Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(103)/2023
Спадчына
РАЗУМНАЕ СЭРЦА. РАЗВАЖАННІ НАД АСНОВАМІ ПРАВА
Прамова Святога Айца Бэнэдыкта ХVI у нямецкім Бундэстагу 22 верасня 2011 г.

Прэзентацыя
Ксёндз канонік Дзмітрый ПУХАЛЬСКІ
«ЗБАЎЛЕННЕ ДУШАЎ — НАЙВЫШЭЙШАЕ ПРАВА КАСЦЁЛА»
Ксёндз прафесар Рамуальдас ЗДАНІС
ВАЖНАЯ ПАДЗЕЯ
In memoriam
Гутарка Яўгеніі НАЙДОВІЧ з ксяндзом канонікам Дзмітрыем БАРЫЛАМ
«Я БЫЎ ШЧАСЛІВЫ…»
Ad fontes
Постаці

АПОСТАЛ УНІІ
Нашы святыні
Пераклады

СМЕРЦЬ КАІНА

ВЕЛІКОДНАЯ ПРЫПАВЕСЦЬ ПРА ДРЭВА КРЫЖА Ў ТВОРЧАЙ СПАДЧЫНЕ ЮЛЬЯНА ЭЙСМАНДА
З нагоды юбілею
На кніжнай паліцы

ВЕРШЫ
Успаміны

ЖЫВІЦА АНАТОЛЯ ІВЕРСА
Мастацтва

ГАЛОЎНАЕ — БЫЦЬ ШЧЫРЫМ

Кс. праф. Рамуальдас ЗДАНІС

ВАЖНАЯ ПАДЗЕЯ

З прамовы на прэзентацыі Кодэксу кананічнага права на беларускай мове

Пераклад Кодэксу кананічнага права з’яўляецца важнай падзеяй не толькі для мясцовага Касцёла, на мову якога ён перакладзены, але і для ўсёй супольнасці кананістаў. З аднаго боку, выданне Кодэксу на мясцовай мове — гэта значная падзея ў жыцці мясцовага Касцёла. Цалкам зразумела, што Кодэксам у перакладзе можа карыстацца нашмат больш членаў Касцёла. Пераклад таксама спрыяе адукацыі вернікаў і забяспечвае больш глыбокае разуменне іх правоў і абавязкаў. Акрамя таго, гэта карысна для тых, хто працуе ў касцёльных судах, дыяцэзіяльных курыях, кляштарах і парафіях, а таксама палягчае больш дзейснае супрацоўніцтва з грамадзянскімі ўладамі. Але з іншага боку, гэта вельмі важны ўнёсак ва ўсю кананічную навуку, бо з новым перакладам Кодэксу кананічнага права мы яшчэ раз разумеем, што, кажучы пра касцёльнае права, мы маем справу з бесперапыннай двухтысячагадовай прававой традыцыяй, якая да гэтага часу перадаецца на адной мове — на лаціне. Гэта з’ява, якую мы сустракаем толькі ў кананічнай традыцыі. На працягу двух тысяч гадоў усё права Касцёла кадыфікавалася і перадавалася толькі на лацінскай мове, якая з’яўляецца афіцыйнай. І гэты факт мае шмат выклікаў для тых, хто бярэцца за пераклад Кодэксу на іншую мову.

Пераклад заканадаўчых тэкстаў прызнаны навуковым светам самым складаным сярод розных відаў перакладу. Сапраўды, юрыдычны пераклад мае пэўныя цяжкасці і праблемы, што не сустракаюцца пры іншых відах перакладу, якія выконваюцца ў іншых сферах. Асноўная цяжкасць юрыдычнага перакладу заключаецца ў разыходжанні, а ў некаторых выпадках і ў адсутнасці юрыдычных паняццяў паміж моваю арыгіналу і моваю перакладу, гэта значыць паміж прававой сістэмай, выразам якой з’яўляецца зыходны тэкст, і прававой сістэмай, у якой ствараецца тэкст перакладу.

Асноўная прычына цяжкасці юрыдычнага перакладу заключаецца ў неперакладальнасці не тэрмінаў, а паняццяў, у прыватнасці тых паняццяў, якія ўласцівыя адным прававым сістэмам, але не ўласцівыя іншым. Сутыкнуўшыся з такой сітуацыяй, юрыдычны перакладчык павінен зрабіць важны і вельмі адказны выбар, у тым ліку «вынайсці», гэта значыць стварыць адмысловы неалагізм на сваёй мове або прыняць існуючыя канвенцыянальныя эквіваленты. Пераклад моўных выразаў, якія перадаюць юрыдычныя паняцці, з’яўляецца адной з найважнейшых задач параўнаўчай дзейнасці. Немагчыма адмаўляць той факт, што існуюць неперакладальныя выразы. У працэсе перакладу перакладчык юрыдычных тэкстаў павінен праверыць дакладнае значэнне паняцця, якое трэба перакласці з мовы арыгіналу, каб у канчатковым выніку мець магчымасць шукаць у мове перакладу паняцце з супастаўным значэннем. Спецыфіка юрыдычнага перакладу вынікае перш за ўсё з адносінаў «залежнасці», якія існуюць паміж мовай і правам. Гэта азначае, што мова для права выконвае фундаментальную функцыю «транспартнага сродку», сродку перадачы. Важнасць мовы для права фундаментальная: мова, па сутнасці, служыць для «вызначэння» з юрыдычнага пункту гледжання актаў, ужо існуючых аспектаў чалавечага жыцця, паняццяў і інстытутаў, такіх як, напрыклад, «шлюб», «забойства», «вандалізм», «развод», «дваежонства» і гэтак далей. З гэтага вынікае, што права не можа праявіць сябе, атрымаць выраз без дапамогі мовы. Дакладней, яго захаванне забяспечваецца выключна выкарыстаннем мовы. Улічваючы фундаментальную сувязь паміж моваю і правам, можна нават сказаць, што «закон ёсць моваю». Калі паміж правам і моваю існуюць адносіны залежнасці, таксама справядліва і тое, што кожная мова цесна звязана з пэўнай нацыянальнай сістэмай, з агульным і супольным пачуццём прыналежнасці. Кожная нацыянальная сістэма, у сваю чаргу, мае сваю ўласную прававую сістэму, што дае пачатак уласнаму праву. У гэтым сэнсе ўзаемасувязь паміж правам і моваю можна вызначыць як кругавую, паколькі адно пастаянна ўплывае на другое.

Такім чынам, права непарыўна звязана з канкрэтным нацыянальным ладам і адначасова з адною ці некалькімі нацыянальнымі мовамі. Дакладней кажучы, кожная дзяржава мае сваю ўласную прававую сістэму і, адпаведна, сваю ўласную юрыдычную тэрміналогію, па сутнасці аўтаномную, нават калі тая ж мова выкарыстоўваецца ў якасці юрыдычнай і ў іншай дзяржаве. Прыкладам гэтага ў Еўропе з’яўляецца, між іншым, нямецкая мова — юрыдычная мова Германіі, Аўстрыі і Швейцарыі. Ёсць нават дзяржавы, у якіх суіснуюць некалькі прававых сістэм, кожная з якіх мае ўласную, у значнай ступені аўтаномную прававую тэрміналогію. Узгадайце, напрыклад, сітуацыю ў Канадзе, дзе, як вядома, суіснуюць дзве розныя прававыя сістэмы, агульнае права (common law) і грамадзянскае права, якое дзейнічае ў правінцыі Квэбэк, і дзве афіцыйныя мовы — англійская і французская. Усе гэтыя прыклады дэманструюць, што, паколькі юрыдычных моваў столькі, колькі і прававых сістэмаў, у межах адной мовы можа быць нават некалькі юрыдычных моваў. Улічваючы сувязь з пэўнай прававой сістэмай, мова права таксама з’яўляецца даволі жывою моваю, якая развіваецца ўслед за зменамі ў самім праве. Іншымі словамі, кожная мова эвалюцыянавала, каб выражаць заканадаўства краіны, дзе на гэтай мове размаўляюць. Той факт, што існуюць розныя прававыя сістэмы, мае прамым следствам разыходжанне, а ў некаторых выпадках нават адсутнасць паняццяў і інстытутаў паміж рознымі сістэмамі. Гэтая з’ява можа адбывацца і ў межах адной мовы, калі яна выкарыстоўваецца для больш чым адной прававой сістэмы. Тэрмін Besitz (валоданне), напрыклад, у нямецкай і швейцарскай прававой сістэме паказвае на «фактычную ўладу над рэччу ў цэлым», але ў аўстрыйскай прававой сістэме ён мае на ўвазе animus domini, або намер суб’екта быць яе ўладальнікам.

Такім чынам, відавочна, што на практыцы не існуе адзінай мовы права на міжнародным узроўні, за выключэннем нашага выпадку, гэта значыць кананічнага права, якое для ўсяго Касцёла, распаўсюджанага па ўсім свеце, мае кодэкс законаў, напісаны на лацінскай мове. Але ў перакладзе на мясцовую мову робіцца спроба перадаць прававую сістэму Паўсюднага Касцёла з дапамогаю юрыдычнай мовы, звязанай з іншай юрыдычнай сістэмай той ці іншай краіны. Маючы гэта на ўвазе, можна зразумець ступень спецыфічнасці і складанасці юрыдычнага перакладу, які становіцца сапраўдным і асаблівым выклікам.

Ідэя перакласці Кодэкс 1983 года на літоўскую мову з’явілася даўно. Ксёндз прафесар Пранас Вайчэконіс падчас перагляду Кодэксу выкладаў кананічнае права ў Ковенскай міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі і імкнуўся данесці яго да студэнтаў. Ён пераклаў некаторыя кнігі Кодэксу на літоўскую мову, але гэты пераклад выкарыстоўваўся толькі прыватна. Новая праца па перакладзе Кодэксу распачалася ў 1994 годзе, калі Канферэнцыя Біскупаў Літвы даручыла ксяндзу Адольфасу Грушасу перакласці тэкст Кодэксу з лацінскай мовы. Першы пераклад быў завершаны ў 2005 годзе, і ў верасні таго ж года на пасяджэнні Канферэнцыі Біскупаў Літвы было вырашана стварыць камісію па перакладзе Кодэксу. Камісія складалася з трох юрыстаў-кананістаў, спецыяліста па класічнай філалогіі і суддзі Літоўскага дзяржаўнага суду. Пасля шматгадовай працы (камісія звычайна збіралася раз на тыдзень), якая вялася з дапамогай новых тэхналогій, што дапамагалі членам камісіі, якія жылі не толькі ў розных гарадах, але і ў розных краінах, пераклад быў завершаны і адпраўлены на разгляд біскупам. Зацвярджэнне адбылося аднагалосна 27 кастрычніка 2010 года, пасля пяці гадоў працы камісіі.

На пачатку працы па перакладзе перадусім былі вызначаны арыенціры, паводле якіх трэба было яго рабіць. Было вырашана выдаць Кодэкс паралельна на лацінскай і літоўскай мовах, як гэта звычайна робіцца пры іншых перакладах, бо адзіным афіцыйным тэкстам з’яўляецца тэкст на лацінскай мове, і любыя няяснасці, якія ўзнікаюць, вырашаюцца на яго падставе. Безумоўна, была мэта, каб літоўскі пераклад як мага больш дакладна перадаваў арыгінал, таму нярэдка рабілася спроба захаваць і лацінскую сінтаксічную канструкцыю. Зрабіць гэта часам было сапраўды цяжка з-за даволі доўгіх лацінскіх сказаў і некаторых асаблівасцяў лацінскай мовы. У некаторых выпадках даводзілася шмат «пакруціць мазгамі», каб знайсці патрэбныя тэрміны, бо ад пачатку было прызнана, што ніякая інтэрпрэтацыя і апісанне тэксту сваімі словамі немагчымыя, нават калі такі пераклад быў бы больш зразумелым для чытача.

Дакладнасць і паслядоўнасць у выкарыстанні тэрмінаў асабліва важныя пры перакладзе юрыдычных тэкстаў. Мэта заключалася ў тым, каб ва ўсім Кодэксе ўжываць тэрміны паслядоўна, па магчымасці захоўваючы сувязь паміж лацінскімі і літоўскімі словамі, калі кантэкст не патрабуе іншага. Але гэта не заўсёды ўдавалася. Напрыклад, provisio (кан. 146) было выбрана для перакладу як «наданне» (suteikimas), а collatio як «прызначэнне» (skyrimas). Аднак, калі мы дайшлі да кнігі IV, дзе гаворыцца пра хрост, baptismi collatio ўжо нельга было перакладаць як «прызначэнне хросту», бо відавочна, што гаворка ідзе пра ўдзяленне (teikimas) хросту. Часам даводзілася парушаць правілы ўжывання літоўскіх словаў. Напрыклад, officium было перакладзена словам pareigybe, у той час як насамрэч літоўскі тэрмін, што выкарыстоўваецца для азначэння статусу па месцы працы ці службы, — гэта pareigos. Аднак, каб адрозніць officium ад munus, што было перакладзена як pareiga, мы вырашылі перакласці першае слова (officium) як pareigybe, што азначае абавязкі, звязаныя не з адной канкрэтнаю асобаю, а з пастаяннаю пасадаю з такімі абавязкамі, звязанымі з месцам працы. Таму pareigybe канкрэтнай асобе таксама немагчыма даць ці забраць, бо pareigybe як працоўнае месца проста існуе, і ўсё.

Пры складанні літоўскага Слоўніка канонаў прыкладаліся намаганні, каб улічваць і іншыя пераклады касцёльных дакументаў, напрыклад, пераклады дакументаў Другога Ватыканскага Сабору, а таксама Катэхізіс і розныя іншыя дакументы Касцёла. Пры выбары юрыдычных тэрмінаў выкарыстоўваліся таксама літоўскія дакументы грамадзянскага права. Разам з тым таксама ўлічаны ўстойлівы літоўскі слоўнік кананічнага права: пры выбары літоўскіх адпаведнікаў прыярытэт аддаваўся традыцыйна ўсталяваным касцёльным тэрмінам (інкардынацыя, рэскрыпт, рэгрэс, абаронца вузла, прамотар справядлівасці і іншае). Аднак у некаторых выпадках словы сталага ўжывання былі заменены на новыя, напрыклад, слова «клаўзула» (klauzule) было выключана і заменена словам «выключэнне» (išlyga). Некаторыя лацінскія тэрміны было вырашана ўвогуле не перакладаць, а даць кароткае тлумачэнне ў гласарыі лацінскіх тэрмінаў у канцы кнігі, напрыклад: latae sententiae, sui iuris, motu proprio, ad beneplacitum nostrum, alter ego, fatalia legis, in pectorе і г.д. Акрамя таго, некаторыя тэрміны былі ўзятыя са слоўніка міжнародных словаў (напрыклад, Subrepcija — лац. subreptio), іншыя ўведзены намі (напрыклад, Obrepcija — лац. оbreptio) — кан. 63. Іншы прыклад, які выклікаў шмат цяжкасцяў: паняцце irregularitatis (нерэгулярнасць), кан. 1040 — перашкоды для прыняцця сану — пасля шэрагу дыскусій было перакладзена (netinkamumas) як непрыдатны (неадпаведны). Іншы прыклад: паняцце Christifidelibus, што ў большасці перакладаў проста выкарыстоўваецца як паняцце «вернік», мы заўсёды перакладалі літаральна з выкарыстаннем тэрміна «Хрыстовы вернік» (Kristaus tikintieji). Узнімалася і пытанне аб ужыванні вялікай літары: было вырашана прытрымлівацца правілаў літоўскай мовы.

Пераклад з італьянскай мовы
кс. Міколы Гракава.

Гл. таксама:
Кс. Мікола ГРАКАЎ :: ПРЭЗЕНТАЦЫЯ ВЫДАННЯ КОДЭКСУ КАНАНІЧНАГА ПРАВА ::
Кс. канонік Дзмітрый ПУХАЛЬСКІ :: «ЗБАЎЛЕННЕ ДУШАЎ — НАЙВЫШЭЙШАЕ ПРАВА КАСЦЁЛА» ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY