Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(103)/2023
Спадчына
РАЗУМНАЕ СЭРЦА. РАЗВАЖАННІ НАД АСНОВАМІ ПРАВА
Прамова Святога Айца Бэнэдыкта ХVI у нямецкім Бундэстагу 22 верасня 2011 г.

Прэзентацыя
Ксёндз канонік Дзмітрый ПУХАЛЬСКІ
«ЗБАЎЛЕННЕ ДУШАЎ — НАЙВЫШЭЙШАЕ ПРАВА КАСЦЁЛА»
Ксёндз прафесар Рамуальдас ЗДАНІС
ВАЖНАЯ ПАДЗЕЯ
In memoriam
Гутарка Яўгеніі НАЙДОВІЧ з ксяндзом канонікам Дзмітрыем БАРЫЛАМ
«Я БЫЎ ШЧАСЛІВЫ…»
Ad fontes
Постаці

АПОСТАЛ УНІІ
Нашы святыні
Пераклады

СМЕРЦЬ КАІНА

ВЕЛІКОДНАЯ ПРЫПАВЕСЦЬ ПРА ДРЭВА КРЫЖА Ў ТВОРЧАЙ СПАДЧЫНЕ ЮЛЬЯНА ЭЙСМАНДА
З нагоды юбілею
На кніжнай паліцы

ВЕРШЫ
Успаміны

ЖЫВІЦА АНАТОЛЯ ІВЕРСА
Мастацтва

ГАЛОЎНАЕ — БЫЦЬ ШЧЫРЫМ

Галіна ТЫЧКО

ЛІТАРАТУРНЫ ЧОВЕН ІРЫНЫ ЖАРНАСЕК

Шмат гадоў таму ў далёкім 1986-м на паліцах кнігарняў з’явілася новая кніга «Ліст да сына», і на літаратурнай арэне пазначылася новае імя — Ірына Жарнасек. У прадмове да выдання яе зямляк, вядомы пісьменнік Алесь Савіцкі, пажадаў маладой аўтарцы, каб яе «невялічкі новы літаратурны човен» не згубіўся ў вялізным i глыбокім моры мастацкай прозы і каб гэты літаратурны човен імкнуўся ў «не замглёную, а чыстую i сонечную далячынь чытацкай прыхільнасці, павагі i ўдзячнасці».

Так урэшце яно і сталася. Аднак «літаратурны човен» Ірыны Жарнасек у творчым моры неўзабаве набыў новы напрамак…

Першая кніга маладой пісьменніцы была напісана ў рэчышчы тагачаснай якаснай беларускай прозы. Гэта былі апавяданні, дзе закраналіся спрадвечныя маральна-этычныя калізіі чалавечага жыцця — прыстойнасць, сумленнасць, адказнасць за свае ўчынкі, тое, з чым сутыкаецца кожны чалавек на працягу свайго зямнога шляху, незалежна ад узросту, полу ці месца жыхарства. Аднак было ў гэтай кнізе і тое, што істотна адрознівала яе ад іншых твораў маладых аўтараў. У гушчыні спрадвечных побытавых дылемаў маральнага выбару, якія і становяцца прычынай глыбінных перажыванняў герояў, Ірына Жарнасек імкнулася намацаць вытокі праблемаў, і адсылка нязменна ішла ў мінулае: у перарванасць традыцый, разрыў з «родным карэнннем», з тым, што нітуе чалавека з роднай зямлёй, сям’ёй, краем. Так ёсць у апавяданнях «Ліст да сына», «Кросны» і іншых, дзе аўтарка запрашае да роздуму чытача, падказваючы яму накірунак рэфлексій...

У 1993 г. выходзіць другая кніга пісьменніцы «Гульні над студняй», куды ўвайшлі тры аповесці, кожная з якіх расказвае пра няпросты лёс, пра шчымлівую, псіхалагічна напружаную гісторыю жыцця чалавека, нашага суайчынніка і сучасніка на скразняках нацыянальнай гісторыі мінулага ХХ стагоддзя. Несумненна, што змест і агульная танальнасць твораў былі абумоўлены той сацыяльна-палітычнай атмасферай, якая панавала ў Беларусі ў той няпросты час. У аповесці «Гульні над студняй», якая і дала назву ўсёй кнізе, рэтраспектыўна ўзнаўляецца лёс беларускага эмігранта Казіміра Лавэйкі, які перад Другой сусветнай вайной, як і тысячы іншых беларускіх юнакоў і дзяўчат, пакінуў родны край і апынуўся ў далёкай Аргенціне. Праведаць родныя мясціны ён прыязджае толькі напрыканцы жыцця. Калісьці бяздумная дзіцячая гульня над студняй скончылася гібеллю Богуся — аднаго з дзяцей сям’і Лавэйкаў, а другога, Казіка, праз усё жыццё прымусіла несці на сабе цяжар непазбытай віны і адчуваць сябе выгнаннікам у родным доме. Безумоўна, гэтая гісторыя не толькі псіхалагічна вывераны сюжэтны ход у творы пісьменніцы, які дае першаштуршок перыпетыям лёсу і рэфлексіям героя, але яшчэ і сімвалічны падтэкст для разумення твора. Уся гісторыя Беларусі — гэта «гульні над студняй» — экстрэмальна рызыкоўныя, трагічныя ў сваім выніку, калі адны на ўзлёце гінуць, не пакінуўшы нашчадкаў, а другія — выгнаннікі з роднай зямлі, якія пускаюць карэнне ў далёкіх чужых краях.

Многае ў гэтым творы з асабістага досведу аўтаркі. У кнізе лірычных аповедаў-успамінаў «Нашых дзён крыгаход» («Про Хрысто», 2021) яна ўзгадвае падобны эпізод (гульні над студняй) са свайго маленства, які, на шчасце, не меў трагічнага завяршэння. Народжаная на поўначы Беларусі, на Глыбоччыне, дзе да нашага часу захаваўся плён асветніцкіх традыцый айцоў езуітаў, закладзеных яшчэ ў ХVІ стагоддзі, Ірына Жарнасек у сваёй творчасці не магла не закрануць слаўную гісторыю краю, вобразы нацыянальных герояў, лёсы якіх былі знітаваныя з гэтай зямлёй. Так, са старонак аповесці паўстае перад намі воблік незабыўнага Язэпа Драздовіча, маляўнічыя дыванкі якога раскіданы па вясковых хатах паўночнай Беларусі. Пісьменніца алюзійна падкрэслівае, што яе герой — таленавіты разьбяр Казімір Лавэйка, працы якога ўпрыгожваюць дамы багатых аргенцінцаў, адчувае сябе палахлівым зайцам, якога намаляваў некалі дзядзька Язэп на дыванку для яго бацькоўскага дому. Трагедыя Лавэйкі ў тым, што ён збаяўся ў свой час. Збаяўся голаду, нястачы, цяжкай працы, псіхалагічнага ціску і пастараўся выкінуць з памяці ўсё, што яднала яго з гэтай зямлёй, бядой, якая лучыла яго з родным краем. Ён збаяўся, але не пазбыўся пакутаў сумлення, не змог вырваць з душы таго, што Максім Гарэцкі назваў родным карэннем, і ў гэтым яму паспрыяла жонка Юратэ, літоўка па нацыянальнасці і па духу, якая так і не змагла асімілявацца на чужыне.

Ірына Жарнасек узнаўляе ў творы этнаграфічна дакладныя сацыяльна-побытавыя аспекты нацыянальнага жыцця ў паўночнай Беларусі ў першай і другой палове ХХ стагоддзя. На прыкладзе лёсу Лавэйкага сябра агранома Адася Чаронкі яна прыгадвае гістарычна важныя факты, такія, як навучанне беларускіх студэнтаў у Празе і іншых чэшскіх гарадах у 1920 — 1930-х гг. дзякуючы матэрыяльнай падтрымцы чэхаславацкага ўраду. У другой аповесці з гэтай кнігі («Апошняя дзея») пісьменніца гаворыць пра музычна-тэатральную справу свайго знакамітага земляка Ігната Буйніцкага, але прыводзіць чытача да невясёлых высноваў. І сама назва твора, і месца дзеяння (дом састарэлых), і галоўны герой — нямоглы дзевяностагадовы Ольгусь, колішні артыст знакамітага тэатру — усё сведчыць пра занядбанне, забыццё народных традыцый, нішчэнне нацыянальных скарбаў. І ўсё ж хрысціянская міласэрнасць і вера ў чалавека, нават калі гэты чалавек збіўся з праведнай дарогі, як Ольгусеў сусед па палаце рэцэдывіст Клема, асвятляюць гэты твор праменьчыкам надзеі.

Пазней у паэтычным зборніку «Шукаю цябе» (2008), быццам падсумоўваючы рэфлексіі сваіх герояў і свае ўласныя, асэнсоўваючы пачуццё віны і болю за родны край у вершы пад вымоўнаю назвай «Рараты», пісьменніца прамовіць:

Краю, мой Краю,
хто і калі цябе разгадае?
Звоняць званы.
Ды ў ложках соладка спяць сном глыбокім
не дзеці, але іхнія таты і мамы.
Ім для таго, каб прачнуцца,
што яшчэ трэба, Божа?!
Ды ўсё ж не памерла надзея.
Бо дзеці, іхнія дзеці, гэтым марозным ранкам
са свечкамі й ліхтарамі,
з малітвай даверу на вуснах
ідуць ратаваць свой Край.

Зварот да паэтычнага слова, з аднаго боку, быў нібыта і нечаканы для пісьменніцы, якая даўно і паспяхова сцвердзіла сябе ў прозе. Аднак памкненне да трансцэндэтнага, пакутлівы шлях чалавека (у тым ліку і лірычнай гераіні) да спасціжэння Боскай Існасці, сакральнасць тэмы патрабавалі не будзённага празаічнага слова, а слова, адрознага ад звычайнай мовы, слова высокага, паэтычнага.

Шукаю Цябе ў паднябессі далёкім,
скляпеннях сінечы над галавой,
шукаю на вулках, змрочных і вузкіх,
шукаю ў святынях, гатычных, высозных,
шукаю ў капліцах і ля крыжоў.
Шукаю ў тварах, блізкіх і родных,
прыветных усмешках, далонях сяброў.
У снег і завею, слату і нягоду,
сонечным днём, у маўклівую ноч...
Шукаю Цябе, бо ведаю добра:
Ты дзесьці ёсць блізка — зрабіць толькі крок...

Шукаю, мой Божа,
Цябе гэтак доўга,
забыўшы, што ўсё да крупінкі,
усё да апошняе кроплі
пры мне, ува мне, па-за мною —
гэта ўсё — Ты.

У душы і ў творчай лабараторыі пісьменніцы гэты пошук, безумоўна, распачаўся даўно, але непасрэдны зварот да біблейскай тэматыкі ў яе мастацкай прозе датуецца 2002 годам, калі ў выдавецтве «Про Хрысто» пабачыла свет яе чарговая кніга «Гадара». Гэта зборнік апавяданняў, які складаецца з двух цыклаў: «Ноч пасля Галгофы» — рэфлексія над асобнымі фрагментамі Евангелля, і «Калі маўчаць званы» — аповеды пра сучаснага чалавека і свет у яго стасунках з Богам. Назва кнігі, як і назва першага апавядання, паходзіць ад назвы горада Гадара, які згадваецца ў Евангеллі ад Лукі (8, 26–39). У гэтым эпізодзе расказваецца аб тым, як Езус выгнаў дэманаў з чалавека і дазволіў ім увайсці ў статак свіней. «І кінуўся статак з кручы ў возера, і патануў» (8, 33). У сваім апавяданні І. Жарнасек імкнецца ўзнавіць атмасферу «Гадарынскай краіны», эмоцыі і думкі людзей, якія сустрэліся з Богам, але яшчэ не ў стане гэтага зразумець і прыняць, бо смурод і цемра пануе не толькі ў іх паселішчы, але і ў іх душах. Тры наступныя апавяданні гэтага цыклу і выяўляюць паступовае, але няўхільнае пашырэнне «слоў Божай праўды» праз цьмяна-інтуітыўнае разуменне Барабам несправядлівасці ацалення яго жыцця («Ноч пасля Галгофы»), праз ачышчэнне душы і цела блудніцы, у якую ніхто так і не змог першым кінуць камень («Шчаслівыя»), урэшце праз ахвярную пакутніцкую смерць аднаго з найбліжэйшых вучняў Хрыста «Сына грому» — святога Якуба, сына Зэбэдэя («Першы»). І завяршае гэты цыкл расказ пра бясслаўную смерць Ірада Агрыпы — ганіцеля хрысціянаў («Агонія»). Другі цыкл кнігі — гэта псіхалагічна напружаныя, эмацыйна балючыя тэксты пра сучасных людзей: старых, сіротаў, хворых, адзінокіх і пакінутых. Аўтар як быццам кажа сваім чытачам: глядзіце, што адбываецца з чалавекам, «калі маўчаць званы»…

Выпрабаваннем і ўзнагародай стала для Ірыны Жарнасек праца над раманам «Будзь воля Твая» (2004), у якім разгорнутыя трагічныя і велічныя старонкі гісторыі Каталіцкага Касцёла на Беларусі — трагедыя вёскі Росіца, пакутніцкая смерць яе жыхароў і святароў — Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры. Святары маглі ўратаваць сваё жыццё, але выбралі смерць разам са сваёю пастваю. Літаратура нон-фікшн надзвычай запатрабаваная сёння ва ўсім свеце, аднак узнаўляць у мастацкім тэксце гістарычных асобаў і шырока вядомыя гістарычныя факты надзвычай няпроста. Благаслаўлёныя айцы марыяне Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра паўстаюць на старонках рамана жывымі і непаўторнымі індывідуальнасцямі, кожны са сваім унікальным жыццёвым шляхам, менталітэтам і асаблівасцямі характару. І ўсё ж пісьменніцы ўдаецца вылучыць у іх вобразах агульнае, найбольш істотнае, сакральна духоўнае, што жывіла іх ахвярную любоў да бліжняга. Думаецца, што не толькі руплівая пісьменніцкая праца: знаёмства з архіўнымі крыніцамі, размовы з відавочцамі трагедыі, скрупулёзнае даследаванне біяграфій галоўных герояў, але і асабістая спалучанасць з праблематыкай твора, бо Ірына сама маці святара-марыяніна, абумовілі той эмацыйны запал, тую глыбокую напружанасць псіхалагічнага малюнку і мастацкую пераканаўчасць, якія і зрабілі гэты твор здабыткам нашай нацыянальнай духоўнай літаратуры. Не толькі для каталіцкай супольнасці Беларусі, але і для ўсяго нашага народу важна наступнае прызнанне пісьменніцы, якое яна зрабіла ў адным са сваіх інтэрв’ю: «На прэзентацыі кнігі „Будзь воля Твая“ ў Мінску сучасныя айцы марыяне нечакана падаравалі мне здымак, на якім генерал Кангрэгацыі ксяндзоў марыянаў Ян Рокаш дорыць маю кнігу Яну Паўлу ІІ. Для мяне гэта была абсалютная неспадзяванка! Я не цешу сябе надзеяй, што Ян Павел ІІ прачытаў кнігу — ішоў апошні год ягонага жыцця. Але для мяне гэта ўсё радасна і сімвалічна».

Супрацоўніцтва Ірыны Жарнасек з каталіцкім друкам (рэдактар часопіса «Маленькі рыцар Беззаганнай», сябра рэдкалегій часопісаў «Ave Maria» і «Наша вера») прынесла свой плён і ў мастацкім даробку, скіраваным на духоўнае выхаванне нашай моладзі. У 2004 годзе выходзіць яе цудоўная аповесць-казка «Спрэчка анёлаў», адрасаваная не толькі дзецям, але і дарослым, дзе ў займальнай форме мастацкага аповеду тлумачыцца сэнс Божых запаведзяў.

Асаблівае месца ў творчасці пісьменніцы займае згаданая вышэй кніга «Нашых дзён крыгаход» (2021), якая складаецца з невялічкіх сюжэтна завершаных апавяданняў, заснаваных на ўспамінах аўтаркі пра сваё маленства і юнацтва. Некалі Янка Брыль у прадмове да кнігі У. Калесніка «Доўг памяці» пісаў: «Нават вялікі Леў Талстой, з яго мудрай парадай усім, хто піша: „Прожил жизнь — расскажи“, успаміны сабраўся пісаць у самым канцы жыцця, хацеў зрабіць іх сваёй галоўнай кнігай, аднак назаўсёды спыніўся на пераходзе з маленства ў раннюю маладосць». Ірыне Жарнасек, безумоўна, да канца жыцця яшчэ далёка, але яна таксама завяршыла свой цыкл часам, калі пасля заканчэння школы яе гераіня скіравалася ў «вялікі» свет. Дакументальная аснова кнігі, праўдзівыя, часам трагічныя, а часам гумарыстычныя сцэнкі жыцця беларусаў католікаў паўночнай Беларусі — унікальныя паводле сваёй этнаграфічна-ментальнай напоўненасці. Тут таленавіта і вобразна ўзнаўляюцца адметны побыт, традыцыі і духоўна-жыццёвыя прыярытэты жыхароў гэтага беларускага рэгіёну. Вядома, у скарбніцы нашай літаратуры ёсць выдатныя творы заходнебеларускіх пісьменнікаў і тых, хто паходзіць з гэтых земляў (К. Сваяка, Янкі Брыля, В. Адамчыка, Х. Лялько і інш.), аднак у пераважнай большасці ўсе згаданыя аўтары выхадцы з Наваградчаны, з Панямоння. Падзвінне ж з яго ўнікальным этнаграфічным каларытам, асаблівасцямі памежнага з Латвіяй побыту, народнымі звычаямі і промысламі доўгі час заставалася як бы абдзеленае ўвагаю. Толькі напрыканцы ХХ ст., калі ў друку пачалі з’яўляцца творы Сяргея Панізьніка, Франца Сіўко, Алены Масла, Ірыны Жарнасек, гэтая завеса невядомасці прыўзнялася. Старонкі, прысвечаныя апісанню традыцыйнага побыту, святаў і будняў каталіцкай сям’і, у аўтабіяграфічным творы І. Жарнасек уражваюць, запамінаюцца, здзіўляюць, выклікаюць усмешку, а часам і слёзы. Гэта і святкаванне Калядаў ды Вялікадня ва ўмовах татальнага атэізму, тканне на кроснах дываноў, вышыванне макатак як абавязковая падрыхтоўка дачок да будучага замужжа, разнастайныя спосабы выжывання і спробы ўратавацца ад гібелі ці высылкі ў Сібір, каб насуперак усяму ўзгадаваць дзяцей на роднай зямлі ў ваеннае ліхалецце і няпросты пасляваенны час, а перадусім — нязломнае імкненне захаваць сваю веру і ідэнтычнасць у 50–80-я гады мінулага стагоддзя.

«Гэта быў наш час, нашага пакалення, адведзены нам на гэтай зямлі. І я ўдзячная Богу за ўсё тое, што мне давялося перажыць, каго сустрэць, з кім пасябраваць, а з кімсьці і развітацца. Усё сплывае ў раку часу. Бывае гэтая плынь спакойная, ціхая, а часам і сунецца яна крыгаходам, які для кагосьці нясе за сабой пагрозу, а для кагосьці — жыццесцвярджальную вясну», — так завяршыла пісьменніца свае згадкі пра тыя ўжо гістарычныя часы.

Так, несумненна, рака часу не спыняецца, але хай жа ніякі крыгаход не зашкодзіць літаратурнаму чоўну Ірыны Жарнасек, а сапраўды вынясе яго ў жыццесцвярджальную вясну.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY