Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(103)/2023
Спадчына
РАЗУМНАЕ СЭРЦА. РАЗВАЖАННІ НАД АСНОВАМІ ПРАВА
Прамова Святога Айца Бэнэдыкта ХVI у нямецкім Бундэстагу 22 верасня 2011 г.

Прэзентацыя
Ксёндз канонік Дзмітрый ПУХАЛЬСКІ
«ЗБАЎЛЕННЕ ДУШАЎ — НАЙВЫШЭЙШАЕ ПРАВА КАСЦЁЛА»
Ксёндз прафесар Рамуальдас ЗДАНІС
ВАЖНАЯ ПАДЗЕЯ
In memoriam
Гутарка Яўгеніі НАЙДОВІЧ з ксяндзом канонікам Дзмітрыем БАРЫЛАМ
«Я БЫЎ ШЧАСЛІВЫ…»
Ad fontes
Постаці

АПОСТАЛ УНІІ
Нашы святыні
Пераклады

СМЕРЦЬ КАІНА

ВЕЛІКОДНАЯ ПРЫПАВЕСЦЬ ПРА ДРЭВА КРЫЖА Ў ТВОРЧАЙ СПАДЧЫНЕ ЮЛЬЯНА ЭЙСМАНДА
З нагоды юбілею
На кніжнай паліцы

ВЕРШЫ
Успаміны

ЖЫВІЦА АНАТОЛЯ ІВЕРСА
Мастацтва

ГАЛОЎНАЕ — БЫЦЬ ШЧЫРЫМ

Надзея УСАВА

«ЛІТУРГІЧНЫ ГАРДЭРОБ»

Арнаты ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

Галерэя - дадатак да артыкула

Адкрыццём для многіх наведвальнікаў выставы «Невядомае аб вядомым. Пра што расказваюць кветкі» (куратары — Вікторыя Вінічэнка, Дыяна Шантар) у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь у 2022 годзе сталі старажытныя арнаты XVII–XIX стагоддзяў. Арнаты — вышытыя рызы без рукавоў — галоўнае літургічнае адзенне ці, дакладней, частка камплекту адзення каталіцкага або лютэранскага святара. Арнаты — абавязковы элемент убору святара, у розных выпадках вызначанага колеру і крою. Падчас Імшы і іншых літургічных дзеянняў святар апранае арнат на альбу, падпярэзаную поясам і штолай.

Побыт тых часоў і літургічны цырыманіял вызначаліся асаблівай маляўнічасцю і дэкаратыўнасцю. Арнаты ксяндзоў уражваюць прыгажосцю прывазных тканінаў і найкаштоўнейшым іх дэкорам.

Сімвалічнае тлумачэнне сэнсу арнату як часткі адзення склалася яшчэ ў Сярэднявеччы. Адным з найбольш пашыраных з’яўляецца параўнанне арната з «цяжарам Хрыстовым». Так, у даўніх богаслужэннях пры ўборы ў арнат святар прамаўляў словы: «Пане, які сказаў: „Ярмо Маё прыемнае, і цяжар Мой лёгкі“, — дай мне насіць гэта [адзенне] так, каб я атрымаў у спадчыну Тваю ласку».

Арнаты звычайна пашытыя з рознафактурных тканінаў — як правіла, шоўку (шоўк — гэта ніці тутавага шаўкапраду), лёну, аксаміту, баваўнянай тканіны з упрыгожваннем карункамі, металічным галуном, вышыўкай роўняддзю і аб’ёмнай, тасьмай і бісерам. Яны аздабляліся пазументам, у цэнтры — залотным шыццём (раслінны арнамент: кветкі, вінаграднае лісце, гронкі, каласы). Такое адзенне павінна ствараць урачысты настрой, падкрэсліваць прыгажосць літургічных дзеяў прыгажосцю самой тканіны без празмернасці дадатковых упрыгожванняў. Дазволеныя былі каліграфічныя ці фігуратыўныя ўпрыгажэнні або сімвалы, якія паказваюць на сакральны характар гэтага адзення (напрыклад, на адным арнаце вышыта лацінская манаграма Маці Божай). Літургічныя адзенні на Беларусі дайшлі да нашых дзён з XVIII стагоддзя ў цэласці і захаванасці.

На выставе было прадстаўлена 10 арнатаў са збору музея, у якім цяпер налічваецца 127 адзінак захавання (з калекцыі культавых тканінаў — каталіцкіх і праваслаўных — звыш 360 адзінак). У такой колькасці і такой разнастайнасці глядач ніколі яшчэ не бачыў іх у выставачнай прасторы Беларусі. У зборы нашага музея — самым вялікім у краіне — арнаты датуюцца ў асноўным XVII–XIX стагоддзямі. Па значнасці і разнастайнасці тканінаў збор можна параўнаць толькі з найбагацейшай калекцыяй Гістарычнага музея ў Маскве.

 

Адкуль жа траплялі гэтыя найпрыгажэйшыя творы?

З сярэдзіны 1950-х гадоў Дзяржаўны мастацкі музей БССР пачаў ладзіць асобныя экспедыцыі, а з 1970-х планамерна абследаваць па ўсёй Беларусі зачыненыя культавыя ўстановы, дзе без нагляду заставаліся тысячы прадметаў мастацтва. Падбіралі іх у брудзе, у птушыным памёце, каб выратаваць, адрэстаўраваць і паказаць людзям. Мэтай было абследаванне і ўлік рухомых помнікаў для далейшага стварэння Генеральнага каталога рухомых помнікаў сакральнага мастацтва. У тыя ж гады і сфармавалася ўнікальная калекцыя музея. Кожны прадмет фатаграфавалі і апісвалі, і потым такія звесткі былі вельмі дарэчы пры крадзяжы культавых прадметаў. Першая экспедыцыя Дзяржаўнага мастацкага музея БССР, з якой паступілі арнаты, адбылася ў 1965 годзе, некалькі другіх па Брэсцкай і Гродзенскай вобласці — у 1974 годзе. Першую экспедыцыю ў сярэдзіне 1960-х гадоў узначальвала легендарны дырэктар музея Алена Васільеўна Аладава, а з 1970-х эстафету падхапіла кандыдат мастацтвазнаўства Надзея Фёдараўна Высоцкая. Арнаты паступалі з нясвіжскага фарнага касцёла, з Іўя, з Камаяў Пастаўскага раёна, Крамяніцы Зэльвенскага раёна, Струбніцы і Пелішча Камянецкага раёна, з Ізабеліна Ваўкавыскага раёна, з іншых вядомых касцёлаў Заходняй Беларусі.

Бралі ў музей самыя забруджаныя старыя арнаты ў дрэнным стане, разумеючы, што ў музеі некалі будзе шанец іх аднавіць, адрэстаўраваць. «Прыязджаем мы ў Ізабелін Ваўкавыскага раёна, — успамінае Надзея Высоцкая, тагачасны загадчык аддзела старажытнабеларускага мастацтва музея. — Невялікая вёсачка. Касцёл. Яблыні ў квецені. Прыгажосць неапісальная. А побач у храме дах праваліўся. І ўнізе — цэлая калекцыя арнатаў, адны вісяць на бэльках, іншыя валяюцца, як палавыя анучы, на каменнай падлозе. Трэба было ратаваць такое багацце».

Экспедыцыі мінскіх музеяў працягваліся да 1990-х гадоў, і іх было дастаткова, каб назапасіць выдатныя калекцыі. На пачатку 2000-х былі зроблены першыя ўнёскі ў вывучэнне збору: усе арнаты былі сфатаграфаваны ў колеры на лічбавую камеру, зроблена падрабязнае апісанне іх захаванасці. А калі ў 1981 годзе ў Мінск прыязджала выстава «Ліёнскія тканіны XVII–XX стагоддзяў з музеяў і прыватных збораў Францыі» галоўны захавальнік музейнага збору з Ліёна, апынуўшыся ў запасніках нашага музея, ахнула: «А навошта мне было штосьці да вас везці? У вас жа цудоўны „Ліён“!» Яна ўбачыла сапраўды цудоўныя, у тым ліку французскія тканіны, з якіх былі пашыты арнаты. Адкуль жа? Радзівілы з Нясвіжа куплялі ў Ліёне матэрыю, каб шыць з яе сабе касцюмы, а рэшткі каштоўнай матэрыі аддавалі як падарунак у храмы.

Цяпер большасць найкаштоўнейшых экспанатаў унесеная ў Электронны каталог музейных збораў Рэспублікі Беларусь. У 2000–2002 гг. захавальнік фондаў дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва Наталля Калашнік і Алена Карпенка, тады вядучы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускага мастацтва, з’ездзілі ў Ліён і Парыж на стажыроўку ў аддзелы габеленаў і тканінаў вядомых французскіх музеяў і прывезлі шмат літаратуры і друкаваных матэрыялаў для стварэння навуковага каталога замежнага прыкладнога мастацтва і каталіцкіх літургічных тканінаў. Але перад выхадам у свет навуковага каталога арнаты трэба прывесці ў парадак, адрэстаўраваць. Гэта справа нават не гадоў, а дзесяцігоддзяў.

 

Цяжкасці рэстаўрацыі

Многія з выратаваных рэчаў рэстаўруюць гадамі. У краіне ў 1980-я гады было ўсяго тры спецыялісты па аднаўленні тканінаў — ручнікоў, посцілак, арнатаў, слуцкіх паясоў. Адна з іх, рэстаўратар першай катэгорыі Таццяна Гаравец, былая загадчыца навукова-рэстаўрацыйнага аддзела мастацкага музея, пачала займацца арнатамі з 1987 года. «Справа гэта вельмі марудная. Усё гэта хараство спярэшчана чорнымі кропкамі, дзесьці тканіна падраная. Трэба вывесці чорныя кропкі, падтачыць блізкія па колеры кавалачкі тканіны: новыя — да старых». Прычым рэстаўратар сам хадзіў па крамах і шукаў неабходныя матэрыялы, бо толькі яму, які правёў з гэтым экспанатам гады, лепш відаць, што трэба для паспяховага «лячэння».

Адзін з арнатаў у цяжкім стане ляжаў на «аперацыйным стале» Таццяны Гаравец дзесяць гадоў. Яго рыхтавалі для новай экспазіцыі музея ў прыбудове. «Ён быў памяты, брудны. Відаць, доўга захоўваўся ў куфры, не праветрываўся, не прасушваўся… Калі мы распаролі арнат, то ўнутры знайшлі цэлую калонію молі — лічынак, чарвячкоў. Молі тут, відавочна, спадабалася: ніхто не трывожыў, бо такое прыгожае адзенне нячаста апраналася. Арнат складаецца з трох пластоў: верхняя частка — прыбраная, сярэдняя — тканіна, якую ўмацоўвалі мучным клеем. Яна рабілася шчыльная, як кардон. А з адваротнага боку — ільняная падшэўка. Першае, што забівае тканіну, — цвіль, тыя самыя чорныя кропкі. Шоўк разбураецца, а затым моль уядаецца ў праслойку з мучнога клею і есць яе. Многія дэталі, здавалася, ужо не вернеш да жыцця. На адным з арнатаў, напрыклад, зніклі золататканыя карункі. Аднак дзякуючы выпадку і шанцаванню яны зноў зазіхацелі каштоўнымі ніткамі. Многія фрагменты рэстаўратарам даводзіцца аднаўляць па міліметры — іх не так проста паўтарыць зноўку: будзь гэта птушка, якая сядзіць на вазе, або аблічча святога».

6 арнатаў было адрэстаўравана ў 2006 годзе да адкрыцця новых экспазіцый прыбудовы да музея, да гэтай выставы рэстаўратарамі па тканінах Ілонай Карліёнавай і Вольгай Канаплёвай прыведзены ў парадак яшчэ 10 арнатаў. Але працы па кансервацыі і рэстаўрацыі хопіць на некалькі пакаленняў рэстаўратараў. Зразумела, не ўсе яны моцна пашкоджаныя, але кожны трэба пачысціць, зрабіць кансервацыю, прывесці кожны з гэтых твораў мастацтва ў стан, прыдатны для паказу, каб можна было ацаніць якасць і хараство вытанчаных узораў і арнаментаў.

 

Тканіны

Арнаты ўражваюць найперш мастацтвам вырабу тканіны. Тканіны прывозілі з розных краінаў (звычайна з Італіі ў XV–XVII стст. і Францыі ў XVII–XVIII стст. ці нават з Англіі, Персіі (Ірана) і Асманскай імперыі ў XVI–XVII стст.) для ўбрання інтэр’ераў магнатаў або выкарыстання ў адзенні. Тканіны выкарыстоўваліся разнастайна: імі абівалі шкатулкі, рабілі папоны для коней, макаты, шылі шторы і перапляталі касцёльныя і царкоўныя кнігі. Тыя ж самыя тканіны выкарыстоўвалі ў свецкім і касцёльным адзенні, бо ў побыце тады не было адрозненняў паміж інтэр’ернай і плацельнай тканінай. Гэтую асаблівасць прыкмецілі замежныя вандроўнікі, якія адзначалі, што «славяне любяць усё накрываць і пакрываць».

З ВКЛ часам адпраўляліся спецыяльныя гандлёвыя экспедыцыі ў Асманскую імперыю з мэтай набыцця тканінаў, якія былі вялікай матэрыяльнай каштоўнасцю нараўне з вырабамі з золата і срэбра. Яны ўваходзілі і ў склад вялікакняжацкай казны. Тканіны абавязкова ўключаліся ў склад пасольскіх дароў. Дарагімі тканінамі або вырабамі з іх адорвалі верных паплечнікаў ў выглядзе ўзнагародаў за добрую службу ці ў знак асаблівай ласкі і даверу. Прывазныя тканіны — шоўк, аксаміт і парча — лічыліся прыкметамі шляхетнасці і багацця.

Цікава, што побач у побыце маглі суседнічаць тканіны Усходу і Захаду. Існавалі тканіны рознай вартасці — і вельмі дарагія і танныя.

З дарагіх тканінаў выкарыстоўвалі нават самыя дробныя кавалачкі: адпарывалі невялікія лапікі для падкладак у футры.

Захаваліся тканіны найбольш дарагія, якія выкарыстоўваліся ў побыце шляхетных саслоўяў і ўносіліся ў выглядзе дарагіх фундушаў-падарункаў у касцёлы і кляштары.

Прыгажосць заморскіх тканінаў адзначалі і прыватныя калекцыянеры. Арнаты і слуцкія паясы даўно сталі прадметамі збораў. Напрыклад, Жыліцкі палац, які належаў Булгакам (у вёсцы Дабосня) на Бабруйшчыне, славіўся сваімі інтэр’ерамі, прадметамі мастацтва. У дамовай капліцы тут захоўваліся 30 каштоўных арнатаў і, акрамя іх, шматлікія старадаўнія габелены, якія належалі раней Слізням, 18 слуцкіх паясоў мануфактуры Яна Маджарскага, з якіх найбольшую каштоўнасць меў пояс з надпісам «Radziwill», тканіны з Абюсона для абіўкі сценаў і мэблі. Каштоўныя тканіны (парча) з прыватных збораў трапілі і ў зборы экспедыцый Беларускага дзяржаўнага музея ў 20-я гады мінулага стагоддзя і былі вывезены ў Германію; толькі нешматлікія з іх вярнуліся на Радзіму.

 

Сімволіка колераў

На пачатку XIII ст., у Пантыфікат папы Інацэнта III, у Рыме склаліся правілы, якія рэгулявалі колер святарскіх убораў. Інацэнт III у сваім трактаце «Аб святой таямніцы алтара» гаворыць аб выкарыстанні белага колеру для святаў, чырвонага — у дні мучанікаў, Святога Крыжа і на Пяцідзясятніцу, чорнага — у перыяды пастоў і для памінальных Імшаў, а зялёнага — у звычайныя дні. Нараўне з асноўнымі колерамі выкарыстоўваліся фіялетавы, пунсовы і шафранава-жоўты.

Аднак вельмі многія кляштары і дыяцэзіі мелі ўласныя традыцыі ў колерах літургічных убораў. Агульныя для ўсяго Каталіцкага Касцёла правілы, якія базуюцца на выкарыстанні пяці асноўных колераў, усталяваў папа Пій V у другой палове XVI стагоддзя. Колеры літургічных адзенняў, прадпісаныя місалам Пія V, ужываліся аж да рэформы папы Паўла VI сярэдзіны XX стагоддзя, падчас якой у правілы было ўнесена некалькі зменаў. Так, колер працэсіі свята Уваходу Хрыста ў Ерузалем падчас службы Вялікай пятніцы змяніўся з фіялетавага на чырвоны. Выкарыстанне ў літургіі адзенняў рознага колеру мае глыбока сімвалічны сэнс. Белы колер традыцыйна ўспрымаецца як колер чысціні, нявіннасці, а таксама радасці і трыумфу. Чырвоны колер — колер крыві, і са старажытных часоў у Касцёле чырвоны колер лічыўся колерам пакутнікаў. Фіялетавы колер у лацінскім абрадзе сімвалізуе пакаянне. Чорны колер сімвалізуе жалобу і скруху; зялёны — колер жыцця і надзеі.

Ва ўрачыстыя дні можна выкарыстоўваць больш багатае літургічнае адзенне, нават калі яно не адпавядае колеру дня. У свой час ксяндзы кожны дзень мянялі літургічнае аддзенне, бо так патрабаваў канон і неабходнасць паказаць фундатарам, што іх унёскі выкарыстоўвываюцца ў літургічнай службе.

Арнаты выраблялі з італьянскіх, французскіх, англійскіх тканінаў. Найбольшыя каштоўныя зборы арнатаў захоўвалі вялікія каталіцкія касцёлы, але і невялікія вясковыя касцёлы мелі свае багацці.

 

«Літургічныя гардэробы»

Арнаты захоўваліся ў скрынях або віселі ў масіўных шафах. Такіх шафаў толькі ў нясвіжскім фарным касцёле было з дзясятак. Удзельнікі музейных экспедыцый 1970-х гадоў успамінаюць, што ў незачыненым фарным касцёле ў Нясвіжы дзясяткі арнатаў віселі так шчыльна на плечыках, што нават даставаць і фатаграфаваць іх было цяжкай справай.

У некаторых ксяндзоў было да сотні і больш убораў на кожны дзень і некалькі — для ўрачыстых выпадкаў. Адзенне даставалася «ў спадчыну» ад папярэдняга пастыра. Так і збіраліся найкаштоўнейшыя «літургічныя гардэробы».

 

Фларальныя матывы

Найбольш распаўсюджаныя матывы тканінаў арнатаў з беларускіх — касцёлаў — фларальныя, кветкавыя. Менавіта таму яны і трапілі на выставу «Пра што расказваюць кветкі». Ведаючы гісторыю бытавання дарагіх тканінаў на Беларусі, зразумела, чаму на арнатах выкарыстоўваліся галоўным чынам тканіны з фларальнымі матывамі тых ці іншых канкрэтных колераў. Кветкавыя арабескі і мудрагелістыя перапляценні лілеяў, разанаў, макаў, рамонкаў, званочкаў купляліся для свецкага жаночага гардэробу, а потым, ужо ў касцёле, вядома ж, набылі новыя сэнсы і сталі напамінам і водгукам матываў «райскага саду» ў тэкстылі.

З часам пры кляштарах манашкі пачалі аздабляць тканіны цудоўнымі вышыўкамі, узорамі для якіх былі некаторыя са старажытных тканінаў арнатаў. Для ўсіх прывазных тканінаў была характэрна яркая маляўнічая гама колераў, вытанчаныя пышныя ўзоры, віртуозная тэхніка ручнога ткацтва. Усё гэта імкнуліся імітаваць у вышыўцы мясцовыя майстрыхі.

Беларускія даследчыкі знаходзяцца і сёння ў працэсе вывучэння асаблівасцяў захаваных у зборы тканінаў, выкарыстаных на арнатах, таму вельмі коратка раскажам пра асаблівасці тканінаў з розных краінаў.

 

Асманскія (турэцкія) тканіны

Шоўк займаў асаблівае месца ў асманскіх цырымоніях і грамадскім укладзе імперыі як паказчык высокага сацыяльнага становішча. У сярэдзіне XVI стагоддзя пасол Габсбургскага дома, які наведаў Асманскі двор, пісаў, што «яму не хапае слоў перадаць усю пышнасць яркай вопраткі ўсіх відаў і колераў; што ніколі раней яму не даводзілася бачыць такога дзіўнага і прыгожага відовішча». Шаўковымі тканінамі некаторыя вышэйшыя дзяржаўныя чыноўнікі атрымлівалі частку свайго заробку. Вытворчасць шоўку мела вялікае значэнне для Асманскай імперыі, і таму для яе арганізацыі ў дзяржаўным маштабе былі прыкладзены каласальныя намаганні.

Значнае месца ў гандлі Вялікага Княства Літоўскага з Асманскай імперыяй (Портай) у XVI–XVII стст., які часта ішоў праз Венгрыю, займалі тканіны — аксаміт, атлас і дарагая тканіна алкабас: шчыльная персідская парчовая тканіна з падкладам і аздабленнем з тафты ці камякі. Гэтыя тканіны вылучаюцца выразнай дэкаратыўнай кампазіцыяй: чытэльны малюнак і ў большасці выпадкаў буйнамаштабнасць узору. Узор базуецца на кантрасным спалучэнні кветак. Найбольш устойліва і трывала сустракаецца чырвоны колер розных адценняў натуральных раслінных фарбавальнікаў, які рэдка выліньвае. Узоры тканінаў у асноўным арнаментальныя. Забарона адлюстроўваць у мастацтве жывёлаў і людзей вымагала ад турэцкіх мастакоў удасканальвацца ў арнаменце. Арнаменты ўключаюць малюнак лісця, кветак, пладоў і арабесак. Арнаментыку можна пазнаць па ўпадабаных кветках — гваздзікі, цюльпаны, гіяцынты, шыпшыннік, плады гранату. Для тканінаў характэрна спалучэнне ў адной кампазіцыі чатырох кветак — ружы, шыпшынніка, гіяцынта, гваздзіка і цюльпана. Выявы кветак стылізаваныя і лаканічныя, з плоскаснай трактоўкай малюнка і строгай рэгламентацыяй, што абумовіла працяглае існаванне аднаго і таго ж арнаменту.

Цесныя гандлёвыя сувязі Асманскай імперыі з Венецыянскай і Генуэзскай рэспублікамі спрыялі пранікненню ўзаемнага ўплыву на ўпрыгожванне тканінаў, таму ў кампазіцыі турэцкіх тканінаў з’яўляюцца такія характэрныя элементы італьянскага тэкстыльнага арнаменту як гатычная лопасцевая кветка — карона, стылізаваны плод граната альбо ананас.

Цікавае выкарыстанне кветкі цюльпана ва ўзорах асманскіх тканінаў. Гэтая кветка першапачаткова з`яўляецца ў арнаменце італьянскіх тканінаў, хаця радзіма яе Усход. У турэцкіх тканінах цюльпан сустракаецца да першай чвэрці XVI стагоддзя. З гэтага часу цюльпан трывала ўвайшоў у турэцкі тэкстыльны арнамент у розных мудрагелістых варыяцыях.

Не менш распаўсюджаным быў і гваздзік, які малявалі са шчыльна самкнутымі зубчастымі пялёсткамі. Такая трактоўка кветкі не мянялася на працягу двух стагоддзяў. У XVII ст. з’яўляецца шмат варыяцый гэтай кветкі, а часам абрысы гваздзіка набываюць форму пальмападобнага ліста.

Да ліку тыповых кампазіцый можна аднесці ўзор, створаны на выцягнутых звілістых вертыкальных сцяблах раслінаў. У XVII ст. сцябло становіцца танчэйшым, часта без дадатковай распрацоўкі ці яго ўпрыгожваюць зігзагападобныя лініі, рысачкі і кружочкі.

У першай палове XVII ст. з’яўляецца кампазіцыя з вузкіх вертыкальных сцяблінаў і шчыльна прыціснутых да іх лістоў. Раслінны ўзор з дробнымі кветачкамі суцэльным дываном пакрывае поле тканіны; кветкі вышытыя залатой ніткай, а белы або каляровы шоўк падкрэслівае іх контур. Такія тканіны выраблялі ў майстэрнях Малой Азіі.

 

Персідскія (іранскія) тканіны

Да арганізацыі сваіх мануфактураў у ВКЛ разам з турэцкімі тканінамі шырокім попытам карысталася іранская парча з Тэбрыза, Кашана і Ісфахана. Персідскія ўзорныя шаўковыя тканіны вылучаліся складанасцю вырабу. Своеасаблівую прыгажосць парчовым тканінам надавалі залатыя ніткі, якія былі значна танчэйшыя за еўрапейскія. Іранскія тканіны да сённяшняга дня ўражваюць прыгажосцю і багаццем каляровай гамы, адмысловым каларытам і непаўторным рытмам кампазіцыі, у якой персідскія ткачы часта выкарыстоўвалі люстраны прынцып малюнка. Лепшыя мастакі Ірана стваралі ўзоры для тканінаў. Асабліва высока шанаваліся «сюжэтныя», ці «асабовыя» тканіны, якія сталі найвышэйшым дасягненнем персідскага мастацкага ткацтва. Шырокае распаўсюджванне ў Персіі атрымала вытворчасць паласатых тканінаў са своеасаблівай штрыхоўкай.

У XV–XVII стст. у персідскіх тканінах складаецца раслінны ўзор з рэальных кветкавых матываў надзвычайнай разнастайнасці. Найбольш умоўна трактаваныя матывы сустракаюцца ў тканінах пачатку XVII ст. Часта яны вырашаны ў выглядзе суквеццяў, сабраных у куст на прамым масіўным сцябле. Такія кусты размешчаны гарызантальнымі шэрагамі. На працягу ўсяго XVII ст. суквецці замяняюць адзіночную кветку ці кусцік на тонкім выгінастым сцябле.

Малюнкі з буйных, пышных, натуралістычна вырашаных кветак адносяцца да другой паловы XVII ст. Кветкі размяшчаюцца ў розных перапляценнях, утвараючы адзіны суцэльны кветкавы дыван. У зборы музея з прыватнай калекцыі паступіў добры экзэмпляр поўнага персідскага поясу XVIII – пачатку ХІХ ст.

 

Італьянскія тканіны

Росквіт італьянскай вытворчасці тканінаў адносіцца да XV–XVII ст. Італія тады займала вядучае месца па вытворчасці шоўку. Яе тканіны разыходзіліся па краінах Еўропы і Усходу. Заканамерна, што тканіны набывалі і на нашых землях. З гэтымі тканінамі абыходзіліся асабліва беражна: іх перадавалі ў спадчыну, адзенне шмат разоў перакройвалі і перашывалі, аддавалі ў выглядзе дарагіх укладаў у кляштары. Італьянскія тканіны адрозніваліся выключнаю дыхтоўнасцю матэрыялу, своеасаблівасцю тэхнічных прыёмаў выканання. Лепшыя аксаміты прывозілі з Фларэнцыі і Венецыі.

XVI ст. — эпоха Рэнесансу, накладвае свой адбітак на афармленне тканінаў. Уводзяцца новыя матывы — «рогі багацця», вазы, кароны. Змяняецца сама трактоўка раслінных матываў. Кветкі набываюць рэальныя абрысы цюльпанаў і ружаў, аднак аб’ёмнае вырашэнне ўзору амаль адсутнічае. Узоры адрозніваюцца стрыманасцю каляровага вырашэння, яснасцю кампазіцый, суразмернасцю ўсіх элементаў.

Для першай паловы XVII ст. характэрны тканіны з дробным узорам з выявамі птушак ці жывёлаў. У гэтым стагоддзі з’яўляецца імкненне да пышнасці, багацця, перагружанасці дэталямі, павышанай дынамікі, што характарызуе стыль барока. Рапарт тканіны павялічваецца да двух метраў, кампазіцыя строга сіметрычная. Узор разгортваецца па абодва бакі ад цэнтральнай восі, а яе ролю выконвае пышная кветка, карона або вазон. Узор насычаны дадатковымі расліннымі матывамі.

Да канца XVII ст. прывоз шаўковых тканінаў з Італіі значна памяншаецца, бо скарачаецца вытворчасць шаўковых тканінаў у Фларэнцыі і Генуі. Вядучым цэнтрам вырабу тканінаў застаецца Венецыя, якая экспартуе пераважна парчу.

 

Ліёнскія шаўковыя тканіны

На сусветным рынку у канцы XVIII ст. італьянскія тканіны замяняюцца французскімі. Сталіцай шоўку становіцца Ліён. У горадзе працавала больш за 500 майстроў і 16 тысяч ткацкіх станкоў.

Францыя хутка заваёўвае прызнанне. Шаўковыя тканіны з Тура, Парыжа і галоўным чынам Ліёна прывозяцца ва ўсе еўрапейскія краіны. Францыя дыктуе моду на новыя ўзоры для тканінаў. Хуткаму развіццю французскай вытворчасці спрыяла ўдасканаленне тэкстыльных станкоў і ўсёй вытворчасці, у якой працавалі вядомыя майстры і выдатныя мастакі. Праславіў ліёнскія тканіны прыём святлоценю з хутказмяняльнымі каляровымі адценнямі, які дазволіў дабіцца жывапіснасці ў тэкстыльным узоры.

У Ліёне ў 1756 годзе была заснавана спецыяльная школа мастакоў па тканінах. Мода на арнаменты мянялася кожныя дзесяць гадоў. Урачыстая пышнасць барока адбіваецца ў стварэнні буйнаўзорных тканінаў з умоўнымі і рэальнымі формамі кветак. Абавязковымі дэталямі гэтых кампазіцый былі фантастычныя кветкі з буйным залатым і сярэбраным лісцем. Часам у іх уключалі розныя дэкаратыўныя матывы ў выглядзе вінаградных альтанак, архітэктурных фрагментаў руінаў.

Пад уплывам росту еўрапейскай каланіяльнай экспансіі ў пачатку XVIII стагоддзя павялічылася цікавасць да экзатычнага мастацтва краінаў Усходу. Стварэнне мудрагелістых раслінных арнаментаў было навеянае індыйскім і японскімі матывамі. Яно выявілася ў асіметрычнай пабудове ўзору, скрыўленых лініях. Тканіны з такім арнаментам атрымалі назву мудрагелістых «дзіўных шоўкаў». З цягам часу ўзор палягчаецца, кветкі памяншаюцца ў памерах, набываюць рэальныя абрысы, і прастора фону павялічваецца.

Асаблівую ўвагу на выставе выклікаў арнат XVIII ст. з палявым суквеццем — кампазіцыя з васількамі, калоссем і вензелем Маці Божай. У 1730–1750 гады стыль ракако дасягае свайго росквіту. Дынамічныя завіткі, звілістыя пераборлівыя лініі, ракавіны, караблі, драпіроўкі, амуры — усё гэта атрымала адлюстраванне ў кампазіцыі тканінаў. Рэалістычная садавіна змяняецца вялікімі кветкавымі букетамі, якія расцягваюцца касымі выкрутасамі… У гэтых тканінах асабліва адчувальны дух ракако — шмат гульні святла і чараўніцтва. Вялікі ўплыў на дызайн ліёнскіх тканінаў меў французскі мастак Жан Рывель, якога называлі «Рафаэлем шоўку». Ён знайшоў тэхніку берыкле, у якой ніці двух колераў перакрываюць адна адну, ствараючы паўтон і згладжваючы мяжу паміж колерамі. У тэкстылі пераважаў мяккі жывапісны арнамент, які ствараў гульню святла і ценю, прасторы і руху. Гэтая мода пратрымалася каля 10-ці гадоў, саступіўшы «стылю рэк», якія ператвараюцца ў так званыя «Рэкі Выраю» — чатыры ракі, апісаныя ў кнізе Быцця, дзе безназоўны струмень Эдэмскага саду падзяляецца на чатыры рукавы: Пішон, Гіхон, Хідэкель (Тыгр) і Фрат (Еўфрат).

Другая палова XVIII ст. прыводзіць да спрашчэння і яснасці формаў дэкору тканінаў. Кветкі рэзка паменшыліся ў памерах, сталі надзвычай тонкімі сцябліны і дробным лісце.

Паступова французскія тканіны саступілі месца рускім з залотнай высокай вышыўкай.

 

Слуцкія паясы ў арнатах

У апошняй чвэрці XVII стагоддзя кунтушовыя паясы прывозілі армянскія купцы пераважна з Персіі ці Асманскай імперыі як раскошны дадатак да шляхецкага касцюма. Гэта быў вельмі прыбытковы гандаль да з’яўлення ўласных радзівілаўскіх «персіярняў» у сярэдзіне XVIII стагоддзя ў Нясвіжы і потым у Слуцку. Галоўным чыннікам, які паспрыяў, каб макаты і паясы трапілі ў касцёлы і ў кляштары ў нашым Краі, сталі наступствы паўстанняў 1830-га і 1863 гадоў. Калі шляхціцы вымушаны былі надоўга пакідаць радзіму, яны, каб захаваць сваю маёмасць, перадавалі свае паясы на захаванне ў касцёлы, а праз стагоддзе ў многіх выпадках слуцкія паясы проста перакройваліся для адзення святароў. Часта ў цэнтральную частку — калону арната — ушывалі фрагменты знакамітых чатырохметровых кунтушовых паясоў, вырабаў «слуцкіх персіярняў», мясцовых радзівілаўскіх ці каралеўскіх гродзенскіх, у якіх працавалі майстры з Францыі і Понты. Яны сапраўды ўзялі сваё майстэрства з Персіі, стварыўшы на нашых землях свой непаўторны мясцовы стыль.

Тэхніка гродзенскай персіярні была бліжэй да ліёнскай, чым да традыцыйных папярэднікаў. Паколькі слуцкі пояс быў двухбаковы і чатырохліцавы, падзелены на дзве часткі розных колераў, то з аднаго пояса можна было выкарыстаць некалькі розных фрагментаў для некалькіх арнатаў.

Такіх ушытых у арнаты фрагментаў паясоў у калекцыі музея некалькі (на музейнай выставе 2014 года «Слуцкія паясы і літургічнае аддзенне XVIII–XIX стагоддзяў» экспанавалася пяць такіх арнатаў), і яны вельмі каштоўныя, хаця там выкарыстаны толькі невялікія часткі паясоў. Праз арнаты мы маем уяўленне пра разнастайную прыгажосць слуцкіх паясоў часоў іх росквіту.

Гэтыя прывазныя і потым і свае тканіны мелі выключнае значэнне не толькі для літургііі, але і для беларускага мастацтва іканапісу, гравюраў і ілюстрацый рэлігійных кніг. Беларускія майстры натхняліся прыгажосцю дэкору і арнаментыкі і выкарыстоўвалі іх узоры ў гравюрах, гравіроўцы розных фонаў абразоў, у разьбе кветак (у спрошчаным варыянце) на разьбяных драўляных царскіх брамах праваслаўных храмаў. Вядомыя выпадкі, калі кавалкі тканінаў, каб дэкараваць ікону, проста прыклейвалі на фон на драўляную дошку. Потым пачалі рабіць разьбяны залаты арнаментальны фларальны фон, па якім можна лёгка пазнаць беларускія абразы.

Апошняяе паступленне ў музейны збор літургічных тканінаў — лістапад 2021 года. Надзвычай арыгінальны арнат паступіў ад італьянскай мастачкі Лізы Сацілі з Грэцыі, якая падаравала музею італьянскі арнат другой паловы XVI стагоддзя, што дастаўся ёй, па яе словах, ад продка генерала, які ваяваў з туркамі. Гэты 500-гадовы прыгожы залататканы арнат з выявамі цюльпанаў і птушкамі аказаўся самым старым па «ўзросце» ў зборы нашага музея. Мяркуюць, што ён быў зроблены ў адным з кляштараў Заходняй Еўропы.

Творы са збору літургічных тканінаў з Усходу і Захаду час ад часу экспануюцца, паступова, хоць і паволі, рэстаўруюцца і вывучаюцца супрацоўнікамі для выдання навуковага музейнага альбома-каталога. Гэта адна з найкаштоўнейшых калекцый музея.

 

Выказваю шчырую ўдзячнасць Алене Карпенка — за кансультацыі, Лізавеце Шкет — за фотаздымкі экспанатаў выставы.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY