Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(103)/2023
Спадчына
РАЗУМНАЕ СЭРЦА. РАЗВАЖАННІ НАД АСНОВАМІ ПРАВА
Прамова Святога Айца Бэнэдыкта ХVI у нямецкім Бундэстагу 22 верасня 2011 г.

Прэзентацыя
Ксёндз канонік Дзмітрый ПУХАЛЬСКІ
«ЗБАЎЛЕННЕ ДУШАЎ — НАЙВЫШЭЙШАЕ ПРАВА КАСЦЁЛА»
Ксёндз прафесар Рамуальдас ЗДАНІС
ВАЖНАЯ ПАДЗЕЯ
In memoriam
Гутарка Яўгеніі НАЙДОВІЧ з ксяндзом канонікам Дзмітрыем БАРЫЛАМ
«Я БЫЎ ШЧАСЛІВЫ…»
Ad fontes
Постаці

АПОСТАЛ УНІІ
Нашы святыні
Пераклады

СМЕРЦЬ КАІНА

ВЕЛІКОДНАЯ ПРЫПАВЕСЦЬ ПРА ДРЭВА КРЫЖА Ў ТВОРЧАЙ СПАДЧЫНЕ ЮЛЬЯНА ЭЙСМАНДА
З нагоды юбілею
На кніжнай паліцы

ВЕРШЫ
Успаміны

ЖЫВІЦА АНАТОЛЯ ІВЕРСА
Мастацтва

ГАЛОЎНАЕ — БЫЦЬ ШЧЫРЫМ

Ірына БАГДАНОВІЧ

ВЕЛІКОДНАЯ ПРЫПАВЕСЦЬ
ПРА ДРЭВА КРЫЖА Ў ТВОРЧАЙ
СПАДЧЫНЕ ЮЛЬЯНА ЭЙСМАНДА

Імя польскага паэта Юльяна Эйсманда (26.02.1892–29.06.1930) мала вядомае беларускаму чытачу. Ды і ў кантэксце польскай гісторыі літаратуры яно згадваецца далёка не ў кожным грунтоўным даследаванні, бо фігура гэтага літаратара бачыцца ў прыглушаным святле на фоне такіх яго слынных сучаснікаў, як Баляслаў Лесмьян, Леапольд Стаф, Юльян Тувім, Казімеж Вяжыньскі, Антоні Сланімскі, Бруна Ясеньскі, Чэслаў Мілаш ды іншыя выбітныя польскія паэты канца ХІХ — першых дзесяцігоддзяў ХХ ст. — часу, вядомага ў еўрапейскай культуры як эпоха мадэрнізму. Тым не менш гэты пісьменнік цікавы як сваёй біяграфіяй, так і арыгінальнай творчай спадчынай, якая вартая ўвагі сённяшняга чытача.

Юльян Эйсманд нарадзіўся ў сям’і польскага мастака Францішка Тэадора Эйсманда. У 1912 г. паступіў на філасофскі факультэт Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве, аднак мусіў перапыніць вучобу і працягнуць яе далей ужо ў Варшаўскім універсітэце на аддзяленні польскай філалогіі. Ён удзельнік Першай сусветнай вайны, у далейшым прафесійны вайсковы, капітан Войска Польскага. Быў таксама адмысловым паляўнічым, пераняўшы любоў да гэтага старашляхецкага рыцарскага занятку ад свайго бацькі, які не толькі паляваў, але і адлюстраваў тэму палявання ў сваім жывапісе. На ўзор бацькі мастака адметную старонку біяграфіі Юльяна Эйсманда склалі паляўнічыя прыгоды, дасканалае веданне жыцця лесу, пушчы, што знайшло свой непаўторны адбітак у яго літаратурнай творчасці. З 1923 г. да канца жыцця ён рэдагаваў некалькі польскіх часопісаў паляўнічага кірунку. Лясная прырода, жыццё дрэваў, птушак, звяроў, непаўторныя гукі і фарбы нетраў Белавежскай пушчы — гэта ўсё складае найадметную тэматыку паэзіі і эсэістыкі Юльяна Эйсманда, што, несумненна, вылучала яго ў сучаснай яму літаратурнай плыні і выклікае прыхільную цікавасць наступных пакаленняў чытачоў.

На літаратурнай ніве Юльян Эйсманд дэбютаваў у 1907 г, а ў 1909 г. у Варшаве пабачыў свет яго першы паэтычны зборнік «Wiersze», у якім ужо былі акрэсленыя далейшыя творчыя прыярытэты. Прынамсі адметным у кнізе стаў невялічкі цыкл «Z szeptów drzew» («З шэпту дрэваў»), які тэматычна лучыцца са створанымі пазней маляўнічымі празаічнымі абразкамі пад агульнай назвай «Żywoty drzew» («Жыццё дрэваў»), выдадзенымі асобнай кнігай у 1929 г. Прыкладна ў гэты ж час былі выдадзеныя адметныя кнігі яго эсэістычнай прозы «W puszczy» («У пушчы», 1927), «Moje przygody łowieckie» («Мае паляўнічыя прыгоды», 1929), якія прынеслі аўтару заслужанае прызнанне і славу. Кнігі «У пушчы» і «Жыццё дрэваў» былі перавыдадзеныя асобным выданнем з ілюстрацыямі ў 1977 г., іх унікальнасць і мастацкая вартасць не падлягае сумненню. Жанравая палітра Эйсманда даволі разнастайная: апрача адметных прыродаапісальных твораў і паляўнічых сюжэтаў, ён аўтар вершаў духоўнай тэматыкі, любоўнай лірыкі, баек, сатырычных вершаў, а таксама казак. Эйсманд уваходзіў у вядомую авангардную літаратурную групу «Skamander», звязаную з аднайменным варшаўскім часопісам; быў вядомы таксама як перакладчык з лацінскай мовы. Жыццё паэта трагічна абарвалася ў аўтамабільнай катастрофе, ён загінуў ва ўзросце 38-мі гадоў.

У перакладзе на беларускую мову два вершы Юльяна Эйсманда «Амёба» і «Зламанае крыло (Плач бусла)» можна знайсці ў грунтоўнай двухтомнай «Анталогіі польскай паэзіі ХХ стагоддзя» (Том 1; Мінск, 2003), якую рупліва ўклаў светлай памяці выдатны беларускі прафесар, паэт і перакладчык Алег Лойка, прадставіўшы творы ўсіх сабраных там аўтараў ва ўласных перакладах. Аднак гэтым знаёмства беларускага чытача з паэзіяй Юльяна Эйсманда, на жаль, вычэрпваецца.

Хочацца дапоўніць і пашырыць гэтае знаёмства, прапануючы пераклад вельмі цікавага сваім зместам і вобразамі верша «Legenda o drzewach» («Легенда пра дрэвы»), які не можа не звярнуць на сябе ўвагу сваім хрысціянскім сімвалізмам і тэматыкай, звязанай з уваскрасеннем Хрыста. У гэтым вершы Юльян Эйсманд на аснове старадаўняй легенды разважае над пытаннем, з якога ж дрэва быў зроблены крыж для Збаўцы свету? Паводле легенды, такім дрэвам была асіна, якая, зразумеўшы, для чаго яе хочуць выкарыстаць, пачала дрыжаць усёй лістотай ад жаху, і з таго часу дрыжыць безупынна. Яшчэ адна версія легенды даводзіць, што ўсе іншыя дрэвы схіліліся ў жалобе, калі Хрыстус памёр на крыжы, апрача асіны, якая за сваю ганарлівасць была пакараная заўсёдным дрыжаннем. Менавіта так з даўніх часоў успрымаецца асіна ў хрысціянскай сімволіцы (паводле кнігі Джорджа Фергюсона «Христианский символизм», 1998, с. 38).

Відавочна, Эйсманд быў добра абазнаны ў легендах падобнага кшталту, да таго ж ён быў выдатным знаўцам лесу-пушчы, услухоўваўся ў таямнічыя шэпты дрэваў, вельмі тонка ўнутраным зрокам адчуваў схаваныя сэнсы жыцця дрэваў. Яго кнігу «Жыццё дрэваў» завяршае прыгожы празаічны абразок «Legenda o osinie» («Легенда пра асіну»), у сюжэце якога апісваецца, як «злыя людзі» шукалі ў лесе дрэва, каб зрабіць крыж для Хрыста, як усе дрэвы — дуб, ліпа, сасна, вольха, бярозкі — адмаўляліся ад гэтага, як знайшлі для той нядобрай справы асіну, што расплацілася за свой учынак няспынным дрыжаннем. Такі ж самы змест мае і вершаваны твор Эйсманда пад назвай «Легенда пра дрэвы». Гэта абсалютна ідэнтычныя сюжэты, якія розняцца толькі назвамі і формамі — празаічнай і паэтычнай.

Відавочна, што Юльян Эйсманд быў добра знаёмы з творчасцю свайго славутага земляка, які ў 1905 г. атрымаў Нобелеўскую прэмію і быў ужо культавым пісьменнікам на той час, калі Эйсманд толькі ўваходзіў у літаратуру. Аднак, выкарыстаўшы ў якасці эпіграфа радкі з навелы Сянкевіча і распачаўшы свой твор падобным жа чынам, Эйсманд усім далейшым развіццём сюжэта фактычна палемізуе з ім, бо разгортвае сюжэт не ў бок маралізатарскага пакарання, але ў бок любові і міласэрнасці Божай! Менавіта такое сюжэтнае рашэнне робіць хрысціянскае вымярэнне твора Эйсманда нашмат глыбейшым і больш прывабным, чым гэта было ў яго папярэдніка, хоць, несумненна, менавіта прыпавесць Сянкевіча дала штуршок і стала крыніцай натхнення для Эйсманда пры стварэнні ім уласнай версіі гэтай легенды. Мастацкую каштоўнасць твору Эйсманда надае таксама вельмі ўдала выкарыстаны ім прыём паэтычнай анімацыі, адушаўлення, у выніку чаго ўсе вобразы дрэваў у вершы атрымаліся маляўнічымі жывымі істотамі са сваімі жыццёвымі прынцыпамі і пазіцыяй.

Празаічны абразок Юльяна Эйсманда «Легенда пра асіну», як ужо згадвалася, быў апублікаваны ў яго кнізе «Żywoty drzew» («Жыццё дрэваў») у 1929 г., перавыдадзенай у 1977 г. Наколькі гэты твор застаецца папулярным і прывабным для сучаснага каталіцкага чытача ў Польшчы, можна меркаваць па тым, што ён не так даўно быў перадрукаваны ў велікодным нумары часопіса «Parafialna Rodzina» («Парафіяльная сям’я», 2012, № 4) — месячніку парафіі Маці Божай Каралевы сем’яў у Бараўцы (Borówcu) з новым падзагалоўкам «Прыпавесць на Свята Змёртвыхпаўстання Пана». Верагодна, менавіта паводле свайго празаічнага абразка-прыпавесці аўтар стварыў пазнейшую вершаваную версію — «Легенду пра дрэвы», якая ўспрымаецца насамрэч як майстэрскі аўтапераклад, толькі не з мовы на мову, а з прозы на верш. Эпіграфа, які быў у празаічным абразку, у вершаваным тэксце няма.

Верш «Легенда пра дрэвы» быў апублікаваны ўжо пасля смерці аўтара, у канцы 1930 г., у рэлігійным выданні — найстарэйшым на той час каталіцкім часопісе ў Польшчы «Posłaniec Serca Jezusowego», які культываваў духоўнасць Апостальства Малітвы і рэдагаваўся айцамі езуітамі. Старонкі гэтага выдання з вершам цудоўным чынам трапілі да мяне, і я хачу выказаць вялікую ўдзячнасць спадарыні Тэрэсе Бітэль з Вішнева — стваральніцы і захавальніцы музея ксяндза Уладзіслава Чарняўскага і музея касцёла ў Вішневе. Менавіта яна даслала мне гэты верш, а потым і іншыя старонкі выдання (без тытула), якія ацалелі ў розных перыпетыях часу ў некага з вішнеўскіх парафіянаў. На падставе гэтых старонак мне ўдалося ідэнтыфікаваць само выданне і час публікацыі ў ім верша Юльяна Эйсманда. Спадарыня Тэрэса Бітэль натхніла мяне на пераклад гэтага верша і на жаданне больш глыбока пазнаёміцца з яго аўтарам, пра якога так мала вядома ў нашай беларускай культурнай прасторы. Сваім досведам і перакладам верша, як аплаткаю любові, хачу падзяліцца з усімі чытачамі «Нашай веры», спадзеючыся, што гэта пашырыць нашы культурныя далягляды і паспрыяе развіццю хрысціянскай духоўнасці. Ірына Багдановіч

Гл. таксама:
Юльян ЭЙСМАНД :: ЛЕГЕНДА ПРА ДРЭВЫ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY