Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(103)/2023
Спадчына
РАЗУМНАЕ СЭРЦА. РАЗВАЖАННІ НАД АСНОВАМІ ПРАВА
Прамова Святога Айца Бэнэдыкта ХVI у нямецкім Бундэстагу 22 верасня 2011 г.

Прэзентацыя
Ксёндз канонік Дзмітрый ПУХАЛЬСКІ
«ЗБАЎЛЕННЕ ДУШАЎ — НАЙВЫШЭЙШАЕ ПРАВА КАСЦЁЛА»
Ксёндз прафесар Рамуальдас ЗДАНІС
ВАЖНАЯ ПАДЗЕЯ
In memoriam
Гутарка Яўгеніі НАЙДОВІЧ з ксяндзом канонікам Дзмітрыем БАРЫЛАМ
«Я БЫЎ ШЧАСЛІВЫ…»
Ad fontes
Постаці

АПОСТАЛ УНІІ
Нашы святыні
Пераклады

СМЕРЦЬ КАІНА

ВЕЛІКОДНАЯ ПРЫПАВЕСЦЬ ПРА ДРЭВА КРЫЖА Ў ТВОРЧАЙ СПАДЧЫНЕ ЮЛЬЯНА ЭЙСМАНДА
З нагоды юбілею
На кніжнай паліцы

ВЕРШЫ
Успаміны

ЖЫВІЦА АНАТОЛЯ ІВЕРСА
Мастацтва

ГАЛОЎНАЕ — БЫЦЬ ШЧЫРЫМ

Уладзімір ЯГОЎДЗІК

ЖЫВІЦА АНАТОЛЯ ІВЕРСА

Анатоль Іверс.
Малюнак Клаўдзіі Хруцкай. 1943 г.

Гэты невялікі паэтычны зборнік мне прыглянуўся ў кнігарні. На вокладцы — тонкія сцяблінкі, нахіленыя жытнія каласы. Побач — чорная, трывожная расколіна, прозвішча аўтара і назва: Анатоль Іверс. З пройдзеных дарог. Адгарнуў наўгад старонкі і прачытаў радкі, што адразу, як кажуць, ляглі на сэрца:

На дарогі і рэчкі
Восень кідала цень.
І бярозы, як свечкі,
Дагаралі ўвесь дзень.

У нябёсах — як стрэлы
Жураўлі,
жураўлі,
Што знянацку сустрэлі
І праз сэрца прайшлі.

Міналі апошнія чэрвеньскія дні 1973 года. Скончыўшы Зэльвенскую школу-інтэрнат, я вярнуўся дахаты, у вёску Кастровічы, што на Слонімшчыне, і рыхтаваўся паступаць на філфак БДУ. Я ведаў, што Анатоль Іверс — гэта псеўданім Івана Міско, карэспандэнта раённай газеты, і аднойчы выбраўся ў Слонім, каб паказаць яму свае вершы.

Рэдакцыя знаходзілася ў старадаўняй камяніцы. На другі паверх вяла чыгунная лесвіца, што нібы стагнала пад нагамі. Хтосьці паказаў мне пакой, дзе за сталом сядзеў пажылы дзядзька з маладымі прыязнымі вачамі. Мы пазнаёміліся і доўга размаўлялі. Я прызнаўся, што хачу пачытаць творы Наталлі Арсенневай, але не магу іх знайсці. Іван Дарафеевіч спытаў, калі я вяртаюся дамоў, і папрасіў зайсці праз пару гадзін, а калі сустрэліся зноў, паціху сказаў, падаўшы мне канверт: «Толькі нікому не паказвай...»

На аўтобусным прыпынку я адкрыў канверт і прачытаў на пажоўклай вокладцы: «Наталля Арсеннева. Пад сінім небам. Вільня — 1927. Віленскае выдавецтва Б. Клецкіна».

Вядома, пільныя савецкія органы не даравалі б паэту-партызану прапаганду творчасці «заакіянскай нацыяналісткі». Аднак ён чамусьці паверыў мне і неўзабаве апублікаваў у раёнцы мае вершаваныя спробы.

Паэзія Наталлі Арсенневай, падобная да дзівоснай таямнічай замовы, мяне зачаравала. Шмат вершаў я перапісаў у свой агульны сшытак. Перад тым як паехаць на ўступныя экзамены, наведаўся ў рэдакцыю, каб вярнуць забароненае выданне. Калі мы развітваліся, Іван Дарафеевіч нечакана даў мне «падарожны ліст» з такім зместам:

«27 ліпеня 1973 г. Паважаны Алег Антонавіч! Даўно не бачыліся, хацелася б пагутарыць, падзяліцца навінамі, думкамі. Гэтае кароценькае пісьмо пішу па прычыне. Едзе са Слонімшчыны юнак Уладзімір Ягоўдзік паступаць у БДУ. Ён піша вершы, некаторыя мы друкавалі ў нашай раённай газеце. Добра было б, каб ён паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта, няхай развіваў бы свой талент. Калі будзеш у Слоніме, зайдзі ў рэдакцыю. Да пабачэння. Анатоль Іверс».

Перад экзаменамі я не змог пабачыцца з Алегам Лойкам і рэкамендацыя не трапіла да адрасата.

Анатоль Іверс на сустрэчы з чытачамі. 1987 г.

* * *

Першы зборнік вершаў Анатоля Іверса «Песні на загонах» па просьбе віленскіх выдаўцоў адрэдагаваў каталіцкі святар Адам Станкевіч — таленавіты літаратуразнавец, гісторык, паэт. За актыўную нацыянальна-асветніцкую дзейнасць польская ўлада ў канцы 1930-х гадоў прымусіла яго пакінуць Вільню і пасяліцца ў Слоніме.

— Ён запрасіў мяне да сябе, — прыгадваў Іван Дарафеевіч, — патлумачыў заўвагі, распытваў, што хвалюе сялянаў, даў пачытаць беларускія газеты і часопісы. На жаль, потым Адам Станкевіч загінуў у гулагаўскім пекле…

«Песні на загонах» былі выдадзены ў верасні 1939 года, калі ўжо грымела Другая сусветная вайна. У вершах адчуваюцца характэрныя для заходнебеларускай паэзіі матывы сацыяльнай няроўнасці, але аўтар знайшоў сваю ўласную інтанацыю, адметную метафарычнасць:

Залацілася раніца ападаючым шэлестам —
Вецер лістам іржавым дарогі прыслаў,
Каб не бачылі мы, як зара занялася там,
Восень дробна імглу над зямлёй растрасла.

І ў далі патухала рабінавым полымем
Нашых бедных палёў набалелая сінь.
Гэтак ніклі ў туман дні жыцця невясёлыя
Паміж соснаў зялёных і голых асін.

У гады нямецкай акупацыі Іван Міско узначаліў антыфашысцкую арганізацыю і ўладкаваўся на службу ў магістрат. Восенню 1943 года па даносе здрадніка гестапаўцы хацелі схапіць падпольшчыка, але яму ўдалося вырвацца з аблавы ў партызанскі атрад. Неўзабаве карнікі арыштавалі яго жонку Веру, партызанскую сувязную, і бацьку. Яны не вярнуліся дамоў з лагера смерці, а брат Дзмітрый загінуў у баі з акупантамі.

У вершы «Гляджу на лес», прысвечаным памяці жонкі, закатаванай фашыстамі, кожны радок прасякнуты несціханым болем і нязбытнай віной:

Далёкі лес — зялёны грэбень
І пасмы хмарак залатых
На ранішнім прыгожым небе, —
І ўсё глядзіш на золак ты.

Такою я цябе запомніў,
Такою ты тады была.
Нібы сама з тых яркіх промняў
Сягоння да мяне прыйшла.

Пасля перамогі Анатоль Іверс рэдагаваў раённую газету, працаваў у выканкаме Слонімскага гарсавета. У канцы 40-х паклёпнікі дамагліся, каб яго звольнілі з працы, бо нібыта ён прыслужваў акупантам.

Наступныя пятнаццаць гадоў паэт «загадваў» смалакурняй. За гэты час ён стварыў пранікнёныя сонечныя вершы, напоўненыя духмянай жывіцай сапраўднай паэзіі:

Вецер прайшоўся па соснах —
Па клавішах залатых.
І ловіш той звон дзівосны
Задумы і дабраты.

І што тут дзівіцца: родам
Я з гэтых лясных мясцін.
І гоман люблю, і водар,
І шум маладых ялін.

Пасля выхаду на пенсію Івана Дарафеевіча прызначылі адказным сакратаром раённай арганізацыі Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Ён распаўсюджваў па школах і іншых установах краязнаўчыя буклеты, змагаўся, каб не знішчаліся старадаўнія курганы, гарадзішчы, ахітэктурныя помнікі. Вось адзін характэрны прыклад. У газеце «Наша слова» (№ 20, 16. 05. 2012 г.) была надрукавана «Даведка», якую Анатоль Іверс у студзені 1978 года даслаў у Міністэрства культуры з патрабаваннем тэрмінова пачаць рэстаўрацыю касцёла св. Андрэя, шэдэўра беларускага барока, пабудаванага ў канцы ХVІІ ст.. Гэты дакумент гучыць як прысуд начальнікам, абыякавым да гісторыі і культуры:

«У Вялікую Айчынную вайну храм не пацярпеў. Слонімскі гархарчпрамгандль выкарыстоўвае яго як склад для солі. За пасляваенныя гады ўсё ўнутранае абсталяванне, у тым ліку і выдатны арган, знікла. Гэтае «складское памяшканне» ніводнага разу не рамантавалася. У выніку больш чым абыякавых адносін арандатараў амаль поўнасцю знішчаны чарапічны дах. Ад дажджу і снегу разбураецца і ў некалькіх месцах ужо прадзіравілася скляпенне. Атмасфернаму разбурэнню найбольш падвяргаецца фасад. Пачалі адвальвацца карнізы, са сцен выпадаюць цагліны. Пашкоджана правая вежа, з купала амаль адарвалася бляха. У вокнах выбіта шкло. На левай прыбудоўцы няма страхі, абсыпалася тынкоўка, правая прыбудоўка ў такім жа стане. Зусім знішчана цагляная агароджа, узведзеная вакол храма.

Выканкам Слонімскага гарсвета ў 1969 г. прыняў рашэнне № 140, дзе сказана: „Абавязаць дырэктара гархарчпрамгандлю Б. Міхайлава прывесці ў адпаведны стан касцёл св. Андрэя і прылягаючую тэрыторыю“. 19 лістапада ён паведаміў у раённае Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, што „адсутнічаюць сродкі“. Такі ж адказ 1 снежня 1969 г. даслала начальнік упраўлення Гродзенскага аблвыканкама В. Казачэўская…»

Вядомы гісторык Алег Трусаў, які апублікаваў «Даведку», у сваёй прадмове «Выратавальнік касцёла св. Андрэя ў Слоніме» ўспамінае:

«У 1978 годзе мы, супрацоўнікі Спецыяльных навукова-рэстаўрацыйных майстэрняў, прыехалі ў Слонім, пазнаёміліся з Іванам Міско, які размаўляў і пісаў афіцыйныя паперы па-беларуску, што нас моцна здзівіла. Потым пайшлі да кіраўніцтва горада. Пасля доўгіх перамоваў дамовіліся аб пачатку рэстаўрацыі. Улады выдзелілі групу вайскоўцаў, яны разбілі ламамі скамянелую соль і вывезлі з касцёла…»

Анатоль Іверс, Уладзімір Марук, Уладзімір Ягоўдзік,
Алесь Пісьмянкоў і Алесь Каско. Слонімшчына, 1984 г.

* * *

Бываючы на Слонімшчыне, я не абмінаў гасцінную хату Анатоля Іверса. Ён расказваў пра сустрэчы з Янкам Купалам і Гальяшом Леўчыкам, пра свайго блізкага друга Валянціна Таўлая, пра мастачку Клаўдзію Хруцкую. Клаўдзія была замужам за ўнукам вядомага жывапісца ХІХ ст. Івана Хруцкага. У пачатку 20-х гадоў, ратуючыся ад пераследу бальшавікоў, Хруцкія аселі ў Слоніме і прывезлі з сядзібы Захарнічы, што на Полаччыне, творы акадэміка Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. Гэтыя карціны ў пасляваенны час апынуліся ў Польшчы, куды перасяліліся Хруцкія.

У пачатку 1990-х Анатоль Іверс падарыў мне зборнік «Пад сінім небам», я спытаў, ці бачыў ён аўтарку.

— Мы не былі асабіста знаёмыя, але ведалі адно аднаго па публікацыях у віленскіх выданнях, — расказаў Іван Дарафеевіч. — Летам 1943 года Наталля прыехала ў Слонім і захацела са мной пагутарыць. Вельмі бедавала па сыне, які загінуў ад бомбы, узарванай у мінскім тэатры. Немцы ўжо адступалі, а яна не хацела пакідаць Беларусь. Я намякнуў: можна застацца, наладзіўшы сувязь з партызанамі. Не згадзілася, мабыць, пабаялася расправы. Яе муж, Францішак Кушаль, займаў высокі чын у самаахове, створанай захопнікамі.

— А каб ён пачуў пра Вашую прапанову?

— Я ведаў, што Арсеннева не здрадніца, не выдасць мяне…

У 2012 годзе да 100-годдзя з дня нараджэння паэта ў выдавецтве «Кнігазбор» выйшлі тры кнігі з прадмовамі і каментарамі Сяргея Чыгрына. Змест кнігі «Аўсяны звон» склалі вершы і паэмы, у кнізе «З глыбінь жыцця» сабраны артыкулы, а кніга пад назвай «Анатоль Іверс» прысвечана яго жыццю і творчасці. Гэтыя выданні, што ўбачылі свет дзякуючы грашоваму ахвяраванню Аляксандра Міско, унука Івана Дарафеевіча, — своеасаблівая мастацка-дакументальная хроніка Слонімшчыны ХХ стагоддзя, пачынаючы з ліхалецця Першай сусветнай вайны.

Я беражна захоўваю лісты Анатоля Іверса — сумленнага, мужнага чалавека, таленавітага паэта, акрыленага родным словам.

Анатоль Іверс і Уладзімір Ягоўдзік. Фота М. Скоблы. 1998 г.

* * *

1 лістапада 1976 г. Добры дзень, Валодзя!

Пісьмо тваё даўно атрымаў, але адказ адкладваў на далей. І вось надарыўся выпадак — пішу. Жыву я нармальна, праўда, крыху ляжаў у бальніцы. Працую. Работы хапае. Напісаў яшчэ некалькі артыкулаў, але ў газеце друкаваць не спяшаюцца, бо ідзе многа бягучых матэрыялаў. Надрукавалі адзін верш, але далі ў дадатак другую, зусім не патрэбную рубрыку, быццам верш не можа без яе існаваць. Да таго ж зрабілі недарэчную перастаноўку знакаў прыпынку (газету з вершам высылаю).

Над кнігай (ці брашурай) аб Слонімшчыне пад загалоўкам «У памяці народнай» буду працаваць далей, думаю, што ўдасца выдаць.

Купіў сабе Ядвігіна Ш. (добрую справу зрабіў наш зямляк Іван Чыгрын). Так, зборнік Гальяша Леўчыка таксама павінен атрымацца салідны, я гутарыў аб гэтым з Янкам Саламевічам. Газету табе выпісаў. Вось і ўсё. І. Міско.

Ліст Анатоля Іверса да Уладзіміра Ягоўдзіка. 1984 г.

* * *

21 студзеня 1979 г. Добры дзень, Валодзя!

Выбачай, што доўга не пісаў. Усё ніяк не мог сабрацца. Ды і што пісаць? Лепш было б пагутарыць.

Добра, што ты ўжо працуеш. Але не зайздрошчу. Мне здаецца, што газета забірае ў цябе вельмі шмат часу, які мог бы выкарыстаць для літаратурнай творчасці. І потым «Заря» выходзіць на рускай мове, і табе даводзіцца раздвойвацца: днём думаць па-руску, а вечарам — па-беларуску1. Мне здаецца, што Ніл Гілевіч, Алег Лойка маюць магчымасці поўнасцю ўдзяляць увагу развіццю культуры роднага слова.

У нас на Слонімшчыне, здаецца, нічога не змянілася. Я асабіста працую там, дзе і працаваў, рэдка пішу. Нядаўна напісаў ні то паэмку, ні то баладу «Лясны паклон». Калі ўзяць пад увагу, што пісаў пад гатовы клішыраваны загаловак, то мабыць выйшла не зусім дрэнна. Праўда, Прасняк2 хацеў, каб я напісаў артыкул або нарыс пра якога-небудзь добрага ляснога работніка, а мяне пацягнула на штось іншае, хоць усе факты таксама ўзяты з жыцця. Як надрукуюць, прышлю газету. Валодзя Кароткі3 працуе выкладчыкам фізкультуры ў Глоўсевіцкай СШ. Паступіў у аспірантуру. На рабоце мучыцца, бо фізкультура не яго прадмет. Да пабачэння. Прыязджай у Слонім. І. Міско.

 

* * *

Слонім, 24 жніўня 1982 г. Даражэнькі Валодзя!

Рады быў атрымаць ад цябе пісьмо. Сапраўды, даўно мы не бачыліся. Добра, што ты маеш маю кніжку4, трэба было б паставіць аўтограф. Я нават хацеў даслаць кнігу з падзякай за віншаванне, але не ведаў дакладнага адрасу.

Дарэчы, пра кнігу. Аўтарскіх я атрымаў усяго два экзэмпляры (кажуць, што ў перавыданнях так вядзецца). У гандлёвую сетку Слонімскага райспажыўсаюза прывезлі толькі 18 штук, 8 з якіх адпусцілі мне. Праўда, я дастаў крыху ў другім месцы. Зыходзячы з невялікай колькасці, пакрысе ўручаю сяму-таму, у тым ліку даслаў Ул. Калесніку, які прыслаў цудоўнае віншаванне з грунтоўным зместам (дзякуй яму).

Юбілей прайшоў добра, як на Слонім, — грандыёзна. Усё адбывалася ў новым РДК, вечар вяла сакратар гаркома Л. І. Мукасей. Выступленні, прывітанні, кветкі. Акрамя мясцовых людзей, прысутнічалі Мікола Арочка, Янка Саламевіч, Аляксей Карпюк, Марыя Шаўчонак і інш. На вечары распаўсюджваўся буклет (дасылаю, а таксама выразку з нашай газеты).

Жаль, што не было цябе на вечары. Цудоўна, што ты выдаеш сваю кніжку.

У сувязі з маім 70-годдзем Данута Бічэль напісала цудоўны артыкул («Гродненская правда» за 15 мая 1982 года), хоць і не мела яшчэ зборніка «Жыву ў бацькоўскім краі»). А аб кнізе абяцала напісаць у «ЛіМ». М. Арочка — у «Полымя». За ўсё добрае, зробленае і сказанае ў мой адрас я лічу сябе даўжніком.

У ахове помнікаў яшчэ працую, але думаю кідаць, бо вельмі абрыдла выкалачваць членскія ўзносы.

Прывітанне сям’і. Як гадуецца Юлька?5

Да пабачэння. А. Іверс.

P. S. У вёсцы Яглевічы Івацэвіцкага раёна жыве мая добрая знаёмая, былая настаўніца, пенсіянерка і былая падпольшчыца Слонімскай антыфашысцкай арганізацыі. Яна страшэнна хворая і не выходзіць з маёй галавы. Можа, будзеш у Івацэвічах (вёска ў 3-х км), напішы пра яе ў газету, хай парадуецца, пакуль жывая. Перадасі ад мяне прывітанне.

* * *

23.12.83. Добры дзень, Валодзя!

Даўно не бачыліся. Засумаваў. Хочацца нечага святлейшага. А тут нахлынулі службовыя і хатнія клопаты. Усё гэта перамелецца, перажывецца.

Напісаў успамін пра Таўлая. Сёння дасылаю ў «ЛіМ» на імя Хрысціны Лялько. Можа, надрукуюць.

Валодзя! Пашукай кнігу Мікалая Арэхвы «Справы і людзі КПЗБ». Калі ёсць, прышлі тры экз., у крайнім выпадку адзін. Грошы вышлю.

Пішы, як жывецца, працуецца. Як Юлька, пэўна, ужо вялікая? Да пабачэння. Віншую з Новым годам! З найлепшымі пажаданнямі І. Міско.

 

* * *

Слонім, 12 студзеня 1989 г.

Добры дзень, з Новым годам, Валодзя!

У канцы мінулага года ў маіх руках пабываў «Каляндар Усходніх зямель» на 1936 год. У «Календары...» змешчаны вялікі артыкул Валерыяна Харкевіча «Слонім і Жыровічы», які па просьбе Сяргея Чыгрына6 я пераклаў на беларускую мову. Думаю, што шматлікія факты, даты і прозвішчы зацікавяць цябе, тым больш што ўпамінаецца гістарычная асоба — Міхал Валовіч, а таксама прозвішча Ізыдара Лукашэвіча.

Дасылаю табе пераклад гэтага артыкула, можа, што-небудзь выкарыстаеш з яго, бо чуў, што пішаш пра Валовіча7. А калі і не выкарыстаеш, то такое бяды. Мне здаецца, на падставе дасланага ў сваім творы (пры аказіі) можаш зазначыць, як перакручвалі на панскі лад нашу слаўную гісторыю.

Будзь здароў! Жадаю поспехаў у працы. Прывітанне сям’і. Анатоль Іверс.

 


  1. У 1978–1979 гг. я працаваў у рэдакцыі брэсцкай абласной газеты «Заря».
  2. С. Прасняк — супрацоўнік слонімскай раённай газеты «За перамогу камунізму».
  3. У. Кароткі — пазней кандыдат філалагічных навук, выкладчык БДУ.
  4. Маецца на ўвазе кніга вершаў «Жыву ў бацькоўскім краі».
  5. Мая старэйшая дачка.
  6. Сяргей Чыгрын — паэт, аўтар краязнаўчых кнігаў.
  7. Міхал Валовіч (1806–1833) — удзельнік паўстання 1830–1831 гг.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY