…Хадзілі злыя людзі па лесе,
Для Крыжа дрэва марна шукалі.
І дрыжэў увесь лес ад жаху,
Бо сякеры іх рукі трымалі…
І знайшлі ў самым сэрцы пушчы
Яны Дуб векавечны трывалы…
Як слабенькая траўка ў буру,
Дрэва-волат затрапятала…
І за сотні гадоў раз адзіны
Адгукнулася просьбай сардэчнай:
«Не хачу вечна Крыжам Таму быць,
Хто для свету стаў Праўдаю Вечнай!»
Дык да Ліпы пайшлі… Зашумела:
«Я салодкая! Птушкам схоў летам
Я даю пчолкам водарнасць мёду,
А спакой і натхненне паэтам…
Іншых дрэваў на Крыж пашукайце.
Брудных рук да мяне не цягніце,
Не мяне вам замазаць Крывёю Таго,
Хто Любоў абвяшчаў на зямліцы…»
У бярозавым гаі Бярозак
Маладых поўна, белых і чыстых,
Не пасмелі іх ссекчы злачынцы,
Каб зрабіць з іх Табе Крыж, о Хрыстэ!
Падыйшлі злыя людзі да Вольхаў,
Што імгляцца ў пупышках зялёных,
Іх узносяць пабожна да неба
На рамёнах сваіх малітоўных.
«Прэч адсюль!» — запярэчылі Вольхі.
Страсянула іх грозна трывога:
«Не запляміць Крывёй Сына Божага
Нас, што ўзносяць галіны да Бога!»
Сталі людзі шукаць гонкіх Соснаў.
На калонах ствалоў залацістых
Яны ў пышных зялёных каронах
Стаяць годна й шумяць ганарыста…
Загулі перапуджана Сосны:
«Ў нашым вечназялёным адзенні
Мы не можам Крыжом для Таго стаць,
Хто для свету ўсяго стаў Надзеяй…»
Вандравалі па лесе злачынцы
І шукалі са злосцю і гневам,
Ды ніводнае з дрэў не жадала
Мукі Панскай быць жудасным дрэвам…
Як увечары йшлі ўжо дадому,
То спаткаліся з дрэвам адзіным,
Што, пабачыўшы іх, не дрыжэла,
Для Крыжа яго ссеклі — Асіну…
На Крыжы тым Хрыстуса прыбілі,
Калі ж Кроў пралілася на дрэва,
З таго часу Асіна трасецца,
Хоць бы ветру няма ні павеву…
Ліст Асіны, як восень настане,
Чырванее — знак памяткі вечнай
Той Крыві, што калісьці сплывала
На Крыж Панскі з крыніцы сардэчнай…
Калі ж прыйдзе для кожнага дрэва
Дзень Суда, дык Асіна заплача…
«За мой грэх я вякамі дрыжэла…
Ці ж пакуты канец не пабачу?»
І адкажа ёй Пан Міласэрны:
Час пакуты — час перамянення.
Тваё дрэва для свету, Асінка,
Сёння сімвалам стала збаўлення…
Затрымцела з падзякай Асіна
Ад той ласкі, што Бог удзяляе:
Што тады было злосці прыладай,
Сёння людзям Любоў аб’яўляе!..
|