Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(99)/2022
Інтэрв’ю Касцёла
Размова Францішка ДУБРАЎСКАГА з біскупам Віцебскім Алегам БУТКЕВІЧАМ
У ВЕРНАСЦІ ЯГОНАЙ ВОЛІ
In memoriam
Крыстына ЛЯЛЬКО
«СПАДЗЯЮСЯ НА СВЯТЛО…»
Ала (Альбіна) СЯМЁНАВА
SURSUM CORDA!
Краязнаўства
Паэзія
Постаці
Нашы святыні
Паэзія

ПАВОДКА

ВЕРШЫ
Прэзентацыя
Успаміны

ЯЕ РАТАВАЛА ВЕРА...
Каталіцкія місіі
Спадчына
Інтэрв’ю

БЕЛАРУСКІЯ БУКВАРЫ ФАРМІРУЮЦЬ СВЯДОМАСЦЬ
Асобы
Мастацтва

Ігар СУРМАЧЭЎСКІ

ЮНАЦТВА БУДСЛАЎСКАГА КАСЦЁЛА

Сувязь Будслава з Вільняй

Гісторыя Будслава сягае аж да 1504 года, калі вялікі князь ВКЛ Аляксандр Ягелончык (1461–1506) падараваў віленскім бэрнардынам 600 моргаў у Матыцка-Маркаўскай пушчы, што мясцілася на ўскрайку Менскага павета за вёскай Матыкі паміж рэчкамі Сэрвач, Турака і Зуйка. Лес бэрнардыны атрымалі, каб абаграваць віленскі кляштар святых Францішка і Бэрнарда, таму дрэва сплаўлялі па хвалях Сэрвачы да Віліі, а там і да сталіцы ВКЛ. Першымі насельнікамі ў пушчы былі два манахі: а. Каспер і брат Юзаф. Яны пабудавалі сабе жытло на ўзор пастуховых будаў і назвалі гэта месца Буда. Так з’явіўся першы архітэктурны помнік у Будславе.

Гісторыя будслаўскага касцёла пачалася з 1589 года, калі за кошт ашмянскага суддзі Станіслава Карэйвы была пабудавана драўляная капліца, асвечаная ў 1591 годзе Віленскім біскупам Кіпрыянам пад тытулам Наведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. Час пабудовы драўлянага касцёла ў Будзе і распачацце культу Будслаўскай Багародзіцы — гэта час Контррэфармацыі, калі Каталіцкі Касцёл паўстаў супраць Рэфармацыі. На еўрапейскіх абшарах амаль па ўсёй Свяшчэннай Рымскай Імперыі віравала апошняя самая буйная рэлігійная вайна паміж пратэстантамі і католікамі, так званая Трыццацігадовая (1618–1648). Гэты першы перыяд можна назваць «дзяцінствам» будслаўскага касцёла. Яго другі перыяд — «юнацтва» і росквіт прыйшоўся на 1633–1639 гады, калі за кошт Януша Кішкі, полацкага ваяводы і вялікага гетмана ВКЛ, а таксама другіх ахвярадаўцаў была пабудавана новая каменная святыня пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Будслаўскі касцёл. Гравюра (дрэварыт)
з кнігі Э. Зеляевіча
«Задыяк на зямлі…». 1650 г.

Калі ад першага перыяду нам засталася толькі выява алтара-рэтабля з цудатворнай Будслаўскай Багародзіцай на графічным аркушы ў «Трактаце другім аб цудатворным вобразе Найсвяцейшай Панны Марыі» з кнігі Элеўтэрыя Зеляевіча «Задыяк Нябесны на зямлі…» (Вільня, 1650), то другі перыяд жыцця будслаўскага касцёла вонкава вядомы па той жа кнізе а. Зеляевіча. Наваколле Будскай пушчы, дзе чыніліся Боскія цуды, аўтар апісвае ўзнёсла і рамантычна: «Дзе перад тым у глыбокіх рэчышчах і глухіх гушчарах драпежныя мядзведзі, ваўкі і іншыя дзікія звяры знаходзіліся, там падняўся Касцёл Панскі; дзе быў чутны страшны звярыны рык і жахлівае кугаканне і клёканне пугачоў, там, пры тым жа касцёле ўбогім, вылечваліся нямоглыя, кульгавыя, эпілептыкі, нямыя, зачараваныя, скалечаныя перунамі, і ад іншых непрыемнасцяў». У цэнтры графічнага аркуша стаіць першы мураваны касцёл, пабудаваны ў 1633–1643 гадах.

Многія даследчыкі звяртаюць увагу на тое, што першы мураваны будслаўскі касцёл будаваўся на працягу 10-ці гадоў: з 1633-га па 1643 год. Выкажу меркаванне, што ўзвядзенне будынка першай мураванай будслаўскай святыні адбылося да 1637 года. Аб гэтым магчыма даведацца з тэксту на драўлянай аснове Будслаўскай Багародзіцы: «...па большай частцы гэты касцёл вымураваны каля года Панскага 1637». Архітэктарам быў полацкі муляр Андрэас Кромер, нямецкага паходжання і русінскай веры (уніят), але дата 1643 года таксама мае вялікае значэнне для гісторыі святыні, бо менавіта 9 ліпеня 1643 года касцёл быў асвечаны айцом Лаўрэнціно Пшэдборам пад тытылам Наведзінаў Паннай Марыяй святой Альжбеты. Магчыма, з 1637-га па 1643 год вяліся ўнутраныя працы па аздабленні інтэр’ера касцёла. Да 1643 года побач з каменным касцёлам бэрнардыны пабудавалі невялікі драўляны кляштар (coenobiolum), дзе кожны манах жыў у асобнай келлі.

Але вернемся да графічнага аркуша з кнігі Э. Зеляевіча, бо гэта найважнейшая крыніца інфармацыі аб тым, як выглядаў храм у часы свайго «юнацтва». Каменны касцёл быў адной з самых прыгожых святыняў бэрнардынаў на землях Вялікага Княства Літоўскага. Дрэварыт з кнігі 1650 года рэпрэзэнтуе касцёл у незвычайнай перспектыве, якая нагадвае сучасны фотаздымак з дапамогай лінзы «рыбіна вока» ці малюнак у адваротнай перспектыве, якая выкарыстоўвалася ў візантыйскім іканапісе і ў еўрапейскім жывапісе Сярэднявечча. Па адваротнай перспектыве лініі франтонаў даху разыходзяцца ад гледача, а фасад апсіды наогул вывернуты на 90°, і мы бачым схаванае акно, якое па правілах перспектывы павінна выходзіць у бок Даўгінава. Аналізуючы выяву касцёла сярэдзіны XVII стагоддзя, магчыма ўявіць, што будынак святыні быў прамавугольны, аднанававы, з трохкутным шчыпцом на галоўным фасадзе, увянчаным невялікім крыжам; двухсхільны чарапічны дах заканчваўся над пачаткам прэзбітэрыя таксама трохкутным шчыпцом з невялічкім крыжам уверсе. Дах трохграннай апсіды алтара з прэзбітэрыем далучаўся трохі ніжэй за асноўны аб’ём перакрыцця. Магчыма, што прэзбітэрый з апсідай алтара больш выходзілі за асноўны аб’ём касцёла дзеля таго, каб было месца для хору манахаў, які звычайна мясціўся перад алтаром ці за алтаром (першы варыянт больш верагодны. Дарэчы, чорны алтар ідэальна «садзіўся» ў плане на трохграннае завяршэнне апсіды. Галоўны фасад касцёла па баках атачалі дзве высокія васьмігранныя вежы са шпілямі. Карніз галоўнага фасада дзяліў вежы на два ярусы. Дарэчы, галоўны фасад будслаўскага касцёла з дзвюма вежамі вельмі нагадвае фасад віленскага касцёла святых Францішка і Бэрнарда, пабудаванага ў XVI стагоддзі ў стылі віленскай готыкі. Яшчэ адна невялікая вежа ўзвышаецца пасярод чарапічнага даху. У гатычнай архітэктуры яна мае назву пінакль (pinnaculum — лац. шчыпец, крыльца). Невялікая вежачка вянчаецца мініяцюрным шатром — фіялам. Бакавы фасад падзелены трыма высокімі арачнымі вокнамі. Па вуглах касцёл быў упрыгожаны рустыкай, характэрным прыёмам для архітэктуры позняга Адраджэння — маньерызму. Да канца XVII стагоддзя на трох вежах касцёл займеў адмысловыя званы, адлітыя ў Вільні самым слынным майстрам. На адным са званоў быў надпіс: «Assumptio B.M. V. Anno Dom. 1681» і ніжэй: «Joannes Delmar me fecit». Ян Дэламар (Joannes Delamars, De La Mars) быў знакамітым віленскім майстарам-людвісарам французскага паходжання. У 1662–1690 гадах працаваў на арсенал князя Багуслава Радзівіла ў Біржах і ў Вільні. Выконваў самыя адказныя працы па ўпрыгожванні званамі віленскай ратушы, віленскага касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла, віленскага касцёла святой Ганны і касцёла бэрнардынак святога Міхала.

Спроба рэканструкцыі памераў будслаўскага касцёла XVII стагоддзя і размяшчэннем «чорнага» алтара ў яго апсідзе на плане касцёла пасля перабудовы ў 1767–1783 гадах.

Многімі гісторыкамі сцвярджаецца, што каменны касцёл XVII стагоддзя з цягам часу стаў капліцай, убудаванай у вялікі храм XVIII стагоддзя на ўзор Парцынкулы ў базыліцы Санта Марыя дэльі Анджэлі (Парцынкула — першая маленькая капліца XIII стагоддзя, з якой пачаў свой пастырскі шлях святы Францішак, знаходзіцца ў інтэр’еры вялікай базылікі Basilica di Santa Maria degli Angeli ў Азізі). Цяпер капліца мае назву першага будслаўскага храма Наведзінаў Марыяй святой Альжбеты, а назва святой Барбары хутчэй належала брацтву, якое існавала пры касцёле. Памеры старога каменнага касцёла, калі за яго прымаць капліцу Наведзінаў Марыяй святой Альжбеты, не адпавядаюць звесткам архіўных крыніцаў XVII–XVIII стагоддзяў. Касцёл перыяду «юнацтва» ў апісаннях, акрамя прэзбітэрыя з хорам, меў бакавыя алтары, прычым у апісанні першай паловы XVIII стагоддзя алтароў было дзевяць, і ўсе яны былі асвечаны рознымі біскупамі. У 1737 годзе згадваецца алтар святога Францішка, у які быў перанесены цудатворны абраз Укрыжаванага Хрыста з Ілава. У архіўных дакументах згадваецца, што ў канцы 1756 года на Божае Нараджэнне апякунка касцёла Барбара Сакалінская-Скарульская, жонка ковенскага харунжага і ўладарка Даўгінава, была пахавана ў крыпце пад алтаром святога Антонія.

 
Выгляд касцёла
бэнэдыктынак св. Войцеха ў Мінску
з боку апсіды. Фота 1871 г.
План касцёла
бэнэдыктынак
св. Войцеха
ў Мінску.
Архітэктар А. Кромер.
1647 г.

Акрамя кнігі «Задыяк нябесны...» 1650 года, ёсць яшчэ некалькі архіўных дакументаў, якія даюць магчымасць намацаць хоць невялікія кропкі асновы «другога» касцёла. Па-першае — гэта малюнак на тытуле рукапіснай хронікі кляштара бэрнардынаў у Будславе 1769 года. На малюнку, зробленым акварэллю, і дадзена выява будслаўскага касцёла, фасад якога быў перароблены пасля пажару 28 мая 1739 года. У той бядзе драўляны кляштар, пабудаваны ў XVI–XVII стагоддзях, быў знішчаны цалкам. Пры гэтым каменны касцёл, размешчаны правей ад будынкаў драўлянага кляштара, пацярпеў няшмат. Гвардыянам у той час быў а. Станіслаў Вяржбіцкі OFM, і менавіта па яго ініцыятыве фасад каменнага касцёла быў перабудаваны ў стылі віленскага барока з высокім франтонам, які вянчала стромкая вежа з высокім крыжам. Злева ад галоўнага фасада касцёла бачны двухпавярховы атынкаваны белы будынак з двумя вуглавымі контрфорсамі. Справа ад касцёла — драўляныя гаспадарчыя будынкі кляштарнага «фальварка», пляц ля якіх агароджаны плотам з жэрдак (у ХІХ стагоддзі фальварк быў размешчаны па другі бок — злева ад уваходу ў касцёл XVII стагоддзя). У навуковых працах асобны белы будынак абазначаны як новы кляштар, але больш дэталёва гэты двухпавярховы будынак магчыма распазнаць па запісах з «Інвентару 1822 года». Там першы паверх кляштара азначаны так: «Korytarz pierwszy na pierwszej kondygnacji (першы калідор на першым паверсе). Калідор, які ад касцёла ідзе, у якім памяшканне старой закрыстыі, якая мае тры вакны, за кратамі жалезнымі, дзверы на завесах жалезных, з замком унутраным; з дзвюма шафамі, кожная шафа з замком і завесамі жалезнымі; з каморай, у якой адно вакно з кратамі, таксама жалезнымі». Апісанне 1822 года дакладна стасуецца з мапамі-планамі 1858 года. Архіўная справа аб апошніх гадах будслаўскага кляштара, якая носіць мудрагелістую назву «Департамент духовных дел иностранных исповеданий Министерства внутренних дел. Римско-католический отдел. Ходатайство Римско-католической духовной коллегии о разрешении возобновить римско-католическое богослужение в приписанной к Будславской римско-католической церкви Вилейского уезда Виленской губернии Березовской римско-католической филиальной церкви того же уезда и губернии» 1876 г. захоўваецца ў Санкт-Пецярбурзе (РГИА, ф. 821, воп. 125, с. 1250). Чарцяжы планаў будслаўскага касцёла і кляштара знаходзяцца ў асобнай тэчцы «Планы, Фасады и Разрезы. Строениямъ по Бэрнардынскому монастырю, состоящего въ Виленской Губернии, Вилейскаго уезда в м. Буцлавъ». 1858 г. (РГИА, ф. 821, воп. 125, с. 2550, л. 13–14). Таму месцазнаходжанне «старой» сакрыстыі на плане 1858 года магчыма знайсці дакладна. Будынак «старой» сакрыстыі з’явіўся дзякуючы намаганням новага гвардыяна а. Канстанціна Пенса OFM, абранага на капітуле ў Коўне ў 1749 годзе. Канстанцін Пенс паставіў перад сабой грандыёзныя планы па будаўніцтве ў Будславе не толькі новага кляштара, але і новага касцёла. 25 чэрвеня 1749 года будаўніцтва пачалося менавіта з сакрыстыі, і ўжо 20 кастрычніка 1754 года браты пасяліліся ў двухпавярховым кляштары. Былі пабудаваны тры каменныя будынкі, якія называліся «лініямі», — яны размясціліся за касцёлам літарай «П» у плане. 29 ліпеня 1767 года, у дзень святых апосталаў Пятра і Паўла, пачалося будаўніцтва новага касцёла. Аўтарам праекта быў Юзаф Фантана (1716–1773), вядомы варшаўскі архітэктар італьянскага паходжання. 7 верасня 1783 года, на свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, новы мураваны касцёл быў асвячаны Віленскім біскупам суфраганам Трокскім Францішкам Алойзам Яношам-Гзоўскім (1732–1786). Разважаючы над датамі пабудовы новага кляштара і перабудовы будслаўскага касцёла трэцяга перыяду, «сталага» ўзросту, можна прыйсці да высновы, што выява святыні, змешчаная на тытуле рукапіснай хронікі кляштара бэрнардынаў у Будславе 1769 года — гэта адлюстраванне касцёла і «старой» сакрыстыі на 1750 год — у гэты час ужо быў пабудаваны белы двухпавярховы будынак злева ад касцёла, але не быў завершаны ўвесь комплекс кляштара (1754) і не пачалося грандыёзнае будаўніцтва святыні ў 1767 годзе. Дарэчы, агульны выгляд фасадаў будслаўскага кляштара на канец XVIII ст. можна ўбачыць на гравюры Гіршы Ляйбовіча «Provincia Litvana Ord[inis] S[ancti] Francisci, O[rdini]s d[est]ri[ct]a[e] Observation[is] Mathemat[ice], Geographice Delineata» — там над галоўным уваходам кляштара (у плане гэта папярочка літары П ці другая «лінія») бачна невялікая шасцікутная вежа з крыжам.

 
План бэрнардынскага касцёла
і кляштара святых
Францішка і Бэрнарда.
Вільня. Пад №7 — капліца
святога Фларыяна.
Юзаф Янушкевіч.
План бэрнардынскага касцёла
і кляштара святых
Францішка і Бэрнарда.
Вільня. 1799.
Пад №6 — капліца
Пана Езуса Хрыста
(святога Фларыяна).
Бібліятэка Віленскага ўніверсітэта.

Яшчэ адна крыніца, у якой згадваецца інтэр’ер касцёла XVII ст. — рукапісныя занатоўкі SILVA RERUM Міхала Адама Слізьня (1691–1760), старосты крэўскага. Ён апісвае памятную пліту свайго прадзеда Аляксандра Слізьня (1579 — 1651), стольніка ашмянскага, старосты мядзельскага, каралеўскага сакратара. Пліта з чырвонага «каралеўскага» мармуру і тэкстам-эпітафіяй цяпер знаходзіцца праваруч ад «чорнага» алтара пад арачнай нішай са скульптурай Хрыста Ecce Homo. Апісанне пліты датаванае 1730–1740 гадамі; такім чынам чытаем у нататках пад №17: «Epitaphium w kościele budzkim marmurowe przeciwko ambony po prawej stronie na filarze pradziada rodzonego mnie, Michała Śliostnia, podkonius» (Эпітафія ў касцёле Будскім мармуровая, насупраць амбоны па правым баку на калоне (слупе) прадзеда, роднага мне, Міхаіла Слізьня, падканюшага ВКЛ, старосты крэўскага»). А цяпер уявіце: дзе ў гэтай маленькай капліцы мясцілася амбона, адкуль святар казаў слова Божае? А калона ці слуп і, напэўна, не адзін? А можа, мармуровую пліту перанеслі падчас перабудовы касцёла ў канцы XVIII ст.? Ці перад прэзбітэрыем было дзве калоны?

Магчыма, галоўны фасад касцёла XVII ст. выходзіў на рэчку Сэрвач, а «чорны» алтар знаходзіўся адносна вялікага алтара XVIII ст. павернутым на 180°, гэтак, як ён і цяпер, але пытанне аб памерах старога каменнага касцёла першай паловы XVII стагоддзя, убудаванага ў касцёл канца XVIII стагоддзя, застаецца адкрытым. Магчыма, ён займаў у плане плошчу, якая ахоплівала частку прасторы галоўнага алтара і ўвесь аб’ём капліцы Наведзінаў Паннай Марыяй святой Альжбеты. І яшчэ адна заўвага з архіўных дакументаў: каменны касцёл XVII стагоддзя быў у тры разы большы за драўляны канца XVI стагоддзя.

План з роспісам скляпенняў капліцы святога Фларыяна.
Рэстаўрацыя 2019 г.

А ці магчыма цяпер апынуцца ў інтэр’еры першай мураванай будслаўскай святыні? Не, я не маю на ўвазе сучасны стан капліцы XVII стагоддзя з «чорным» алтаром, я мару апынуцца ў аб’еме інтэр’ера першай мураванай святыні: са скляпеннем і распалубкамі над арачнымі вокнамі, з трохграннай апсідай, каб ацаніць прапорцыі звонку і агледзець бакавыя фасады. Уяўляеце (!) — такая магчымасць існуе, толькі дзеля гэтага трэба зрабіць пілігрымку ў нашу духоўную сталіцу — у Вільню. Там, у Вільні, на месцы Крывога замку пры Полацкім шляху, знаходзіцца першакрыніца будслаўскай святыні — бэрнардынскі касцёл і кляштар святых Францішка і Бэрнарда. Менавіта адсюль прыйшлі першыя манахі ў Маркоўска-Матыцкую пушчу. З Вільні былі ўсе першыя насельнікі і гвардыяны будучай малой базылікі, праз Вільню сюды ў запаветныя лясы прыйшла італьянская святыня. У нашай духоўнай сталіцы ў пачатку 1630-х гадоў здарыліся дзеі, якія паўплывалі на лёс будслаўскага кляштара. Гэтыя дзеі звязаны са шляхетным родам Калецкіх гербу «Трубы», з трыма братамі: Андрэем, Аляксандрам (1580–1632), Фларыянам (1580–1641).

 
Юзаф Чаховіч (1817–1887).
Выгляд вуліцы Бэрнардынскай
з касцёлам св. Ганны
і бэрнардынскім касцёлам
і кляштарам. Фота 1874 г.
Па цэнтры бакавога фасада
касцёла св. Францішка і Бэрнарда
бачна капліца святога Фларыяна
з боку апсіды.
Напалеон Орда.
Краявід з касцёлам св. Ганны
і бэрнардынскім касцёлам
і кляштарам святых Францішка
і Бэрнарда. Акварэль. 10.05.1875 г.
Музей Нарадовы. Кракаў.

Пра Андрэя Калецкага піша Каспер Нясецкі ў сваім «Гербоўніку»: «…Андрэй, які памёр маладым і па смерці якога брат Аляксандр majętność jego legował na kanclerza duchownego» — то бок, яго ўсю маёмасць запісаў у тэстамэнце на канцлера духоўнага (канцлер у касцёле — духоўны кіраўнік канцылярыі біскупа), але хутчэй за ўсё тут меўся на ўвазе іх родны брат а. Фларыян, дыфінітар і гвардыян бэрнардынскага канвенту ў Вільні.

Юзаф Чаховіч (1817–1887). Бакавы фасад бэрнардынскага касцёла
святых Францішка і Бэрнарда з боку р. Віліі. Фота 1875 г.
Крайні злева будынак за цаглянай агароджай —
капліца св.Фларыяна з боку апсіды. Па цэнтры — плябанія.

Аляксандр Калецкі (1580–1632) — адзін з двайнятаў з братам Фларыянам, вядомы вайсковы дзеяч ВКЛ, меў асаблівую прыязнасць да Будслава. Вось як гаворыць пра гэта на пахаванні Аляксандра Калецкага ў бэрнардынскім касцёле святых Францішка і Бэрнарда ксёндз Ваўжынец Прус, дыфінітар і прапаведнік-юбілят бэрнардынскага закону: «Есць кляштарэк убогі закону нашага ў самай пушчы, званы Буда, пры якім Абраз цудоўны Найсвяцейшай Панны Марыі. Шмат людзей да яго ідзе, і ён уцеху прыносіць, прыйшоў і ён да той крыніцы са сваімі votivus (ахвяраваннямі) і ачысціў душу сваю споведдзю пакорнай і загасіў агонь пякельны слязьмі сваімі similis hinnulo ceruorum (як малады алень) і прыдаў сатысфакцыю ахвяраваннем сваім». Праўдападобна, што Аляксандр, які шмат удзельнічаў у найслыннейшых паходах войска Вялікага Княства Літоўскага (Кіргхольм, 1605; Масква, бітва з Мініным і Пажарскім, 1612; Смаленск, 1613), з цягам часу займеў праблемы са здароўем з-за мноства ранаў, таму ў 1630–1632 гг. пабудаваў пры бэрнардынскім касцёле капліцу для свайго пахавання пад тытулам святога Фларыяна — нябеснага апекуна роду Калецкіх. Над уваходам у капліцу захаваўся надпіс: Capella Sancti Fioriani Marteris et Pat.(ronorum) Reg.(ni) Pol.(oniae) Erecta A.D. 1632. (Капліца святога Фларыяна, Пакутніка і Апекуна Польскага Каралеўства, пабудавана ў 1632 годзе). Злева ад уваходу ў капліцу св. Фларыяна — надмагільная пліта памяці Пятра Весялоўскага (?–1621); справа — Уладзіслава Тышкевіча (1644–1684). Пры касцёле святых Францішка і Бэрнарда гэта ўжо была другая капліца. Як прыватныя пахавальні ў пачатку XVII стагоддзя да паўднёвай сцяны касцёла былі прыбудаваны капліцы, адасобленыя ад інтэр’ера жалезнымі брамкамі. Першую пад тытулам святога Міхала ў 1600 годзе пабудаваў Мікалай Янавіч Глябовіч (?–1632), кашталян віленскі. Яна была квадратная ў плане, з уваходам направа ад прэзбітэрыя касцёла, і захавалася да гэтага часу.

Імаверна, што наконт праекта і будаўніцтва капліцы Аляксандр раіўся са сваім братам-блізнятам а. Фларыянам, і вядома, што дазвол на ўзвядзенне будынка пры віленскім бэрнардынскім касцёле Аляксандр мог атрымаць толькі ад гвардыяна бэрнардынскага канвенту, а гэтую пасаду якраз займеў у 1630 годзе Фларыян Калецкі. Улічваючы тое, што архітэктарам першай мураванай будслаўскай святыні ў 1633 годзе быў абраны Андрэас Кромер, магчыма, што перад гэтым у 1630–1632 гг. ён мог быць занятым на будаўніцтве капліцы святога Фларыяна ў Вільні.

 
Маці Божая Балесная.
Віленскі майстар. 1699 г.
Касцёл святых
Францішка і Бэрнарда. Вільня.
Бакавы алтар (злева)
у цэнтральнай наве.
Стан пасля рэстаўрацыі касцёла.
Фота Костаса Шукевічуса. 2019 г.
Ян Булгак. Правая нава касцёла
святых Францішка і Бэрнарда. 1919 г.
Справа бачны ўваход у капліцу
святога Фларыяна.

Параўноўваючы ў плане віленскую капліцу святога Фларыяна, якая захавалася да гэтага часу, з выявай першага будслаўскага касцёла ў кнізе «Задыяк нябесны...» 1650 года, звяртаеш увагу на супадзенні праектаў: аднанававыя храмы, трохгранныя апсіды, па тры арачных ваконных праёмы на двух бакавых фасадах. Адзінае, што ў віленскай капліцы няма прэзбітэрыя.

Творчы лёс Андрэаса Кромера пасля ўзвядзення першай будслаўскай мураванай святыні ў 1647 годзе звёў яго з ваяводам віленскім Крыштафам Хадкевічам і яго жонкай Зоф’яй з Друцкіх-Горскіх, з якімі ён падпісаў дамову на ўзвядзенне мураванага касцёла святога Войцеха для мінскага кляштара бэнэдыктынак. У праекце гэтага касцёла Кромер застаўся верным сваім архітэктурным прыхільнасцям: касцёл св. Войцеха — гэта храм з адною наваю, з трохграннай апсідай і прэзбітэрыем; ён меў дзве вежы і двухскатны дах, які ішоў больш нізка над апсідай з прэзбітэрыем. Варта адзначыць месцазнаходжанне пяці алтароў у інтэр’еры мінскага касцёла бэнэдыктынак: галоўны алтар знаходзіўся ў трохгранным завяршэнні апсіды, два — па баках ад галоўнага алтара перад прэзбітэрыем і два — пад цэнтральнымі аконнымі праёмамі бакавых сценаў. Гэта інфармацыя дае нам магчымасць уявіць, як мясціліся дзевяць алтароў у першай будслаўскай святыні: па тры алтары — на бакавых сценах; два — на тарцавой сцяне перад прэзбітэрыем і галоўны алтар — у трохгранным завяршэнні апсіды. Яшчэ адна акалічнасць у апісанні інтэр’ера касцёла бэнэдыктынак звяртае на сябе ўвагу: на хорах, над уваходам, быў усталяваны арган на 10 галасоў. Таму пашукаем інфармацыю аб арганах у ранейшых сакральных будынках па праектах Андрэаса Кромера...

Уваход у капліцу святога Фларыяна (выгляд з боку капліцы).
Касцёл святых Францішка і Бэрнарда. Вільня.
Рэстаўрацыя 2007—2019 гг.
Спроба расчысткі тынкоўкі да аўтэнтычнай цэглы XVII ст.
Фота Костаса Шукевічуса.

У інтэр’еры віленскай капліцы не адразу заўважыш невялікі гаўбец, які туліцца пад скляпеннямі над уваходам. Амаль такі ж гаўбец ёсць і ў будслаўскай капліцы з «чорным» алтаром. Праўда, з навуковай літаратуры вынікае, што ён узнік пры перабудове інтэр’ера старога касцёла пад капліцу клопатам будслаўскага гвардыяна Тадэвуша Вольскага. У 1827 годзе w szczątkach kościoła starego гвардыян з братамі паднялі падлогу на паўтара локця, зрабілі лесвіцу для ўваходу ў капліцу з калідора першага паверха кляштара, атынкавалі сцены і ўпрыгожылі іх пілястрамі з анёлкамі на капітэлях, а таксама быў узведзены гаўбец (хоры) на двух слупах для касцёльнай капэлы. Мяркую, што а. Тадэвуш Вольскі ўсталяваў хоры ў рэштках старога касцёла, як было ў сярэдзіне XVII стагоддзя, а выхад на хоры ў той час, магчыма, быў праз бакавыя вежы. Пра першы будслаўскі арган вядома няшмат: ён з’явіўся ў 1758 годзе дзякуючы фундушу Барбары Скарульскай з Сакалінскіх (?–1757), харунжанкі ковеньскай, то бок — за 9 гадоў да вялікай будоўлі новага будслаўскага касцёла ў 1767 годзе. Пра арган у капліцы святога Фларыяна вядома больш — у летапісе віленскага бэрнардынскага кляштара ёсць запіс: «24 сакавіка 1768 года было заплачана 100 талераў за працу над арганам Нікалаўсу Янцану… арган мае:
    Manualas 1 /клавіятуру/;
    8 регістраў:
    Flet major 8 pedum
    Flet minor 4 pedum
    Walflet 4 pedum
    Tertia [3 1/5 pedum]
    Quinta [2 2/3 2 pedum]
    Octava [2 pedum]
    Superoctava [1 pedis]
    Mixtura III ch.
    Bębny /акустычныя бубны/».

Мяркую, што будслаўскі арган быў падобны да віленскага. Імаверна, што віленскія бэрнардыны, якія апекаваліся будслаўскім кляштарам, параілі сваім братам тых жа майстроў, з якімі плённа супрацоўнічалі самі. Нікалаўс Янцан (1720–1791), нямецкі арганмайстар, паходзіў з Гамбурга і з 1746 года ўжо працаваў у Вільні. На час усталявання ў Будславе першага аргана, які магчыма прыпісаць аўтарству Янцана, майстру было 38 гадоў, другі арган у Будславе ён зрабіў ужо ў 1781 г., аб чым ёсць надпіс на музычным інструменце.

Галоўны алтар капліцы святога Фларыяна з Распяццем XIV—XV стст.
Стан пасля рэстаўрацыі 2007–1019 гг. Фота Костаса Шукевічуса.
Злева бачны абраз Будлаўскай Божай Маці XVIII ст.

Працягваючы тэму супрацы паміж віленскімі і будслаўскімі бэрнардынамі, можна прасачыць далейшы лёс віленскай капліцы святога Фларыяна і яе сувязь з будслаўскім кляштарам. Гвардыян віленскага канвенту бэрнардынаў а. Фларыян адразу пасля пахавання свайго брата ў 1632 годзе ў капліцы св. Фларыяна пачаў выконваць яго духоўны тэстамент: з 1633 г. пачалося будаўніцтва мураванай будслаўскай святыні; у 1635 годзе цудатворны абраз Будслаўскай Божай Маці быў усталяваны ў першы алтар-рэтабль, а стары алтарны абраз Наведзінаў Марыі Альжбеты быў «адпраўлены ў віленскі кляштар» (бэрнардынаў). Выкажу меркаванне, што першы алтарны абраз з Будслава апынуўся ў капліцы св. Фларыяна як напамін Аляксандру Калецкаму аб яго духоўнай сувязі з Будславам. У 1637 годзе быў завершаны будынак першага будслаўскага касцёла. У гэты ж год а. Фларыян упрыгожыў срэбранымі шатамі абраз Будслаўскай Божай Маці, які заняў цэнтральнае месца ў трохстворчатым алтары-рэтаблі — такі выгляд галоўнага алтара мы бачым на дрэварыце з кнігі а. Э. Зеялевіча «Задыяк нябесны на зямлі…» (1650). Гравюра была надрукавана раней за кнігу, у 1647 годзе, то бок, да таго, як з’явіўся «чорны» алтар у 1649 годзе. Але імаверна, што вытанчаны, невялікага памеру рэтабль не быў прыстасаваны пад вялікую прастору новага інтэр’ера мураванага касцёла. Трэба было дбаць пра новы, большы алтар. На жаль, а. Фларыян не здзейсніў гэтай задумы: ён адышоў у іншы свет у 1641 годзе, а яго справу прадоўжыў гвардыян будслаўскага кляштара а. Э. Зеялевіч. У 1649 годзе яго клопатам і працай выбітнага майстра Пятра Грамеля быў узведзены знакаміты будслаўскі «чорны» алтар. Натуральна, узнікае пытанне: куды быў «адпраўлены» стары алтар-рэтабль? Мяркую, што рэтабль паяднаўся з першым алтарным абразом Наведзінаў Марыяй Альжбеты, які трапіў у віленскую капліцу святога Фларыяна, тым больш што па сваёй канструкцыі трохстворчаты рэтабль ідэальна падыходзіў пад трохгранную апсіду ў Вільні. У такім аздабленні архітэктурнай прасторы інтэр’ераў, якая склалася да 1650 года, бэрнардынскія помнікі Вільні і Будслава праіснавалі зусім непрацяглы час да маскоўскай навалы 1654 – 1667 гадоў. У 1655 годзе бэрнардынскі кляштар у Вільні быў разрабаваны і спалены маскоўскімі войскамі, а манахі і жыхары, якія хаваліся ў святыні, былі забітыя. У гэты трагічны час імаверна быў знішчаны і першы алтар-рэтабль з Будслава разам з абразамі. У часе вайны з Маскоўскім Царствам бэрнардыны з Божай дапамогай вывезлі цудатворны абраз Будслаўскай Божай Маці ў Сакулку на Падляшша, дзе святыня знаходзілася з 1655-га па 1665 год.

Маці Божая Будслаўская. XVIII ст. Капліца св. Фларыяна ў касцёле св. Францішка і Бэрнарда. Вільня.

Пасля маскоўскай навалы лёс віленскай капліцы святога Фларыяна паступова мяняўся ў бок атрымання тытула «Пана Езуса» (1799). На пачатку XVIII ст. у капліцы быў узведзены алтар, у мензы якога захоўваліся часцінкі розных святых. Знакавым абразом XVIII стагоддзя ў капліцы св.Фларыяна стаў абраз Маці Божай Балеснай (літ. Sopulingosios Dievo Motinos; Matka Boska Bolesna; Matka Boża Siedmiobolesna; łac. Mater Dolorosa). Віленскі алтар Маці Божай Балеснай намаляваны ў 1699 годзе, калі бэрнардыны атрымалі дазвол на адпустовы фэст у дзень свята Маці Божай Балеснай, якое прыпадае на 15 верасня. Першапачаткова алтар знаходзіўся побач з капліцай пад назваю Цямніца Езуса Хрыста на Галгоце. У XVIII стагоддзі абраз быў перанесены ў капліцу св. Фларыяна і ў 1737 годзе ўпрыгожаны срэбранымі шатамі і каронамі. Доктар гістарычных навук Рута Яноніене так апісвае гэту рэліквію: «Абраз вельмі віленскі. Святая Дзева пакорліва схілілася са скрыжаванымі на грудзях рукамі і дзіўным чынам нагадвае меланхалічную Марыю Вастрабрамскую, толькі тут перад Ёю ляжаць прылады Хрыстовай мукі. Вострая лінія мяча, які працінае грудзі Багародзіцы, здаецца, яшчэ больш падкрэслівае настрой пакоры перад воляй Божай, які характэрны для духу сталіцы Літвы, шматразова спаленай і разбуранай». Да нашых дзён захавалася толькі некалькі адзінак старажытнага аздаблення інтэр’ераў віленскага касцёла бэрнардынаў. Веліч гатычнай святыні Вільні і яго мастацкую каштоўнасць магчыма адчуць, зірнуўшы на неверагодна моцную ў сваёй трагічнасці постаць укрыжаванага Хрыста, якая цяпер аздабляе галоўны алтар у капліцы св. Фларыяна. Лічыцца, што фігура была створана віленскім майстрам на пераломе XIV–XV стагоддзяў. У 1614 годзе Укрыжаванне знаходзілася ў галоўным алтары касцёла і згадваецца ў летапісе Віленскага бэрнардынскага канвенту.

Сакральная нітачка паміж Вільняй і Будславам не парываецца нават цяпер. Першы алтар у гонар Будслаўскай Багародзіцы быў узведзены ў віленскім касцёле святых Францішка і Бэрнарда ў 1663 годзе — ён знаходзіўся ў канцы навы паўночнай сцяны касцёла. Роспіс алтара лічыцца адным з лепшых у віленскім касцёле. Па Божаму Провіду спіс з цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай XVIII стагоддзя цяпер знаходзіцца ў капліцы святога Фларыяна злева ад галоўнага алтара. Маці Божая Будслаўская апякуецца родам Калецкіх: Аляксандрам і Фларыянам, якія пахаваны ў віленскім бэрнардынскім касцёле…

 

ЛІТАРАТУРА

  1. Rūta Janonienė. Budslavo Dievo Motinos paveikslo istorija ir kultas iki XIX a. vidurio. Vilniaus dailės akademijos darbai. Dailė. Kn. 69: Kultiniai atvaizdai Lietuvos Didžiojoje Kunigaikštystėje: importas ir sklaida. — Vilnius: VDA leidykla, 2013. — P. 117–155.
  2. Rūta Janonienė. Eleuterijaus Zielejevičiaus knygos Dangiškasis žvėrynas žemėje iliustracijos. Vilniaus dailės akademijos darbai. Dailė. Kn. 69: Kultiniai atvaizdai Lietuvos Didžiojoje Kunigaikštystėje: importas ir sklaida. Vilnius: VDA leidykla, 2013. — P. 157–173.
  3. Rūta Janonienė. Kanutas Ruseckas: paesaggi italiani. Vilnius: Versus Aureus, 2007. Vilniaus Šventųjų Pranciškaus ir Bernardino bažnyčia ir bernardinų vienuolynas. Lietuvos bažnyčios. Sud. Laima Šinkūnaitė. — Kaunas: Šviesa, 2009. — Р. 51–59.
  4. Аляксандр Ярашэвіч. Абраз Маці Божай Будслаўскай. — Мінск, «Про Хрысто». 2004.
  5. Уладзімір Дзянісаў. Мінскія бэнэдыктынкі: Гісторыя зруйнаванага кляштара. Наша вера, № 2(24), 2003.
  6. https://www.vargonai.com/de/vargonai/neislike-vargonai/vilniaus-bernardinu-baznycios-koplycia–1/.
  7. F.Sielicki. Region dołginowsko-budsławsko-krzywicki na dawnej Wileńszcźyenie. Kronika historyczna. — Warszawa–Wrocław, 1989. — S. 31.
  8. Kałamajska-Saeed, Maria. Ołtarz w Budsławiu. Niderlandyzm w sztuce polskiej. Materiały Sesji Stowarzyszenia Historyków Sztuki, Toruń, grudzień 1992. — Warszawa, 1995 — S. 437–450.
  9. Katarzyna Węglicka. Ołtarz perspektywiczny w Kaplicy Św. Barbary w Bazylice Wniebowzięcia NMP w Budsławiu na Białorusi. Artifex/14/2014/. S. 2–9.
  10. Zieleiewicz Eleuthery. Zwierziniec Na Ziemi niebieski To iest Puszcza Budzka łaskami Boskiemi Opłÿwaiąca ktorÿch ludzie przy cudownym Obrazie Nas Panny w koscielie (sic) O. Bernardynow będocÿm (sic) doznawaią, W druk podona (sic) 1650, B. m. (Wilno).
  11. Prus, Wawrzyniec. Kazanie na pogrzebie Jego Mości Pana Alexandra Kolęckiego z Małych Kolnik miane w kościele Oycow Bernardynow w Wilnie 5. dnia stycznia roku pańskiego M.DC.XXX.II. przez X. Wawrzynca Prusa tegoż zakonu dessinatora y kaznodzieię iublata. Typis Academicis Soc. Iesu. — Vilnae. 1632.
  12. Kasper Niesiecki. Herbarz Polski, wyd. J.N. Bobrowicz, Lipsk 1839–1845. / Kolęcki herbu Strzała. T. 5. — S. 155–156.
  13. Інвентар Канвенту Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі Будскага Ордэна Малодшых Братоў Францішканаў абсэрвантаў. Года 1822, Чэрвеня Дня 12. VUB RS, f. 4 — A2112, l. 15v.
  14. Планы, Фасады и Разрезы Строениямъ по Бэрнардынскому монастырю, состоящего въ Виленской Губернии Вилейскаго уезда в м.Буцлавъ. 1858 г. РГИА, ф. 821, воп.125, с. 2550, л.13–14.
  15. Рolski tygodnik: Kuryer Polski. Warszawa, 1757, Nr.7.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY