|
|
№
1(103)/2023
Спадчына
РАЗУМНАЕ СЭРЦА. РАЗВАЖАННІ НАД АСНОВАМІ ПРАВА
Прамова Святога Айца Бэнэдыкта ХVI у нямецкім Бундэстагу 22 верасня 2011 г. Прэзентацыя
In memoriam
Гутарка Яўгеніі НАЙДОВІЧ з ксяндзом канонікам Дзмітрыем БАРЫЛАМ
«Я БЫЎ ШЧАСЛІВЫ…» Ad fontes
Постаці
Нашы святыні
Надзея УСАВА
«ЛІТУРГІЧНЫ ГАРДЭРОБ» Арнаты ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Пераклады
Ірына БАГДАНОВІЧ
ВЕЛІКОДНАЯ ПРЫПАВЕСЦЬ ПРА ДРЭВА КРЫЖА Ў ТВОРЧАЙ СПАДЧЫНЕ ЮЛЬЯНА ЭЙСМАНДА З нагоды юбілею
На кніжнай паліцы
Успаміны
Мастацтва
|
Крыніцай для асэнсавання выгляду інтэр’ера будслаўскага касцёла ў XVII стагоддзі, апроч кнігі Э. Зеляевіча «Задыяк на зямлі», ёсць кніга-летапіс «Chronologia Ordinis Fratrum Minorum de Observantia provinciae Minoris Poloniae et Magni Ducatis Lithuaniae» (Храналогія Ордэну Братоў Меншых Абсэрвантаў правінцыі Малой Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага) аўтарства Тамаша Дыганя (1588–1681). Айцец-бэрнардын Тамаш Дыгань быў сынам заможнага гараджаніна з Вільні. Навучаўся ў Віленскім універсітэце. Вечныя манаскія абяцанні склаў у 1615 годзе і ўступіў у ордэн бэрнардынаў. У 1639 годзе быў абраны гвардыянам бэрнардынскага кляштара святой Ганны ў Варшаве, потым быў настаяцелем кляштараў у Гродне, Вільні, Коўне. У 1653 годзе ўвайшоў у склад кіраўніцтва Літоўскай правінцыі як дыфінатар і быў абраны хранографам правінцыі. Вось як на латыні гучыць апісанне інтэр’ера будслаўскага касцёла ў другой палове XVII стагоддзя: «…maior Ecclesia insigni opere, varÿsq incisionibus stemmatam variorum Benefactorum, argenti et auro pictoris condecorata…» («…вялікі храм, славуты выдатным упрыгожваннем гербамі выбраных ахвярадаўцаў, якія срэбрам і золатам мастаком упрыгожаны…»).
Прааналізуем разам кожнае слова гэтай найкаштоўнейшай інфармацыі, даведзенай да нас а. Тамашам Дыганем праз стагоддзі. У апісанні я звяртаю ўвагу на выкарыстанне ва ўпрыгожванні срэбра і золата, што дасць нам разуменне таго, як мог выглядаць чорны алтар на самым пачатку свайго існавання. Шляхецкія гербы, якія, хутчэй за ўсё, былі змешчаны на бочных алтарах (!) будслаўскага касцёла ў другой палове XVII стагоддзя, імаверна былі зроблены ў тэхніцы разьбы з далейшым пакрыццём ляўкасам і ўпрыгожаны па асобных дэталях сусальным золатам і срэбрам. Звычайна такія ўпрыгожванні алтароў і абразоў з выкарыстаннем родавых гербаў ахвярадаўцаў ці данатараў былі дапоўнены не толькі сусальным золатам і срэбрам, але і паліхромным роспісам — ёсць шмат такіх прыкладаў у сакральным мастацтве Еўропы. Імаверна, што бочныя алтары былі зроблены ў стылістыцы ранняга барока, хутчэй за ўсё, з выкарыстаннем чорнага (ці колеру чарнасліву, трошкі з руда-фіялетавым адценнем) на кантрасце са срэбрам і золатам, як было ў знакамітым чорным алтары. Паводле архіўных крыніцаў першай паловы XVIII стагоддзя, інтэр’ер будслаўскага касцёла быў упрыгожаны дзевяццю алтарамі: па тры алтары на бакавых сценах (пад вокнамі ці ў прасценках); два — на тарцовай сцяне перад прэзбітэрыем і галоўны алтар у трохгранным завяршэнні апсіды. Якія ж гербы (ад ням. erbe — спадчына) маглі быць у інтэр’еры першага мураванага касцёла ў Будславе? Імаверна, што гэта былі знакі шляхецкай спадчыны родаў, якія зрабілі значны ўплыў на лёс будслаўскай святыні ў выглядзе сваёй матэрыяльнай ахвяры. Змены гістарычнага часу, знакі бяды, якія прыходзілі на нашу зямлю з усіх бакоў, руплівая людская дзейнасць і занядбанне ў савецкі перыяд, нават змена мастацкіх стыляў адбіліся на знешнім выглядзе будслаўскага касцёла і яго інтэр’ераў. Раннія матэрыяльныя знакі ахвярадаўцаў зніклі, як тое было з драўляным касцёлам, ці сталі вуглавым каменем новай святыні, як першыя мураваныя сцены ў бочнай капліцы. Але архіўныя сведчанні і карпатлівая логіка даюць нам уяўленне пра шляхецкія гербы, якія ўпрыгожвалі інтэр’ер першай мураванай будслаўскай святыні.
Герб «Газдава» меў Ян Дамінікавіч Пац (1550–1610), ваявода менскі, які атрымаў цудатворны абраз Будслаўскай Божай Маці з рук Папы Рымскага Клімэнта VIII. Герб «Радван» меў Ісаак Салакай (1572–1613), русін, які перайшоў у каталіцкую веру ў 1589 г., вучыўся ў Папскай семінарыі ў Вільні ў 1589–1590 гг., быў капеланам Яна Паца, даўгінаўскім вікарыем. Атрымаў у 1610 г. абраз Будслаўскай Божай Маці ў спадчыну ад Яна Паца і перадаў абраз у будслаўскі касцёл у 1613 годзе. Герб «Дэмбно» належаў Станіславу Карэйву (?–1645), суддзю ашмянскаму, фундатару пабудовы першага драўлянага касцёла ў 1591 годзе. Герб «Дамброва» меў Януш Кішка (1586–1654), ваявода полацкі, вялікі гетман літоўскі, уладар Крывічоў і Даўгінава, які ўдзельнічаў у закладцы вуглавога каменя мураванага касцёла, што будаваўся ў 1633–1637 гадах. 28 жніўня 1633 года Віленскі біскуп суфраган Абрахам Война (1569–1649) даў благаслаўленне на вуглавы камень а. Галямбоўскаму, пробашчу парафіі Солы, пры гэтым прысутнічаў а. Станіслаў Баркоўскі OFM, гвардыян будслаўскага кляштара.
Герб «Слізень» меў Аляксандр Слізень (1579–1651), стольнік ашмянскі, староста мядзельскі, каралеўскі сакратар, які выбраў будслаўскі касцёл як месца свайго супакою. У Вялікі чацвер 1613 года абраз на двух белых конях у суправаджэнні Аляксандра Слізеня і гвардыяна кляштара Насілоўскага быў перавезены з Даўгінава ў Будслаў. Сын Аляксандра Слізеня, Аляксандр Казімір Слізень (?–1684), як і яго бацька, меў да будслаўскай святыні духоўную прыхільнасць, таму і атрымаў па малітвах сваіх Божую ласку аздараўлення свайго маленькага сына, Яна Хрызастома. Э. Зеляевіч так пісаў у кнізе «Задыяк нябесны…» аб ліставанні з Аляксандрам Казімірам: «…Не магу прамаўчаць пра лісты Яго Мосці пана Аляксандра Слізеня, падстолія ашмянскага (?–1684) з пабожнага ўздзеяння і набажэнства к гэтаму месцу, пісанага да мяне. Вось тыя словы: „Трэба ведаць аб гэтым і разумна пісаць аб дарах Божых, атрыманых Wm. (вяльможным панам) ад Панны Найгоднай і дараваных таму месцу, тады я, нягодны выбраннік, ад той жа Maecenatrieis Nostrae (Галоўнай Гераіні) ад таго месца вялікія атрымаў дабрадзействы, пажадаў таемна імя маё не мне нягоднаму хваліць, але выбранаму хвалу ўзносіць Панне Найсвяцейшай, і тое напісана ў Кнізе той, што адзін чалавек, вялікі знаўца месца таго дабрадзейства, каб не была пасаромлена на векі марная слава, але такую клятву вызнаў, што свае суплікацыі (малітвы-просьбы) да той Прасвятой Багародзіцы ўзносіў на месцы Будскім і шмат пазнаў ласкаў духоўных і дабрадзействаў атрымаў ад Панны Прасвятой. То шчадрот тысячу пазнаўшы, прысягаю, што гэта месца ёсць refugium peccatorum & consolatio refflectorum (прыстанішча грэшных і суцяшэнне навернутых), туліцеся пад крылы той Нябеснай Арліцы прагнучыя слугі Яе“». «Дэспат» — герб роду Зяновічаў. У кнізе «Задыяк нябесны…» а. Э. Зеляевіч так піша пра дабрадзейку з роду Зяновічаў: «….і таксама святой памяці Яе Мосці пані малжонкі вяльможнай з дому Зяновічавай, трабскай старасцянкі вялікай таго месца, мілосніцы…». У той жа кнізе, у трактаце другім (аб цудоўным цяперашнім абразе Панны Найсвяцейшай) аўтар успамінае пра пераход Юрыя Зяновіча з кальвінізму ў каталіцкую веру: «Сведкам ёсць і цяпер жывы Яго Мосць пан Ежы Зяновіч, цяперашні падстолі ваяводства Мінскага, які ў сваёй атэстацыі з сумленнем добрым вызнаў, што ў дзень навяртання св. Паўла (25 студзеня) у року 1641 той цудоўны образ і тое цудоўнае месца адведаў, будучы ерэтыком, зараз жа слёзы з вачэў пайшлі, і так сэрцам быў узрушаны, што зараз жа пабег да каплана і споведзь святую ўчыніў, і погляды свае ерэтычныя ў Касцёле Божым анафемаваў». У ранніх сведчаннях цудаў Будслаўскай Багародзіцы ёсць успамін пра адну са служанак жонкі Юрыя Зяновіча, якая атрымала Божую ласку ад цудатворнага абраза: «Год 1639. Панна Барбара Дзягінянка, служанка яе светласці пані Яжыны Зяновіч (жонка Ежы/Юрыя/ Зяновіча), жонкі цяперашняга падстолія менскага, так цяжка захварэла, што як толькі спавядалася і атрымала Святыя Дары, адразу ж памерла, так што не паспела нават праглынуць Святыя Дары, якія святар заўважыў толькі на наступны дзень і праз адкрыты рот з павагаю ў цэласнасці выняў, лічачы яе памерлай, бо яна чатыры дні ляжала халодным трупам, чакаючы толькі труны, якую ёй рыхтавалі. Але калі сама яе міласць пані падстоліца і святароў папрасіла маліцца за нябожчыцу, і сама ўсе гэтыя тры дні амаль бесперапынна малілася перад цудоўным абразом Найсвяцейшай Панны (бо ўсё гэта адбывалася ў Будзе), з вялікай верай і надзеяй просячы вярнуць жыццё і здароўе гэтай яе служанцы, то на чацвёрты дзень пасля малітваў і літаніі да Найсвяцейшай Панны служанка паднялася са стала, на якім ляжала, прыбраная для пахавання, цалкам здаровая, быццам і не хварэла ўвогуле, хоць ад моцнай гарачкі ўся счарнела і скура ў яе пачала адвальвацца. Калі ж яе адразу падвялі да абраза Найсвяцейшай Панны (аб чым яна і па гэты дзень сведчыць), то адчула лёгкасць у целе, быццам з яе знялі нейкі цяжар і самую скуру. Усё гэта бачылі многія і духоўныя, і свецкія, якія жывуць яшчэ і сёння, і праслаўлялі Бога за гэты цуд». «Равіч» — герб роду Галіньскіх. Э. Зеляевіч піша ў сваёй кнізе: «…і цяпер вяльможнай Яе Мосці пані Канстанцыі Галіньскай (герб «Равіч», жонкі/шлюб 1630/ Яна Корсака?) нашай вяльможнай пані і асаблівай дабрадзейкі… таго кляштару». «Прус» — герб роду Далмат-Ісакоўскіх, таксама вядомых ахвярадаўцаў будслаўскага касцёла. Пра гэты слаўны і пабожны род захавалася больш архіўнай інфармацыі. Усе дабрадзеі будслаўскага касцёла з роду Далмат-Ісакоўскіх мелі адзіны пратапласт: Яна Дзмітрыевіча (?–1628), падкаморыя ашмянскага, сурагатара Віленскага ваяводства, уладара маёнтка Ваўкалата ў Ашмянскім павеце, які ў 1624 годзе фундаваў касцёл у мястэчку Дунілавічы. Жонкай яго была княгіня Еўдакія Крысціна Друцкая-Горская (?–1647) з гербу «Друцк». У сям’і было трое сыноў: Караль Пётр, Францішак, Мікалай. Э. Зеляевіч у кнізе «Задыяк нябесны…» пасля ўступнага слова Віленскага біскупа Юрыя Тышкевіча «Facultas approbatio illustr..» і братоў францішканскага ордэну (fr. Ludovicus Zbaczynius; fr. Augustinus Witunski, fr. Michael Maszkowski) змясціў панегірык і гербавую кампазіцыю ахвярадаўцу, які дапамог у выданні знакамітай кнігі пра абраз Будслаўскай Багародзіцы. Панегірык мае назву: «Вяльможнаму, а нам вяліка міласціваму пану Яго Мосці пану Мікалаю Далмат-Ісакоўскаму, лоўчаму ВКЛ, дзяржаўцу Віршупскаму». У тэксце аўтар, апроч хвалебных словаў галоўнаму герою панегірыка, так піша пра род Далмат-Ісакоўскіх: «Прыпомнім сабе славутай памяці вяльможнага падкаморыя Ашмянскага, родзіча вяльможнага, які ў рэестрах кляштарных апошні адышоў да Бога, вяльможнага пана Яго Мосць Пана Пятра Ісакоўскага, лоўчага ВКЛ, і малжонку Яго Мосці, народжаную з дому Пацаў, ваяводзінку Трокскую, шчодрую; і яснавяльможнага і правялебнага ў Богу Яго Мосць ксяндза Францішка Ісакоўскага, намінанта дзісейшага Смаленскага; другога народжанага вяльможнага пана і ў кляштары ўспамінаю, калі добразычліва гляджу на тыя срэбраныя ліхтары, сумы грошай на мураванне таго касцёла даныя, капы цэлетовыя [teleta — фларэнтыйская тканіна: ядваб, прашыты срэбранай ніткай, радзей — з арнаментам, вышытым срэбранай ніткай па ядвабе], арнаты, келіхі…» Бадай самы вядомы з нашчадкаў Яна Дзмітрыевіча Далмат-Ісакоўскага як дзяржаўны і рэлігійны дзеяч ВКЛ — гэта старэйшы сын Францішак (1599–31.05.1654), пісар скарбовы літоўскі ў 1627–1640 гадах, сакратар караля Уладзіслава Вазы, кусташ віленскі з 1632 г., біскуп Смаленскі ў 1650–1654 гадах. Аналізуючы апошнія гады жыцця Смаленскага біскупа, магчыма прыйсці да высновы, што прычынаю яго смерці было ўзрушэнне ад выступу вялікага варожага войска з Масквы ў бок Смаленска і вымушаных уцёкаў з самага ўсходняга горада ВКЛ у траўні 1654 года. Францішкане вярнуліся ў Смаленск толькі амаль праз стагоддзе — у 1730-х гадах. Пра Пятра Караля (1600–1640) больш інфармацыі ў кнізе а. Яна Сленскага «Znaki wiecznosci z Іasnego kleynotv Wielmożnych Ich Mći panow Isaykowskich wyięte : ktore na pogrzebie <...> Piotra Karola Dołmata Isaykowskiego na Wolkolacie łowczego <...> na pocieche <...> pozostałych braci małżonki żałosney <...> Piotra Paca podskarbiego nadwornego <...> iako rodzica córki załobliwey ukazuie y ofiaruie Ian Slęski philosoph Akademiey Wileńskiey roku 1640 dnia 5 Julij». Гэта кніга з’яўляецца яркім прыкладам часткі велічнага пахавальнага абраду перыяду барока ў сармацкай Рэчы Паспалітай пад назвай Theatrum funebris (жалобнае відовішча), у які ўваходзілі не толькі пахавальная працэсія, шматлікія жалобныя ўпрыгожванні (гербы, харугвы, зброя, вянкі і інш.), жалобная Імша, але і доўгія прамовы, прысвечаныя заслугам нябожчыка, а напрыканцы Імшы чытаўся панегірык на заказ сям’і памерлага — так нараджалася кніга «Казанне на пахаванне памерлага…». Кніга «Знакі вечнасці…» пачынаецца з аркуша, упрыгожанага геральдычна-алегарычным медзярытам, які складаецца з алегарычных партрэтаў: злева — жонкі нябожчыка Ганны Пац (1610–?), дачкі ваяводы трокскага Пятра Паца (1570–1642), у вобразе Дня — Сонца; адначасова Ганна Пац увасабляе небасхіл з выявамі Задыяка на перавязі таліі, багіню Дыяну, увянчаную сімвалам славы — лаўравым вянком, і з паляўнічым лукам са стрэламі ў правай руцэ (мо гэта таксама і стрэлы Амура?) і апякунку мастацтваў з невялікай неапалітанскай лютняй у левай руцэ. Справа — Караль Пётр, войскі ашмянскі, уладар Ваўкалаты, рэпрэзентаваны ў вобразе Ночы з выявай Месяца на грудзях. Ён увасабляе разумнага мужа і апекуна навук — ён стаіць на нябесным глобусе (армілярнай сферы); у левай прыпаднятай руцэ ён паказвае нам Ураборас (змяю, якая кусае сябе за хвост) — сімвал вечнасці; а ў правай ён трымае кнігу і пяро. Цэнтр кампазіцыі ўпрыгожаны вялікай выявай геральдычнай тарчы нямецкага тыпу роду Далмат-Ісакоўскіх. На тарчы змешчаны чатыры гербы: «Прус», «Пяцірог», «Наленч», «Котвіца». Па баках тарчу (шчыт) аплятаюць буйныя лісты аканту, якія акаймляюць тканіну намёта — у італьянцаў ён завецца svolazzi (завіток), а ў французаў гэта больш знаёмае нам паняцце — ламбрыкен. Верх гербавой кампазіцыі вянчаюць два шаломы з кляйнотамі: злева — рука, якая трымае меч, справа — крыло, прабітае стралой. Герб аточаны лаўровым вянком, упрыгожаным кветкамі-зоркамі. Уверсе пад аблокамі лунае стужка з дэвізам: Аeternum vigebit (Вечна квітнеючы); унізе змешчана сцэна палявання на аленя (сімвал Хрыста), над якім разгорнута стужка з тэкстам: Donec capiam (Пакуль не злаўлю), то бок — шукаю ісціну! З адваротнага боку геральдычна-алегарычнага аркуша змешчаны панегірык: «На герб вяльможных Іх Мосці паноў Ісакоўскіх». Удакладнім, што бацька Ганны Пац, Пётр Пац (1570–1642), ваявода трокскі, быў дваюрадным братам Яна Дамінікавіча Паца (1550–1610), таго, хто прывёз цудадзейны абраз Будлаўскай Багародзіцы з Рыму. Удава, Ганна Пац (1610–да 1673), пасля смерці свайго мужа Пятра Караля Далмат-Ісакоўскага ў 1640 годзе другім шлюбам пабралася з Тэадорам Аляксандрам Ляцкім (1617–1683) з гербу «Цмок», вялікім падстоліем літоўскім, маршалкам надворным літоўскім, які вучыўся ва ўніверсітэце ў Падуі ў 1638–1639 гадах і вядомы яшчэ як рэлігійны паэт перыяду барока.
Памяць пра малодшага сына Яна Далмат-Ісакоўскага Мікалая (?–1668), стольніка упіцкага з 1634 г., лоўчага літоўскага з 1640 г., на вякі звязана з цудадзейным абразом Будслаўскай Багародзіцы, бо менавіта ён дапамог выдаць кнігу «Задыяк нябесны…» а. Э. Зеляевіча ў 1650 годзе. Як было зазначана вышэй, на першых старонках кнігі змешчаны аркуш з дрэварытам гербавай кампазіцыі ахвярадаўцы — Мікалая Далмат-Ісакоўскага. Цэнтр кампазіцыі займае родавы герб Далмат-Ісакоўскіх, які паўтарае геральдычную структуру тарчы з чатырох частак («Прус», «Пяцірог», «Наленч», «Котвіца»), старэйшага брата Мікалая, Пятра Караля Далмат-Ісакоўскага, герб якога быў надрукаваны ў 1640 годзе. Тут таксама змешчаны барочныя лісты аканту, якія спадаюць зверху і па баках герба. Верх герба ўпрыгожаны выяваю рыцарскага шалома з кляйнотам: крыло, прабітае стралой. Літары, якія атачаюць герб (MDILWKLDW) — гэта ініцыяльная інфармацыя пра гаспадара герба і яго дзяржаўныя пасады — Mikolaj Dołmat Isajkowski Lowczy Wielkiego Księstwa Litewskiego Dzierżawca Wirszupski. Калі расшыфравать алегарычныя выявы і сакральнае напаўненне гербавой кампазіцыі, то будзе заўважаны яе «раслінны матыў». Ключом да шыфру алегорыі ўзятыя словы са Старога Запавету. Яны напісаны на стужцы, якую ў аблоках трымаюць два анёлы: rami mei honoris Eccl 24 (галіны майго гонару / Эклезіяст 24, 22). Гэтыя радкі можна знайсці на латыні ў Кнізе Сіраха (24, 19) — Ego quasi terebinthus extendi ramos meos, et rami mei honoris et gratiae («Я, як тэрэбеніт, раскінула свае галінкі, і галіны мае — галіны гонару і ласкі»). Гэтыя словы таксама сімвалізуюць Багародзіцу і сустракаюцца ў Багародзічных малітвах. Аўтар у словах панегірыка на герб ахвярадаўцы ўзнёсла апісвае Будскую пушчу нібы пагоркі Святой Зямлі, выкарыстоўваючы словы з той жа крыніцы — Кнігі Сіраха: «На знак вечнай памяці і ўдзячнасці сваёй малюе імя годных Далмат-Ісакоўскіх на кедрах ліванскіх той пушчы Будскай і галінамі вялікага гонару (rami mei honeris) на вачах усяго свету іх карануе, і ў той кароне неўвяданай перавязь кедраў ліванскіх, кіпарысаў сіёнскіх, пальмаў кадэсовых [пальмавы гай ля крыніцы пад назвай Кадэс; Езэкіэль 47, 19. — І. С.], аліваў поўных, ружаў ерыхонскіх, міраў адборных, гальбанаў ліственічных (galban modrzen), явараў бальзамістых, маціцаў вінных [вінаград — вінаросль ці vitis vinifara. — І. С.]» і іншых дрэваў у галінах, прасякнутых цнотай і ласкай, у тым задыяку нябесным знойдуцца…» Увесь герб атачаюць галінкі вінаграднай лазы (адзін з сімвалаў Езуса Хрыста), а іх уверсе ў аблоках трымаюць анёлы са стужкай. Вінаградная лаза вырастае на пагорках, на якіх буяе мурог, красуецца пірамідальны ліванскі кедр (злева) і кадэсовая сагавая пальма (справа), у якой лісты падобныя да рыбінага хваста. Між дрэваў сакральнай пушчы прагульваюцца птушкі (сімвал душы і надзеі на Бога), зайцы (трапяткая душа, якая спадзяецца на Божую міласэрнасць) і вавёрка (сімвал Божага Провіду). Такім чынам, змест сакральнага шыфру гэтага дрэварыту, прысвечанага гербу Мікалая Далмат-Ісакоўскага, гэта апека Езуса і Багародзіцы лёсам ахвярадаўцы на далейшы яго шлях у Нябесную Пушчу, дзе ён упадобіцца словам, змешчаным паміж дрэвамі: Quasi Cedrus Quasi Vitis Quasi Palma — «як кедр, як вінаградная лаза, як пальма». Мікалай Далмат-Ісакоўскі не меў сям’і і адышоў у іншы свет бяздетным (sterilis). Можа таму ён так дбаў пра сваё духоўнае жыццё і ахвяраваў большую частку сваёй маёмасці будслаўскаму касцёлу…
«Трубы» ці «Страла» — герб роду Калецкіх. Вядомы польскі гісторык Каспер Нясецкі (1682–1744) у сваёй кніге «Herbarz Polski» сцвярджае, што Калецкія мелі герб «Страла» (Strzała), але Альберт Каяловіч (1609–1677), рэктар Віленскай акадэміі, піша, што Калецкія пачыналі свой радавод пад гербам «Трубы» (Trąby). Род Калецкіх — самы вядомы нам з ахвярадаўцаў будслаўскага касцёла. Гэта прозвішча запісана ў тэксце 1649 года цёмна-рудым атрамантам на драўлянай аснове цудадзейнага будслаўскага абраза: «…Аздоблены гэтымі срэбранымі шатамі айцом Фларыянам Калецкім з нашага закону, вялікім шанавальнікам гэтага месца, клопатам якога і коштам бацькоў ягоных па большай частцы гэты касцёл вымураваны каля года Панскага 1637…» Таму ва ўсіх мастацтвазнаўчых даведніках і навуковых працах адзначаецца, што будаўніцтва мураванага будслаўскага касцёла і аздабленне срэбранымі шатамі Будслаўскай Багародзіцы было здзейснена за кошт бацькоў (?) а. Фларыяна Калецкага, але ў гэтым сцвярджэнні ўсе не так проста… У «Гербоўніку» Адама Банецкага (1842–1909) запісана, што пратапластам роду Калецкіх герба «Трубы» быў Floryan v.Tworyan Kolancki. Імя Фларыяна, нябеснага заступніка пачынальніка роду, было вельмі шанаваным у сям’і. Таму ў мензы прастола (менза — рэліквіярый са святымі часцінкамі), што стаіць перад знакамітым будслаўскім чорным алтаром пад мармуровай плітой, умураваныя парэшткі святога Фларыяна Лорскага (каля 250 г.), заступніка ад пажараў, а брат а. Фларыяна, Аляксандр Калецкі, для свайго пахавання выбраў касцёл святых Францішка і Бэрнарда ў Вільні. Дзеля гэтага ў першай чвэрці XVII стагоддзя да касцёла была прыбудавана капліца пад тытулам святога Фларыяна (цяпер — капліца Трох Каралёў), дзе і быў пахаваны Аляксандр Калецкі. Вядомы польскі знаўца шляхецкай генеалогіі Альберт Каяловіч (1609–1677) сцвярджае, што Калецкія герба «Трубы» паходзяць з Серадскага ваяводства (цяпер — Лодзьскае). У іх продка былі тры сыны: Фларыян, Андрэй і Аляксандр. Аднак у трох польскіх «Гербоўніках» (Нясецкага, Банецкага і Каяловіча) няма інфармацыі пра дакладныя даты нараджэння трох братоў. Падсумоўваючы ўсе архіўныя звесткі, можна меркаваць, што Фларыян і Аляксандр былі блізнятамі, бо нарадзілся ў адзін год — 1580-ы. Ці не таму яны былі духоўна блізкімі на працягу ўсяго свайго жыцця? Пра Андрэя Калецкага вядома, што ён памёр маладым, недзе паміж 1615–1625 гадамі, а сваю маёмасць перадаў праз брата Аляксандра свайму kanclerzu duchownemu — а. Фларыяну.
Пра жыццё Аляксандра Калецкага (1580–1632) шмат інфармацыі ў кнізе аўтарства а. Ваўжынца Пруса (1584–?) «Казанне на смерць Яго Мосці пана Аляксандра Калецкага з Малых Кольнік, якое было прамоўлена ў касцёле айцоў бэрнардынаў у Вільні 5 студзеня 1632 года кс. Ваўжынцам Прусам, таго ж закону дыфінітарам і прапаведнікам-юбілатам» было надрукавана ў Вільні ў Таварыстве езуітаў, 1632 год. Словы з «Казання…» цытуе польскі гісторык Каспер Нясецкі ў сваёй кнізе «Herbarz Polski», калі разглядае генеалогію роду Калецкіх: «Аляксандр Калецкі герба Strzała доўгі час служыў у войску літоўскім. Удзельнічаў разам з Янам Сапегам (1569–1611) у бітве пад Кіргхольмам (27.09.1605), дзе пад ім былі застрэлены два кані, і ў той жа бітве пад старостам Шмельштынскім быў таксама забіты конь, і Аляксандр уратаваў старосту, узяўшы яго на свайго каня. Хадзіў разам з Янам Каралем Хадкевічам (1560–1621) на Маскву (1610 г.), куды вадзіў гусарскую харугву. Разам з пяхотаю паспяшаў на дапамогу Смаленску, узятаму ў аблогу з боку Масквы. Мінскі ваявода Пётр Тышкевіч (1571–1631), граф на Лагойску, адчуўшы ў Аляксандра сэрца рыцарскае, выдаў за яго замуж дачку сваю Сафію (1590–?)». У Аляксандра Калецкага і Сафіі Тышкевіч была дачка Ганна, якая выйшла замуж за Зяновіча з Полацка, войскага віленскага (Януш Дамінік Дэспат-Зяновіч, з 1674 года — войскі віленскі), а сын іх, Ян Калецкі, быў палкоўнікам каралеўскім, маршалкам мазырскім, ураднікам менскім, і меў харугвы: гусарскую, казацкую і рэйтарскую. Пра ўзрост дзяцей Аляксандра Калецкага напісана ў кнізе а. Ваўжынца Пруса: «Тут спачывае цела дарагога Аляксандра Калецкага, малжонка Іх Мосці пані Зофіі Тышкевічаўны, ваяводзінкі менскай, і айца двух дзетак, сыночка трох гадкоў і дочачкі, якой няма і году, асірацелых». Цікавую інфармацыю пра стасункі Аляксандра Калецкага з будслаўскім кляштарам знаходзім далей у той жа кнізе «Казанне на смерць Яго Мосці пана Аляксандра Калецкага…»: «Quemadmodum desiderat cervus ad fontes aquarum, ita desiderat anima mea ad te, Deus» («Як лань прагне вады з патоку, так душа мая прагне Цябе, Божа!»). Ёсць кляштарэк убогі закону нашага ў самай пушчы, званы Буда, пры якім абраз цудоўны Найсвяцейшай Панны Марыі. Шмат людзей да яго ідзе, і ён уцеху прыносіць, прыйшоў і ён да той крыніцы са сваімі votivus [ахвяраваннямі. — І. С.] і ачысціў душу сваю споведдзю пакорнай, і загасіў агонь пякельны слязьмі сваімі similis hinnulo ceruorum [як малады алень. — І. С.] і прыдаў сатысфакцыю ахвяраваннем сваім. Пачуў там жа ад прапаведніка, што Пан Неба і Зямлі ў манстранцыі прабывае. У манстранцыі, зробленай з латуні, выстаўленай на алтары. Зараз жа па набажэнстве за роднага свайго брата (а. Фларыяна Калецкага), які той кляштар пад сваім рэгімэнтам меў, запытаў дазволу, каб зрабіць срэбраную прыстойную манстранцыю сваім коштам. І, назіраючы за малым касцёлкам і ўбоствам яго з дрэва, задумаў даць зарок збудаваць хоры да яго з цэглы, але перашкодзіла гэтай справе яго смерць (1632), але я не сумняваюся, што Іх Мосці паны апекуны споўняць інтэнцыі памерлага». Трэцім з братоў Калецкіх быў Фларыян (1580–1641). Яго справа ў праслаўленні цудадзейнага абраза Будслаўскай Багародзіцы такая ж знакавая і важная, як і справа а. Э. Зеляевіча, аўтара знакамітай кнігі «Задыяк нябесны». Ён быў дыфінітарам бэрнардынскага закону (definitor, ад лац. — вызначаць; у францішканскім ордэне дыфінітары вылучаюцца генеральнымі ці правінцыяльнымі капітуламі, каб быць дапаможнікамі генералу ці правінцыялу ў кіраванні ордэнам). Уступіў у бэрнардынскі ордэн у Вільні ў 1601 годзе. У 1608 годзе ў Кракаве стаў святаром. Уваходзіў у кіраўніцтва бэрнардынскага ордэну ў Малапольскім ваяводстве (Кракаў) і ў Літоўскай правінцыі (Вільня). З 1630 года — гвардыян бэрнардынскага канвенту ў Вільні. Пуцяводнай зоркай у сакральным жыцці братоў Калецкіх быў а. Фларыян, дзякуючы якому вялікія сродкі ўсіх трох братоў былі памножаны як ахвяра для Будслава ў 1630–1633 гадах, і ўжо з 1633 года пачаліся вялікія перамены ў гэтым святым месцы: да 1637 года паўстаў першы мураваны касцёл, а да 1635 года (год перанясення Будслаўскай Багародзіцы ў галоўны алтар новазбудаванай святыні) з’явіліся срэбраныя шаты і ювелірныя ўпрыгожванні на цудатворнай іконе. Паводле гістарычнай літаратуры ў другой палове XVII стагоддзя магчыма вылучыць дзевяць шляхецкіх гербаў, які ўпрыгожвалі інтэр’ер будслаўскага касцёла ў той час. Дарэчы, і алтароў было дзевяць…
ЛІТАРАТУРА
|
|
|