэння паэта Алесь ГАРУН ВЕРШЫ Паэзія
Прэзентацыя
Успаміны
Каталіцкія місіі
Спадчына
Інтэрв’ю
Размова Элы ДЗВІНСКАЙ з кандыдатам культуралогіі Алесем СУШАМ
БЕЛАРУСКІЯ БУКВАРЫ ФАРМІРУЮЦЬ СВЯДОМАСЦЬ Асобы
Мастацтва
|
«Кожны мастак малюе сам сябе» — максіма часоў Рэнесансу, выказаная ў XV стагоддзі, не страціла актуальнасці і ў нашыя дні. Гэта думка паходзіць ад трапнага выказвання Леанарда да Вінчы пра тое, што «мастак заўсёды малюе свой аўтапартрэт». Разглядаючы створанае лёгкай рукой мастачкі Галіны Хінкі-Янушкевіч, добра разумееш праўдзівасць думкі Леанарда. Мастачка вельмі ўтульна пачуваецца ў тым свеце светлага дзяцінства, якое яна малюе. А як жа іначай — яна наўпрост выяўляе свой унутраны стан залатой пары жыцця чалавека. Адзін з самых дасканалых вобразаў шчасця, намаляваных мастачкай, я сустрэў на вокладцы часопіса для дзяцей «Маленькі рыцар Беззаганнай» за 2000 год. На выяве нам адкрываецца такі ўтульны вобраз сусвету, падлетка, які назбіраў чарніцаў, над ім ахоўна раскрыў крылы з растрапанымі пёркамі бусел, і душа падлетка «падлятае» і паўтарае ў вертыкалі гарызантальны сілуэт птушкі. Падлетак пластычна паўтарае палёт бусла. У гэтым сусвеце дабро і зло суіснуюць у мілых выявах мухамора і баравіка, і ўсё гэта намалявана на адным дыханні. Колеры амаль адкрытыя, сакавітыя, жывыя. Здаецца, вельмі проста скампанавана і намалявана, але, думаю, мы вельмі недаацэньваем талент мастачкі артыкулявана казаць такія простыя сутнасці. У пэўным сэнсе гэта даступная нам формула райскага саду, і гэтую формулу-схему мастачка паўтарае не адзін раз. Відавочна, ёй было адкрыта, дадзена ўбачыць, і яна гэты цудоўны вопыт перажывае зноў і зноў, шукае, як падзяліцца ім з гледачом. Галіна ў 2007 годзе бярэ ўдзел у калектыўнай працы па аздабленні зборніка беларускай аўтарскай казкі «Вежа міру» (Мінск, «Мастацкая літаратура», 2007, 190 с.: іл.). У калектыўнай працы тузіны беларускіх ілюстратараў для мяне вылучаецца менавіта даробак Г. Хінкі-Янушкевіч, бо зноў адкрываецца для мяне знаёмая структура: высокі гарызонт, кропка гледжання птушкі (або анёла, напрыклад), зноў метафара-параўнанне — у першым варыянце хлопчык-птушка, тут — журавы нябёсныя рыфмуюцца з жураўлём калодзежным. І тое ж адчуванне яснасці, крыштальнасці кампазіцыі, усё счытваецца на адным кругавым руху палёта.
Варта сказаць колькі словаў пра выбар казкі — дакладна можна казаць пра двухбаковы сустрэчны выбар, бо, на маю думку, Галіна абірала казку гэтак жа, як і казка — Галіну. Мне бачыцца тут у пэўнай ступені прадвызначанасць творчасці мастака. Казка Станіслава Валодзькі «Жураўлі» распавядае пра тое, як журавы, адлятаючы ў вырай, заклікалі Калодзежнага Жураўля ляцець разам. І вось тут выказаны глыбінны сэнс казкі, бо Журавель кажа: «Ніяк не магу пакінуць сваіх гаспадароў — хто ж будзе паіць іх вадою, хто ж будзе даставаць са студні зорачкі для іх дзетак?!» Я далікатна заўважу тут, што гэтая казка зусім не выпадковая ў творчай біяграфіі мастачкі, бо нейкім чынам «ілюмінуе», падсвечвае жыццёвы пласт біяграфіі Галіны Хінкі-Янушкевіч. Яна шчыра раскрыла багацці сваёй душы дзеля сваіх любых чальцоў сям’і, можа быць, нават і не на карысць творчасці. У казцы гэта выглядае так: «Дзеці гаспадароў, вяртаючыся з вялікага свету дадому, паўтараюць: — Якое шчасце трымаць у руках не сініцу, а цябе, Журавелю! Яны былі ўдзячныя свайму цыбатаму дабрадзею за тыя зачэрпнутыя ў калодзежы зорачкі, якія запалі ім у душы і аказаліся потым Божымі іскрынкамі іх талентаў…»
Паглядзіце толькі, як любоўна пераймае стылістычныя прыёмы малявання, нібы першыя словы ўслед маме, яе дачка Каміла Янушкевіч. Гэта ўсё тлумачыць пра іх узаемнае любаванне. Ілюстрацыя з таго ж 4-га нумара «Маленькага рыцара Беззаганнай» за 2003 г., у якім і каляндар-улётка. Я ўпэўнены, што маляванне — гэта след або злепак душы, душэўнага стану чалавека, і па малюнках можна чытаць, як па напісаным. Напрыклад, я бачу, што лінія ў малюнках Хінкі-Янушкевіч заўсёды пругкая, звонкая ды прамая, у ёй няма сумніву, няўпэўненасці, «хвалістасці» ваганняў дарослага чалавека. Мастачка не хлусіць, яна гаворыць — вядзе лінію так, як думае, не прыхоўваючы яе ў стылі ці манеры. Калі ж разгледзець кампаноўку фігураў, то яна звычайна ясная, постаці не перакрываюць адна адну — не «перакрыківаюць», не вядуць «спрэчак», хто з іх галоўны, яны ўсе на роўных, і кожны з іх любоўна дамаляваны. У дачыненні да гэтых кампазіцый прыгадваецца яшчэ адно выказванне — «Бог любіць усіх, але кожнага — больш». Бывае, адныя мастакі пішуць дзённікі, а другія іх не пішуць. Але ўніверсальным дзённікам кожнага мастака ёсць яго творчасць, тая нізка вобразаў і выяваў, што мастак стварае цягам свайго жыцця. Галіна Хінка-Янушкевіч ладны кавалак свайго творчага жыцця аздабляла дзіцячы часопіс «Маленькі рыцар Беззаганнай», і калі вы прагартаеце збор часопісаў за мінулыя гады, то вам адкрыецца сапраўдны дзённік «красак, свежых калісьці, думак шчырых і чуцця».
Мне вельмі цікава назіраць за тым, як мастакі малююць птушак. Багдановіч калісьці параўнаў птушку з думкай:
Мне ж птушка падаецца хутчэй увасабленнем душы. То бок, малюючы птушку, мастак мімаволі ўвасабляе сваё разуменне аб душы. Я для сябе асобна зазначыў, што Галіна малюе птушак вельмі адметна: гэта нейкія знакі, блізкія да літараў-заставак летапісаў, ёсць у іх пявучая прастата сілуэта нябесных стварэнняў. Але самае для мяне каштоўнае тое, што даволі часта мастачка свядома малюе сілуэт птушкі адной лініяй, ахоплівае яе адным рухам вачэй. Падкрэслю — вельмі істотна свядомая фармальная цэласнасць сілуэта птушкі, птушка — як душа, яна цэлая-цэльная, і толькі ў мове мы «вычляняем» паняцці хваста, крылаў, галавы, дзюбы — і тады губляем суцэльнасць з’явы «птушка». Гэтак сёння адбываецца і з нашымі душамі, кожнай «душой». Мы «трэніруем» дабрыню, сумленне, любоў і раптам заўважаем, што «душа», раскладзеная на дэталі, больш не лётае. Як у той казцы, дзе склаўшы кавалкі рассечанага асілка, палілі яго мёртвай вадой, і цела зраслося, а на жывую ваду забыліся… Дык вось галоўны пластычны набытак Галіны — палюбуйцеся на яе птушачак, створаных (я б сказаў пратанцаваных) адной лініяй, птушачак, якія захавалі і крылы, і хвост, і дзюбкі.
Магу толькі дадаць словы Леанарда да Вінчы: «Дзе дух не водзіць рукой мастака, там няма мастацтва. Дзе думка не працуе разам з рукой, там няма мастака». Для сябе перакладаю гэтак — каб маляваць цэласнасць душы-птушкі, трэба гэтую цэласнасць мець у сэрцы, імітаваць не выпадае. Гэтыя птушкі «прыляцелі» з развароту часопіса для дзяцей «Маленькі рыцар Беззаганнай», з 1-га нумару за 2007 год... Я такой і памятаю Галінку, як некаторых герояў яе твораў, — у зграбнай камізэльцы, у штроксавых карычневых нагавіцах, з прамой паставай — мы кароткі час вучыліся разам у адным класе дзіцячай мастацкай школы №1 у Мінску... Яшчэ прыклад уяўнай простасці — аздабленне кнігі беларускіх народных казак пра жывёлаў «Лісіца-хітрыца» (Мінск, «Мастацкая літаратура», 2005 г.). Уверсе — пачатак кнігі і канцоўка, ад хітрыкаў лісіцы да пераможцы пеўніка. Зноў адметная «формульнасць» яе кампазіцый, што так ёміста сцвярджаюць народную мудрасць. Вось парадны партрэт гераіні, імем якой і названы зборнік. А далей —цыкл ілюстрацый, які створаны нібы па адным лякале, дзякуючы чаму ўтвараецца адзіная мастацкая прастора кнігі. У гэтых формулах, літаральна пластычна закручаных і ліха перацякаючых з аднаго полюса ў другі — следам за перавяртаннем сюжэтных ліній. Якая ясная пластычная формула казачных «круцельстваў»! Дык гэта ж след лісіных хітрыкаў, што мільганулі і засталіся перад вачыма «васьмёркай» лісінага хваста! Несумненная знаходка мастака…
На астачу хацеў бы завершыць свае рэфлексіі элегантнай графічнай віньеткай у выглядзе некалькіх ілюстрацый-маляванак. Гэтыя карцінкі я ўзяў з «Паэтычнага каляндара» аўтарства паэта Мар’яна Дуксы і мастака Галіны Хінкі-Янушкевіч (Мінск, «Про Хрысто», 2020). Да празрыстых вершаў паэта вельмі пасуюць вітражныя малюнкі мастачкі. Звонкая графіка малюнкаў заклікае ўзяць фарбы-алоўкі і звонка расцвеціць каляровымі шкельцамі вокны храма душы. Востракрылыя Арханёлы спагадліва схіліліся насустрач птушцы-душы. Нацюрморт з вербамі — які ж ён выразны, нібы фрагмент фрэскі! А паглядзіце на вясёлы ружанец з жалудоў — ён ужо змушае ўслухацца ў медны гул дубовага лісця!.. Шаноўная Галіна, Вы — цудоўная мастачка! Дзякуй Вам за такі шчыры і просты свет, які Вы носіце ў сваёй душы! Плённай працы!
|
|
|