Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(99)/2022
Інтэрв’ю Касцёла
Размова Францішка ДУБРАЎСКАГА з біскупам Віцебскім Алегам БУТКЕВІЧАМ
У ВЕРНАСЦІ ЯГОНАЙ ВОЛІ
In memoriam
Крыстына ЛЯЛЬКО
«СПАДЗЯЮСЯ НА СВЯТЛО…»
Ала (Альбіна) СЯМЁНАВА
SURSUM CORDA!
Краязнаўства
Паэзія
Постаці
Нашы святыні
Паэзія

ПАВОДКА

ВЕРШЫ
Прэзентацыя
Успаміны

ЯЕ РАТАВАЛА ВЕРА...
Каталіцкія місіі
Спадчына
Інтэрв’ю

БЕЛАРУСКІЯ БУКВАРЫ ФАРМІРУЮЦЬ СВЯДОМАСЦЬ
Асобы
Мастацтва

Крыстына ЛЯЛЬКО

«СПАДЗЯЮСЯ НА СВЯТЛО…»

17 лютага на 84-м годзе жыцця адышла ў вечнасць вядомая пісьменніца, літаратурны крытык, сябра рэдкалегіі нашага часопіса Ала (Альбіна) Сямёнава…

У 2004 годзе ў сваёй кніжачцы «Таямніцы пакутны колер», якая выйшла ў серыі «Бібліятэка часопіса „Наша вера“» (была калісьці такая!), Альбіна Іванаўна напісала: «І на пачатку трэцяга тысячагоддзя, у складаных абставінах рэчаіснасці, падводзячы вынікі духоўнага досведу, шукаючы новыя крыніцы жыццёвай энергіі, шукаючы сэнсу Быцця, важна спрычыніцца да Найвышэйшай Рэальнасці, да Пераможнага Жыцця ў розных яго выяўленнях. Чытаючы Святое Пісанне, звяртаючыся да спадчыны Святых Айцоў, да працаў тэолагаў і філосафаў, раскрыўшы кнігу Яна Паўла ІІ „Пераступіць парог надзеі“. І — у любых абставінах — адчуць атмасферу надзеі, што натхняе тых, хто спадзяецца здабыць вопыт Прамоўленага і Невымоўнага, згадаць пра меру Вялікага, Існага, па-за мітуслівай марнасцю прасвятліць свядомасць…

І — згадаць наноў, што хрысціянства — рэлігія збаўлення, што толькі паяднанасць з Езусам дапамагае далучыцца да Боскага жыцця.

І — ва ўсіх турботах згадаць: „Post tenebras spero lucem“ — „Спадзяюся на святло пасля цемры“».

Ала ўмела жыць «па-за мітуслівай марнасцю» гэтага свету, умела «ўцякаць» ад штодзённай мітусні, берагчы высокае і недатыкальнае ў сваёй душы. Яна вельмі любіла лаціну, любіла ў сваіх інтэлектуальных эсэ шмат цытаваць старажытных філосафаў і мысляроў. Здаецца, што яе душа і яе думка заўсёды былі настроеныя на глыбіннае, прыгожае і высокае. У яе было тонкае адчуванне не толькі слова, але і музыкі, і мастацтва. За сваё жыццё ў літаратуры яна паспела заўважыць і падтрымаць шмат беларускіх творцаў, пра што сведчаць яе светлыя, прыгожыя кнігі: «Гарачы след таленту» і «Слова сапраўднага лад». І сама яна пісала не толькі цікавую эсэістыку, але і гэтакую ж цікавую, глыбокую прозу, якая яшчэ, на жаль, па-сапраўднаму не прачытана і не ацэнена не толькі беларускаю крытыкаю, але й намі, чытачамі, таксама… Квартальнік «Наша вера», наша рэдкалегія вельмі ўдзячныя спадарыні Альбіне за яе духоўную падтрымку, за яе таленавітыя публікацыі на старонках часопіса, асабліва на самым пачатку яго станаўлення, калі для нас было так важна сцвердзіць сябе, заваяваць свайго чытача і свой аўтарытэт. Ала заўсёды адгукалася на ўсе просьбы і патрэбы выдання. Была спагадным, добрым і мудрым дарадцам, а перадусім — таленавітым аўтарам… На жаль, апошняе дзесяцігоддзе свайго жыцця яна аддалілася ад выдання і, здаецца, увогуле ад свету, засяродзіўшыся на сваёй душы і на пісанні сваёй інтэлектуальна-спавядальнай прозы… І таму тэлефонны званок ад яе акурат напярэдадні Божага Нараджэння быў для мяне не толькі прыемнаю неспадзяванкаю, але і сапраўдным калядным падарункам. Альбіна Іванаўна патэлефанавала, каб падзяліцца вялікаю радасцю: яна даведалася, што папа Францішак зацвердзіў дэкрэт аб гераічнасці цнотаў ацалелай падчас Другой сусветнай вайны назарэтанкі з Наваградка — сястры Малгажаты Банась, а гэта азначае, што неўзабаве сястра Малгажата можа быць беатыфікаваная, гэтак, як 11 сясцёр мучаніцаў, расстраляных фашыстамі…

Наваградскі фарны касцёл Перамянення Пана.

Каб зразумець гэтую вялікую Аліну радасць, трэба ведаць, якую ролю ў яе жыцці адыграла сястра Малгажата… Я не магу прыгадаць ніводнай сустрэчы з Алаю, каб яна ў размове не згадала пра сястру Малгажату, бо гэта было яе шчаслівае маленства пасля вяртання сям’і ў 1994 г. з Камчацкай вобласці ў родны Наваградак. Там, у засені наваградскай фары, пад духоўнаю апекаю сястры Малгажаты фармавалася асоба будучай пісьменніцы; там крышталізавалася яе самасвядомасць, яе хрысціянская каталіцкая ідэнтычнасць… Ала не толькі заўсёды ахвотна пра гэта апавядала, яна пра гэта ўдзячна і таленавіта напісала ў сваіх творах: варта ўспомніць хоць бы яе кнігу «Святло загадкі»…

Падчас тае нашай, па сутнасці апошняй, размовы Ала зноў прыгадала родны Наваградак, сястру Малгажату, зноў і зноў вяртаючыся да радаснай навіны пра яе хуткую беатыфікацыю… Я прапанавала Альбіне Іванаўне падзяліцца гэтаю радасцю з чытачамі нашага часопіса. Яна тады паабяцала падумаць, а праз нейкі час патэлефанавала, каб сказаць, што артыкул гатовы… На жаль, яго публікацыі яна не дачакалася.

Мы друкуем яго з удзячнасцю ёй і з упэўненасцю, што яе светлая душа парадуецца публікацыі ў вечнасці…

Крыстына Лялько


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY