Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(103)/2023
Спадчына
РАЗУМНАЕ СЭРЦА. РАЗВАЖАННІ НАД АСНОВАМІ ПРАВА
Прамова Святога Айца Бэнэдыкта ХVI у нямецкім Бундэстагу 22 верасня 2011 г.

Прэзентацыя
Ксёндз канонік Дзмітрый ПУХАЛЬСКІ
«ЗБАЎЛЕННЕ ДУШАЎ — НАЙВЫШЭЙШАЕ ПРАВА КАСЦЁЛА»
Ксёндз прафесар Рамуальдас ЗДАНІС
ВАЖНАЯ ПАДЗЕЯ
In memoriam
Гутарка Яўгеніі НАЙДОВІЧ з ксяндзом канонікам Дзмітрыем БАРЫЛАМ
«Я БЫЎ ШЧАСЛІВЫ…»
Ad fontes
Постаці

АПОСТАЛ УНІІ
Нашы святыні
Пераклады

СМЕРЦЬ КАІНА

ВЕЛІКОДНАЯ ПРЫПАВЕСЦЬ ПРА ДРЭВА КРЫЖА Ў ТВОРЧАЙ СПАДЧЫНЕ ЮЛЬЯНА ЭЙСМАНДА
З нагоды юбілею
На кніжнай паліцы

ВЕРШЫ
Успаміны

ЖЫВІЦА АНАТОЛЯ ІВЕРСА
Мастацтва

ГАЛОЎНАЕ — БЫЦЬ ШЧЫРЫМ

Кс. Дзмітрый ПУХАЛЬСКІ

«ЗБАЎЛЕННЕ ДУШАЎ — НАЙВЫШЭЙШАЕ ПРАВА КАСЦЁЛА»

З прамовы на прэзентацыі Кодэксу кананічнага права на беларускай мове

<...> На пачатку свайго выступлення хацелася б сказаць некалькі слоў аб гісторыі з’яўлення самога Кодэксу (натуральна, што падрабязна ўсю гісторыю асноўнага прававога дакумента Касцёла расказаць за кароткі час немагчыма), а пасля распавесці аб працы, звязанай з перакладам гэтага дакумента на беларускую мову.

Кодэкс кананічнага права, якім сёння карыстаецца ўвесь Каталіцкі Касцёл лацінскага абраду, увайшоў у жыццё 27 лістапада 1983 года — амаль 40 гадоў таму. Гаворачы наогул аб гісторыі права ў Касцёле, найперш трэба сказаць, што перадусім важнае Божае права, якое з’яўляецца нязменным. Нельга змяніць Божыя запаве­дзі. Далей на працягу стагоддзяў існавання Касцёла з’яўляліся іншыя дакументы, якія служаць крыніцаю права ў Касцёле. Так паводле паўсюдна прынятай схемы крыніцаў права Каталіцкага Касцёла выдзяляюць таксама Апостальскае права (тое, што Касцёл называе Апостальскай Традыцыяй), права, устаноўленае Касцёлам (папскае права, дакументы Сабораў, паўсюдныя звычаі, дакументы і практыка Рымскай курыі, навучанне айцоў Касцёла, сінадальныя законы, прысуды касцёльных трыбуналаў, дакументы мясцовых біскупаў), а таксама элементы свецкага права, прынятага Касцёлам.

Сярод асноўных кананічных дакументаў, якія існавалі да пачатку ХХ стагоддзя ў Касцёле, варта назваць асноўныя, на якіх будавалася жыццё большасці каталіцкіх супольнасцяў. Найперш гэта зборы дакументаў першага тысячагоддзя хрысціянства — псеўдаапостальскія зборы Didache, Didascalia, Canones Apostolorum і інш., усходнія зборы (Corpus canonum orientalium, Collectio Trullana), зборы Заходняга Касцёла, зборы афрыканскія, ірландскія, літургічныя кнігі і г.д. Наступным важным дакументам у гісторыі права з’яўляўся Сorpus Iuris Canonici 1582 года, у які ўвайшлі Decretum Gratiani (1140); Decretales Gregorii IX (1234); Liber sextus Bonіfati VIII (1298); Constitutiones Clementinae (1317); Exstravagantes Ioannis XXII i Exstravagantes communes. Дакументы, выдадзеныя Касцёлам пасля гэтых дакументаў, знаходзіліся ў асноўным сярод матэрыялаў Сабораў у Канстанцыі, Базылеі, 5-га Латэранскага Сабору, Трыдэнцкага Сабору і Першага Ватыканскага Сабору. На падставе ўсіх гэтых дакументаў, выдадзеных на працягу амаль 1900 гадоў існавання Касцёла, спецыяльная камісія, якую склікаў у 1904 годзе папа Пій Х пад кіраўніцтвам кардынала П’етро Гаспарры, падрыхтавала першы Кодэкс кананічнага права Каталіцкага Касцёла, які ўвайшоў у жыццё 19 мая 1918 года.

Падчас працы Другога Ватыканскага Сабору, які спрычыніўся да здзяйснення шматлікіх рэформаў у навучанні Касцёла, стала зразумела, што існуючы Кодэкс кананічнага права таксама патрабуе рэфармавання. Папа Павел VI склікаў для гэтага спецыяльную камісію для рэвізіі Кодэксу яшчэ падчас працы Сабору, аднак сваю дзейнасць камісія фактычна распачала ўжо пасля заканчэння Сабору, калі былі выдадзены ўсе саборавыя дакументы. Новы Кодэкс кананічнага права ўвайшоў у жыццё, як мы ўжо казалі, 27 лістапада 1983 года. Кодэкс складаецца з 7-мі кніг і 1752-х канонаў.

Арыгінальны тэкст Кодэксу быў напісаны на лацінскай мове, і амаль адразу пасля выхаду Кодэксу кананісты пачалі працаваць над яго перакладам на нацыянальныя мовы — італьянскую, англійскую, нямецкую, французскую, польскую. Пазней былі зроблены пераклады на іншыя мовы — мы сёння чулі аб першым перакладзе на літоўскую мову, а таксама на рускую мову.

У пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя пачалося актыўнае адраджэнне жыцця Каталіцкага Касцёла на нашай Бацькаўшчыне. Адчыняліся шматлікія касцёлы — вернікам аддаваліся старыя будынкі, будаваліся новыя, праводзілася катэхізацыя дзяцей, моладзі, старэйшых людзей, і разам з тым было вельмі актуальным, на якой мове весці дзейнасць Касцёла. Старэйшае пакаленне традыцыйна карысталася польскай мовай, але ў тыя часы было моцнае прагненне маліцца на сваёй роднай мове. У Мінску ў 1990 годзе на Залатой Горцы з’явілася першая цалкам беларус­камоўная парафія, пробашчам якой стаў святой памяці ксёндз Міхал Сапель, які пасля быў першым кіраўніком секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў на беларускую мову. Спецыфікай беларускага Касцёла было тое, што яшчэ ў дасавецкія часы набажэнствы амаль не праводзіліся на беларускай мове — былі ва ўжытку ў асноўным лацінская мова як мова богаслужэння і польская мова як асноўная мова зносін у Касцёле. Таму паралельна з аднаўленнем рэлігійнага жыцця на пачатку 90-х гадоў амаль нанова стваралася беларуская тэрміналогія Каталіцкага Касцёла — некаторыя тэрміны ўдавалася даволі дакладна перакладаць з лацінскай мовы, часам з польскай ці рускай моваў, улічвалася таксама праваслаўная традыцыя, уводзіліся некаторыя новыя тэрміны і паняцці. Было перакладзена даволі многа неабходнай літаратуры, найперш літургічных кнігаў, але перакладу Кодэксу кананічнага права на беларускую мову не было.

У 2011 годзе я быў скіраваны арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, тагачасным Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім, для паглыблення сваіх ведаў на вучобу ў Папскі інстытут кананічнага права ў Венецыю. Калі вывучаў на даволі глыбокім узроўні гісторыю права, а таксама дзейсны Кодэкс, зарадзілася думка аб неабходнасці перакладу Кодэксу на беларускую мову, тым больш што ўжо тады, рыхтуючы розныя дакументы ці даклады для беларускага Касцёла, некаторыя каноны даводзілася перакладаць на беларускую мову.

Пасля вяртання ў Мінск адным з маіх абавязкаў стала выкладанне кананічнага права спачатку ў Вышэйшай міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі ў Пінску, пасля ў Гродзенскай семінарыі, выкладаннне ў катэхетычных каледжах, на курсах сямейнага жыцця, правядзенне цыклу перадач на Ватыканскім радыё і на беларускім «Радыё Марыя» і гэтак далей. Ва ўсіх гэтых установах навучанне і праца вядуцца на беларускай мове і, натуральна, неабходнасць перакладу Кодэксу на беларускую мову была важнаю.

Зразумела, можна было карыстацца Кодэксам на іншых мовах, што і рабілася, але падчас Пантыфікату папы Францішка было зроблена шмат рэформаў у Кодэксе (напрыклад, змена парадку правядзення працэсаў аб несапраўднасці сужэнства, змена канонаў, якія датычаць адносін з усходнімі супольнасцямі, і, нарэшце, рэформа шостай кнігі аб пакараннях), і таму нават існуючыя пераклады сталі неактуальнымі ў многіх пытаннях, што з’яўлялася дадатковаю прычынаю для перакладу Кодэксу на беларускую мову.

Хачу падзякаваць усім, хто падтрымаў нашу працу, — найперш Апостальскаму нунцыю ў Беларусі арцыбіскупу Антэ Ёзічу, які асаблівым чынам па Божым натхненні падтрымаў нашу працу на апошнім, а разам з тым на найбольш клопатным і цяжкім этапе — рэдагаванні, праверцы, вёрстцы і друку. Таксама выказваю падзяку Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і ўсім, хто спрычыніўся да з’яўлення Кодэксу кананічнага права на беларускай мове.

Асабліва хочацца падзякаваць ксяндзу каноніку Андрэю Зноску за ягоную дапамогу і адкрытасць. Так сталася, што рэдагаванне адбывалася падчас пандэміі, калі мы ўсе мелі трохі больш свабоднага часу, седзячы па дамах, і мы разам з ксяндзом Андрэем шмат гадзін кожны дзень на працягу некалькі месяцаў праводзілі ў анлайн-спатканнях, часта па некалькі гадзін дыскутуючы над чарговым тэрмінам, словам ці сказам. Скажу шчыра, гэта было нялёгка, былі і спрэчкі, але нарэшце мы гэта зрабілі, і цяпер можна сказаць, што за кожнае слова ў Кодэксе мы можам адказаць і вытлумачыць, чаму менавіта такім чынам яно перакладзена.

Яшчэ раз усім шчыра дзякую і зычу кожнаму, каб не баяўся заглядаць у Кодэкс, асабліва ў апошні яго канон, які гаворыць, што збаўленне душаў — найвышэйшая права Касцёла.

Гл. таксама:
Кс. Мікола ГРАКАЎ :: ПРЭЗЕНТАЦЫЯ ВЫДАННЯ КОДЭКСУ КАНАНІЧНАГА ПРАВА ::
Кс. праф. Рамуальдас ЗДАНІС :: ВАЖНАЯ ПАДЗЕЯ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY