|
|
№
1(103)/2023
Спадчына
РАЗУМНАЕ СЭРЦА. РАЗВАЖАННІ НАД АСНОВАМІ ПРАВА
Прамова Святога Айца Бэнэдыкта ХVI у нямецкім Бундэстагу 22 верасня 2011 г. Прэзентацыя
In memoriam
Гутарка Яўгеніі НАЙДОВІЧ з ксяндзом канонікам Дзмітрыем БАРЫЛАМ
«Я БЫЎ ШЧАСЛІВЫ…» Ad fontes
Постаці
Нашы святыні
Надзея УСАВА
«ЛІТУРГІЧНЫ ГАРДЭРОБ» Арнаты ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Пераклады
Ірына БАГДАНОВІЧ
ВЕЛІКОДНАЯ ПРЫПАВЕСЦЬ ПРА ДРЭВА КРЫЖА Ў ТВОРЧАЙ СПАДЧЫНЕ ЮЛЬЯНА ЭЙСМАНДА З нагоды юбілею
На кніжнай паліцы
Успаміны
Мастацтва
|
Вершы Антоніі Поццы падчас яе кароткага жыцця былі вядомыя толькі вузкаму колу сяброў-інтэлектуалаў, а першая кніга Словы (Parole) выйшла ў 1939 годзе ўжо пасля смерці аўтаркі дзякуючы намаганням бацькі. Спатрэбіўся пэўны час, каб яе творчасць атрымала належнае прызнанне: «<...> для тых, хто сярод жаночых паэтычных тэкстаў аддаваў перавагу несумненна больш спакойным вершам Ады Негры1 ці палкім творам Сібілы Алерама2, наватарская паэзія Антоніі Поццы не магла быць зразумелай з-за сваёй неверагоднай арыгінальнасці. Пасля смерці і першага анталагічнага выдання твораў <...> яе вершы сапраўды добразычліва ўспрымаліся рознымі крытыкамі, але хутчэй дзякуючы сваім тэматычным элементам, прынамсі, знешне больш звыклым і супакойлівым (такім, як прырода, каханне, сяброўства, прага мацярынства, жаль з-за пакутаў чалавецтва), а таксама ўвогуле з-за свежасці паэтычнай мовы»3. Антонія Поццы была цікавай і разнапланавай асобай, захаплялася фатаграфіяй і альпінізмам, пісала вершы, вывучала філалогію і філасофію ў міланскім універсітэце. Сярод яе універсітэцкіх сяброў былі паэт Віторыо Серэні (Vittorio Sereni, 1913–1983) і філосаф Рэмо Кантоні (Remo Cantoni, 1914–1978), а таксама філосаф і мастацтвазнаўца Дзіно Фармаджо (Dino Formaggio, 1914–2008). Паэтка належыла да забяспечанай сям’і: бацька, Рабэрто Поццы, удзельнік Першай сусветнай вайны, быў паспяховым адвакатам, маці, Ліна Каванья Санджуліяні, паходзіла з сям’і арыстакратаў, іх кватэра знаходзілася ў прэстыжным квартале Мілана. Вытокі паэзіі Антоніі Поццы італьянскія крытыкі бачаць у мадэрнісцкай паэзіі Італіі пачатку ХХ стагоддзя, адзначаючы таксама пэўны ўплыў паэтыкі герметызму і нямецкага экспрэсіянізму. Тэматыкай некаторых вершаў апошніх гадоў (цікавасцю да праблем штодзённага жыцця) паэзія Антоніі Поццы набліжаецца і да «ламбардскай лініі» — літаратурнай плыні, якая ўзнікла ў Мілане ў канцы ХІХ ст., але атрымала такую назву у 1952 годзе пасля публікацыі аднайменнай анталогіі (Linea Lombarda. Sei poeti), укладзенай Лучано Анчэскі (Luciano Anceschi, 1911–1995), таксама выпускніком міланскага ўніверсітэта. Творам Антоніі Поццы ўласцівыя «<...> цеплыня, адчуванне цела і эмоцый, моцны экспрэсіянізм з інтэнсіўным храматызмам на службе элінскага charis4 (які варта разумець не столькі як жаль да сябе, бясконцы боль і пакуту Мантале5, колькі як чалавечы ўдзел у жыцці ўсіх стварэнняў, асабліва сціплых). Гэты «выкрывальны» экспрэсіянізм <...> перасякаецца з «ламбардскай лініяй»6. Грацыэла Бернабо лічыць, што ўвага да людской нядолі звязаная найперш з духоўнасцю Антоніі, тым больш, што гэтаму спрыяла і сяброўства з Лючыяй Боццы, якая пазней стала законніцай, і хоць Антонія не была практыкуючай каталічкай, але, на думку даследчыцы, падзяляла ідэалы хрысціянскай салідарнасці і таму часта суправаджала сяброўку ў аддаленыя кварталы Мілана. Cяброўства з Лючыяй, а таксама з Эльвірай Гандзіні, якія былі на чатыры гады старэйшыя, адыграла вялікую ролю ў фармаванні светапогляду Антоніі: «<...> у іх гутарках цікавасць да літаратуры <...> і дыскусіі па пытаннях эстэтыкі спалучаліся з разважаннямі над сэнсам жыцця і з духоўным пошукам, які іх збліжаў, хоць іх пазіцыі не былі аднолькавымі: Лючыя і Эльвіра былі перакананымі каталічкамі, у той час як Антонія <...> належала да сям’і, якая прынамсі тады не надта практыкавала веру <...>. Аднак яна гаварыла сяброўкам, што зайздросціць іх магчымасці маліцца, і ў любым выпадку, хоць і своеасабліва, настойліва шукала Бога, як відаць з многіх яе высокадухоўных твораў»7. Згаданым сяброўкам прысвечаны верш «Сёстры» і, ведаючы гэтую акалічнасць, зусім інакш чытаеш наступныя радкі:
Г. Бернабо адзначае, што паэзія А. Поццы засяроджана на чатырох прыродных стыхіях, чатырох касмічных элементах. Гэта «<...> зямля — урадлівая або цвёрдая (асабліва таму, што прамерзла); паветра — праз выявы светлага або цёмнага неба; чыстая крынічная вада, цёмнае возера ці бязмежная марская вада; агонь, як разбуральны, але і як жыццёва важны элемент; як розныя аспекты шматтанальнай песні, што ад аднаго верша да другога, а часам і ўнутры аднаго і таго ж тэксту вагаецца паміж лёгкай каларыстыкай, у якой пераважаюць далікатныя празрыстыя колеры, і каларыстыкай моцнай, з перавагай чырвонага, чорнага і сіняга»9.
Лірычнае «я» эмацыйна рэагуе на прыгажосць навакольнай прыроды, а прырода — мора, вецер, горы — і краса знаходзяцца ў няспынным руху. Лірычная гераіня часам у захапленні назірае за навакольным светам, часам актыўна з ім узаемадзейнічае (верш Дзікая песня (Сanto selvaggio, 1929):
Краявід, адлюстраваны ў паэзіі А. Поццы, гэта горы, даліны, званіцы, касцёлы, часта гэта краявід не маўклівы, а напоўнены звонам, што далятае са званіцаў. Духоўныя пошукі прыводзяць лірычную гераіню ў месцы, дзе магчыма знайсці трансцэндэнтнае, напрыклад, на вайсковыя ці сельскія могілкі, да цвінтара або ў невялікую вёску, цэнтрам якой заўсёды з’яўляецца плошча з касцёлам. У рэальнасці часцей за ўсё гэта было Пастура, дзе бацька Антоніі набыў дом, і якое яна вельмі любіла. У выніку адбываўся «<...> вельмі асабісты пошук Бога незалежна ад канфесійных рамак, які тым не менш прыводзіў да напісання твораў глыбокай інтымнай рэлігійнасці, напрыклад, такіх, як Малітва і Дзень мёртвых, абодва тэксты 1932 года, якія лічацца і ў каталіцкім асяроддзі найвышэйшымі дасягненнямі рэлігійнай паэзіі ХХ стагоддзя»11. У тым жа годзе, які, мяркуючы па ўсім, быў даволі няпростым для Антоніі, яна напісала і пранізлівы верш Крык:
А. Поццы неаднаразова звяртаецца і да тэмы паэзіі як да тэмы паклікання. Для яе лірычнай гераіні творчасць — унутрана абумоўленая неабходнасць (верш Лёс (Un destino, 1935), творца — не старонні назіральнік, ён актыўна рэагуе на навакольны свет, а эмацыйная ўзаемасувязь паэткі і яе творчасці раскрываецца ў такім вершы, як Малітва да паэзіі (Preghiera alla poesia, 1934):
Аўтарскую стратэгію Антоніі Поццы можна вызначыць як інтраспекцыю, але ў позніх вершах ужо ёсць, хай імпліцытна, водгукі гістарычных падзей і атмасферы, што панавала ў той час у краіне, накладзеныя на асабістыя праблемы, хоць «<...> у цёмнай атмасферы Італіі напярэдадні Другой сусветнай вайны, у такім асяродку, не звязаным з фашысцкім рэжымам, як група Банфі14, было лёгка ўбачыць простую персанальную праблему ў экзістэнцыйнай драме Антоніі Поццы, для якой у сапраўднасці свет і «я» не былі абсалютна супрацьпастаўленымі, нават калі адносіны паміж гэтымі двума палюсамі пражываліся ёю не так, як іншымі»15. Дом у Пастура, дзе на сельскіх могілках пахавалі Антонію, яе маці завяшчала Кангрэгацыі Сясцёр Найдаражэйшай Крыві (Сongregаzione delle Suore del Preziosissimo Sangue), і менавіта сёстры, сярод якіх найбольш вядомае імя даследчыцы і ўкладальніцы шматлікіх выданняў Антоніі Поццы Анарыны Дзіна, сёння захоўваюць і ахоўваюць архіў паэткі, а таксама яе мемарыяльны пакой. І нездарма большасць кніг паэткі, а таксама крытычных выданняў, прысвечаных яе творчасці, публікуе міланскае выдавецтва «Анкара» каталіцкай скіраванасці. На жаль, аб’ём выдання не дазволіў уключыць усе перакладзеныя тэксты. Прапаную ўвазе чытачоў некалькі вершаў Антоніі Поццы, якія не ўвайшлі ў згаданую кнігу. Аксана Данільчык
Гл. таксама:
|
|
|