Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(103)/2023
Спадчына
РАЗУМНАЕ СЭРЦА. РАЗВАЖАННІ НАД АСНОВАМІ ПРАВА
Прамова Святога Айца Бэнэдыкта ХVI у нямецкім Бундэстагу 22 верасня 2011 г.

Прэзентацыя
Ксёндз канонік Дзмітрый ПУХАЛЬСКІ
«ЗБАЎЛЕННЕ ДУШАЎ — НАЙВЫШЭЙШАЕ ПРАВА КАСЦЁЛА»
Ксёндз прафесар Рамуальдас ЗДАНІС
ВАЖНАЯ ПАДЗЕЯ
In memoriam
Гутарка Яўгеніі НАЙДОВІЧ з ксяндзом канонікам Дзмітрыем БАРЫЛАМ
«Я БЫЎ ШЧАСЛІВЫ…»
Ad fontes
Постаці

АПОСТАЛ УНІІ
Нашы святыні
Пераклады

СМЕРЦЬ КАІНА

ВЕЛІКОДНАЯ ПРЫПАВЕСЦЬ ПРА ДРЭВА КРЫЖА Ў ТВОРЧАЙ СПАДЧЫНЕ ЮЛЬЯНА ЭЙСМАНДА
З нагоды юбілею
На кніжнай паліцы

ВЕРШЫ
Успаміны

ЖЫВІЦА АНАТОЛЯ ІВЕРСА
Мастацтва

ГАЛОЎНАЕ — БЫЦЬ ШЧЫРЫМ

Алена КРЫВЕНЬКАЯ

ГАЛОЎНАЕ — БЫЦЬ ШЧЫРЫМ

7 снежня ў музычнай гасцёўні Віцебскага цэнтру сучаснага мастацтва адбылося адкрыццё выставы жывапісу «Птушыны вянок» пробашча друйскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы кс. Сяргея Сурыновіча. На ёй былі прадстаўлены творы, выкананыя ў тэхніцы алею на палатне, натхнёныя разважаннямі святара над тэмамі і праблематыкай, узнятымі ў энцыкліцы папы Францішка «Laudato si’». Птушкі, апісаныя ў энцыкліцы Пантыфіка, жывуць у Беларусі, многія з іх унесены ў Чырвоную кнігу, таму лагічна, што ў выявах крылатых жывых істотаў месціцца глыбокі духоўны падтэкст і заклік да больш уважлівага і адказнага стаўлення да прыроды.

У звароце да прысутных на пачатку імпрэзы кс. Сяргей адзначыў: «Птушыны вянок» — маё вяртанне да жывапісу пасля працяглага перапынку. Але сэнсам майго жыцця, маім пакліканнем з’яўляецца святарства і служба людзям і Богу. А жывапіс, скажу шчыра, толькі адзін са сродкаў, які мне дапамагае ўбачыць Бога ў дэталях створанага Ім свету».

Кс. Сяргей Сурыновіч атрымаў сакрамэнт пасвячэння 11 лістапада 2001 г. у Санкт-Пецярбургу, служыў на Каўказе, Урале (г. Перм) і ў Калінінградзе. Пасля вяртання ў Беларусь служыў адміністратарам парафіі Святога Духа ў Віцебску, парафіі Божага Провіду ў Слабодцы Браслаўскага раёна. Цяпер — пробашч парафіі ў знакамітай Друі.

На адкрыцці выставы прысутнічалі прадстаўнікі курыі Віцебскай дыяцэзіі каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь: канцлер кс. Віктар Місевіч і афіцыял Біскупскага суда кс. Аляксей Ляшко.

Афіцыял Біскупскага суда
Віцебскай дыяцэзіі
ксёндз Аляксей Ляшко.
Кандыдат мастацтвазнаўства,
дацэнт Міхаіл Леанідавіч Цыбульскі.

Кс. Аляксей Ляшко распавёў пра асноўныя вехі біяграфіі мастака: сканчэнне магістратуры, абарону дысертацыі ў галіне багаслоўя ў Латэранскім універсітэце ў Рыме, даследаванне гісторыі і спецыфікі перакладаў Бібліі на беларускую мову, працу па алічбоўванні беларускіх перакладаў Бібліі ХХ–ХХІ стст., удзел у секцыі Міжнароднага кангрэсу даследчыкаў Беларусі ў Коўне (Літва), у многіх міжнародных навуковых канферэнцыях па біблеістыцы, абарону доктарскай дысертацыі, ініцыятыву ў правядзенні шэрагу дабрачынных акцый, біблейскіх летнікаў, выступаў музыкаў і музычных калектываў у парафіях, якія ён узначальваў, рэканструкцыю касцёла ў Слабодцы, усталяванне ў 2009 г. перад касцёлам помніка святой Еўфрасінні Полацкай...

З прывітальным словам да кс. Сяргея і прысутных звярнуўся намеснік старшыні Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта Віктар Глушын.

Кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт кафедры выяўленчага мастацтва мастацка-графічнага факультэта ВДУ імя П.М. Машэрава Міхась Цыбульскі адзначыў, што кс. Сяргей Сурыновіч — мецэнат і арганізатар штогадовага Друйскага мастацкага пленэру, у якім з 2016 г. прынялі ўдзел больш 150-ці мастакоў з нашай краіны і замежжа, і што галоўнае ў выявах, прадстаўленых на выставе птушак, — позірк і характар, бо гэта не проста выявы, а «партрэты».

Ксёндз Сяргей Сурыновіч — аўтар чатырох персанальных выставаў, якія экспанаваліся ў 2006–2007 гг. у музеі Цільзіта, музеі Крысціянаса Данелайціса, Доме народнай творчасці ў Калінінградзе, Літаратурным музеі Віцебска.

Дасведчанасць і творчая натура дапамагаюць кс. Сяргею ўдала спалучаць свае здольнасці ствараць мастацкія вобразы сродкамі жывапісу і літаратуры. Як літаратар ён дэбютаваў у 1998 г. пад псеўданімам Яўген Бартніцкі вершаванай містэрыяй для дзяцей «Батлейка». Сёння ён — аўтар зборнікаў паэзіі «Летуценнік», «Пакліканне». 3 2002 г. — аспірант кафедры агульнага мовазнаўства Пермскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. У 1999–2000 гг. рэдагаваў газету «Кгуnіса» Таварыства беларусаў Санкт-Пецярбурга, што была пераемніцай аднайменнай хрысціянска-дэмакратычнай газеты, першы нумар якой выйшаў ў 1917 г. у Петраградзе. Таму не дзіўна, што на адкрыцці выставы «Птушыны вянок» гучалі творы віцебскіх літаратараў Франца Сіўко, Людмілы Сіманёнак, а таксама прывітальнае слова былой загадчыцы Літаратурнага музея Віцебска Святланы Казловай.

Цёпла і шчыра віталі кс. Сяргея ўдзельнікі першага Друйскага пленэру, сябры Беларускага саюза мастакоў Святлана Баранкоўская і Алег Скавародка. Салістка Віцебскай абласной філармоніі Таццяна Моўля надавала імпрэзе ўзвышаны спеўны настрой гучаннем цымбалаў, а найлепшым падарункам сталася віншаванне ад друйскіх парафіянаў на чале са старшынёй сельскай рады Міхаілам Бакевічам. Парафіяне адмыслова прыехалі ў гэты дзень у абласны цэнтр, каб засведчыць свайму пастыру павагу і прыязнасць.

Дырэктар Віцебскага цэнтру сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў адзначыў высокі ўзровень мастацкіх пленэраў у Друі, падкрэсліўшы, што жыхары Друі вельмі прыязна і шчыра адносяцца да мастакоў і мастацтва. За шэсць гадоў выставы па выніках пленэраў сталі падзеяй і паклалі пачатак прыватнаму збору мастацкіх твораў, якія вартыя музейных залаў нашай краіны.

Ксёндз Сяргей Сурыновіч адзначыў, што ў сваёй творчасці абапіраецца на заўвагі і падказкі беларускіх мэтраў: Аляксандра Грышкевіча, Наталлі Залознай, Ілоны Касабукі, Дар’і Сумаравай-Копач. «Няма ніводнай працы, якая была б выканана мною без іх увагі, заўвагаў і парадаў. Яны мне вельмі шмат дапамагаюць і кансультуюць. На працягу 2022 года я напісаў каля шасцідзесяці карцінаў з птушкамі, а перад гэтым вывучаў звесткі пра іх, апісанні, вышукваў фотаздымкі з розных ракурсаў праз інтэрнэт, вывучаў дэталі. Мастакі часам выкарыстоўваюць чучалы, але іх мала, цяжка знайсці, а калі шчыра, то мне было б складана працаваць з нежывою натураю. Палова з таго, што я напісаў, ужо разляцелася па свеце. У маіх працах для мяне самае галоўнае — быць шчырым».

Алена Крывенькая.
Фота Максіма Маркевіча.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY