|
|
№
1(99)/2022
Інтэрв’ю Касцёла
In memoriam
Ала (Альбіна) СЯМЁНАВА
SURSUM CORDA! Краязнаўства
Паэзія
Ірына БАГДАНОВІЧ
СУСТРЭЧА СА СВЯТЫМ КАЗІМІРАМ, АБО ЦУД У СТОЎБЦАХ, ЯКІ АДБЫЎСЯ НА СТАЎПЕЦКІЯ КАЗЮКІ Ў 2022 ГОДЗЕ Постаці
Нашы святыні
Ігар СУРМАЧЭЎСКІ
ЮНАЦТВА БУДСЛАЎСКАГА КАСЦЁЛА. Сувязь Будслава з Вільняй Літаратуразнаўства
Ірына БАГДАНОВІЧ«ТЫ МЕЙ ПРАД САБОЙ ТОЛЬКІ БОГА…»: ДУХОЎНЫЯ КРЫНІЦЫ ПАЭЗІІ АЛЕСЯ ГАРУНА Да 135-годдзя з дня нараджэння паэта Алесь ГАРУН ВЕРШЫ Паэзія
Прэзентацыя
Успаміны
Каталіцкія місіі
Спадчына
Інтэрв’ю
Размова Элы ДЗВІНСКАЙ з кандыдатам культуралогіі Алесем СУШАМ
БЕЛАРУСКІЯ БУКВАРЫ ФАРМІРУЮЦЬ СВЯДОМАСЦЬ Асобы
Мастацтва
|
Дзень пачынаўся светла. Як заўсёды, у гэты дзень, 16 снежня, заўжды згадваўся Наваградак, і яны — сястра Малгажата і пані Магдалена Жукоўская. І помняцца словы з ліста: «Набліжаецца нікому не вядомы Дзень твайго Імені — сапраўдныя Твае імяніны». Нікому не вядомы… Такі быў час… 50-я гады ХХ стагоддзя… А сёння 2021 год. І прадчуванне нечага, што прыадчыніць таямніцу, эсхаталагічна вызначаную, з той рэальнасці, што мае не эмпірычнае, даступнае чалавеку быццё, а неспасцігальную Ласку, Невыслоўленае, Магутнае, Недаступнае для думкі, розуму чалавечага. Боская вышыня… «Хвала на вышынях Богу…» — чуецца ў асаблівым святле. Далягляд надзеі… «Надзеі, што знаходзіцца ў каардынатнай сістэме ўсіх трох вымярэнняў: мінулага, сённяшняга і вечнага, якое дае адзінства раздробленасці часу»1. Бяру ў рукі дарагія мне кнігі… Сярод іх — ксёнжачка ў мяккай вокладцы, на вокладцы —надпіс. «Святая Тереза имени Младенца Иисуса. Повесть об одной душе» (парыжскае выданне, пер. з французскай, выдавецтва «Соль земли», «Свет мира»). Падарунак сястры Малгажаты і пані Магды (пані Магда была памочніцай сястры Малгажаты ва ўсіх клопатах Касцёла). Пазней мне пашчасціла займець яшчэ адно выданне кнігі св. Тэрэзы з Лізьё, і таксама ў перакладзе, гэтым разам з іспанскай — кнігу св. Тэрэзы Авільскай. І яшчэ шмат чаго, але пачатак той духоўнай патрэбы быў пакладзены тады, у гады дзяцінства і юнацтва. І ў дзень 16 снежня прыходзіць да мяне той асаблівы настрой, малітоўны роздум, таямніца ўзрушэння — Misterium tremendum, што дае асаблівае адчуванне свету, Высокіх ісцінаў, высокага духу, набліжэнне да далёкага, недасягальнага, — да Пана Бога! І — як быццам дзверы прыадчыніліся. Святло… Gloria! Gloria! Адбылося! Звестка — сястра Марыя Малгажата (Людвіка Банась) будзе далучана да ліку благаслаўлёных. Як перадаць гэтую радасць? Быў такі дар Провіду. Сустрэча з сястрой Малгажатай… Наш дом у Наваградку — насупраць касцёла Перамянення Пана, Белай фары, — быў бачны з нашых вокнаў, як і замак. З балкона — што краявід з карціны Орды. Ад вясны да восені раніцай было немагчыма не ўзбегчы на замкавую гару, да вежаў, а потым не спусціцца да касцёла, каб пастаяць там з малітваю перад драўляным крыжам, перад магілай сясцёр назарэтанак, урэшце — абавязкова зайсці ў касцёл… І душа адчувала вялікае азарэнне — даткненне — да недасягальнага — да Асновы Быцця, Боскай рэальнасці. Як гэта ў Ганны Ахматавай? «А юность была, как молитва воскресная…». І ўзгадаю наноў — 50-я гады ХХ стагоддзя. Пара афіцыйнага атэізму… Але і пара ўнутранай неабходнасці веры… Імкненне да Хрыста, жаданне наблізіцца да Яго… Праз відавочнае хараство Божага свету… Праз акрыленае адчуванне Божай ласкі, праз містычнае адчуванне Божай волі… Тут, у Наваградку, мабыць, асабліва. Тут лунаў дух 11 пакутніц — назарэтанак, якія сваім жыццём і паслугаю былі адданыя аднаму — сцвердзіць і спраўдзіць харызматычнае пасланніцтва свае супольнасці, што заключалася ў пашырэнні Валадарства Божай Любові. Тут лунаў дух сясцёр назарэтанак, што смерцю сваёю склалі ахвяру за жыццё іншых, засведчылі веру ў Бога перад абліччам нянавісці і гвалту. Сястра Малгажата — адзіная з сясцёр засталася жывая, бо падчас арышту знаходзілася ў шпіталі. Яна засталася жыць, каб паводле Провіду таксама выканаць Божую волю: захаваць Белую фару, дапамагчы мясцовым жыхарам быць адданымі вернікамі, прыйсці да сапраўднай веры ў Бога ў цяжкія часы афіцыйнага ваяўнічага атэізму… У тыя пасляваенныя гады майго дзяцінства і юнацтва спачатку я бачыла сястру Малгажату толькі здалёк. Велічна-высакародная. Не падобная ні да каго. Годнасць і пакора — адначасова. Жыццё духу, падпарадкаванасць нейкай найвышэйшай наканаванасці — гэта адчувалася нават на адлегласці... Хоць, на першы погляд, сястра Малгажата займалася самымі звычайнымі справамі: даглядала касцёл (яна не адзін год пражыла ў драўлянай прыбудове да касцёльнай сакрыстыі як нястомная вартаўніца Божай святыні), вырошчвала кветкі: улетку — каля касцёла, зімою — у сакрыстыі, збірала вернікаў і праводзіла набажэнствы… Мясцовыя жыхары называлі яе «вартавым табэрнакулюма»… Касцёл заўсёды быў адчынены з самага ранку. Увесь белы, чысты нейкаю асабліваю чысцінёю.
Здавалася, само паветра тут было прасякнута Божаю прысутнасцю, пасля далучэння да якой неяк усё само сабою ладзілася. Напрыклад, да экзаменаў я рыхтавалася на лаўцы ля касцёла, што з боку сакрыстыі, а пасля ішла на іспыты лёгка, з радасцю і здавала іх паспяхова. (У тую пару экзамены здавалі ўсе гады, пачынаючы з 4-га класа.) Асабліва душэўную злагаду адчувала, сустрэўшы сястру Малгажату. Калі мне было адзінаццаць гадоў, я мела шчасце пазнаёміцца з ёю і з верніцамі, свецкімі асобамі і пані Магдаленай Жукоўскай і з роднымі сёстрамі Жыжылеўскімі. (У доме Жыжылеўскіх пазней жыла сястра Малгажата і пробашчы Белай фары). З маёю маці (адвакатам) у іх былі асаблівыя стасункі. Мама пісала бясконца апеляцыі, каб улады дазволілі парафіянам мець свайго пастыра, адпраўляць святую Імшу, практыкаваць каталіцкую веру. Складаліся тыя заявы, безумоўна, не на працы, а ў нас дома, звычайна познім вечарам або ноччу. Ад сястры Малгажаты ў маю душу прыходзіла многае: не толькі Божыя запаведзі, Святое Пісанне, катэхізіс (тут было і «хатняе» веданне). Вышэй я згадвала пра св. Тэрэзу з Лізьё. Але ж і хто такія Міндоўг (у Наваградку ёсць гара Міндоўга), Ягайла (шыльда пра яго вянчанне была ў касцёле), Гражына… Пра Адама Міцкевіча, шыльда пра хрышчэнне якога ёсць у Белай фары і вельмі дапамагла ўзнаўленню нармальнага жыцця касцёла, мне дапамагалі даведацца больш, чым мелі магчымасць, напрыклад, вучні маёй школы. Імкненне да ведаў абстрактных, да кніг прадстаўнікоў рэлігійнага сузірання і містычнага вопыту — таксама напрасткі ці апасродкавана — адтуль, ад сястры Малгажаты. Адтуль і разуменне хараства Божага свету ва ўсіх яго праявах. У прыгажосці кветак, якія круглы год былі ў касцёле: нарцызы — вясною, белыя ліліі — улетку, далікатныя, што сняжынкі, хрызантэмы — зімой. Кветкі тыя з яе добразычлівых рук траплялі і да нас у хату, як і асобага гатунку трускаўкі — у парцалянавым (!) кошыку, абкладзеным лістамі: твор мастацтва. А летам у Наваградак прыязджала з Масквы каталічка Маргарыта Шарова, і ў касцёле гучала яе крышталёвае сапрана: гэта ў касцёле, што афіцыйна не быў адчынены... Усё гэта — хараство, што напаўняла душу, што фармавала імкненні і густы жыцця, што асвечвала асобным святлом быццё — ад сястры Малгажаты, ад веры, ад касцёла. …55 гадоў мінула з дня адыходу слугі Божай з гэтага свету. Я беражліва захоўваю запіску, якую прынеслі парафіяне маёй маме: «У 5 гадзін вечара будзе вынас труны ў касцёл. Заўтра раніцай адбудзецца пахаванне». І здымкі з пахавання (былі ўпершыню апублікаваныя ў часопісе «Ave Maria», 2003 г., №3).
…Я заўжды несла з сабою святло той сустрэчы з сястрой Малгажатай, доўгага, шматзначнага і плённага знаёмства. Вымавіць — яе выхавання, — мабыць, занадта смела. Даўно марыла пра гэта напісаць. Напрыканцы 1970-х у выдавецтве «Юнацтва» была запланавана мая кніга «Святло загадкі», паводле пражытага і перадуманага, паводле тых даўніх, незабыўных дзён. Аднак я адмовілася ад выдання: тады нельга было нават спасылацца на Біблію. Пісаць пра Касцёл, духоўных асобаў — і думаць немагчыма. Пазбавіць кнігу гэтага кантрапункту — усё роўна што душу выняць. І, мабыць, дух сястры Малгажаты не дапусціў мяне да гэтага граху. Затое, як толькі такая магчымасць з’явілася, я прамовіла пра самае дарагое у часопісах «Хрысціянская думка» (1994), «Беларусь» (1993), «Наша вера» (1996, №3/6), «Ave Maria» (2003, №3), у кнігах «Святло загадкі» (1995), «Перад геніем лёсу» (2006), «У святой краіне выгнання» (2011). Дарэчы, у часопісах «Беларусь», «Наша вера», «Ave Maria» — дзякуючы творчай падтрымцы Крыстыны Лялько. …У 2000 годзе з Божай ласкі і дзякуючы падтрымцы часопіса «Наша вера» я мела шчасце прысутнічаць на беатыфікацыі 11-ці сясцёр назарэтанак у Рыме. (Пра гэта я пісала ў часопісе «Наша вера», 2000 г., №2.) А 17 чэрвеня 2003 г. была запрошана як сведка жыцця сястры Марыі Малгажаты на ўрачыстасць яе эксгумацыі (працэс яе беатыфікацыі быў распачаты 19 лютага 2003 г.). …17 чэрвеня, ідучы ў касцёл, я пачула: «Пані Альбіна!» Гэта была сястра Тэрэза (Сабіна Касінская), што нястомна, дзень за днём, самаахвярна была пры сястры Малгажаце, калі тая захварэла: гады жыцця пры касцёльных мурах паўплывалі на лёгкія. Памятаю, як я, прыехаўшы з Мінска, бегла з цытрынамі, яшчэ з нейкім тагачасным «дэфіцытам» да сястры Малгажаты, заўсёды бачыла каля яе сястру Тэрэзу, клапатлівую, уважлівую, з той любоўю да сястры, што адчувалася ў кожным руху, кожным паглядзе. Спакойная, спагадлівая, мудрая… Потым, у Мінску, заўсёды сустракала яе — падчас святой Імшы ў 8 гадзін раніцы, у дзень св. Тэрэзы Авільскай з віншаваннем на святы. (Паслуга сястры Тэрэзы ў супольнасці сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта абумовіла яе месцазнаходжанне. Цяпер яна служыць Пану Богу ў кляштары ў Гародні.) Ну а сярод сведак жыцця сястры Малгажаты былі яшчэ парафіянкі ў Белай фары: пані Зоф’я Бародын, пані Ядвіга Пісарук, пані Марыя Каравайская. Успаміналі, згадвалі… Расказалі мне, што падчас развітальнай святой Імшы мая мама прастаяла ўсю літургію на каленях… А быў 1966 год — нагадалі кабеты. Маці — афіцыйная асоба. Адвакат. Аднак Бог міласцівы і парафіяне — народ дастойны. А чужых на святой Імшы не было…
…А 17 чэрвеня 2003 года было адчуванне Боскай прысутнасці, значнасці сакральнага акту, гармоніі Неба і Зямлі, мяккая, воблачная прахалода падчас хвалюючых гадзін на могілках і няяркае, нібыта ўсцешанае, сонца — падчас Ружанца і святой Імшы. Ва ўрачыстасцях удзельнічалі ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Антоні Дзям’янка, дэлегат ад Прымаса Польшчы кс. доктар Стэфан Козьнік, прамотар справядлівасці кс. доктар Габрыэль Барташэўскі OFM, Генеральная настаяцельніца супольнасці Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта Марыя Яніна Фулмэр з Рыма, кіраўнічка назарэтанскай правінцыі ў Варшаве сястра Люцына Карнацка, віцэ-пастулятарка беатыфікацыйнага працэсу сястра Францішка Худа з Рыма; першы натарыус сястра Дамініка Паўлік, другі натарыус сястра Амата Навашэўска, даручыцель лістоў беатыфікацыйнага працэсу сястра Эльвіра Праполак; сёстры настаяцельніцы з Польшчы і Беларусі, сёстры і навіцыяткі назарэтанскай супольнасці. Сведкі жыцця і адданай веры сястры Малгажаты. Як быццам учора было. Гэты подых. Вечнасць. Нібы ў паветры —трансцэндэнтнасць, недасягальнасць Боскага. Малітоўная сувязь прысутных, адыход ад звычнай сферы жыцця, узвышэнне да Быцця Боскага — на імгненні, што ўваходзяць у свядомасць на ўсё жыццё. Пазней часам адбываюцца дзіўныя рэчы. Цуд надрэальнага. Што застаецца таямніцай. Запамінаецца — да скону — і Белая фара таго дня. Цнатлівы, далікатны водар ружаў, белых і чырвоных. Усё нібыта свяцілася высокаю чысцінёю і святлом. Усё сведчыла аб сапраўднай веры. Водар ружаў — ён нібы нёс дух сястры Малгажаты, іх зямны водар як напамін пра яе незямную ўзнёсласць. Адчуваўся прарыў Божай рэчаіснасці ў рэальны свет, рэальна адчувалася прысутнасць Хрыста Збаўцы, што ўмацоўвае нас Хлебам вечнага жыцця ў Эўхарыстыі. І мы гэта, мабыць, толькі неўсвядомлена ўспрымаем. Дзякуючы сустрэчам з людзьмі, нібыта звычайнымі, але якім на самай справе дадзена спазнаць тое, да чаго не дацягнулася наша душа, мы імкнемся спазнаць насычанасць унутраных, глыбінных рытмаў, угадаць у рэаліях жыцця тую вышыню, укаранёнасць у Непрамінальнае, увасобіць у сваіх дзеяннях Цуд Перамянення, хараство ўнутранага Слова, напружанне духоўнай моцы. Духоўная цішыня, у якой прысутнічае дух святой Марыі Малгажаты, агортвае ў хвіліны малітоўнага роздуму, самараскрыцця… Яна нібы адкрывае шлях да Высокай Сустрэчы з Богам, дае ўслухоўвацца ў Слова Быцця, набліжае да містычнага вопыту. І сыходзіць прага напружання духоўных сілаў у малітве, і ў гэтым напружанні ёсць усцешны пагляд, унутраны пагляд душы. Душы, што звяртаецца да Логаса Божага… Да Ісціны… Да асноваў Тварэння… І ў ясную хвіліну прасвятлення, узвышанасці, прарыву ў высокія сферы эсхаталагічнага — звяртаемся да Бога і да Яго абраннікаў. Абранніца Хрыста — сястра Марыя Малгажата ад Сэрца Пана Езуса, канаючага ў Садзе Аліўным, — маліся за нас! Sursum Corda!
|
|
|