|
|
№
1(103)/2023
Спадчына
РАЗУМНАЕ СЭРЦА. РАЗВАЖАННІ НАД АСНОВАМІ ПРАВА
Прамова Святога Айца Бэнэдыкта ХVI у нямецкім Бундэстагу 22 верасня 2011 г. Прэзентацыя
In memoriam
Гутарка Яўгеніі НАЙДОВІЧ з ксяндзом канонікам Дзмітрыем БАРЫЛАМ
«Я БЫЎ ШЧАСЛІВЫ…» Ad fontes
Постаці
Нашы святыні
Надзея УСАВА
«ЛІТУРГІЧНЫ ГАРДЭРОБ» Арнаты ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Пераклады
Ірына БАГДАНОВІЧ
ВЕЛІКОДНАЯ ПРЫПАВЕСЦЬ ПРА ДРЭВА КРЫЖА Ў ТВОРЧАЙ СПАДЧЫНЕ ЮЛЬЯНА ЭЙСМАНДА З нагоды юбілею
На кніжнай паліцы
Успаміны
Мастацтва
|
15 снежня мінулага года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя першага выдання Codex iuris canonici (Кодэксу кананічнага права) са зменамі, унесенымі Святым Пасадам у галоўны збор юрыдычных нормаў Касцёла лацінскага абраду з перакладам на беларускую мову. У прэзентацыі ўнікальнага выдання ўзялі ўдзел іерархі Касцёла на Беларусі, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, дыпламаты, святары, спецыялісты ў галіне кананічнага і дзяржаўнага права з нашай краіны і з-за мяжы, прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы, іншых канфесій і рэлігій. Мерапрыемства, арганізаванае Апостальскай нунцыятурай у Рэспубліцы Беларусь, адбывалася пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. На пачатку ўсіх сабраных у канферэнц-зале галоўнага кнігасховішча краіны прывітаў Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч. Прадстаўнік папы Францішка ў Беларусі адзначыў, што Кодэкс кананічнага права — адзін з асноўных прававых дакументаў Каталіцкага Касцёла, абнародаваны ў Ватыкане папам Янам Паўлам ІІ 25 студзеня 1983 года. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі пры падтрымцы Апостальскай нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь пераклала Кодэкс лацінскага абраду на беларускую мову, каб духавенства і ўсе зацікаўленыя маглі атрымаць доступ да кананічнага заканадаўства на сваёй мове. Кодэкс быў выдадзены ў арыгінальнай лацінскай версіі і ўключае ў сябе ўсе абнаўленні, якія Каталіцкі Касцёл унёс за апошнія гады, асабліва падчас Пантыфікату папы Францішка. Нунцый Антэ Ёзіч нагадаў, што ў лютым 2022 г. Святы Пасад змяніў або перагледзеў 151 канон Кодэксу, даўшы каталіцкім біскупам больш кампетэнцый. Прадстаўнік Святога Айца выказаў падзяку ўсім спецыялістам, якія ўдзельнічалі ў перакладзе Кодэксу на беларускую мову і яго выданні, а таксама тым, хто матэрыяльна падтрымаў праект, у прыватнасці нямецкай дабрачыннай арганізацыі Renovabis. «Святы Пасад жывіць надзею, што гэта важнае дасягненне палегчыць вывучэнне і прымяненне касцёльнага заканадаўства, а таксама стане доказам імкнення Каталіцкага Касцёла ўключацца ў рэчаіснасць, у якой ён жыве, узбагачаючы яе хрысціянскім духам для дабра ўсяго беларускага народа», — сказаў нунцый Антэ Ёзіч. Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацынальнасцяў Аляксандр Румак у сваёй прамове падкрэсліў, што родная мова мае асаблівую важнасць для самавызначэння народа, для захавання яго ўласнай тоеснасці, і заахвоціў каталіцкае духавенства шырэй карыстацца беларускай мовай у ажыццяўленні душпастырскай дзейнасці. Упаўнаважаны выказаў упэўненасць, што гэтаму будзе спрыяць таксама з’яўленне беларускага перакладу Кодэксу, які будзе выкарыстоўвацца ў парафіях, а таксама ў працэсе навучання і падрыхтоўкі будучых святароў. Генеральны сакратар ККББ біскуп Юрый Касабуцкі зачытаў прывітальны адрас Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскупа Віцебскага Алега Буткевіча. У ім кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату назваў пераклад Кодэксу кананічнага права на беларускую мову «неардынарнай і адметнай падзеяй для жыцця Каталіцкага Касцёла ў Беларусі». «Гэта нагода для гонару, а перадусім для ўдзячнасці Богу і Яго Провіду, які дазволіў вернікам каталіцкай супольнасці адной з самастойных краін у цэнтры Еўропы нарэшце адчуваць сябе паўнавартаснымі ўдзельнікамі Паўсюднага Касцёла таксама і ў прававой галіне. Можна лічыць гэта яшчэ адным крокам і знакам на шляху адраджэння Касцёла ў Беларусі пасля эпохі атэістычнага пераследу, вяртання да нармальнасці ў выкананні сваіх функцый і абавязкаў», — напісаў біскуп Алег Буткевіч, які асабіста не змог узяць удзелу ў прэзентацыі.
Другая частка мерапрыемства была прысвечана вопыту падрыхтоўкі Кодэксу ў 1983 годзе і яго першых перакладаў у былых савецкіх рэспубліках. Прысутныя паглядзелі відэазварот монсеньёра Бруно Фабіё Пігіна, прафесара з Папскага ўніверсітэта кананічнага права ў Венецыі, які назваў перакладчыка Кодэксу на беларускую мову, ксяндза каноніка Дзмітрыя Пухальскага, «адным са сваіх лепшых вучняў». Рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Санкт-Пецярбургу монсеньёр Сяргей Цімашоў распавёў прысутным пра вопыт перакладу Кодэксу на рускую мову, які рабіўся пры актыўным удзеле былога Апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Івана Юркавіча і цяперашняга нунцыя арцыбіскупа Антэ Ёзіча падчас іх працы ў Маскве. Пра асаблівасці перакладу Кодэксу на літоўскую мову, праца над якім вялася больш за пяць гадоў, распавёў удзельнікам прэзентацыі монсеньёр Рамуальдас Зданіс з Панявежыса. Гэтыя два пераклады сталі першымі, зробленымі на тэрыторыі былога СССР, а беларускі пераклад стаў трэцім у гэтым шэрагу. Пра працу над ім распавялі два святары, якія супольнымі намаганнямі яго здзейснілі. Прамову ксяндза каноніка Дзмітрыя Пухальскага дапоўніў кансультант Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі па юрыдычных пытаннях ксёндз канонік Андрэй Зноска, які актыўна падключыўся да праекту і паспрыяў яго завяршэнню ў кароткі тэрмін. Пра значэнне беларускага перакладу Кодэксу для Партыкулярнага Касцёла ў Беларусі сказаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, пасля чаго адбылася сімвалічная перадача Кодэксаў прадстаўнікам касцёльных і свецкіх інстытутаў Беларусі. Кодэкс кананічнага права будзе на бязвыплатнай аснове перададзены ў касцёльныя структуры і бібліятэкі Беларусі.
Кс. Мікола Гракаў.
Гл. таксама:
|
|
|