Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(99)/2022
Інтэрв’ю Касцёла
Размова Францішка ДУБРАЎСКАГА з біскупам Віцебскім Алегам БУТКЕВІЧАМ
У ВЕРНАСЦІ ЯГОНАЙ ВОЛІ
In memoriam
Крыстына ЛЯЛЬКО
«СПАДЗЯЮСЯ НА СВЯТЛО…»
Ала (Альбіна) СЯМЁНАВА
SURSUM CORDA!
Краязнаўства
Паэзія
Постаці
Нашы святыні
Паэзія

ПАВОДКА

ВЕРШЫ
Прэзентацыя
Успаміны

ЯЕ РАТАВАЛА ВЕРА...
Каталіцкія місіі
Спадчына
Інтэрв’ю

БЕЛАРУСКІЯ БУКВАРЫ ФАРМІРУЮЦЬ СВЯДОМАСЦЬ
Асобы
Мастацтва

* * *

Падае, падае, падае
снег, запаўняе чэрава горада,
распоратае вуліцамі, як запрашэннямі
даляцець да зямлі і знайсці супакой,
выбеліць чорнае хоць часова.

Складаю вопыт у гранёны келіх,
срэбны келіх з залацінкай,
каму — невядома, але прыдасца,
а далей — дэфрагментацыя свядомасці 
на сыходзе кожнага дня

Неабходная, каб выратаваць
самае каштоўнае, каб не спыняцца
у межах дыктату чакання 
і ўласных няздольнасцяў,
можа быць, намаганне і ёсць галоўнае. 

Раптам здолееш перажыць,
раптам здолееш зламаць 
чужую сістэму і пабудаваць 
уласную не на ўласных касцях,
проста даць сабе свабоду — быць.

Нават калі гэта — амаль што гета
нават калі навокал столькі 
перакрэсленых магчымасцяў,
можа быць адна з іх — застаецца.
Нават калі толькі адна.

* * *

Вецер гуляе травою густою, як конскаю грывай,
кветкі і стужкі ўплятае і розныя колеры дадае ў зялёны.
Я назіраю за рухам, пасля спляценнем тых плаўных ліній, 
якія закручваюцца ў колцы, згладжваюць вастрыню адчаю.

Вецер таксама мастак выключаць і ўключаць асвятленне,
дастаткова хмару накінуць на сонца, і колеры зробяцца 
бляклымі і патухлымі, потым можна будзе ізноў 
падзьмуць і вызваліць сонца, што залье святлом рэчаіснасць.

Спрабую трымацца за густую траву, як за конскую грыву, 
а ўсе тыя кветкі, усе тыя стужкі чапляюцца за галіны
і ападаюць долу, ды гэта не мае значэння, хай упрыгожваюць
шлях таму, хто пойдзе за мною смяротным спакоем.

* * *

Вярба Эўрыдыкай таньчыць між німфаў старога саду. 
У нерушы восеньскіх дзён трымціць цішыня напамінам. 
Далёка ад вуліцы, дзе абрынаецца з горкі плынь машын 
вадаспадам, 
туман нанізвае кроплю за кропляй ёй на галіны. 

У нерушы восеньскіх дзён аднаўляюцца межы трывання.
Закончанае, незакончанае — хістаюцца ў невядомасць. 
Нязвыклыя рухі вярбы адганяюць падступнае ранне, 
якое, нібыта злачынца, спрабуе пацэліць табе ў падсвядомасць 

сваім неадступным, настойлівым сцверджаннем волі світанку
і заклікам вымавіць слова, і паглядзець па-за край далягляду.
Хадою няпэўнаю восень прыходзіць да ўскраіны, 
да зруйнаванага ганку, 
дзе таньчыць самотная Эўрыдыка між німфаў скалелага саду. 

У нерушы восеньскіх дзён замыкаецца вечнае кола 
жыцця, і змарнелае сэрца шукае спачыну,
дзе ўрэшце забудзецца ўсё, што дагэтуль было, 
і надзеяю кволай
паблісквае кропляў ружанец на тонкіх галінах.

* * *

Невядома, дзе заканчваецца белая зямля і пачынаецца белае неба. 
Цёмная палоска дрэваў і будынкаў — адзінае, што іх аддзяляе. 
Але шэрань хавае ўсё цёмнае, і толькі розныя адценні белага 
невыразна сведчаць пра штосьці і ўсё, што павінна 
адрознівацца, пазначаюць.

Ты ніколі не думаў, што белы колер таксама бывае злавесным? 
Ці, можа быць, толькі мне ён злавесным здаецца?
Пад уяўнаю чысцінёю і адсутнасцю сонца хаваецца цемрадзь, 
а сэрца
разабрацца спрабуе, ды яму не заўсёды гэта ўдаецца. 

А на досвітку вецер разгладжвае зморшчыны снегу на лёдзе, 
нахіляе чарот, адпускае і кліча, падхоплівае і сваволіць, 
рыбакоў выпадковых здзьмувае з ракі, а год, што сыходзіць,
забірае з сабою ілюзіі і пакідае бялюткія неба і поле.

* * *

У памаранчавых далінах канаюць сонечныя дні.
Цямнеюць сінія вяршыні, а вершнікі кранаюць неба,
і там, дзе след пакінуць дзіды, — сыходзяць промні з вышыні 
ад неспакойных срэбных зорак да нашых цьмяных пуцявінаў.

Вазьмі святло сваіх змярканняў, вазьмі стары разьбяны крыж,
і руш пад покрывам манаскім на схіл, дзе покліч срэбна-сіні,
што стаў тваім наканаваннем, падхопяць горныя вятры
і пахаваюць назаўсёды у памаранчавых далінах. 

Студзеньская адліга

Нібы на лёд паклалі шкло. Вада люстэркам 
зацягвае ўзбярэжныя расліны ў свой іншасвет.
Кранае іх нам не вядомы вецер,
і падштурхоўвае няхуткія аблокі да моста, 
пад якім яны знікаюць. 

Раптоўным сонцам ясеня крылаткі
высвечваюцца ў шэрым сне галінаў, 
і робіцца заўважным ліст кляновы, 
што перажыў нягоды лістападу 
ды скурчыўся ад халадоў нясцерпных.

Ваяр самотны, на сваім звычайным месцы
трымае абарону ў час халодны, 
пакуль не адгукнецца капяжамі 
сапраўднае высокае прадвесне. 
Тады і ён апусціцца з вяршыні, 
каб даць дарогу радасцям зялёным. 

Ну а пакуль зіма. І наваколле то падстаўляе 
бок рашучым промням, то зноў ахутваецца
туманамі і паглядае вераб’ём бяскрылым.
Вада люстраная ўзіраецца ў нябёсы, і вецер 
коле твар. Ды сонца грэе плечы. 

* * *

Прыхінуцца да цёплай сцяны насупраць акна,
да барвовых шпалераў з кветкамі,
і ўзрадавацца шчодрасці сонца зімовага,
яркага і ненадзейнага, як мімалётны раман. 
Даверыцца сваім адчуванням бяспекі і небяспечнасці,
сам-насам з сусветам, як калісьці на поплаве, — 
прымружаныя вочы — ў неба, 
юнае цела не ведае пра смерць. 
Дакладней, ужо ведала, але не ўсведамляла,
не спасцігала, як не спасцігала адлегласць да акіяна.
Кожная каморка ловіць свой уласны 
сонечны промень, сваю кроплю шчаслівай энергіі,
За вакном гайдаюцца чырвонагрудыя птушкі,
нібы чырвоныя яблычкі, некранутыя маразамі.
І ўсё здаецца магчымым — нават перажыць зіму.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY