|
|
№
1(99)/2022
Інтэрв’ю Касцёла
In memoriam
Ала (Альбіна) СЯМЁНАВА
SURSUM CORDA! Краязнаўства
Паэзія
Ірына БАГДАНОВІЧ
СУСТРЭЧА СА СВЯТЫМ КАЗІМІРАМ, АБО ЦУД У СТОЎБЦАХ, ЯКІ АДБЫЎСЯ НА СТАЎПЕЦКІЯ КАЗЮКІ Ў 2022 ГОДЗЕ Постаці
Нашы святыні
Ігар СУРМАЧЭЎСКІ
ЮНАЦТВА БУДСЛАЎСКАГА КАСЦЁЛА. Сувязь Будслава з Вільняй Літаратуразнаўства
Ірына БАГДАНОВІЧ«ТЫ МЕЙ ПРАД САБОЙ ТОЛЬКІ БОГА…»: ДУХОЎНЫЯ КРЫНІЦЫ ПАЭЗІІ АЛЕСЯ ГАРУНА Да 135-годдзя з дня нараджэння паэта Алесь ГАРУН ВЕРШЫ Паэзія
Прэзентацыя
Успаміны
Каталіцкія місіі
Спадчына
Інтэрв’ю
Размова Элы ДЗВІНСКАЙ з кандыдатам культуралогіі Алесем СУШАМ
БЕЛАРУСКІЯ БУКВАРЫ ФАРМІРУЮЦЬ СВЯДОМАСЦЬ Асобы
Мастацтва
|
Гэтым артыкулам мы распачынаем серыю публікацый, прысвечаных «беларускім адрасам» у жыцці Ігната Дамейкі, таленавітага вучонага, прыкладнага сем’яніна і хрысціяніна. Ігнат Дамейка (1802–1889) увайшоў у гісторыю перадусім як сусветнай славы геолаг і мінеролаг. Разам з тым наш славуты зямляк быў прыкладам сапраўднага веруючага хрысціяніна, таму чылійскія католікі спрабуюць распачаць працэс яго беатыфікацыі. Даследчыкі біяграфіі Дамейкі называюць не менш за 17 месцаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі (пераважна ў Гродзенскай вобласці), так ці інакш з ім звязаных. У некаторых ён толькі затрымліваўся на непрацяглы час, у іншых бываў часта ці нават жыў там па некалькі гадоў. Маўклівымі сведкамі тых дзён з’яўляюцца велічныя касцёлы, руіны квітнеючых калісьці сядзібаў, памятныя валуны і дрэвы, помнікі прадстаўнікоў роду Дамейкаў на старых могілках. Азяраны — невялікая вёска ў Дзятлаўскім раёне — знаходзіцца ў маляўнічым куточку сярод парослых лесам пагоркаў Навагрудскага ўзвышша. Жыццё, на жаль, паволі сыходзіць з гэтага прыгожага месца: людзей у вёсцы засталося зусім мала, а зімою ўвогуле здаецца, што не сустрэнеш ніводнай жывой душы. У ХІХ стагоддзі побач з вёскай знаходзілася шляхецкая сядзіба, якая была ўласнасцю Юзафа Дамейкі, дзядзькі вучонага. У 1884 г., пасля працяглага перыяду эміграцыі, Ігнат Дамейка вярнуўся на радзіму. У канцы жыцця ён зноў змог пабываць у месцах сваёй маладосці, наведаў таксама і Азяраны. У аўтабіяграфічнай кнізе «Мае падарожжы» Дамейка пакінуў апісанне паездкі: «15 жніўня… здаля заўважаю азяранскі лес майго дзядзькі Юзафа, нябожчыка, а перш чым мы ўехалі ў лес, мяне вельмі здзівіў свіст лакаматыва. Мой Божа! Калі апошні раз мы з маім дзядзькам ездзілі па гэтым лесе, пра чыгунку нічога не чулі нават у Лондане ці Парыжы, а па гэтым лесе можна было праехаць хіба на вузкай каламажцы. Сягоння будуюць чыгунку машыны, прыгожыя станцыі; гроша не было, каб паправіць забалочаную дарогу і мост, а сёння – міля дарогі каштуе сто тысяч рублёў.
Пераначавалі ў Азяранах, што належаць майму пляменніку Ігнату. Двор збудаваны на ўзгорку; калісьці, як я выязджаў, тут было амаль пуста, будынак не быў скончаны, малыя дрэўцы і прышчэпы здаля і не відаць былі, а цяпер гэта прыгожая віла ці двор, вялізныя каштаны і ліпы, сад ужо плодны, газоны, ходнікі і клумбы ў англійскім стылі. Раніцай я пайшоў у недалёкі лес, перад смерцю дзядзька пабудаваў для сябе і для жонкі невялікую каплічку, у якой яны і былі пахаваныя. Мой дзядзька Юзаф выхоўваўся ў вальтэраўскую эпоху; у маладосці многа падарожнічаў, быў вучнем Вернэра ў Фрайбургу, вывучаў мінералогію і горную справу. Ён любіў расказваць мне пра гэта, а ягоныя апавяданні, магчыма, спрычыніліся да таго, што я праз трыццаць гадоў прысвяціў гэтай прафесіі жыццё. Цяпер каля каплічкі сяляне хаваюць сваіх памерлых; утварыліся могілкі, на якіх ужо, паміж іншымі свежанасыпанымі, былі двзе магілы з выбітымі на камені расійскімі надпісамі. Крыжы яшчэ ўсе каталіцкія, некаторыя пахіліліся, на некаторых завязаныя цясёмкі і стужкі, мабыць, з убору памерлых жанчынаў, знятых пры пахаванні. Але тым з вяскоўцаў, што засталіся ў каталіцкай веры, трэба ісці на Імшу за чатыры мілі, бо бліжэй касцёла няма». ...Цяпер у Азяранах мала што напамінае даўнія часы. Да сённяшняга дня ад сядзібы засталіся толькі руіны вадзянога млына і стайні, і толькі могілкі, як і раней, знаходзяцца ў лесе, за некалькі кіламетраў ад вёскі. Яны таксама невялікія, без падзелу на каталіцкія і праваслаўныя. Капліца, апісаная Дамейкам, не захавалася. Напэўна, замест яе ў 1928 г. была пабудавана новая, драўляная. Найстарэйшыя помнікі датаваныя сярэдзінай ХІХ стагоддзя, і самы цікавы з іх належыць Ігнату Дамейку. На вясковых могілках пахаваны, зразумела, не знакаміты вучоны і нацыянальны герой Чылі, але яго пляменнік, таксама Ігнат (1848–1897). Вядома, што ў 1873 г. ён ажаніўся з Тэафіліяй з Вяжбоўскіх. На жаль, у пары не было дзяцей, таму Ігнат стаў апошнім уладальнікам Азяранаў з роду Дамейкаў. Пасля яго сядзіба стала ўласнасцю сям’і Ромараў. Іх нашчадкі некалькі гадоў таму прыязджалі ў Беларусь, паставілі знічы і добраўпарадкавалі помнік на могілках.
Дзмітрый Загацкі,
|
|
|