|
|
№
1(99)/2022
Інтэрв’ю Касцёла
In memoriam
Ала (Альбіна) СЯМЁНАВА
SURSUM CORDA! Краязнаўства
Паэзія
Ірына БАГДАНОВІЧ
СУСТРЭЧА СА СВЯТЫМ КАЗІМІРАМ, АБО ЦУД У СТОЎБЦАХ, ЯКІ АДБЫЎСЯ НА СТАЎПЕЦКІЯ КАЗЮКІ Ў 2022 ГОДЗЕ Постаці
Нашы святыні
Ігар СУРМАЧЭЎСКІ
ЮНАЦТВА БУДСЛАЎСКАГА КАСЦЁЛА. Сувязь Будслава з Вільняй Літаратуразнаўства
Ірына БАГДАНОВІЧ«ТЫ МЕЙ ПРАД САБОЙ ТОЛЬКІ БОГА…»: ДУХОЎНЫЯ КРЫНІЦЫ ПАЭЗІІ АЛЕСЯ ГАРУНА Да 135-годдзя з дня нараджэння паэта Алесь ГАРУН ВЕРШЫ Паэзія
Прэзентацыя
Успаміны
Каталіцкія місіі
Спадчына
Інтэрв’ю
Размова Элы ДЗВІНСКАЙ з кандыдатам культуралогіі Алесем СУШАМ
БЕЛАРУСКІЯ БУКВАРЫ ФАРМІРУЮЦЬ СВЯДОМАСЦЬ Асобы
Мастацтва
|
Мінула ўжо 36 гадоў з таго часу, калі мая бабуля з боку бацькі Эмілія Андрэеўна Дрозд (у дзявоцтве — Якавіцкая), адышла да Пана Бога, але адчуванне яе прысутнасці не пакідае мяне і сёння, як і адчуванне яе блізкасці з Богам у Яго Нябесным доме… Бабуля памерла 29 студзеня 1985 г., а дакладней, заснула, марозным зімовым вечарам. У абед я прынесла ёй кіслую капусту, якую яна вельмі любіла, і яна крыху паела. Пазней да нас прыйшла суседка Анюта (Роліч). Яна была маладзейшая за маю бабулю на 10 гадоў і таму лічылася маладою. Бабуля спявала на польскай мове «Анёл Панскі…», а цётка Анюта ёй падпявала. Ідучы дамоў, яна сказала маёй маці: «Аміля яшчэ не памрэ». Але яна памылілася… Бабуля Эмілія ляжала так ціха, што, знаходзячыся ў суседнім пакоі з аднагадовым сыночкам, я прапусціла момант яе пераходу з зямнога жыцця ў вечнасць. Гэта адбылося амаль адразу, як пайшла цётка Анюта, каля 19:20. Хавалі бабулю 31 студзеня. На яе твары не было нават ценю смерці, толькі супакаенне. На жаль, святара не было, час быў такі — савецкі, святыні былі зачыненыя, але былі пеўчыя. Малітвы і касцёльныя спевы гучалі па чарзе і толькі па-польску. …На працягу апошніх месяцаў жыцця бабуля, бывала, раптам схамяналася, кажучы: «Мне трэба дамоў!», і пачынала кудысьці збірацца. Калі я казала ёй: «Ты ж у сваім доме, у якім нарадзілася, вунь твае абразы, люстэркі, партрэты, мэбля», яна пачынала смяяцца: «Гэта ж трэба, сабралася кудысьці са свайго дома!». Пазней я зразумела, што бабуля ўжо тады пачынала свой шлях у дом Айца.... Да гэтага яна рыхтавалася ўсё сваё жыццё: клуначак з акуратна складзенымі рэчамі ў гэты апошні шлях да Бога я памятаю са свайго ранняга дзяцінства. Часам я прасіла яе дастаць яго з шафы — я любіла разам з ёю разглядаць, перабіраць і зноў складваць усё, што ў ім ляжала... Мая бабуля нарадзілася 19 мая 1897 г. у заможнай польскай сям’і Андрэя і Марцаліны Якавіцкіх у вёсцы Глінішча Дунілавіцкай воласці Вілейскага павета Віленскай губерні (цяпер гэта вёска Гліншчына Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці). Гэтая мясцовасць ў 1921–1939 гг. знаходзілася ў складзе Польшчы [1]. Якавіцкія былі веруючымі людзьмі і перадавалі каталіцкую веру сваім дзецям з самага іх нараджэння, і хоць бабуля была апошнім познім дзіцем (у яе было пяць сясцёр і брат), яе таксама выхоўвалі ў строгасці.
Сям’я жыла ў прасторным доме, які захаваўся да гэтай пары. У пакоях і кухні ў чырвоных кутах віселі абразы з выявамі Сэрца Езуса і Маці Божай Вастрабрамскай, а таксама святых апосталаў Пятра і Паўла. У гасцінай пад абразамі на палічцы стаяў крыж, грамнічныя свечкі, букецік вярбы з ядлоўцам і ляжаў хлеб з соллю святой Агаты. На сценах віселі сямейныя партрэты і здымкі. Мэбля была драўлянаю, з дубу і сасны. Сям’я валодала значнымі зямельнымі надзеламі вакол дома і насупраць яго, праз дарогу, а таксама зямельнымі ўчасткамі, якія называлі «шнурамі», па-за межамі вёскі (у мясцовасці Карчы), і трымала слугаў. Асноўнымі відамі сямейнай працы былі агародніцтва, садаводства, жывёлагадоўля, птушкагадоўля і пчалярства. Часам па жаданні слугі падпрацоўвалі ў Крыкалах, у панскім маёнтку. Паводле аповедаў бабулі, пан расплачваўся шчодра і ўзнагароджваў смачнымі прадуктамі, найперш духмяным хлебам… Нягледзячы на гэта, на долю маёй бабулі выпалі цяжкія выпрабаванні: яшчэ ў раннім узросце на яе плечы лёг клопат пра аслеплую маці Марцаліну і хворую, старэйшую на 10 гадоў, сястру Зосю. Неспакойна было і ў вёсцы, бо яна апынулася ў прыфрантавой паласе Першай сусветнай вайны, і з 1914 па 1921 гады ўлада тут змянялася шэсць разоў (немцы, палякі, рускія). У лютым 1916 г. па гэтых мясцінах праехаў апошні расійскі імператар Мікалай ІІ. Ён наведаў старажытнае габрэйскае мястэчка Дунілавічы1, правёў агляд войскаў, паразмаўляў з афіцэрамі, паабедаў у графа Юзафа Тышкевіча і паехаў на цягнік, што адыходзіў ад станцыі Сяславіна (цяпер — Крулеўшчызна). Пасля рэвалюцыі 1917 г. тут з’явіліся бальшавікі, потым — прыйшлі немцы, з канца 1918 г. — зноў бальшавікі, вясной 1919 г. — палякі, а летам 1920 г. — бальшавікі і восенню 1920 г. — зноў палякі. З падпісаннем Рыжскай мірнай дамовы ў сакавіку 1921 г. гэта мясцовасць увайшла ў склад Віленскага ваяводства [2, 3]. Суцяшэнне і падтрымку ў гэты цяжкі перыяд мая бабуля, тады яшчэ маладая дзяўчына, знаходзіла ў Богу і ніколі не губляла надзеі на Яго міласэрнасць і любоў. На жаль, касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў мястэчку Дунілавічы ў той час ужо не дзейнічаў. Падчас і пасля задушэння польскага паўстання2 царскі ўрад пераследаваў Каталіцкі Касцёл, таму святыні зачынялі. Гэтак адбылося і ў Дунілавічах: святыню ў католікаў адабралі і ў 1866 г. перадалі яе праваслаўным. Гэта добра бачна на здымку: пад крыжамі на купалах і шчыце — праваслаўныя макаўкі [4]. Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (у ранейшых манаграфіях — святога Арханёла Міхала) быў пабудаваны замест драўлянага касцёла ў 1769–1773 гг. дамініканамі ў стылі позняга барока. На час пабудовы святыня ўваходзіла ў комплекс дамініканскага кляштара. З моманту заснавання Крыштафам Белазорам кляштара ў Дунілавічах у 1683 г. і да яго ліквідацыі дамінікане неслі ў народ не толькі веру ў Пана Бога, але таксама адукацыю і культуру. Ордэн засноўваў свае кляштары і святыні ў буйных гарадах, а ў мястэчку Дунілавічы ўзвёў касцёл дзеля захавання рэліквіі — цудадзейнага абраза Маці Божай Ларэтанскай (паводле выпіскі з касцёльнай хронікі гэты абраз ХVII ст. быў прывезены з Фларэнцыі) [4]. У 1920 г. Троіцкую святыню ў Дунілавічах вярнулі Касцёлу, аднак пасля вяртання святыня стала парафіяльнай, бо дамініканскі кляштар быў ліквідаваны. На процілеглым баку плошчы, праз скверык, знаходзяцца могілкі ахвярам савецка-польскай вайны 1920 года. Тут пахаваныя салдаты і афіцэры 36-га пяхотнага палка польскай арміі пад камандаваннем палкоўніка Ульрыха (пазней міністра, а потым лонданскага эмігранта), якія загінулі ў ваколіцах Дунілавічаў у баях з дэвізіяй Тухачэўскага. Па словах мясцовых жыхароў, тут хавалі ўсіх: як польскіх, так і савецкіх воінаў, «бо перад Богам усе роўныя», а баі былі вельмі жорсткімі, перамаглі палякі, дэвізія адступіла пад Глыбокае, пакінуўшы больш за 100 забітых. Могілкі былі асвячаны 26 чэрвеня 1930 г. а. Станіславам Мажэйкам у прысутнасці Прэзідэнта Польшчы Ігнацыя Масціцкага. З прыходам савецкай арміі помнік на могілках знеслі, а сімвал Польшчы — 27-кілаграмовы бронзавы арол з распасцёртымі крыламі і каронаю на галаве, што быў на помніку, знік, і толькі праз 83 гады арла знайшлі недалёка ад месца мемарыяла, калі аралі поле. Ён добра захаваўся і цяпер знаходзіцца на рэстаўрацыі ў Мінску. Мемарыял адноўлены, і ва ўрачыстасць Усіх Святых у 2018 г. яго асвяціў а. Павел Самсонаў у прысутнасці міністра замежных спраў Польшчы Яцака Чапутовіча, пасла Польшчы ў Беларусі Артура Міхальскага, старшыні Пастаўскага райвыканкама Сяргея Чэпіка і мноства вернікаў. Пасля далучэння беларускіх земляў да Рэчы Паспалітай бацькі маёй бабулі Эміліі засталіся ў роднай вёсцы і заняліся развіццём гаспадаркі, а бабуля ўдасканальвала свае навыкі ў кройцы і шыцці. Эмілія Якавіцкая вырасла прыгожай дзяўчынай. Замуж яна выйшла за Казіміра Франца Дразда, чалавека вельмі добрага і працавітага, але з беднай сям’і. Якавіцкі не ўхваляў выбару сваёй дачкі, таму нявесце давялося нават у дзень вяселля выйсці з-за святочнага стала, зняць вэлюм і пад моцным дажджом па гразі ісці ў поле па каня. Але непрыняцце зяця працягвалася нядоўга, і калі Казімір Дрозд пераехаў у дом, яны пасябравалі...
У сям’і Казіміра і Эміліі нарадзілася чатыры сыны (Пётр, Тадэвуш, мой бацька, Чэслаў, і Павел). Як казала бабуля, «колькі Бог даў, столькі і нарадзіла». Усе сыны былі ўмельцамі ў будаўніцтве і гаспадарчых справах, асабліва Чэслаў. Пётр яшчэ шыў абутак і выдатна гатаваў, Тадэвуш граў на гітары, спяваў і танчыў, выступаў на сцэне клуба Дунілавіцкага сельсавета, дзе да гэтай пары захаваўся яго здымак. З імі таксама жылі сястра Зося і іх далёкі сваяк Лявон. Сыны нарадзіліся ў 1926–1935 гадах, калі гэта мясцовасць, як і астатняя частка Заходняй Беларусі, знаходзілася ў складзе Польшчы, але ў верасні 1939 года яна была далучана да БССР. 17 верасня 1939 г. сюды прыйшлі рускія, пасля прыйшлі немцы, а праз 3 гады — зноў рускія. 15 студзеня 1940 г. Дунілавічы атрымалі статус гарадскога пасёлка і сталі раённым цэнтрам, і вёска Гліншчына апынулася ў складзе Дунілавіцкага раёна Вілейскай вобласці БССР [3, 8]. Да гэтага часу ўсе сыны былі выхаваны ў каталіцкай веры, а старэйшыя атрымалі пачатковую адукацыю (мой бацька паспеў закончыць два класы польскай школы і пазней — два класы рускай). Але на гэтым змены і цярпенні, звязаныя з ваеннымі дзеяннямі, веравызнаннем, станам і існаваннем Каталіцкага Касцёла, якія непасрэдна закранулі лёс бабулі Эміліі і яе сям’і, не скончыліся. Падчас Вялікай Айчыннай вайны з 4 ліпеня 1941 года па 4 ліпеня 1944 года мясцовасць знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. Немцы прыйшлі сюды на 13-ы дзень вайны. У Дунілавічах было створана гета, пры знішчэнні якога ў 1942 годзе было расстраляна і пахавана ў брацкай магіле 829 яўрэяў. Пасля на месцы магілы быў усталяваны мемарыял ахвярам Халакосту. Вёска Гліншчына таксама была занята нямецкімі вайскамі, і нямецкая акупацыя працягвалася роўна 3 гады. Пры гэтым у вёсцы пастаянна адбываліся абстрэлы, яна неаднойчы пераходзіла з рук у рукі. Да таго ж і немцы, і партызаны адбіралі ў жыхароў скаціну, птушак, адзенне, абутак, прадукты харчавання. А падчас аднаго з баёў немцаў і атрада партызанаў, які пачаўся ў суседняй вёсцы Лісіцы, была спалена трэцяя частка дамоў Гліншчыны. Яны перасталі паліць дамы за 10 дамоў да хаты маёй бабулі. Паводле афіцыйнай версіі, палілі немцы, а паводле інфармацыі мясцовых старажылаў — партызаны, якія ўцякалі ад немцаў праз вёску і кідалі запалкі. Да гэтай пары вяскоўцы, ускапваючы агароды, знаходзяць гільзы ад вінтовак і пісталетаў ваенных часоў. Становішча не толькі насельніцтва, але і Каталіцкага Касцёла на акупаванай тэрыторыі ў тыя гады было даволі складаным, бо немцы лічылі католікаў «пятай калонай» польскага нацыянальнага руху. І ўсё ж дзякуючы мужнасці і трываласці святара айца Чэслава Кардзеля і вернікаў касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Дунілавічах не толькі выстаяў у ваенныя гады, але і неаднойчы ўкрываў людзей і ратаваў ад бамбёжак. Шмат усяго пабачыла і перажыла мая бабуля за сваё жыццё, але больш за ўсё ў ваенныя гады. Вясной 1942 года з акупаваных тэрыторый пачалі масава высылаць людзей на прымусовыя працы ў Германію з-за недахопу там працоўных рук, які ўзнік пасля правалу бліцкрыгу 1941 года. З дапамогаю арміі і мясцовай паліцыі немцы ў некалькі этапаў вывозілі савецкіх людзей — «остарбайтараў» (усходніх рабочых)3. У сельскай мясцовасці для гэтага адбіралі найбольш працаздольнае насельніцтва, уключаючы і падлеткаў. Умовы вывазу былі цяжкімі. Першай часткаю аперацыі быў збор людзей у зборных пунктах, дзе праводзіліся медыцынскі агляд, паліцэйская праверка і падзел на прыгодных і непрыгодных для працы. На тэрыторыі Віцебскай вобласці было чатыры такіх пункты: у Глыбокім, Полацку, Віцебску і Оршы. Другі этап — гэта траспартыроўка насельніцтва на месцы працы. Згодна з графікам высылкі, кожны транспартны сродак павінен быў умяшчаць не менш за 1000 чалавек з адгрузкай у Віцебску і дагрузкай у Полацку каля трох саставаў у тыдзень [9, 10]. Не абышоў гэты лёс і сям’ю бабулі Эміліі: летам 1942 года немцы вывезлі ў Германію ўсю яе сям’ю і брата, акрамя хворай сястры Зосі, бо, калі група ішла ў зборны пункт у Глыбокае, яна пабегла ў бок леса. На вачах усёй сям’і (дарослых і дзяцей) немец выстраліў два разы, але ў яе не трапіў, хоць страляў блізка. Бабуля была ўпэўнена, што менавіта дзякуючы яе палкай и шчырай малітве немец пашкадаваў Зосю: ён не толькі выстраліў так, каб кулі ў яе не трапілі, але і даў ёй магчымасць укрыцца. Выходзячы з вёскі, яны ўзялі з сабою абразікі і толькі самыя неабходныя рэчы. Ружанец, каб не згубіць, бабуля адразу адзела сабе на шыю. Скаціну і птушак, хатніх жывёлаў, прылады працы, гаспадарчы інвентар, прадметы быту і сродкі хатняга ўжытку, прадуктовыя запасы і іншае давялося пакінуць. Перад тым як адправіцца, некаторыя рэчы ўсё ж паспелі схаваць і закапаць, бо спадзяваліся на вяртанне. На жаль, пасля вяртання з Германіі яны нічога не знайшлі — усё пакралі, а дом разрабавалі. Адна жыхарка вёскі сцягнула з нашай хаты нямецкую швейную машыну, і пасля вяртання бабуля змагла яе знайсці, забрала і шыла на ёй яшчэ доўгі час. Да вызначанага зборнага пункта ў Глыбокім, а гэта 28 км, ішлі канвоем пад наглядам. За адзін дзень дайсці не змаглі і начавалі ў вёсцы Канстанцінава, дзе мясцовы паліцэйскі адчыніў браму, і некаторыя ўцяклі. Бабуля з сям’ёй, як і большасць, не ўцяклі, бо баяліся за жыцці астатніх сваякоў, якіх немцы адразу расстралялі б. Па дарозе пайкі не давалі, а кармілі кашай з апілак, пасля якой балелі страўнікі. У Глыбокім сажалі ў таварныя вагоны, якія не ацяпляліся, па 50 чалавек. Бабуля Эмілія расказвала, што ўжо з вагонаў немцы адбіралі маладых і здаровых мужчын для адпраўкі на лінію фронту пад Ленінград, каб там яны капалі акопы, гэта значыць на непазбежную смерць.Усе сыны былі непаўналетнімі. Старэйшы Пётр і малодшы Павел былі невысокага росту, а двое сярэдніх, нягледзячы на ўзрост, Чэслаў 11-ці гадоў і Тадэвуш 13-ці, былі высокімі і таму пасавалі па росце на капанне акопаў. Каб уратаваць іх, бабуля, рызыкуючы жыццём, схавала сярэдніх сыноў у вагоне пад лаўку, а астатніх пасадзіла на лаўку і села сама, расправіўшы шырокую спадніцу. Толькі паспелі сесці — немцы са скіраванымі на людзей аўтаматамі пачалі правяраць вагон. Толькі цуд уратаваў усім жыццё, бо, пачуўшы нават найменшы шорах і заўважыўшы сыноў, немцы расстралялі б усіх. Бабуля была ўпэўнена, што гэты цуд учыніў Пан Езус Хрыстус, бо Ён сам абяцаў: «Няхай станецца вам паводле веры вашай» (Мц 9, 29). У любых абставінах бабуля спадзявалася на Бога і давярала Яму. Яна часта казала: «Што Бог дасць, тое і будзе», і з пакораю прымала ўсё, што ёй было спаслана. Іх везлі прыкладна 14 сутак, прычым падчас транспарціроўкі некалькі разоў яны праходзілі санапрацоўку і пад канвоем хадзілі ў туалет. Калі ў кагосьці знаходзілі нейкае захворванне, таму на лоб ставілі пячатку і адводзілі. Тых, хто прайшоў праверку, размяркоўвалі на працы ў лагеры, адкуль прадстаўнікі працоўных біржаў разбіралі людзей на прадпрыемствы ці на фермерскія гаспадаркі [9, 10].
Бабулю Эмілію і ўсю яе сям’ю забралі на фермерскую гаспадарку. Так яны апынуліся ў Пайскрэтшаме (ням. Peiskretscham), цяпер — Пыскавіцэ, (польск. Pyskowice), горад у Сілезіі на поўдні Польшчы. У Пайскрэтшаме мужчыны працавалі на бурачных палях, а бабуля шыла. Паколькі яна рабіла гэта вельмі добра, сям’я харчавалася даволі нядрэнна. Калі іх вызвалялі амерыканцы і англічане (па іншых дадзеных — рускія) восенню 1944 года, межы былі адчынены і яны маглі застацца ў Германіі, выехаць у Польшчу, Англію, Канаду, США ці вярнуцца. Многія заставаліся, бо разумелі, што вяртацца няма куды, але ўсе Якавіцкія, акрамя брата бабулі, паехалі дамоў, каб знайсці Зосю. І Пан Бог так распарадзіўся, што яны вярнуліся дамоў у нядзелю, у дзень Панскі, і амаль адразу яе знайшлі. Яна ўвесь час тулялася па чужых кутах, бо ў родным доме пасяліліся мясцовыя жыхары. Яна выжыла, давяраючы Богу і любячы Яго, як і бабуля Эмілія, усім сэрцам і душою. Яна вельмі жадала быць у Троіцкім касцёле, а калі касцёл зачынялі, клалася тварам на зямлю перад дзвярыма і падоўгу малілася. Не было такой моцы, якая магла б адарваць яе ад Бога. Так было і ў пасляваенныя часы да самага канца яе жыцця. Да «перабудовы» рэпатрыянтам («остарбайтэрам») не плацілі ніякіх кампенсацый за іх працу і маральную шкоду, нанесеную ў гады вайны. У 1953 г. Савецкі Саюз адмовіўся ад рэпарацыйных прэтэнзій да ГДР, і мая бабуля «не ўпісвалася» ў афіцыйную памяць пра вайну: тады не лічыліся ні з вязнямі фашызму, ні з ветэранамі [10]. Усе былі проста рады, што засталіся жывымі, што ацалелі дом у Гліншчыне і Троіцкі касцёл у Дунілавічах. Заставалася толькі шчыра дзякаваць Богу за ўсе гэтыя дары. Але радасць была нядоўгаю. Пасля заканчэння вайны савецкая ўлада пачала праводзіць масавую калектывізацыю і антырэлігійную кампанію. Усіх сілаю заганялі ў калгасы. Не пазбегла гэтага і сям’я маёй бабулі. Спачатку ў іх забралі каня, карову, дробную жывёлу, а потым аднялі амаль усю зямлю і ўсю маёмасць, але найбольшы боль сям’я перажывала з-за таго, што саветы апаганілі, абрабавалі і зачынілі Троіцкі касцёл, перарабіўшы будынак у склад угнаенняў, а ў 1948 г. арыштавалі а. Кардэля. Пасля таго як святыню зачынілі, яе неаднойчы намагаліся зруйнаваць, але, дзякуй Богу, не змаглі. Сапёры адмаўляліся падрываць касцёл... Касцёл вярнулі католікам толькі ў 1989 г. у аварыйным стане, але дзякуючы арганізатарскім здольнасцям і вялікай працавітасці пробашча Крыштафа Пажарскага і вернікаў да канца 1992 г. святыня была адбудаваная. У апошнія гады намаганнямі пробашча Паўла Самсонава адноўлена ўнутранае ўбранне касцёла і адрэстаўраваны цудадзейны абраз Маці Божай Ларэтанскай у цэнтральным алтары. Святыня з’яўляецца помнікам архітэктуры XVIII ст., гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі. Пабудаваны па тыпу трохнававай базылікі, касцёл нагадвае вялізную белую птушку, што апусцілася на зямлю, каб адпачнуць, і гатовая ў любы момант узняцца ў нябёсы. Пры даволі значных памерах будынак здаецца незвычайна лёгкім і нават вытанчаным. У ім прыгожае і ўнутранае убранне. Скляпенні цэнтральнай і бакавых частак распісаны раслінным арнаментам і картушамі, калоны і сцены завершаны пілястрамі. Гэта адзіная ў Беларусі святыня, у якой усталяваны ўнікальны галоўны алтар — з двума ярусамі (ларэтанскі), які сімвалізуе дом Найсвяцейшай Панны Марыі. Алтар складаецца з дзвюх частак: пярэдняй — для веруючых, і дома-алтара — ззаду. Вернікі звяртаюцца да Маці Божай Ларэтанскай для вырашэння складаных жыццёвых сітуацый, а таксама для абароны пілотаў і тых, хто падарожнічае ў паветры, і ёсць шмат сведчанняў такога заступніцтва. У цяжкія моманты пасляваеннай гісторыі абраз быў схаваны ў мясцовых жыхароў, што і ўратавала яго ад знішчэння [3, 11].
Мая бабуля Эмілія беражліва адносілася і да шматвяковых звычаяў і да рэлігійных традыцый. Памятаю, як у Светлую Нядзелю бабуля раніцаю будзіла мяне, мы хуценька ўмываліся вадою з умывальніка, у якім ляжала фарбаванае велікоднае яйка, і хутка беглі праз дарогу ў сад сустракаць усход сонца, і, гледзячы на сонца, бабуля з натхненнем тлумачыла: «Гэтак сонцайка радуецца ўваскросламу Хрысту!» Ва ўрачыстасць Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі яна з раніцы нагадвала пра неабходнасць асаблівага святкавання: «У гэты дзень птушка гнязда не ўе, дзяўчына косы не пляце». Не было ніводнага дня, калі яна забылася б пра Бога, прапусціла б малітву, не суправаджала б яе спевамі. Шмат малітваў і спеваў яна ведала на памяць, чытала таксама польскія малітоўнікі, вельмі любіла Ружанец, які неаднойчы ратаваў яе ад смерці. Менавіта бабуля навучыла мяне маліцца і прывяла да Бога. Для Яго і малітвы яна заўсёды і ўсюды знаходзіла месца і час. На ўсю ваколіцу бабуля Эмілія славілася сваім прыгожым голасам. Яе запрашалі спяваць на вяселлях, на провадах у армію, на адпяванне нябожчыкаў. У тыя часы святароў не было. Хавалі нябожчыкаў на трэці дзень, таму адпяваць даводзілася доўга: спачатку ў доме памерлага, потым па дарозе да могілак і на могілках у любое надвор’е. Жыхарка Гліншчыны 95-гадовая Ванда Сеганкевіч расказвала, як мая бабуля яе, 15-гадовую дзяўчынку з беднай сям’і, дачку інваліда, вучыла спяваць, а калі навучыла, то пачала браць з сабою служыць людзям... Соф’я Ігнацьеўна Мышко, былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры, успамінае і цяпер, як добра бабуля шыла, і асабліва ўзгадвае прыгожую сукенку на свой школьны выпускны. Да апошняга ўспамінала бабулю і даўгавечніца Гліншчыны Лідзія Шыдлоўская, якая памерла ў 2019 годзе на 96-м годзе жыцця. Бабуля вылучалася таксама неверагоднай гасціннасцю, бо прымаўка кажа: «Госць у дом — Бог у дом». І людзі йшлі да яе. Як паводле словаў Езуса Хрыста: «Бо, дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх» (Мц 18, 20), жыхары вёскі збіраліся ў нас на малітвы, спявалі касцёльныя песні, калядавалі. У холад і голад прыходзілі ў бабулін дом сагрэцца і паесці. Асабліва запомніліся мне словы Манькі Ластоўскай: «У нас у хаце зімненька, хоць у вас можна адагрэцца». Прыязджалі блізкія і далёкія сваякі, сябры і проста знаёмыя. Спыняліся ў нас і тыя, хто даўно з’ехаў з вёскі, а госці прыязджалі і на некалькі тыдняў, бывалі і цэлымі сем’ямі. Шчодра прыняць усіх, а потым і адправіць з гасцінцамі было правілам і для бабулі, а пазней і для маіх бацькоў Тадэвуша Казіміравіча і Эдуарды Іванаўны.
Бабулю Эмілію людзі ведалі як мудрую жанчыну і як тую, хто дапаможа вылечыць хваробу. Да яе часта прыходзілі па параду ў розных сітуацыях, часцей жанчыны і дзяўчаты. У бабулі было шмат малітоўнікаў і кніжак на польскай мове. Яна цярпліва выслухоўвала таго, хто да яе прыходзіў, потым даставала адну з кніжак і прапаноўвала раскрыць. Думаю, гэта быў Псалтыр. Бабуля ўголас чытала выбраны ўрывак і тлумачыла яго ў кантэксце сітуацыі. Людзі дзякавалі ёй, хто адразу, хто пасля, і казалі, што ўсё так і ёсць ці што так і адбылося. Гэта было духоўнае лячэнне. Лячыла яна яшчэ і зёлкамі: рожыстыя захворванні вылечвала нават тады, калі медыцына была бяссільнай. Лідзія Філіпаўна Свірковіч, былы завуч школы ў Дунілавічах, успамінае таксама моцны, валявы характар маёй бабулі. У савецкі час выехаць за мяжу з СССР было складана, таму большасць грамадзянаў ніколі не бывала за мяжой [17], але бабуля Эмілія, ужо як пенсіянерка, дабілася дазволу паехаць у Польшчу. «Гэта толькі дзякуючы Божай дапамозе», — так лічыла бабуля. Там яна не толькі наведвала сваякоў і блізкіх, але і знаёмілася з каталіцкай краінай, у якой можна было свабодна вызнаваць сваю веру, хадзіць у касцёл на Імшу і прымаць святую Камунію. Уразіла яе і тое, што зямля знаходзілася ў прыватнай маёмасці людзей, не было калгасаў і дэфіцыту тавараў. Радасць і ўдзячнасць Богу за гэтыя падарожжы перадаваліся і нам, хатнім, бо для бабулі гэта былі незабыўныя паездкі, напоўненыя малітвамі ў святынях і сустрэчамі з жывым Езусам Хрыстом і блізкімі на яе гістарычнай Радзіме. Бліжэйшымі яе сяброўкамі былі полька Анэля, якая пазней з’ехала ў Польшчу, татарка Азымка і габрэйка Жанна, якія жылі ў Дунілавічах. Бабуля была добразычліваю, але строгаю і ніколі не дазваляла сабе наракаць на жыццё, хоць прычынаў для гэтага хапала: ранняя смерць мужа, майго дзядулі Казіміра; прапажа старэйшай сястры Зоф’і, якая пайшла ў лес па чарніцы і якую не знайшлі ні родныя, ні міліцыя; праблемы са здароўем і цяжкасці ў сямейным жыцці. У цяжкія моманты яна садзілася каля акна і, гледзячы на дарогу, доўга малілася і спявала рэлігійныя песні, але слёз я не бачыла... Бабуля чакала, пакуль закончыцца мая вучоба ў інстытуце і я знайду працу і жыллё, каб забраць яе да сябе, але яна адышла крыху раней. І ўсё ж Пан Бог даў мне магчымасць быць з ёю апошнія дні і гадзіны яе зямнога жыцця, правесці яе ў апошні шлях, шлях да Бога, і ўсё гэта адбылося менавіта тады, калі я на кароткі час прыехала ў вёску. Гэта таксама для мяне быў дар, бо я вучылася далёка ад радзімы, у Ленінградзе. 29 студзеня 1985 г. бабуля заспявала малітву «Анёл Панскі…» сваім прыгожым голасам і адышла да Пана... Але я не толькі веру, а і ведаю, што яна заўсёды са мною, што наша з ёю духоўная сувязь непадуладная ні часу, ні прасторы…
Выкарыстаныя крыніцы
|
|
|