Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(99)/2022
Інтэрв’ю Касцёла
Размова Францішка ДУБРАЎСКАГА з біскупам Віцебскім Алегам БУТКЕВІЧАМ
У ВЕРНАСЦІ ЯГОНАЙ ВОЛІ
In memoriam
Крыстына ЛЯЛЬКО
«СПАДЗЯЮСЯ НА СВЯТЛО…»
Ала (Альбіна) СЯМЁНАВА
SURSUM CORDA!
Краязнаўства
Паэзія
Постаці
Нашы святыні
Паэзія

ПАВОДКА

ВЕРШЫ
Прэзентацыя
Успаміны

ЯЕ РАТАВАЛА ВЕРА...
Каталіцкія місіі
Спадчына
Інтэрв’ю

БЕЛАРУСКІЯ БУКВАРЫ ФАРМІРУЮЦЬ СВЯДОМАСЦЬ
Асобы
Мастацтва

Алег ПЯТРОВІЧ

ШЛЯХЦІЦ ІВАН ТАРНАВА-БАРЫЧЭЎСКІ

Да 210-годдзя з дня нараджэння

Герб «Тарнава» з радаводу Барычэўскіх.

Асоба Івана Пятровіча Тарнавы-Барычэўскага настолькі незвычайная, што ў мностве энцыклапедычных выданняў, разнастайных біяграфічных і профільна-тэматычных навуковых даследаванняў і па наш дзень няма ацэнкі гэтай вельмі неардынарнай, таленавітай асобы. Каб сабраць і прааналізаваць усе вельмі разрозненыя звесткі пра яго разнастайную дзейнасць, трэба правесці асобныя вялікія даследаванні.

Звесткі пра Тарнаву-Барычэўскага ёсць ва ўсіх поўных энцыклапедычных выданнях Расійскай імперыі. Вось Энцыклапедыя Бракгаўза і Эфрона, выдадзеная ў 1891 г., сцісла паведамляе: «Боричевский (Иван Петрович), собственно Тарнава-Боричевский — археолог и историк Литвы; родом малороссиянин; происходил из духовного звания, служил в министерстве путей сообщения…»1.

Гэта вядомая энцыклапедыя надае ўвагу гістарычнай і археалагічнай дзейнасці Тарнавы-Барычэўскага, кажа толькі пару словаў аб службе, а яго паходжанне беспадстаўна абвяшчае паняццем «малороссиянин» — украінец.

Звесткі пра Тарнаву-Барычэўскага ў Энцыклапедычным слоўніку Бракгауза і Эфрона з’яўляюцца па сутнасці перадрукоўкай больш ранняга 16-томнага «Русского энциклопедического словаря» 1873–1879 гадоў пад рэдакцыяй вядомага ўсходазнаўцы прафесара Бярэзіна Іллі Мікалаевіча. Гэта выданне было, магчыма, першым з завершаных маштабных энцыклапедычных праектаў у Расійскай імперыі.

Невядома, ці былі знаёмыя рэдактар энцыклапедыі І. М. Бярэзін і І. П. Тарнава-Барычэўскі, але абодва служылі ў Санкт-Пецярбургу чыноўнікамі высокага рангу, друкавалі свае навуковыя працы ў адных і тых жа часопісах, супрацоўнічалі з Императорским Русским археологическим обществом.

Энцыклапедычны слоўнік І. М. Бярэзіна змяшчае інфармацыю пра Тарнаву-Барычэўскага ў чацвёртым томе, надрукаваным у 1874 г., яшчэ пры жыцці Івана Пятровіча2. Магчыма, прафесара Бярэзіна мала цікавіла біяграфія і чыноўніцкая кар’ера Тарнавы-Барычэўскага — ён надаваў больш увагі яго навуковым і літаратурным дасягненням, а можа, проста лічылася дастатковым паведаміць, што І. Тарнава-Барычэўскі паходзіць з «нацменов» (нацыянальных меншасцяў) імперыі і не істотна, з якіх. Верагодна, што якраз тады з «Русского энциклопедического словаря» і пайшла памылка аб «малороссийском» паходжанні Тарнавы-Барычэўскага.

Больш змястоўна пра біяграфічныя факты Тарнавы-Барычэўскага гаворыцца ў «Рускім біяграфічным слоўніку», які выдаваўся Санкт-Пецярбургскім Імператарскім рускім гістарычным таварыствам пад рэдакцыяй А. А. Полаўцава. Гэты 25-томны слоўнік лічыцца адной з самых аўтарытэтных рускіх біяграфічных крыніцаў канца XIX — пачатку XX ст. Цікава, што ў двух розных тамах, 4-м і 20-м, выдання Рускага біяграфічнага слоўніка 1908 г. і затым 1912 г. матэрыял па дзейнасці і творчай спадчыне Тарнавы-Барычэўскага не проста перапісваецца, як гэта часта бывае, а істотна перапрацоўваецца і шмат дзе дапаўняецца з рознымі акцэнтамі3,4.

Нямала звестак пра Івана Тарнаву-Барычэўскага і ў 6-томным выданні 1886–1904 гадоў «Критико-биографического словаря русских писателей и ученых» С. А. Вянгерава5. Гэты слоўнік лічыцца адным з найбуйнейшых і аўтарытэтнейшых у Расійскай імперыіі і поўнасцю апраўдвае свой амбіцыйны падзагаловак: «От начала русской образованности до наших дней». Цікава, што артыкул пра Тарнаву-Барычэўскага напісаны ў ім не па звыклым стылі даведнікаў, а вельмі не фармальна, нават кранаюча нераўнадушна, з жывымі рысамі асобы. Хутчэй за ўсё, гэта тлумачыцца як асабістым талентам, так і біяграфіяй складальніка слоўніка, вядомага літаратурнага крытыка і бібліёграфа Сямёна Афанасьевіча Вянгерава. Па ўсёй верагоднасці, малады служачы кіраўніцтва Лібава-Роменскай чыгункі 80-х гадоў ХІХ стагоддзя С. А. Вянгераў не мог не ведаць пра члена рады Міністэрства пуцей зносінаў, былога дырэктара канцылярыі гэтага міністэрства, актыўнага распрацоўшчыка і рэалізатара рэформаў на Расійскай чыгунцы, тайнага саветніка Івана Пятровіча Тарнаву-Барычэўскага.

Як бібліёграф і зямляк, Вянгераў не мог не звярнуць увагі на тое, што яго старэйшы па ўзросце і службоваму рангу калега адначасова быў і вядомым літаратарам, гісторыкам, фалькларыстам, які шмат напісаў пра блізкі яму край — Беларусь. Сямён Вянгераў вырас у Мінску. Бацька яго быў служачым і ўладальнікам дамоў у Мінску, а маці была родам з Бабруйска, з сям’і «потомственных почётных граждан города».

У сучасных публікацыях, прысвечаных І. Тарнаву-Барычэўскаму, звесткі бяруцца ў большасці з названых вышэй энцыклапедычных артыкулаў, але ёсць і новыя даследаванні: у эцыклапедычным даведніку 2016 года Г. Шчаглова «Знакамітыя выпускнікі Мінскай духоўнай семінарыі», акрамя біяграфіі І. П. Тарнавы-Барычэўскага, даюцца цікавыя звесткі аб побыце, а галоўнае, аб асаблівасцях адукацыі, якую разам з іншымі семенарыстамі змог набыць Тарнава-Барычэўскі6, факт яго шляхетнасці, у адрозненне ад біяграфій многіх іншых семінарыстаў, у даведніку не згадваецца.

Гісторык Валерый Пазднякоў у сваім артыкуле7 таго ж года, спрабуе даць адказ на пытанне паходжання Тарнавы-Барычэўскага: ён заглядае ў другі том «Гербоўніка беларускай шляхты»8 (выдаецца Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі), знаходзіць там звесткі пра шляхетны род Барычэўскіх гербу «Тарнава» і… не знаходзіць імя І. П. Тарнавы-Барычэўскага.

Але ці сапраўды ўсё так трывіяльна — няма, значыць і няма? Хутчэй гэта проста яшчэ адзін доказ таго, што вырашаць «наскокам» важныя пытанні малаперспектыўна.

Досыць глыбока тэму паходжання і творчасці Івана Тарнавы-Барычэўскага распрацоўвае беларускі літаратуразнаўца Аляксандр Вашчанка ў працы9, прысвечанай 200-годдзю нараджэння вучонага. Ён пераклаў на беларускую мову асобныя літаратурныя творы пісьменніка, разгледзеў сувязь яго творчасці з беларускім Краем, правёў генеалагічныя даследаванні ў НГАБ, дзе па метрычным запісе ў царкве Барысава дакладна вызначыў дату нараджэння Івана Тарнавы-Барычэўскага 1 лістапада 1810 г. (па старым юліанскім календары гэта 19 кастрычніка) і знайшоў дакумент з агульнай спасылкай на дваранскае паходжанне яго бацькі — протаіерэя Пятра Барычэўскага (НГАБ, ф. 136, воп. 13, спр. 63, л. 6 і ф. 136, воп. 1, спр. 5636). Але далейшыя генеалагічныя пошукі А. Вашчанкі, як і В. Пазднякова, упіраюцца ў адсутнасць звестак пра Івана Тарнаву-Барычэўскага ў «Гербоўніку беларускай шляхты».

Тым не менш, паглядзім, ці ёсць што непасрэдна аб І. П. Тарнаве-Барычэўскім і яго радні ў самой першакрыніцы, а гэта аж на 500 лістоў вывадовая дваранскай справы старажытнага шляхетнага роду Барычэўскіх герба «Тарнава» з Пінскага павету (НГАБ, ф. 139, воп. 2, спр. 245).

У дваранскай справе Барычэўскіх, на лістах 14–15, знаходзіцца «Копія вывадовага дэкрэта з кніг вывадовых дэпутацыі Мінскай губерні. Адбывалася на сесіі вывадовой дэпутацыі ў Мінску. Вывад прозвішча высокародных Барычэўскіх гербу „Тарнава“ 25.01.1819 г.».

Дакумент цікавы не толькі тым, што мае ўсю інфармацыю аб паходжанні І. П. Тарнавы-Барычэўскага і яго сям’і, але і тым, што ён выразна паказвае складаную карціну ўзаемадносін шляхты з уладамі Расійскай імперыі пасля падзелу Рэчы Паспалітай.

У дэкрэце разглядаецца зварот протаіерэя Барысаўскага дэканата «грэка-рускай» царквы Пятра Самуілавіча Барычэўскага, бацькі Івана Тарнавы-Барычэўскага, да дваранскай вывадовай камісіі Мінскай губерні па «разборы шляхты».

 
Фрагмент радавога дрэва
Барычэўскіх 1802 г.
ад пратапласта Максіма.
Фрагмент дадатку
радавога дрэва
святарамі Барычэўскімі ў 1819 г.

Вывад 1802 г. роду Барычэўскіх герба «Тарнава» даецца ад шасці родных між сабой шляхціцаў з ваколіцы Барычавічы ў Пінскім павеце/княстве па дакуменце 1582 г.: Пацея, Сымона, Максіма, Барыса, Яцака, Федкі.

У вывадовым дэкрэце 1819 года паказана, што святары Барычэўскія паходзяць ад трэцяга з пратапластоў роду Барычэўскіх, ад Максіма: «…у тым пакаленні (7-м калене) павінен змяшчацца дзед просьбіта (протаіерэя Пятра) , 3-і сын Яна Марцінавіча, народжаны Андрэй…».

На фрагменце радавога дрэва, якое пададзена ад Яўхіма Максімавіча і пачынаецца са спасылкі на дакумент 1582 г., прыведзены знізу ўверх калены: 1 — Максім (пратапласт); 2 — Яўхім; 3 — Эйсман; 4 — Філон; 5 — Марцін; 6 — Ян і Раман Марцінавічы; 7 — Мікалай і Лаўренці Янавічы. У гэтай схеме радаводу 1802 г. прапушчаны ў 7-м калене трэці сын, Андрэй Янавіч, які і з’яўляецца прадзедам І. П. Тарнавы-Барычэўскага.

Да дэкрэту 1819 года вывадовай камісіі дадаецца генеалагічная схема роду святароў-шляхціцаў Барычэўскіх (НГАБ, ф. 139, воп. 1, спр. 1157, л. 10). Яна пачынаецца з Андрэя Янавіча і прадстаўлена на фрагменце радаводу святароў-шляхціцаў Барычэўскіх. Гэты дадатак да радаводу Барычэўскіх з галіны 3-га пратапласту Максіма пачынаецца з 8-га калена: 8 — Самуіл Андрэевіч; 9 — Пётр, дэкан барысаўскі, і Ян, дэпутат слуцкіх спраў духоўных, Самуілавічы; 10 — Андрэй, Ян, Мікалай і Ёзэф Пятровічы, а таксама Андрэй і Стэфан Янавічы.

Такім чынам, І. П. Тарнава-Барычэўскі — прадстаўнік свайго роду Барычэўскіх з Пінскага павету ўжо ў 10-м калене (з XVI ст.), а ў целым звесткі аб баярах з аколіцы Барычавічы ў Пінскім княстве датаваныя XV ст.

Характэрна, што прашэнне ў дваранскую вывадоваю камісію протаіерэй «грэка-рускай» царквы падае па-польску, а імя свайго другога сына, будучага вучонага І. П. Тарнавы-Барычэўскага, запісвае ў беларуска-польскім варыянце — Ян.

Барысаўскі протаіерэй Пётр Самуілавіч так патлумачыў, чаму ён і яго сям’я, не былі паказаны ў радаводзе 1802 г. разам з іншымі Барычэўскімі: «У выніку ўдалення ў маладосці з ваколіцы Барычавічы Андрэя Янавіча Барычэўскага, свайго дзеда, і нябытнасці ў той час у яго самога звестак пра яго нашчадкаў, ён не згадваўся ў паказаны вышэй тэрмін у вывадзе разам з прасіцелем Пятром і яго братам Янам Самуілавічам, таксама як і іх дзед Андрэй, які народжаны ад Яна Марцінавіча».

Досыць звычайная сітуацыя, калі шляхціцы, якія аддаляюцца ад радавога маёнка, затым губляюць сувязь са сваім родам, а потым аднавіць яе, як гэта здолелі святары Барычэўскія, не атрымоўваецца: «…сын Яна Марцінавіча, высокародны Андрэй <...>, на некалькі гадоў выдаліўся ад вогнішча сваіх продкаў і крэўных. Ён затрымаўся ў чужых мясцінах, не паведамляў пра сябе сваёй фаміліі, ад чаго яго нашчадкі тым больш страцілі ў памяці пачатак свайго паходжання…».

У якасці доказу сваёй прыналежнасці да шляхетнага роду Барычэўскіх протаіерэй Пётр «…узяў 5.10.1817 г. ад сваёй фаміліі (прадстаўнікоў роду) сведчанне пра адзінства і блізкае сваяцтва пад 11-цю подпісамі таго ж года і 6-га дня (гэта сведчанне юрыдычна) прызнана ў актах Пінскага земскага суда».

Таксама святары Барычэўскія знаходзяць судовыя акты аб тым, што іх продкі валодалі часткай шляхетнага маёнтка, які прадалі родзічам (акт продажу быў аформлены 06.10.1817 г. у Пінскім земскім судзе).

Пётр і Ян Барычэўскія і не здагадваліся, што даказваць у Расійскай імперыі, хто ёсць Барычэўскія, ім, іх дзецям і ўнукам прыйдзецца ўсё свае жыцце.

Святары Барычэўскія паспяхова пацвярджаюць свае шляхетныя правы і атрымоўваюць на тое патэнт ад вывадовай камісіі.

Дваранская вывадовая камісія спасылаецца на правы Канстытуцыі 1576 года. Гэта год, калі каралём і вялікім князем Польшчы і Літвы быў абраны Стэфан Баторый — энергічны і таленавіты палітык і военачальнік. Адразу ў 1576 г. С. Баторый сваім першым прывілеем адмяняе ўсе пастановы Люблінскага сойма 1569 г., якія накладвалі абмежаванні на дзеянне Статута ВКЛ 1566 г. Далей, у 1578 г., на Варшаўскім вальным сойме были прыняты папраўкі ў Статут ВКЛ 1566 г., якія ўзмацнялі пазіцыі ВКЛ у польска-літоўскай канфедэрацыі і практычна давалі самастойнасць княству ў сваёй унутранай палітыцы. Вывадовая камісія таксама абапіраецца на дакумент маскоўскага цара Фёдара Аляксеевіча, якім у 1682 г. была праведзена радыкальная саслоўная рэформа: скасавана месніцтва (прызначэнне на пасады ў залежнасці ад радавітасці), спалены разрадныя кнігі і ўведзены радаводныя кнігі — пакаленныя запісы шляхетных родаў. Пэўна, у дэкрэце вывадовай камісіі гаворка ідзе менавіта аб стварэнні радаводных кніг шляхты ВКЛ.

Астатнія прававыя дакументы, у дэкрэце па святарах-шляхціцах Барычэўскіх, адносяцца да часоў падзелаў Рэчы Паспалітай і пэўных гарантыях расійскіх уладаў аб захаванні правоў шляхты, але бюракратычны наступ на гэтыя правы ўжо пачаўся…

Ад гістарычных звестак аб паходжанні Барычэўскіх з герба «Тарнава» з Пінскага павета ВКЛ вернемся да навуковай і літаратурнай спадчыны Івана Тарнавы-Барычэўскага.

Ужо 28-гадоваму літаратару і навукоўцу І. Тарнаву-Барычэўскаму, які пачаў друкавацца ў 1830-я гг., а ў 1840 г. заявіў аб сабе ў літаратурных і навуковых колах Расійскай імперыі цікавай і актуальнай па сёння кнігай «Повести и предания народов славянского племени», выказваліся добрыя думкі знакамітым у Расіі літаратурным крытыкам В. Г. Бялінскім10.

Вельмі адметная тая кагорта, у якой вызначыўся і ўвайшоў у літаратуру Расійскай імперыі І. Тарнава-Барычэўскі ў 1840 годзе. Першым нумарам у літаратурным аглядзе В. Г. Бялінскага, безумоўна, стаіць выданне «Героя нашага часу» М. Ю. Лермантава. Там жа, на старонках «Айчынных запісак», Бялінскі падкрэслівае добры літаратурны старт і значны творчы патэнцыял Тарнавы-Барычэўскага. Гэты прагноз літаратурнага крытыка шмат у чым спраўдіўся: ужо ў 1844 г. выходзяць «Народные славянские рассказы», дзе Барычэўскі, адным з першых, звяртаецца да беларускіх паданняў і легендаў. Да літаратурнай і навуковай спадчыны Тарнавы-Барычэўскага звяртаўся нават Л. Талстой.

Цікава тое, што гісторыя сям’і І. Тарнавы-Барычэўскага, на здзіўленне, мае шмат падабенстваў з гісторыяй сям’і Ф. М. Дастаеўскага, а ўдзел тайнага саветніка І. Тарнавы-Барычэўскага ў рэфармаванні чыгункі Расійскай імперыі выклікае цікавасць гісторыкаў, але гэта тэма заслугоўвае асобнай гаворкі.

 

Аўтар выказвае ўдзячнасць вядомаму беларускаму гісторыку Анішчанку Яўгену Канстанцінавічу за дапамогу ў перакладзе архіўных дакументаў.


  1. Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона, т. IV, 1891 г. — С. 418.
  2. Русский энциклопедический словарь под ред. И. М. Березина, 1874 г., т. 4. — С. 172.
  3. Русский биографический словарь, Санкт-Петербург, т. 3, 1908 г. — С. 250–251.
  4. Русский биографический словарь, Санкт-Петербург, т. 20, 1912 г. — С. 311–313.
  5. Венгеров А. С. Критико-биографический словарь русских писателей и учёных, т. 5, 1879 г. — Санкт-Петербург. — С. 196–200.
  6. Щеглов Г. Знаменитые выпускники Минской духовной семинарии. — Жировичи, 2016 г. — С. 33–37.
  7. Пазднякоў В. Барычэўскі / Тарнава-Барычэўскі Іван Пятровіч. 2016 г. Электронная энцыклапедыя «Вялікае Княства Літоўскае» http://www.vkl.by/articles/2275.
  8. Гербоўнік беларускай шляхты, т. 2. — Мінск, 2007. — С. 208–213.
  9. Вашчанка А. Са спадчыны Івана Барычэўскага // Полымя. 2013. № 8. — С. 148–152.
  10. Белинский В. Г., Отечественные записки, т. Х, отд. VI Русская литература, С.-Петербург, 1840.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY