Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(103)/2023
Спадчына
РАЗУМНАЕ СЭРЦА. РАЗВАЖАННІ НАД АСНОВАМІ ПРАВА
Прамова Святога Айца Бэнэдыкта ХVI у нямецкім Бундэстагу 22 верасня 2011 г.

Прэзентацыя
Ксёндз канонік Дзмітрый ПУХАЛЬСКІ
«ЗБАЎЛЕННЕ ДУШАЎ — НАЙВЫШЭЙШАЕ ПРАВА КАСЦЁЛА»
Ксёндз прафесар Рамуальдас ЗДАНІС
ВАЖНАЯ ПАДЗЕЯ
In memoriam
Гутарка Яўгеніі НАЙДОВІЧ з ксяндзом канонікам Дзмітрыем БАРЫЛАМ
«Я БЫЎ ШЧАСЛІВЫ…»
Ad fontes
Постаці

АПОСТАЛ УНІІ
Нашы святыні
Пераклады

СМЕРЦЬ КАІНА

ВЕЛІКОДНАЯ ПРЫПАВЕСЦЬ ПРА ДРЭВА КРЫЖА Ў ТВОРЧАЙ СПАДЧЫНЕ ЮЛЬЯНА ЭЙСМАНДА
З нагоды юбілею
На кніжнай паліцы

ВЕРШЫ
Успаміны

ЖЫВІЦА АНАТОЛЯ ІВЕРСА
Мастацтва

ГАЛОЎНАЕ — БЫЦЬ ШЧЫРЫМ

Андрэй ШПУНТ

АПОСТАЛ УНІІ

Язафат Бражыц. Медзярыт. Аляксандр Тарасевіч, 1680 г.

Берасцейская унія 1596 г. была кульмінацыяй шматвяковых намаганняў Апостальскай Сталіцы ліквідаваць падзел Касцёла, што адбыўся ў 1054 г. Аднак нават Рыма-каталіцкі Касцёл з усёй сваёй моцай наўрад ці здолеў бы дасягнуць такой грандыёзнай мэты, калі б не жаданне праваслаўных іерархаў Рэчы Паспалітай. Гэтае слушнае і адзіна магчымае рашэнне становіцца цалкам зразумелым, калі разглядаць яго ў рэчышчы палітычных працэсаў, што адбываліся ў нас і ў нашых суседзяў. Трэба аддаць належнае мудрасці Мітрапаліта Кіеўскага і Галіцкага і ўсяе Русі Міхала Рагозы, біскупа Уладзімірскага і Берасцейскага Іпація Пацея, Патрыяршага Экзарха біскупа Луцкага і Астрожскага Кірыла Цярлецкага ды іншага святарства, што зрабілі гэты крок. Да яго падштурхнулі іх у прыватнасці імкненне да незалежнасці ад Канстанцінопаля, што сам апынуўся пад уладай турэцкіх султанаў, нежаданне падпарадкоўвацца Маскоўскаму патрыярху, які атрымаў гэты сан у 1589 г. з рук Канстанцінопальскага патрыярха і тытулаваўся цяпер з прыдаткам «усяе Русі», што пашырала яго ўплыў на Праваслаўную Царкву ў Вялікім Княстве Літоўскім. Гэты ўплыў спалучаўся з высілкамі Маскоўскай дзяржавы захапіць землі ВКЛ і Украіны, што ставіла пад пытанне недатыкальнасць царкоўных уладанняў і маёмасці. Акрамя гэтых прычын, якіх адных цалкам хапіла б, быў і шэраг іншых, што перапоўнілі чашу цярплівасці. Крызіс Праваслаўнай Царквы выклікаў пераход вернікаў у каталіцтва і пратэстанцтва, таму пытанне еднасці хрысціянаў стаяла за ўсімі гэтымі фактарамі.

15 снежня 1596 г. Жыгімонт ІІІ Ваза сваім Універсалам зацвердзіў Акт Берасцейскай уніі і заклікаў беларусаў і ўкраінцаў прызнаць уніяцкіх біскупаў, што і было зроблена значнай часткай нашага праваслаўнага народа. Але не ўсё ішло гладка. Нягледзячы на тое, што аб’яднанне было праведзена на аснове ўзаемных саступак, хтосьці, нават такія магутныя асобы, як князь Канстанцін Астрожскі, бачылі ў гэтым здраду Праваслаўнай Царкве. Супраціў, падтрыманы з Усходу, прымаў актыўныя формы. Нават дзяржаўная здрада не была перашкодай. Так, у 1625 г. мітрапаліт Іоў звярнуўся да цара Міхаіла Фёдаравіча з просьбай аб прыняцці Маларосіі ў расійскае подданства. Восенню 1623 г. у Віцебску пралілася кроў першага пакутніка аб’яднанага Касцёла, полацкага біскупа Язафата Кунцэвіча. З таго часу словы «унія», «грэка-каталіцтва» стаяць побач з імём гэтага святога.

І ўсё ж такі, нягледзячы ні на што, «за паўстагоддзя ўніяцтва ахапіла ўсю праваслаўную Беларусь», і Каталіцкі Касцёл прыкладаў усе намаганні, каб гэтае адзінства было трывалым. Яшчэ да заключэння Уніі езуіты, такія стаўпы ордэну, як Пётр Скарга, рыхтавалі адпаведную глебу, а потым, разам з кармэлітамі, садзейнічалі мітрапаліту Іосіфу Руцкаму і біскупу Язафату Кунцэвічу ў стварэнні ў Рэчы Паспалітай ордэнскай арганізацыі па правілах св. Васіля Вялікага, атрымаўшую назву базыліяне. Першая кангрэгацыя ордэну адбылася ў Наваградку ў 1617 г., а праз 18 гадоў, у 1635-м, нарадзіўся Язафат Бражыц, якога яго біёграф кс. Язафат Скрутань OSBM на старонках Польскага слоўніка біяграфічнага ў 1936 г. сцісла ахарактарызуе такімі словамі: «базыліянін Літоўскай правінцыі, вільнянін». Базыльянскі ордэн цяпер рыхтаваў уласныя кадры, дзякуючы якім Унія ўсё больш пашыралася і ўсталёўвалася на нашых землях. Матэрыялаў пра а. Язафата Бражыца зусім няшмат, але гэта не дае падставы адступіць, каб пакінуць пад пылам забыцця імя чалавека, названага Апосталам Уніі, тым болей, што першая думка пры такім акрэсленні будзе менавіта пра св. Язафата Кунцэвіча.

Паводле кс. Язафата Скрутаня OSBM, Язафат Бражыц уступіў у ордэн базыліянаў у Быцені. Вучыўся ў Менску ў кс. Бэнэдыкта Цярлецкага. У студзені 1661 г. быў запісаны на схаластычную тэалогію ў езуіцкім калегіуме ў Брундсбергу, але ў лютым 1663 г. быў выкраслены са спісу навучэнцаў, паколькі адмовіўся скласці прадпісаную прысягу.

На працягу свайго кароткага жыцця, значная частка якога прыпала на жудасную вайну 1648–1667 гг., што вяла Рэч Паспалітая з Маскоўскай дзяржавай, святар служыў у Жыровіцах, Быцені, Замосці і Наваградку, а абавязкі кіраўніка (ігумена) выконваў у Хэлме, Менску, Полацку (з 1671 г.) і Віцебску. У 1680 г. прымаў удзел у Люблінскім калоквіуме, скліканым з ініцыятывы Яна ІІІ Сабескага з мэтай аб’яднаць уніятаў з праваслаўнымі ў якасці ігумена Полацкага і афіцыяла Полацкага арцыбіскупства (пасада афіцыяла была роўная архіерэйскай дыяцэзіяльнай уладзе, толькі без права пасвячэння). У ордэне карыстаўся любоўю і павагай. На кожным месцы свайго служэння праславіўся як прапаведнік, што меў асаблівы дар навяртання грэшнікаў, айцец убогіх і апякун хворых, экзарцыст. Калі быў дыяканам у кляштары Св. Тройцы ў Вільні, палаючы моцным жаданнем збаўлення душаў, на месцы ажыццяўляў місіянерскую дзейнасць, прыводзячы людзей да споведзі. А калі сам стаў святаром, ператварыўся ў сапраўднага вязня канфесіяналу, не выходзячы адтуль па шэсць гадзінаў.

Каяловіч дапушчаў, а на яго спасылаўся кс. Язафат Скрутань OSBM, што а. Язафат Бражыц, хаця і неафіцыйна, лічыўся ўніятамі святым і, будучы вельмі адукаваным, з’яўляўся аўтарам твораў, што прыпісваліся св. Язафату Кунцэвічу.

Архімандрыт Мікалай у сваім грунтоўным «Историко-статистическом описании Минской епархии» (Спб., 1864), асвятляючы гісторыю былога менскага Свята-Духава мужчынскага кляштара, пералічваючы вядомых ігуменаў, сцісла пазначыў найбольш адметныя рысы, якімі вызначалася кіраванне гэтай асобы. Так, напрыклад: «4) 1620 г., Рыгор Міхайлавіч, намеснік уніяцкага мітрапаліта Іосіфа Руцкага. Ён скардзіўся на менскага бургамістра Данііла Маслянку, які забраў па смерці архімандрыта Арсенія дакументы Узнясенскага манастыра. 6) 1622 г., ігумен Рыгор Крашэльнікаў. Ён прасіў у караля Польскага Жыгімонта ІІІ пацвярджэнне на будаўніцтва млына каля Хлусава мосту. 10) 1639 г., ігумен Феакціст Саматыя. Ён патрабаваў ад Ганны Вітальдавай 12000 злотых, ахвяраваных на маёнтак Ратомля, завешчаных яе продкамі. 19) 1778 г., ігумен Сільвестр Антановіч судзіўся з праваслаўным менскім Петрапаўлаўскім архімандрытам, Іаакінфам Пелкінскім, за сенажаць Арэхаўскі» і г.д. Герой нашага артыкула прыкметна вылучаецца ў гэтым пачэсным шэрагу адміністратараў і барацьбітоў за правы ўніятаў. Пад №13 сцісла і сціпла сказана: «1666 г., ігумен Іаасаф Бражыц, змагар за ўнію, якому езуіт Кулеша прыпісвае дар цудатворства».

Айцец Язафат Бражыц быў вядомы як пашыральнік культу св. Язафата Кунцэвіча і асабліва культу Багародзіцы. Менавіта падчас яго кіравання пры полацкай архікатэдры было заснавана брацтва Найсвяцейшай Панны Марыі. Вядома таксама, што ён меў ва ўласнасці абраз Маці Божай, што праславіўся цудамі ў Барунах (аб гэтым ужо згадвалася на старонках «Нашай веры» ў № 3 (101) за 2022 г., паводле матэрыялаў кс. Люцыяна Дамброўскага. Таксама там можна даведацца пра мужныя чыны а. Язафата ў Менску ў 1666 г. падчас эпідэміі і з’яўленні яму, непрытомнаму ад хваробы, Божай Маці, якая сказала: «Падабаецца Мне твая руплівасць дзеля душаў людскіх, крывёю Сына Майго адкупленых. Не пакідай іх! Вось Я выпрасіла для цябе жыццё і дар выганяць злых духаў».)

Прадказаўшы час сваёй смерці, а. Язафат Бражыц памёр 12 лютага 1683 г. у Віцебску і быў пахаваны ў старой драўлянай царкве Успенія пад амбонаю, аднак у першай палове XVIII ст. пры перабудове царквы месца пахавання не знайшлі...

 

ЛІТАРАТУРА

  1. Грыцкевіч А. Брэсцкая унія 1596 // ЭГБ. Т. 2. — Мінск, 1994. — С. 98–99.
  2. Дамброўскі Л. Вяртанне святыні. Да 100-годдзя вяртання ў Баруны абраза Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных // Наша вера. № 3 (101), 2022.
  3. Кірэеў В. Базыльяне // ЭГБ. Т. 1. — Мінск, 1993. — С. 280.
  4. Архимандрит Николай. Историко-статистическое описание Минской епархии. — СПб, 1864. — С. 93–97.
  5. Коялович М. Литовская церковная уния. Т. 2. — СПб, 1861. — С. 329–330.
  6. Уния в документах / сост. В. Теплова, З. Зуева. — Мінск, 1997.
  7. Skruteń J. Brażyc Jozafat // PSB. T. II. – Kraków, 1936. — S. 421.
  8. Wołyniak (Giżycki J.M.). Bazyliańskie klasztory unickie w obrembie prow. białoruskiej // Przewodnik naukowy i literacki. — Lwów, № XXXV, 1907.— S. 467–468.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY