|
Цела душы маёй, рака мая Гаўя
Скончыцца ў Гаўі паводка,
знікне ў асоках зямля, нібы лодка,
рыбы асветляцца, кожная рыбка — нямко,
разалье Малая Мядзведзіца па рацэ малако.
Нёман, куды ты загнаў тыя зялёныя хвалі,
іх срабрыстанямыя рыбкі ў віры бунтавалі?!
Час луску абадраў з занядбанага слова.
Маўчанне рыбы. Маўчанне песні.
Нёман — Цмок шматгаловы!
Агнеадпорная, падпальваю вуголле ночы,
перасаджваю словы на градкі —
не спіцца ўсё роўна.
Як хмарку пасля дажджу,
і крыўдзіць ніхто не хоча,
хіба паэтка-крэацыяністка варона.
Ты магла мяне прытуліць, рака мая Гаўя,
у серабрыстай начы, у хвіліну маўчання,
калі рыба луской з дзікіх прорваў адчаю
без паводкі, без глыбіні знемагае…
Цела душы маёй, Гаўя, мая блакітная кроў!
Ты магла перанесці мяне — аблачынку нямую…
дзе на прывязі чоўнік гайдае цялятак
і пастушкоў…
Ты пра мяне забыла… А я па табе сумую.
|
Божа, беражы нашы рэкі!
Зберажы нам, Божанька добры,
рэчанькі нашы, азёры.
Як не зберажэш, то дзе ж
удзень начаваць будуць зоры,
знічкі ды месячык хворы?
Гаўя, чаму твае дзеці
шукаюць працы па свеце?
Малітва бабуліна — Гаўя —
цярпліва дзяцей чакае…
Толькі няхай не мялее,
не зарастае глеем…
Да ціхіх нябёс узвышаецца
ветразямі, ветракамі,
салоўкамі апяваецца,
наіўнымі жаўрукамі…
Ты, Божа, шануеш прыгожае…
Зберажы нашу рэчаньку Гаўю!
|
Сястрыца Нёмана — Гаўя
Рэчанька Гаўя
хмаркі гайдае
між берагамі
ды жвірам…
У жвір загарнецца,
у вір акунецца
ды адлятае ў вырай…
Гаўя-малеча
бегла здалеча,
як аблачынка худая…
Ускочыла ў Нёман,
тут яна дома,
сястрыца Нёмана — Гаўя.
|
Наіўны верш пра святую крыніцу
Маці Божая на беражок ступае —
прабіваецца крынічанька святая.
У танок збіраюцца анёлкі,
з райскіх градкаў лекавыя зёлкі…
святаяннік, пакаяннік ды бязгрэшнік,
ад сардэчных болесцяў суцешнік…
берасцянкі, шчыглікі, сінічкі
песняй спеляць зёлкі ля крынічкі…
Сыплюцца пясчынкі проста з раю,
буслікі з буслянак іх збіраюць,
на шнурочкі ніжуць для аздобы,
буслікі не ведаюць хваробы…
Лазурыт, тапаз, карунд, алмаз…
перад райскімі слядкамі згас…
А нястомная крынічка б’ецца,
папраўляе стомленае сэрца…
Выпі, Сонейка, крынічнае вады
ад пякучкі, здрады, глухаты…
Тварык змый крынічнаю вадой…
Душачку малітвай супакой…
Уздыхні ў нязведаны бязмеж…
Пачытай сабе крынічны верш!..
|
Святыя крыніцы
Ды не прыдумалі мацнейшых лекаў,
чым кроплі чыстыя крынічных рэкаў…
Крынічная вада рачулкі Гаўі
ад цяжкіх болесцяў дапамагае…
Душы збалелай час ляцець у вырай?
Дык умацуй вадзіцаю са жвірам!
Вучыся ад людзей — крынічак духу!
Не можаш працаваць? Малітвы слухай!
|
Сляза матуліна — Гаўя
Сляза матуліна — Гаўя —
самотная, знемагае!
Не цешыцца салаўямі,
з гаем вясну не гукае!
Дзе вы, дзеці, на лодачках,
на чаўнах, на балейках —
у Бурдуках, у Суботнічках,
у сонных Залейках?!
Смела ў чародкі збірайцеся —
басанож, загарэлыя, голыя!
На мурожных лугах не знікайце,
драчы, качаняты вясёлыя.
На самаробных плытах
сплывайце ў бурлівы Нёман!
Гаўю — родавы шлях,
не пакідайце нікому!
|
Паміж берагамі Гаўі
Божа, я ўдзячна малітву складаю
за гэтыя цуды, якіх я не маю:
за ціхую рэчаньку Гаўю…
…за тую крынічку, як Божую пстрычку,
за бухту, лагодную, бы маляўнічку, —
скакалі з абрыву,
як кропелькі з хмаркі,
худыя пачваркі,
без майткаў — галечы,
падсмаленыя — загарэлыя плечы, —
і, дзякуй Тваёй міласэрнай апецы,
што мы не паскручвалі каркі…
…за ўсе азяркі,
дзе ліні, акунькі
і ўсе плывункі мелі схоўкі…
Азёры, як студні,
з дыханнем прыблудным…
і мутныя чортавы змрокі…
Хто ў іх з непрытомнасці ўскочыў,
стаў прывідам-пострахам ночы…
Мой Божа, Табе я малітву складаю,
і дзякуй за рэчаньку Гаўю:
вадзіцай напоіць,
балячкі загоіць —
нырцуй сабе між берагамі…
|
Наіўна
Можна спачатку пачуць толькі гук,
паслухаць сэрца наіўны стук…
Калі ж нерытмічна тахкае сэрца,
І слоўца, як рыбка, у нерадзе б’ецца…
Думка ўрываецца, як натхненне,
як слязіна мутная ў воку…
А ты пераскоч праз сваё вымярэнне,
замры ў эпіцэнтры скоку.
…сэрца маё, нібы рэчанька Гаўя,
У Нёман перабягае…
Набухае, ламаецца лёд —
рэчанька Гаўя мяняе ход.
Разальецца раптоўна неяк
ад Дзівонішкаў да Залеек…
ад Сонтакаў да Казечына
дзівы дзеюцца недарэчныя.
Гаўя робіцца небяспечнаю —
шчупакі заплываюць у печы…
Адкуль у рэчанькі дзікія норавы —
ператвараецца ў бруднае мора,
падмывае карчы, валуны…
на Царкеўнішчы будзіць званы.
Напіваецца бор сасмяглы,
Пятры, Павалокі, Сяглы…
з-пад карчоў павылазілі д’яблы.
Мерцвякі блукаюць па хатах
ды палохаюць непамагатых…
З Альхоўкі ў Мядзведзеў лог…
ні грудкоў, ні брадкоў, ні дарог!
Гады набрынялі, як цмокі…
плавае цыклоп аднавокі.
Цяпер зусім невядома —
дзе рэчанька Гаўя, дзе Нёман…
і калі паводка ўгамоніцца,
ападзе ў балоты-бяздонніцы?
Ці там не звядуцца сініцы…
журавінкі, жабы і жоравы?
І калі спадзе гэта морыва?
…Толькі Біскупцы
застаюцца на выспачцы…
Можна выпрастацца,
Можна выспацца!
…Ды прыходзіць святая Вербніца,
распушыцца вярба, вербалоз.
Гаўя ў берагі свае вернецца.
Вялікдзень! Хрыстос уваскрос!
|
Развітанне
Разліваецца паводкай стома.
Адплываю ў спрадвечны Нёман,
у вершы Божанькі-рыбалова…
На пачатку было Слова.
Слова — папяровы караблік,
спыняецца ў бухтачцы Гаўі...
Мой духоўны сябра — Адаме...
Ты — спрадвечны Нёман, я — Гаўя...
11 студзеня 2022 г.
|
Псальм 91. Да Божай апекі
(адвольнае перастварэнне)
Хто прабывае ды ў Божай печы,
за Ўсемагутнага плечы
схаваны, —
так прашаптаў да Пана:
«Схоўка мая і Цвярдыня,
мой Божа, якому веру!
Ён мяне вызваляе
ад згубнага слова д’ябла,
срэбным перыйкам атуляе
у залатое крылле,
мацунак мой ад бяссілля,
зорак начных карона:
— Ён мой шчыт і заслона.
Не палохайся начной цемры,
ні стралы, пацэленай днём,
ані заразы паўзмроку,
ані мору, што слепіць вока.
Тысяча зваліцца ля твайго левага боку,
дзесяць тысяч — каля правіцы:
цябе гэта не напаткае,
толькі не забудзь памаліцца.
Ты на ўласныя вочы ўбачыш
з грэшнікамі расплату…
Ты ж маеш Пана, як мышка норку…
Абаронцы Найвышэйшага ўладу.
Нядоля да цябе не прыстане,
Пярун не падпаліць хаты…
Сваім анёлам Пан загадае,
каб бераглі твае сцяжынкі,
і будуць насіць цябе на руках,
каб на камені ног не параніў.
Будзеш хадзіць па вужах і змеях,
затопчаш ільва і цмока.
«Яго Я вызвалю, бо ён Мяне выбраў,
абараню, бо Мяне паклікаў.
Пакліча Мяне, яго Я пачую,
буду з ім у яго адчаі,
вызвалю і ўзвялічу,
умацую доўгім жыццём,
збаўленне яму падарую!»
|
P.S. Я падумала так: калі мы нарэшце зноў вяртаемся ў сваё дзяцінства (дзяцінеем),
то ці нельга апісаць гэта ў вершах?
Наіўна веру, што гэта трапіць
у «Нашу веру»…
Данута Бічэль (Загнетава)
|
|