|
Люблю цябе, Нёман
Палюбіла цябе, Нёман,
калі Яська, мой тата,
сплаўляў плыты з цёплым громам,
каб зруб паставіць на хату.
Ані Рэні, ані мяне яшчэ не было.
Звініць тваіх змрокаў святло!
Па лузе насустрач, маленькая, бегала,
але скакаць са стромага берагу
ў віры, у цянёты белыя,
не спяшалася…
У тваіх вірах згубіцца баялася.
А хто — смелы, віроў не баіцца,
той спіць вечным сном каля гасцінца…
А мела я ў Бурносах сябровачку,
а сябровачка мела лодачку.
На лодачцы з ёй мы плавалі
па цячэнні, упоперак і насупроць…
Веславала яна твае хвалі,
нібы коніка за аброць.
А паехала я вучыцца
не ў сталіцу, каб там не згубіцца.
Першую ноч у горадзе
я начавала на вуліцы —
як беспрытульніца.
Шукала хоць якога зацішку.
І прывёў мяне мой анёл
на мост святога Францішка…
Зірнула я з моста — а ўнізе хвалі
мяне пазналі і прывіталі,
і паднялі з непрыветнай зямлі
ў сваё зорнае неба:
мне стала цёпла, спакойна і добра.
Я зразумела —
у гэтым горадзе шчасце маё і доля…
Тут — мой Нёман…
Я — дома.
Спусцілася з горкі ўніз —
мяне лодачка ціха паклікала —
я падумала пра сябровачку…
і ўскочыла ў лодачку
пісьменніка Васіля Быкава!
Ані марыла, ані гадала —
чыя лодачка мяне загайдала!
Так незаўважна і несвядома
мяне прытуляе Нёман…
Так перад Нёманам я і прабегала —
ад цямна да цямна…
то з левага, то з правага берагу,
з дзецьмі, з сябрам, з чужымі, адна.
17 снежня 2022 г.
|
Ты быў маім сябрам
Мы сустрэліся ў маладосці
на мосце…
у змроку ночкі
Нёман унізе ў паўсне
плыў сабе моўчкі…
Твае спакойныя шэрыя вочы
з пажарам прарочым на дне
затрымалі, не адпускалі мяне.
У іх глыбіні спакойнай –
усе зямныя пякельныя бойні,
мінулыя і наступныя войны,
усе невідочныя крыўды нябёс
ты па мосце йшоў сабе збоку
і ў добрага Бога навідавоку
ў вачах сваіх шэрых нёс…
Мы спусціліся ўніз
да хваляў соннага Нёмана…
Сонныя хвалі жвірок на сцежцы краналі,
сляды цалавалі.
Ні рукамі, ні вуснамі ніколі
не дакраналіся…
Размаўлялі, спавядаліся…
Не перабіла цябе ні разу,
ты мне расказваў —
пра краіны, у якіх пабываў,
пра герояў, з кім сябраваў…
з кім у пекле вайны ваяваў…
Хто табе здрадзіў:
ліст пакаяльны за цябе падпісаў
перад чыноўнікам на пасадзе…
Сонейка небакрай распаліла…
Сонейка небакрай распаліла…
Гародня загаманіла імгненна.
Ты — направа пайшоў, я — налева …
Вярталася самотна дадому.
Паміж намі каціўся да Балтыкі Нёман…
Малілася я, збірала слоўца да слоўца,
ты — мой невідочны сумоўца!
…Раптам машыну прыдбаў
і ў свет невядомы паехаў.
Голас твой да мяне далятаў
то ў тэлефоне, то з-за Нёмана рэхам.
І цяпер уначы мяне будзіць твой голас:
— Дануся, выйдзі на досвітку з дому…
Бачыш хмарку — гэта наш Нёман…
Спачатку вучыў мяне тата.
Пасля вучыў мяне ты.
Далей — хаджу па мосце адна
ў прарочым сне, які паўтараецца!
Нёман вышэй берагоў разліваецца…
Маснічыны з-пад ног маіх валяцца…
А вочы твае ратуюць мяне!
...Ты быў натхненнем, здзіўленнем,
захапленнем,…
маім неацэнным, таемным, скарбам.
Ты быў маім сябрам!
9 лютага 2023 г.
|
Нарнія
Нёман праз Балтыку…
па нябёсах паплыў.
На другім канцы свету
мой унук з сябрам Сашам у Амерыцы
абшар лесу купіў.
Такі самы лес, як у нас, аж не верыцца!
Ручайкі сцякаюць у возера з горак
і ў золак, і ў адвячорак —
усё, як дома, толькі наадварот, — як у Амерыцы:
Стаська з сябрамі ў проламцы грэюцца,
а пасля — парацца ў лазенцы …
Вылазяць з проламкі — амерыканцы…
Як мядзведзі на снезе качаюцца,
перад жонкамі выдурняюцца,
адпачываюць, цешацца,
што Вадохрышчы і да іх прыйшлі —
можна ў проламцы зрэдку пагрэцца
на купленай з цяжкай працы,
амерыканскай, але ўласнай зямлі…
У прыску ільдоў пакачацца,
нібы ў снягах-крыгаломах,
як мроілася малому…
у Гародні, на беразе Нёмана…
З бярвення вогнішча скласці
са свайго лесу паваленых дроў
у начным водбліску пасярод снягоў,
пагрэцца з сяброўкамі і з сябрамі.
У фантастычнай Нарніі
лес, лёд і агонь такі самы!
|
Усюды жывуць людзі
Мядзведзі, лісы, ваўкі, вавёркі
дзікія алені, сарначкі, лані
ловяць рыбку сабе на сняданне
на другім канцы свету ў Ціхім акіяне
на чыстым празрыстым дне…
А мае коцікі шэрыя
павячэралі, муркаюць каля мяне…
Адно, звесіўшы лапкі, на біле канапкі,
другое — на посцілцы пад нагамі скруцілася…
Мае абаронцы — Мізінчык і Вослік…
Увесь неабдымны начны сусвет
нам зайздросціць…
Па вуліцы Каліноўскага
тралейбус ходзіць без правадоў…
Неба ў горадзе запаўняецца дымам…
Але з фарнага касцёла праз стадыён
да нас далятае звон.
А на мосце святога Францішка
пачаўся рамонт.
Нёман плыве сабе ціха за хмарамі
ў Стаськаву замерзлую Нарнію,
а за Нарніяй — роўнядзь снягоў
і гара — называецца Носам…
Людзі жывуць і працуюць
у Амерыцы і ў Бурносах…
Людзі дзяцей гадуюць і пра вайну не думаюць,
пакуль за акном не бабахне.
Няхай яно спрахне!
10 лютага 2023 г.
|
Каханне
Тата з мамай увечары
перад абразамі кленчылі.
Кленчыла мама.
Тата сядзеў за сталом, яму балела нага,
Яська з Першай сусветнай вайны
злёгку кульгаў.
Глядзеў малітоўна на абразок…
Падводзіў рахунак сумлення:
што было зроблена за гэты дзень,
што зрабіць засталося на заўтра…
Такая сямейная малітоўная рада
перад Езусам, які на пагорку
прымаў любоў ад святой Магдалены…
Магдалена — на кветачках перад Езусам на каленях.
Марылька, мая міласэрная мама, —
кленчыла перад Езусам і Магдаленай.
Мама малілася на ружанцы
толькі балесныя таямніцы…
Любіла кудзелю прасці пры месяцы,
ніткі сукаць і маліцца…
Я малілася сваімі словамі —
шчаслівая ад іх шчасця!
А пасля Мікалай пад акном на дудачцы
сястры спяваў пра каханне:
колькі было шчаслівага хвалявання…
Я ў шчасці ажно растваралася —
і, шчаслівая, спала за комінам і за печкай.
А як было холадна, тата з мамай
грэлі мяне ў сваім гняздзечку!
12 лютага 2023 г.
|
Рэкі
Нёман той самы
Ў Стоўбцах, у Морыне і ў Казечыне…
Тыя ж бухты, віры небяспечныя.
Але Гаўечка — шчасцейка майго рэчанька,
спявае песні мае,
грэе лапкі ў Масцішчы, і на гумнішчы,
на пясчаным гасцінцы
і на брукаванай вуліцы…
Гаўя — мая шчаслівая песня…
…Стаська ў далёкай сваёй Філадэльфіі
на рацэ Дэлавар
дарог далёкіх скідае цяжар.
Пасярэдзіне корч тырчыць.
Дзве вароны босыя
дражняцца на карчы….
Трэба выбраць такі далягляд,
каб не відаць было хмарачосаў…
Можна ўявіць, што гэта Нёман
у Пышках павярнуў
у бок літоўскай граніцы…
Можна памарыць праз хмаркі
і пра ўсё на свеце забыцца…
13 лютага 2023 г.
|
Эрык
Хто напісаў на снезе каля Каложы
імя сваё, як пэўны адрэзак часу…
Э Р А ?
Хто на гарышчы ў Астрыне
паказваў свае любімыя фільмы,
каб мне лёгка было засынаць…
Пра каго ні думаць,
ні сніць, ні маліцца –
ні духу, ні словаў, ні слёз…
Чорная бліскавіца…
на восліку ў вёсачку —
каляінка да скамянелых бяроз…
…Дануся, адарвіся адтуль,
у тваім акне бярозы растуць.
Апраніся цяплей,
выйдзі з палачкай з дому,
прытулі бярозку да сэрца…
Прачынаецца горад.
Машыны вуркочуць, крычаць вароны.
Жыві, як жывецца.
14 лютага 2023 г.
|
|
|