Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(99)/2022
Інтэрв’ю Касцёла
Размова Францішка ДУБРАЎСКАГА з біскупам Віцебскім Алегам БУТКЕВІЧАМ
У ВЕРНАСЦІ ЯГОНАЙ ВОЛІ
In memoriam
Крыстына ЛЯЛЬКО
«СПАДЗЯЮСЯ НА СВЯТЛО…»
Ала (Альбіна) СЯМЁНАВА
SURSUM CORDA!
Краязнаўства
Паэзія
Постаці
Нашы святыні
Паэзія

ПАВОДКА

ВЕРШЫ
Прэзентацыя
Успаміны

ЯЕ РАТАВАЛА ВЕРА...
Каталіцкія місіі
Спадчына
Інтэрв’ю

БЕЛАРУСКІЯ БУКВАРЫ ФАРМІРУЮЦЬ СВЯДОМАСЦЬ
Асобы
Мастацтва

Андрэй ШПУНТ

«…НАБЛІЖАЕЦЦА ДА КЯРШНІЦКАГА»

Звяртаючыся да гісторыі Касцёла ў Вялікім Княстве Літоўскім, не цяжка заўважыць, што са з’яўленнем езуітаў на нашых землях імёны гэтых слаўных воінаў Хрыста з цягам часу сустракаюцца ўсё часцей і часцей у самых розных галінах дзейнасці, і гэткім чынам гісторыя пілігрымуючага Касцёла ўсё больш шчыльна пераплятаецца з гісторыяй Краіны. Аднак замест «слаўных» трэба было б сказаць «сціплых», бо ў руплівай дзейнасці працаўнікоў Ad majorem Dei Gloriam іх постаці амаль што незаўважныя, ды й з дэвіза Таварыства Езуса бачна, для Чыёй Славы яны працавалі. Ад постаці застаецца (і тое не заўсёды) пара-тройка слоў ці сказаў, кінутых сучаснікамі. Таму, падабаецца гэта нам ці не, але жыццяпіс — гэта свайго роду каментар да службовага фармуляру, складзены з дасягненняў пэўнай асобы ці, наадварот, фармуляр складаецца як дадатак — і гэта ўсё. (Зразумела, ёсць і адваротныя прыклады, але гэта адбывалася ўжо пасля скасавання Таварыства.) І ўсе яны — і спадчына, і імёны — ляжаць пад пылам забыцця. У ЭГБ, куды, відаць, з-за недахопу паперы павінны былі трапіць толькі «самыя-самыя», за бортам апынуўся Атаназы Людвіг Кяршніцкі, называны сучаснікамі Перыклам, які ўбачыў свет у Гальшанах 15 ліпеня 1678 г.. Будзем спадзявацца, што калісьці месца ў айчынных гістарычных даведніках хопіць усім, а пакуль паспрабуем, наколькі гэта магчыма, пазнаёміць шаноўных чытачоў з адным з тых забытых.

 

Літоўскі Перыкл

Няма ні партрэту, ні магчымасці, каб пашырыць біяграфічнае поле, спаслацца на гербоўнікі, бо кс. Кяршніцкі, мяркуючы па ўсім, не быў шляхціцам. Вядома, што навучаўся ў Віленскай акадэміі і ў 16 гадоў уступіў у Таварыства Езуса. Гэта быў толькі пачатак, бо каб стаць езуітам, патрабаваліся гады напружанай падрыхтоўкі, падчас якой кожны з іх, пераадольваючы цяжкія іспыты, набліжаўся да пастаўленай мэты Ad majorem Dei Gloriam, раскрываючы свае здольнасці. Падчас вучобы Атаназы Людвіг звярнуў на сябе ўвагу як таленавіты прамоўца, таму пасля курсу тэалогіі ў Варшаве яму былі даручаны лекцыі па рыторыцы ў Віленскай акадэміі, а потым у Варшаўскім калегіуме. Гэта быў сапраўдны дыямэнт, ззянне якога не магло не заўважыць касцёльнае начальства. З 1709 г. кс. Кяршніцкі становіцца ўрачыстым прапаведнікам у касцёле св. Яна ў Варшаве, і хаця, як кожны езуіт, ён сціпла працаваў для павелічэння Славы Пана, слава самога кс. Кяршніцкага гучыць па ўсёй Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў — жадаючы пахваліць іншага прамоўцу, казалі: «Набліжаецца да Кяршніцкага», якога параўноўвалі з Перыклам.

Калі ацэньваць усе тыя захапленні нават з невялікай у гістарычных маштабах адлегласці, мабыць мы і згодзімся з Эстрайхерам ці біёграфам кс. Кяршніцкага Браніславам Натоньскім у тым, што на агульным тле мастацтва касцёльнай прамовы, ды й прамовы ўвогуле ў Рэчы Паспалітай кс. Кяршніцкі вылучаўся талентам апавядальніка. Яго прамовы былі падфарбаваны арыгінальнай пальшчызнай, з выразамі, годнымі лексічных даследаванняў, але ўсё ж ён належаў да эпохі, што характарызавалася панаваннем панегірызму, фларыдарызму і макаранізму (і гэта яшчэ не ўсё). Першае, што кідаецца ў вочы, ці то прамова сенатара, ці то ксяндза — засілле лацінскіх словаў і выразаў, што нібыта павінна было сведчыць аб адукаванасці прамоўцы, а на самай справе — аб яго дрэнным гусце. Але ж гэта была толькі вяршыня айсбергу. Створаны езуітамі Ad majorem Dei Gloriam пануючы стыль барока, вядомы нам у першую чаргу па архітэктурных шэдэўрах, наўрад ці выкліча нашае захапленне, калі мы пазнаёмімся з узорамі тагачасных «шэдэўраў прамовы», сабраных каралеўскім сакратаром Янам Астроўскім-Данейкавічам пад гордай назвай «Swada polska» (Lublin, 1745). Кяршніцкі таксама выдаў два зборы сваіх прамоваў: «Klucze do skarbu serdecznego...» (Wilno, 1725) i «Wolny głos mów niedzielnych...» (Warszawa, 1727).

 

 
Абраз Маці Божай Чэнстахоўскай
(Польшча, Ясная Гура).
Абраз Маці Божай Кодэньскай
(Польшча, Кодэнь).

Маці Божая Чэнстахоўская і кс. Кяршніцкі SJ

Аднак нас цяпер цікавяць не вартасці тагачаснай прамовы, ды й было б дзіўна, калі б кс. Кяршніцкі пачаў гаварыць моваю Скаргі, што, безумоўна, была куды вышэйшай якасці. (Хаця, як піша Юзаф Бялінскі, «літоўскія прамоўцы пераконвалі сваіх слухачоў і схілялі іх моцай сваёй прамовы да вяртання ў лона Касцёла»). Галоўнае, што ён быў таксама першы ў сваёй справе, і дзякуючы гэтаму мы можам сёння ганарыцца тым, што айцец Кяршніцкі, наш суайчыннік, 8 верасня 1717 г. прамовіў гамілію падчас першай у Рэчы Паспалітай каранацыі абраза Маці Божай Чэнстахоўскай у прысутнасці 200 000 вернікаў. Безумоўна, аднаго гэтага хапіла б, каб імя кс. Кяршніцкага засталося ў гісторыі Касцёла.

 

Маці Божая Кодэньская, Сапегі і кс. Кяршніцкі SJ

Але самае цікавае, тое, што найбольш высвечвае яго сціплую асобу, — гэта, безумоўна, яго сяброўства з кашталянам троцкім, берасцейскім старостам, а ў будучым вялікім канцлерам літоўскім Янам Фрыдрыхам Лукашам Сапегам, выхаванцам езуіцкіх калегіумаў у Берасці, Любліне і Варшаве, вялікім дабрадзеем Таварыства Езуса. Адбылося гэта якраз тады, калі Сапега проста не мог не звярнуць увагу на славутага каралеўскага прапаведніка, бо рабіў высілкі, каб нарэшце адбылася каранацыя цудадзейнага абраза Маці Божай Кодэньскай (першапачаткова Гвадэлупскай, ці Грыгарыянскай), што знаходзіўся ў касцёле св. Ганны ў сапегаўскай рэзідэнцыі ў Кодэні (сёння невялікі населены пункт у Бельскім павеце Люблінскага ваяводства ў Польшчы.

Нагадаем, што продак Яна Фрыдрыха Лукаша, харунжы вялікі літоўскі Мікалай Пій Сапега, па мянушцы «Пабожны», як уласна перакладалася лацінскае імя Пій — Pius, быў пабожны да такой ступені, што будучы ў 1630 г. пілігрымам у Вечным горадзе, дзе ў Ватыканскім араторыі падчас св. Імшы, цэлебраванай Урбанам VIII, убачыў абраз Маці Божай Гвадэлупскай, ужо не мог ні есці, ні піць, ні спаць. Гэта была, як казалі б у іншых абставінах, любоў з першага позірку, але мацней, значна мацней! За 500 дукатаў магнат арганізаваў… крадзеж абраза, а заадно іншых святых рэліквій. Калі ў Рыме схамянуліся, Сапега быў ужо за межамі Папскай Дзяржавы. Прыехаўшы дамоў, пілігрым склаў святыні ў Кодэньскім замку, даверыўшы справу апецы Божай Маці, і пачаў чакаць. Чакаць прыйшлося нядоўга. Касцёльны суд, скліканы Апостальскім нунцыем, выслухаў шмат цікавага пра душэўныя пакуты абвінавачанага, але для Апостальскай Сталіцы гэта мала што значыла. У выніку быў агалошаны шэраг пунктаў да выканання, дзе першым стаяла пад пагрозай экскамунікі вяртанне ўсяго, што было скрадзена. Мікалай Пій Сапега, гэты «дзіўны і пабожны святататнік», быў гатовы выканаць усе пункты, акрамя першага. Катэгарычна не гатовы. Справа завісла, а на тле падзей, што адбываліся ў Рэчы Паспалітай як у калейдаскопе, увогуле адышла на другі план. У 1632 г. памірае вялікі сябар езуітаў і ўсяго Касцёла Жыгімонт ІІІ Ваза. Мікалай Пій Сапега, заручыўшыся падтрымкай новага караля Уладзіслава IV Вазы, падмацаванай яго ўласнаручным лістом, накіроўвае да Урбана VIII свайго пляменніка Аляксандра. Пасольства ад’ехала ні з чым… Тым часам у Сапегі адкрылася магчымасць прадэманстраваць усяму свету, які ён на самай справе католік, не толькі на словах. Калі кароль па нейкіх разліках вырашыў узяць шлюб з княжною-пратэстанткаю з Пфальцскага Курфюршаства і амаль наблізіўся да сваёй мэты, калі б не пасол ад Менскага ваяводства Мікалай Пій Сапега, з-за якога праект гэтага шлюбу быў пахаваны. «Пабожны» ахвяраваў прыхільнасцю караля, затое ў вачах каталіцкага свету стаў сапраўдным героем. Апостальскі Нунцый у сваіх рапартах, улічваючы, што і ў іншых справах Мікалай Пій Сапега стаяў наперадзе ў абароне прывілеяў і недатыкальнасці Касцёла, горача прасіў Святога Айца аб змякчэнні прысуду за злачынства, здзейсненае ў прыступе рэлігійнага натхнення. Урбан VIII так і зрабіў, па прыкладзе добрага айца, з радасцю прыняўшага марнатраўнага сына, а ў знак прабачэння і любові падараваў Сапегам свой сапфіравы пярсцёнак з гербам роду Барберыні. Мікалай Пій Сапега не толькі змог пакінуць у сябе аблюбаваныя ім каштоўнасці, але і атрымаў яшчэ рэліквіі св. Каспрыцыя. Заставаўся абавязак пабудаваць святыню для змяшчэння там цудатворнага абраза Маці Божай Гвадэлупскай (Грыгарыянскай), чым «Пабожны» энергічна заняўся, не шкадуючы сродкаў. Узведзены ў рэнесансным стылі, касцёл пад тытулам св. Ганны быў кансэкраваны 8 студзеня 1636 г.

 
Ян Фрыдэрык Лукаш Сапега.
Аўгустын Мірыс. 1765 г.,
палатно, алей.
Мікалай Пій Сапега.
Аўтар невядомы. 1709 г.

…Ішоў час, і слава абраза ўзрастала. У кодэньскім касцёле св. Ганны служылі 11 ксяндзоў і прапаведнік з Таварыства Езуса. У нядзелі і святы прыходілі тысячы вернікаў. Ахвяраванні сцякаліся ў святыню шчодрым патокам як удзячны адказ на дапамогу Маці Божай. Падчас кананічнай візітацыі 28 верасня 1718 г. Луцкага біскупа Яахіма Пжэбендоўскага адных толькі вотаў, аздабляючых цудатворны абраз, было налічана 232.

Ва ўсёй гэтай гісторыі не было толькі аднаго, што не давала супакою Яну Фрыдрыху Лукашу Сапегу, — ватыканскіх каронаў. Справа гэтая была няпростаю. Відаць, продкам не хапіла настойлівасці (калі ўвогуле гэтае пытанне ўзнімалася). Ва ўсялякім выпадку, Ян Фрыдрых Лукаш Сапега, не разлічваючы толькі на сваю настойлівейшую просьбу да Рыма, заручыўся пасярэдніцтвам Апостальскага Нунцыя і Луцкага біскупа Пжэбендоўскага, і ў выніку ў 1721 г., на свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, павінна была адбыцца каранацыя абраза Маці Божай Гвадэлупскай, ці, як Яе цяпер называлі, Кодэньскай. Кс. Кяршніцкі падрыхтаваў каранацыйную прамову, але 19 сакавіка памірае Клімэнт ХІ, так і не паспеўшы падпісаць каранацыйнае брэве, а следам за Папам памірае і патэнцыйны каранатар — Луцкі біскуп Яахім Пжэбендоўскі. Справа, ужо амаль вырашаная ў Рыме, зацягнулася...

 
Урбан VIII. П’етро да Картона.
Паміж 1624–1627 гг.,
палатно, алей.
Клімэнт ХІ. Аўтар невядомы.
Паміж 1700 і 1721 гг.

…Пакуль ішла падрыхтоўка да каранацыі, здзейснілася справа, у выніку якой увесь свет павінен быў даведацца пра цудоўны абраз. Высілкамі Сапегі і Кяршніцкага нарадзілася гісторыя абраза Маці Божай Кодэньскай з прысвячэннем Клімэнту ХІ пад назвай «Monumenta antiquitatum Marianarum» (Warszawa, 1721) у дзвюх частках in folio, напісаная на лаціне надзвычай квяцістай мовай, перагружанай паэзіяй, цытатамі з класікаў, дзіўнай рыторыкай і вучонасцю. Сапега прадставіў «труд» на разгляд біскупу Пжэбендоўскаму і 3 кастрычніка атрымаў «пышную, як і стыль самой кнігі», пахвалу біскупа. Аднак смерць Святога Айца прыпыніла галоўную (ці адну з галоўных) справаў жыцця Яна Фрыдрыха Лукаша Сапегі. Ён піша новае прысвячэнне і пад датай 2 чэрвеня 1721 г. дасылае кнігу Інакенцію ХІІІ з новай просьбай, у выніку якой біскуп Луцкі Стэфан Багуслаў Рупнеўскі каранаваў абраз на свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў 1723 г. пры вялікай прысутнасці прадстаўнікоў Кароны і Літвы — магнатаў, рыцарства, саноўнікаў, святарства, а таксама вернікаў лацінскага і ўсходняга абрадаў.

 

«Monumenta antiquitatum Marianarum»

Трэба заўважыць, што столькі ласкава прынятай Святым Айцом кнігі прыпісвалася Яну Фрыдрыху Лукашу Сапегу, ды й на вокладцы стаяла яго імя; тым не менш, годнае ўвагі сведчанне кс. Яна Антонія Пашакоўскага SJ, які лічыў сапраўдным аўтарам кс. Кяршніцкага, якога ён ведаў асабіста, бо 30 гадоў знаходзіўся з ім у адной ордэнскай правінцыі. Сапраўды, як сцвярджае біёграф кс. Кяршніцкага польскі гісторык Браніслаў Натоньскі: «Можна меркаваць, што Кяршніцкі дапамагаў магутнаму пратэктару збіраць матэрыялы і надаў ім канчатковую літаратурную форму». Дадатковы аргумент на карысць аўтарства кс. Кяршніцкага — вялікая ўдзячнасць Сапегі, які не пашкадаваў падарыць свайму супрацоўніку абраз Маці Божай, падараваны яму Інакенціем ХІІІ.

 

Інакенці ХІІІ. Аўтар невядомы.

Рэктар калегіума ў Слуцку

Кс. Кяршніцкі, зрабіўшы сваю справу, пакінуў Кодэнь і 16 жніўня 1722 г. быў прызначаны рэктарам слуцкага калегіума.

З пачатку XVII ст. Слуцк належаў Радзівілам. Пры кіраванні князёў Януша і Багуслава горад, які меў дагэтуль праваслаўнае аблічча (14 цэркваў), стаў кальвінісцкім, ператварыўшыся ў моцную заможную фартэцыю, якую неабходна было вярнуць у лона Касцёла, і хто, як не езуіты, справіўся б з гэтай задачай! Адзіная дачка кн. Багуслава і ўладальніца Слуцка Людвіка Караліна ў другім шлюбе была за шваграм германскага імператара князем Карлам Філіпам Нойбургскім, католікам, які дазволіў езуітам асесці ў Слуцку напрыканцы XVII ст. Першапачатковая рэзідэнцыя, у якой пражывала пяць ксяндзоў, да 1715 г. ператварылася ў калегіум з адпаведнай інфраструктурай (калегіум, драўляны касцёл Св. Духа, фальваркі), што развіваліся пры падтрымцы ахвярадаўцаў і ўладальнікаў Слуцка. Крок за крокам езуіты «адваёўвалі» горад, што адбывалася на вельмі неспрыяльным тле: Паўночная вайна, голад, мор, «наведаванні» вайсковых аддзелаў расійскіх і шведскіх, даставалася ад пастояў і сваіх літоўскіх харугваў…

Новы рэктар за тры гады кіравання, як піша кс. Станіслаў Заленскі ў сваім вядомым шматтомным даследаванні «Jezuici w Polsce», выдадзеным на пачатку ХХ ст. у Кракаве, «прыаздобіў касцёл, палепшыў фальварачную гаспадарку і вілу ў Падзежы (у памяць князя Карла Філіпа названую Каралявіла), набыў гадзіннік, більярд, пабудаваў лазню і бровар». Дарэчы, касцёл быў адноўлены пры дапамозе Яна Фрыдрыха Лукаша Сапегі.

Яшчэ падчас працы ў Варшаве кс. Кяршніцкі, акрамя іншых абавязкаў, быў кіраўніком бібліятэкі калегіума, таму належным чынам ацэньваў значэнне бібліятэк і архіваў для жыцця грамадства. У Слуцку яго намаганнямі быў пабудаваны асобны бібліятэчны будынак з цэглы.

Працы хапала самай рознай. Рэха крывавых рэлігійных хваляванняў у Торуні ў ліпені 1724 г. у тым жа годзе дакацілася да Слуцка, і студэнты-кальвіністы, па прыкладзе сваіх польскіх адзінаверцаў, уварваліся на гэты раз у царкву і апаганілі абразы Маці Божай і святых. Гадаванцы кс. Кяршніцкага былі мацней не толькі духоўна, але і фізічна: яны пахваталі нягоднікаў і прыцягнулі іх да прэфекта кангрэгацыі а. Францішка Цяцерскага, які пасля кароткага «працэсу» загадаў надаваць ім бізуноў. У Торуні за гэткія рэчы яны маглі б застацца без галоваў і рук, у нас жа рэлігійная талерантнасць зайшла так далёка, што кіраўніцтва кальвінскага збору не пасаромелася падаць скаргу каралю і Сойму, дамагаючыся, каб езуітаў, «як парушальнікаў грамадскага супакою», выгналі з горада. Рэктар кс. Кяршніцкі таксама падаў сустрэчную скаргу і паралізаваў іх высілкі, хаця, як лаканічна кажа Заленскі, «выйшлі цэлыя». Паралізаваў таксама высілкі мясцовых базыліянаў адкрыць свае школы ў Слуцку, што магло адштурхнуць праваслаўную моладзь ад езуіцкіх навучальных установаў.

 

Кіраўнік рэзідэнцыі Таварыства Езуса ў Драгічыне

16 жніўня 1725 г. кс. Кяршніцкі пакінуў пасаду рэктара і пражываў у Вільні і Горадні, а 12 верасня 1728 г. стаў кіраўніком рэзідэнцыі Таварыства Езуса ў Драгічыне, прыкладаючы намаганні ператварыць яе ў калегіум. І тут на дапамогу зноў прыйшлі ўплывовыя сябры і тыя ж Сапегі. Калі ў лютым 1732 г. кс. Кяршніцкі пакідаў Драгічын, адно крыло будучага калегіума было гатовае і будавалася другое. Акрамя таго, ён пакідаў добра ўпарадкаваны архіў.

 

* * *

Апошнія гады жыцця ксёндз Кяршніцкі працаваў у Віленскай акадэміі ўрачыстым прапаведнікам, а потым прафесарам права (дактарат у 1723 г.). Памёр у Вільні 13 студзеня 1733 г.

 

На думку кс. Яна Антонія Пашакоўскага SJ, «Кяршніцкі пакінуў шмат працаў у рукапісах, і калі б іх выдаць, была б вялікая бібліятэка». …Адзіную жывую характарыстыку кс. Кяршніцкага я знайшоў у вялікім шматтомным даследаванні Юзафа Бялінскага, прысвечанага Віленскаму ўніверсітэту: «Муж вялікага розуму і не меншай вучонасці».

 

ЛІТАРАТУРА

  1. Шпунт А. Знак асаблівай пашаны. (Да гісторыі каранацый абразоў НПМ у Рэчы Паспалітай)//Наша вера, № 1 (7), 1999.
  2. Ярашэвіч А. Цудадзейныя абразы Берасцейшчыны//Наша вера, № 1 (7), 1999.
  3. Bieliński J. Uniwersytet wileński. T. II. — Kraków, 1899–1900. — S. 583–584.
  4. Bieliński J. Uniwersytet wileński. T. III. — Kraków, 1899–1900. — S. 219.
  5. Janik M. Z dziejów wymowy w wieku XVII i XVIII.//Pam. liter., R.7, 1908 — Lwów. — S. 463–465.
  6. Kodeń//Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. T. IV. — Warszawa, 1883. — S. 238–240.
  7. Natoński B. Kieśnicki (Kiersznicki) Atanazy Ludwik//PSB. T. XII. —Wrocław–Warszawa–Kraków, 1966–1967. — S. 431–432.
  8. Podlasiak (P.J.K.). Kodeń Sapiehów. — Kraków, 1898.
  9. Zalęski S. Jezuici w Polsce. T. IV. Cz. IV. 1648–1773. — Kraków, 1905. — S. 1617–1618.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY