|
|
№
1(103)/2023
Спадчына
РАЗУМНАЕ СЭРЦА. РАЗВАЖАННІ НАД АСНОВАМІ ПРАВА
Прамова Святога Айца Бэнэдыкта ХVI у нямецкім Бундэстагу 22 верасня 2011 г. Прэзентацыя
In memoriam
Гутарка Яўгеніі НАЙДОВІЧ з ксяндзом канонікам Дзмітрыем БАРЫЛАМ
«Я БЫЎ ШЧАСЛІВЫ…» Ad fontes
Постаці
Нашы святыні
Надзея УСАВА
«ЛІТУРГІЧНЫ ГАРДЭРОБ» Арнаты ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Пераклады
Ірына БАГДАНОВІЧ
ВЕЛІКОДНАЯ ПРЫПАВЕСЦЬ ПРА ДРЭВА КРЫЖА Ў ТВОРЧАЙ СПАДЧЫНЕ ЮЛЬЯНА ЭЙСМАНДА З нагоды юбілею
На кніжнай паліцы
Успаміны
Мастацтва
|
НАРЫС ПА ГІСТОРЫІ МІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
«Fortuna variabilis, Deus mirabilis…»
У загалоўку сваёй працы я змясціў памятныя словы Шымана Старавольскага, а спраўдзіліся яны дзіўным чынам і на няшчаснай Мінскай дыяцэзіі, якая перажыла жудасна крытычныя падзеі і ўтрымалася толькі дзякуючы відавочнаму цуду лёсу ў доказ марнасці намаганняў самай хітрамудрай дыпламатыі і ўсялякага насілля перад Божым прысудам, бо, выпрабаваўшы іх, у свой час нават крыважэрны каласальны «Жалезны граф» мусіў рушыць у Каносу… Сумныя, панылыя падзеі і выпрабаванні, праз якія прайшла Мінская дыяцэзія, я коратка, вельмі павярхоўна і аб’ектыўна апісаў у т. IV «Геаграфічнага слоўніка», пазней, у 1898 годзе, крыху шырэй, але гэтая праца не змагла выйсці ў свет з прычыны тагачасных жахлівых цэнзурных варункаў, а тое, што я змясціў у календары Рыма-каталіцкага дабрачыннага таварыства ў Пецярбургу на 1899 год, было ўжо толькі слабым ценем сапраўдных думак і фактаў. Цяпер, карыстаючыся крыху больш спрыяльнымі часамі для слова гістарычнай праўды, пішу, хоць і не прэтэндую на поўны ахоп вялікай тэмы. Тым не менш, чытачы знойдуць у гэтай працы дастатковае асвятленне гісторыі Мінскай дыяцэзіі з часу яе ўзнікнення і да бягучага моманту1. У часы Рэчы Паспалітай усё Вялікае Княства Літоўскае, апрача Жамойці (якая мела сваё біскупства), складала Віленскую дыяцэзію; такім чынам, царкоўная гісторыя ўсіх удзелаў тагачаснай Літвы, а значыць і Міншчыны, належыць да гісторыі Віленскай дыяцэзіі. Але з 2-й паловы XVIII стагоддзя, калі межы пачалі ўжо ламацца адначасова з памяншэннем і, нарэшце, заняпадам дзяржавы, Міншчына з пункту гледжання царкоўнай іерархіі таксама зазнала змяненні. У гэты час у 1772 годзе Беларусь, г.зн. ваяводствы Мсціслаўскае, Полацкае, Віцебскае, а таксама польскія Інфлянты, апынулася пад панаваннем Расіі, і імператрыца Кацярына II указам ад 12 снежня ўстанавіла для гэтых земляў, пад кіраўніцтвам больш чым проста падазронага ў артадаксальнасці біскупа Станіслава Сестранцэвіча2, Беларускае біскупства, да якога, у сваю чаргу, у 1793 годзе было далучана анексаванае Мінскае ваяводства. Аднак Беларускае біскупства яшчэ ў канцы 1783 года было перайменавана ў Магілёўскую архідыяцэзію, а ў жніўні 1798 года, паводле распараджэння імператара Паўла, нунцый Лаўрэнцій Літа, што прыбыў на яго каранацыю, арганізаваў Мінскую дыяцэзію ў межах Мінскай губерні, якая тады мела іншыя межы і ўключала некалькі паветаў сённяшняй тэрыторыі Віленскай губерні і дыяцэзіі3. Цікава, што да таго, як была створана Мінская дыяцэзія, пэўная частка Міншчыны кароткі час належала да так званай Пінскай дыяцэзіі, мала вядомай нават прафесійным гісторыкам (Барташэвіч). У сваіх зборах я меў рубрыкацыю Пінскай дыяцэзіі за 1797 год, у якой не называюцца ні парафіі, ні склад духавенства, а толькі ўказваецца парадак набажэнства. У «Directorium», аднак, занатавана дата смерці біскупа Смаленскага Адама Нарушэвіча 6 ліпеня 1796 года ў Янаве4. Тут неабходна зрабіць тлумачэнне, якое я абавязаны даць найшаноўнейшаму дзеячу ў справах айчыннага Касцёла Я. Э. арцыпастыру Францішку Сымону. Дыяцэзіяй на касцёльнай мове, паводле слоў Яго Эксцэленцыі, называецца пэўная тэрыторыя ў дакладна вызначаных межах, дзе Апостальская Сталіца ўстанаўляе біскупскую катэдру і прызначае на яе пастыраў. З прычыны таго, што такога кананічнага акту Апостальскай Сталіцы ў дачыненні да Пінскай дыяцэзіі не было, значыць і падобная дыяцэзія кананічна ніколі не існавала. Гэта быў самавольны загад Кацярыны II, які разбураў, нягледзячы на ўрачыстыя абяцанні, каталіцкую іерархію ў захопленых правінцыях, маючы на мэце вынішчэнне нават яе слядоў. Гэткім чынам, Луцкую дыяцэзію загадана называць Пінскай, Камянецкую — Лятычаўскай, Віленскую — Інфлянцкай; а біскупы (нават такія, як набожны Цецішэўскі) пад ціскам змянілі свае кананічныя званні на новыя, цалкам свецкія. Аднак гэта доўжылася нядоўга, бо, як ужо гаварылася, у час больш лагоднага праўлення імператара Паўла, менавіта ў 1798 годзе, Апостальская Сталіца аднавіла гістарычныя званні, за выключэннем аднаго толькі Кіеўскага біскупства, якое было аб’яднана з Луцкім і пачало называцца Жытомірскім. Вяртаючыся да пытання пра заснаванне Мінскай дыяцэзіі, зазначым, што яна была абвешчана 15 лістапада 1798 года булай Святога Айца Пія VI, якая пачыналася шматзначнымі словамі: «Maximis undiqae pressi doloribus» («Вялікі адусюль ідзе смутак»). Тэрыторыя дыяцэзіі займала тады 78 000 квадратных вёрст у 93-х парафіях. У склад гэтай першапачатковай дыяцэзіі ўваходзілі наступныя парафіі XIV стагоддзя: Гайна, фундацыя караля Ягайлы (сёння царква), Мінск, Пінск; XV стагоддзя: Слуцк (фара), Капыль, Холхла, Койданава, Радашковічы, Клецк, Дуброва, Мядзел, Волма, Лебедзеў, Пяршаі; XVI стагоддзя: Краснае Сяло, Буда або Будслаў, Іказнь, Камень, Паставы, Куранец, Хожаў або Хожава, Мядзведзічы, Дзісна, Нясвіж, Свержань, Пагост; XVII стагоддзя: Задарожжа, Ляхавічы, Корань, Івянец, Докшыцы, Лагойск, Бабруйск, Мазыр, Задзвея, Стоўбцы, Ваўкалата, Заслаўль, Астрагляды, Глембова, Лагішын, Рэчыца, Петрыкаў, Зембін, Мёры, Беразіно (барысаўскае), Беразіно (ігуменскае), Барысаў, Удзел, Друя, Цімкавічы, Давыд-Гарадок, Замосце Слуцкае, Мікалаевічы або Мікалаеўшчына, Касцяневічы, Кемяшэвічы, Парафіянаў, Ракаў, Глуск, Узда, Хатаевічы, Любешаў, Празарокі, Серафін; XVIII стагоддзя: Халопенічы, Даўгінаў, Кімбароўка, Олька, Спас, Ілья, Лужкі, Юрэвічы, Лахва, Смілавічы, Маладзечна, Лучай, Крывічы, Харомцы або Харамец, Каралішчавічы, Свіслач, Капаткевічы, Бабоўня, Мосар, Амнішаў, Аколава або Аколаў, Мінская катэдра, Дзядзілавічы, Ігумен, Рубяжэвічы, Гарадок-Хмарынскі, Грозаў, Германавічы, Блонь5. Пры гэтых парафіях мелася, апрача таго, 48 філіяльных касцёлаў і 174 капліцы. Мужчынскіх кляштараў на момант заснавання дыяцэзіі было 50, многія з якіх кіравалі парафіямі, менавіта: бэнэдыктыны — у Гарадзішчы пад Мінскам і ў Нясвіжы ў Св. Крыжа, цыстэрцыяне — у Кімбарове або Цёмнай Даліне (Valis umbrosa) у Мазырскім павеце; трынітарыі — у Маладзечне і Крывічах; дамінікане — у Стоўбцах, Мінску, Рэчыцы, Зембіне, Пінску, Нясвіжы, Заслаўлі, Ракаве, Дунілавічах, Клецку, Халопенічах, Друі; францішкане — у Пінску, Паставах, Дзісне, Удзеле, Празароках, Івянцы, Серафіне, Мінску; бэрнардыны — у Будзе або Будславе, Нясвіжы, Мінску, Мазыры, Друі, Слуцку, Глуску, Беразіне, Юрэвічах, Пінску; капуцыны — у Любяшове; кармэліты босыя — у Глыбокім, Пінску, Мядзелі, Мінску; баніфраты — у Мінску; піяры — у Любяшове і Лужках; камуністы — у Пінску; камандорыя мальтыйскіх кавалераў — у Сталавічах; місіянеры — у Смілавічах6. Жаночых кляштараў было 10, менавіта: бэнэдыктынкі — у Нясвіжы і Мінску; цыстэрцыянкі — у «Анёльскай Даліне» (каля Кімбароўкі); бэрнардынкі — у Мінску; сёстры міласэрнасці — у Мінску; марыявіткі — у Пінску, Мазыры, Глуску і Мінску. Агулам ордэнскага духавенства — 425 чалавек, манашак — 777. Вернікаў налічвалася каля 232 000 абодвух полаў, а дэканатаў было 13: Мінскі гарадскі, Мінскі павятовы, Наднёманскі, Ігуменскі, Бабруйскі, Пінскі, Мазырскі, Рэчыцкі, Барысаўскі, Дзісенскі, Вілейскі, Надвілейскі і Слуцкі. Першым Мінскім біскупам стаў вядомы пазней Якуб Дадэрка, канонік віленскі, інфулат алыцкі, удастоены міласці імператара Паўла і яго жонкі. Дадэрка быў пасвечаны ў 1798 годзе ў Полацку каад’ютарам мітрапаліта Беніслаўскім у прысутнасці біскупа Лапацінскага і ўніяцкага суфрагана Бутрымовіча. Неўзабаве ён ажыццявіў урачысты ўезд у Мінск і, устанавіўшы катэдру ў былым езуіцкім касцёле на «Высокім рынку», перарабіў кляштар дамініканаў у пышную біскупскую рэзідэнцыю. Дадэрка вельмі энергічна ўзяўся за арганізацыю капітула, прызначаючы прэлатам найлепшыя парафіі: слуцкую, барысаўскую, івянецкую, докшыцкую, цімкавіцкую, ляхавіцкую, клецкую і мядзведзіцкую. Дзякуючы яго руплівасці паўсюдна заквітнелі храмы, пачынаючы з цалкам рэстаўраванай катэдры, а вяршыняй пахвальнай дзейнасці біскупа было заснаванне ў 1805 годзе ў Мінску Таварыства дабрачыннасці, шчодра падтрыманага грамадзянамі. Перажыўшы разам з дыяцэзіяй і ўсім няшчасным краем самыя жахлівыя падзеі, яно, аднак, цудоўным чынам захавалася да сённяшняга дня і ў апошнія часы зноў аднаўляецца амаль з руінаў, дзякуючы спрыянню лёсу і клопатам людзей добрай волі8. Хаця Дадэрка па-ранейшаму знаходзіўся ў росквіце сілаў, аднак, моцна заняты парадкаваннем сваёй паствы, ён дзеля больш лёгкай духоўнай працы абраў сабе каад’ютарам, з правамі наступніка, вельмі паважанага прэлата Бонавэнтуру Бажымоўскага, але гэтага не дазволіў варожы яму і двудушны мітрапаліт Сестранцэвіч, прыслаўшы насуперак яму ў Мінск суфраганам француза па паходжанні Масле. Але Дадэрка палічыў яго асобай неадпаведнай і таму пасля смерці Бажымоўскага абраў сваім памочнікам ксяндза Матэвуша Ліпскага, былога базыліяніна, які меў тады сан беларускага архідыякана.
Аднак не суджана было Дадэрку спакойна валодаць Мінскім біскупствам, бо ў 1812 годзе, калі пачала лунаць надзея на вольнасць краю, ён, адчуўшы патрыятычны ўздым пад уплывам тагачасных падзей, прыняў у іх актыўны ўдзел, публічна абвясціўшы 19 ліпеня ў катэдры «мінскую канфедэрацыю» (гл. у «Tymczasowej gazecie Mińskiej», № 2), і гэта пахіснула ўсю яго кар’еру. За згаданае вышэй выступленне ён трапіў у няміласць да імператара Аляксандра I, у 1816 годзе быў адхілены ад кіравання дыяцэзіяй і вымушаны пасяліцца ў Алыцы, дзе памёр 24 снежня 1829 года, акружаны арэолам пакутніцтва за справу краю і ўсеагульным шанаваннем. У час адсутнасці Дадэркі ў біскупскай сталіцы дыяцэзію адміністравалі: у 1816–1824 гадах — мінскі прэлат Стафан Пазняк; у 1824–1827 гадах — прэлат Юзаф Камінскі, а пасля яго і да смерці Дадэркі — упаўнаважаны апошнім Матэвуш Ліпскі, ужо ў якасці біскупа Аўрапалітанскага. Яшчэ да скону Дадэркі Мінскага біскупства дамагаўся вядомы Станіслаў Шантыр, былы езуіт, мінскі прэлат і пробашч гістарычнай Слуцкай фары (1419), але мітрапаліт Сестранцэвіч, які люта яго ненавідзеў, загадаў пакінуць Ліпскага ў мінскай сталіцы. Прэканізацыя, аднак, адбылася толькі 25 лютага 1831 года, гэта значыць, праз шэсць гадоў пасля смерці Сестранцэвіча (1825). Ліпскі, добрасумленна разумеючы свае пастырскія абавязкі, кіраваў у сумныя часы руйнавання кляштараў у Літве, бо з ацалелых ужо тады толькі 35-ці кляштараў у 1832 годзе адразу зачынілі 23. У перыяд душпастырства Ліпскага, менавіта ў 1835 годзе, у дыяцэзіі было яшчэ рознага духавенства мужчынскага полу 405 чалавек і 95 манашак. Дэканатаў налічвалася 13; але ў гэты час, а можа і крыху раней, некаторыя парафіі выключалі і ўключалі, таму мы бачым тут некалькі новых парафій або філіяльных касцёлаў на правах парафіі: Старчыцы (у Слуцкім павеце), Лагішын (у Пінскім павеце), Азярцо (у Дзісенскім павеце), Дзеркаў і г.д. Ліпскі памёр у Мінску, у найгоршы момант скасавання уніі, 21 лістапада 1839 года, пахаваны ў загарадным філіяльным касцёле катэдры на Кальварыі, пад алтаром з правага боку ад уваходу, дзе пастаўлены помнік з адпаведным надпісам. Пасля яго намінацыю ад ураду атрымаў мінскі прэлат Павел Рава, чалавек вельмі пасрэдны, пасіўны, persona grata, як гэта называюць улады, але Апостальская Сталіца не дала яму пацвярджэння… У час яго адміністравання ў 1842 годзе ў выніку вылучэння з Мінскай губерні і далучэння да Віленскай Дзісенскага і Вілейскага паветаў, а таксама далучэння да Мінскай губерні Наваградскага павета, вылучанага з Гродзенскай губерні, зноў памяняўся склад Мінскай дыяцэзіі, бо адышлі 3 дэканаты з 16-цю парафіямі і 12-цю кляштарамі, але дадаліся новыя парафіі ў наваствораных дэканатах — Наваградскім і Сталавіцкім. Рава кіраваў да 1853 года9, калі быў прызначаны цяперашні пастыр у асобе ксяндза Адама Вайткевіча, рэктара Мінска-Магілёўскай семінарыі. Ён, прымаючы біскупства 22 лютага, зачытаў цудоўны пастырскі ліст разам з буламі Апостальскай Сталіцы. У момант узвядзення на пасаду Вайткевіча Мінская дыяцэзія складалася з 12-ці дэканатаў: Мінскага ў горадзе, Мінскага ў павеце, Наднёманскага, Барысаўскага, Ігуменскага, Бабруйскага, Рэчыцкага, Мазырскага, Пінскага, Слуцкага, Наваградскага і Сталавіцкага. На той час у іх было 80 парафій, 21 філія на правах парафіі, 140 капліцаў, 6 мужчынскіх і столькі ж жаночых кляштараў. Дыяцэзія налічвала больш за 180 000 вернікаў, 130 асобаў духоўнага стану, 85 алюмнаў у Мінскай семінарыі і 15 алюмнаў у Духоўнай акадэміі. Рэктарам семінарыі і прафесарам кананічнага права быў ксёндз Бэнэдыкт Навіцкі, магістр тэалогіі; інспектарам — ксёндз Ян Яўтак; прафесарам Святога Пісання і тэалогіі — ксёндз Францішак Навіцкі (адначасова прэфект гімназіі і іншых школаў); прафесарам гамілетыкі або прапаведніцтва, абраднасці і царкоўнага спеву — ксёндз Антоній Даманскі (цяпер састарэлы прэлат віленскай катэдры). Што ж да класічных навук і моваў, то іх выкладалі свецкія настаўнікі з гарадской гімназіі. Пракуратарам семінарыі быў ксёндз Францішак Яшчалд. Капітул складалі прэлаты: прапазітус ксёндз Ян Дамброўскі, доктар тэалогіі, інфулат алыцкі, афіцыял кансісторыі; архідыякан ксёндз Дамінік Машынскі, магістр тэалогіі; дэкан ксёндз Бэнэдыкт Ачапоўскі, доктар тэалогіі, быў адначасова пенітэнцыярыем і асэсарам кансісторыі. Абавязкі хавальніка выконваў ксёндз Алоіз Жыжнеўскі, магістр тэалогіі. Кантарам і другім пенітэнцыярыем быў ксёндз Людвік Лыжыкевіч, сакратаром — ксёндз Антоній Магяльніцкі, магістр тэалогіі. Парафіі падзяляліся на пяць класаў. Пробашч парафіі I класа атрымліваў 600 рублёў штогод, але гэтую катэгорыю мела толькі адна катэдральная парафія. Пробашч парафіі II класа атрымліваў 500 рублёў, і да гэтай катэгорыі належалі толькі чатыры парафіі: бабруйская, барысаўская, нясвіжская і слуцкая. Пробашч парафіі III класа атрымліваў 400 рублёў (было 9 парафій), IV класа — 275 рублёў (было 25 парафій), нарэшце V класа — 230 рублёў (было 35 парафій); астатнія 6 парафій не мелі забеспячэння і абслугоўваліся калатарамі і дабрачынцамі. Хаця ўрад прысвоіў вялізную маёмасць духавенства і капіталы10, аднак кампенсацыя пенсій, якія выплочваліся духавенству, была зусім нязначная і недастатковая не толькі для развіцця духу дабрачыннасці і педагогікі, але і задавальнення мінімальных патрэбаў святароў, што выклікала непажаданыя самазахаваўчыя памкненні і аслабляла духоўнасць слугаў алтара. Жахлівыя вынікі гэтай палітыкі пазней можна было заўважыць на з’яўленні адступнікаў, што спакусіліся матэрыяльнымі перспектывамі… Такім чынам, урадавыя субсідыі на пенсіі для пробашчаў складалі штогод усяго 21 785 рублёў, на кожную парафію прыкладна 272 рублі. У эпоху рэформаў Аляксандра II здавалася, што наступілі справядлівыя часы, бо і сапраўды, дзякуючы большай свабодзе колькасць асобаў духоўнага стану павялічылася са 180-ці да 266-ці, а манашак налічвалася 66. Аднак і тады існавалі забароны бюракратыі, якая заўсёды пагражала Касцёлу; такім чынам, скасавалі навіцыят у кляштарах, акрамя бэрнардынскага ў Мінску і бэнэдыктынскага ў Гарадзішчы, а колькасць дэканатаў зменшылі да 11, далучыўшы Сталавіцкі да Наваградка. Так выглядалі справы да 1863 года. Слабое кіраванне біскупа Вайткевіча не адпавядала чаканням; амаральнасць вышэйшых духоўных асобаў, на працягу значнага часу ўплываючы на алюмнаў, падрыхтавала для Касцёла тых людзей, якія ў будучыні, здабыўшы сабе сумную славу дзёрзкіх вераадступнікаў, прывялі Касцёл на Міншчыне на край бездані. Трэба яшчэ заўважыць, што зародкам разлажэння дыяцэзіі сталі калісьці секулярызаваныя манахі, звольненыя з кляштараў і пасаджаныя на парафіях, дзе яны адыходзілі ад строгага ордэнскага статуту, а таксама свецкія святары, пасвечаныя без уліку іх паводзінаў, духоўнай і разумовай адукацыі. <...> Неўзабаве пасля падзей 1863 года пачалося змяншэнне колькасці парафій і кляштараў. У 1868 годзе мы бачым яшчэ 10 дэканатаў, 55 парафій, 24 філіі, 3 капеланства, 141 капліцу, а з кляштараў засталося толькі чатыры жаночыя, менавіта: дамініканак і бэнэдыктынак у Нясвіжы, цыстэрцыянак у Кімбароўцы і бэнэдыктынак у Мінску, астатнія зачынілі, а манахаў разагналі або, зняўшы з іх габіты, прымусова рассялілі па розных гарадах для вымірання. 1868 год быў апошнім у самастойным існаванні дыяцэзіі, і набліжаўся ўжо яе канчатковы разгром, на жаль, з дапамогай самых нікчэмных асобаў, якія здрадзілі Касцёлу. Маці нашай! У гэты час некалькі пробашчаў, памяняўшы веравызнанне, з уласнай волі перавялі ў праваслаўе і сваіх парафіянаў: у Ляхавічах — ксёндз Бульвін, у Рубяжэвічах — ксёндз Антоній Свіхода, у Дубровах — ксёндз Вінцэнт Кошка, былы бэрнардын, магістр тэалогіі, лядашчы стары ў ганебным атачэнні шматлікай сям’і. Жахлівыя людзі! А іншыя парафіі, пераважна з вясковым насельніцтвам, такія як заслаўская і валмянская (Мінскі павет), задзвейская і ішкалдская (Наваградскі павет), лагішынская на Піншчыне, замасьцская (Слуцкі павет), гайненская (Барысаўскі павет) і інш. гвалтам, з дапамогай паліцыі таксама далучылі да пануючага веравызнання. Як бы там ні было, але пасля гэтага разгрому і спусташэнняў мы яшчэ бачым у дыяцэзіі каля 167 000 католікаў, адміністраваных 152-ма святарамі, іерархія таксама не была знішчана. Капітул у 1868 годзе складалі прэлаты: ксёндз Дамінік Машынскі (прапазітус); ксёндз Анджэй Баблеўскі (архідыякан, пенітэнцыярый, адначасова афіцыял кансісторыі); ксёндз Антоній Машынскі (вучоны, апошні рэктар любяшоўскіх піяраў, член Кракаўскай акадэміі; ён быў катэдральным дэканам, памёр на парафіі ў Любяшове 8 мая 1893 г.); ксёндз Юльян Календа (хавальнік і асэсар кансісторыі); ксёндз Антоній Даманскі (кантар і рэктар семінарыі). Катэдральныя канонікі: ксёндз Ян Яўтак (інспектар семінарыі), ксёндз Францішак Яшчалд (памочнік хавальніка), ксёндз Юльян Падліпскі (старэйшы), ксёндз Вінцэнт Вэйтка, магістр тэалогіі. Другім асэсарам кансісторыі быў ксёндз Пётр Валіцкі, у сваю чаргу пробашч у Мосары і дэкан у Віленскай дыяцэзіі. Вікарыямі катэдры былі: ксёндз Эдвард Дубовік, ксёндз Юзаф Дамброўскі і ксёндз Казімір Пацынка (цырымоніймайстар, потым ён доўгі час быў пробашчам у касцёле св. Яна ў Вільні11. Пенітэнцыярыямі, апрача вышэйзгаданага прэлата Баблеўскага, заставаліся: ксёндз Бартламей Вішнеўскі (візітатар), ксёндз Леанард Мароз, былы гвардыян мінскіх бэрнардынаў, які займаў тады пасаду аканома ў семінарыі, дзе напаследак выхоўвалася 25 алюмнаў на месцы 9-ці ў акадэміі. Сакратаром кансісторыі быў калегіяльны асэсар Тытус Паразінскі, пазней пераведзены на такую ж пасаду ў Вільню, дзе ён і памёр у 80-я гады. У наступным, 1869 годзе, адміністрацыйным распараджэннем, без дазволу Рыма, Мінская дыяцэзія і семінарыя былі ліквідаваны, але трэба зрабіць агаворку, што Мінскі статыстычны камітэт, урадавая ўстанова, выдаючы ў 1878 годзе свой перыядычны даведнік «Памятная кніжка», змясціў у ёй тэндэнцыйна хлуслівыя звесткі з мэтай увесці ў зман, быццам Мінская дыяцэзія была скасавана «паводле булы Пія IX» (гл. Ч. II, с. 20). Выпраўляючы гэтую страшэнную памылку, заўважым, што хаця пасада Мінскага біскупа і яго юрысдыкцыя былі ліквідаваны, аднак дыяцэзія засталася, як і раней, кананічнай, пад сваёй сапраўднай назвай, і была перададзена спачатку пад адміністрацыю кіраўніка Віленскай дыяцэзіі, а з 1884 года — арцыпастыра Магілёўскага або яе адміністратараў у перыяд часовага безуладдзя. Заўважым, што адхілены ад сваіх абавязкаў Мінскі біскуп Вайткевіч, сумленна адмовіўшыся ад любых некананічных змяненняў, пасля ад’езду паводле загаду ў Вільню неўзабаве памёр там у вялікім засмучэнні 4 студзеня 1870 года і быў пахаваны на могілках Роса. Адразу ж пасля пераезду біскупа Вайткевіча ў Вільню Мінскую дыяцэзію перадалі ў падпарадкаванне вядомаму адшчапенцу — прэлату Пятру Жылінскаму, які пасля высылкі шаноўнага біскупа Станіслава Красінскага кіраваў Віленскай дыяцэзіяй, задумаўшы ганебны праект вераадступніцтва; а Мінская дыяцэзія знаходзілася на першым месцы ў гэтых жахлівах намерах, і тут было вырашана перш за ўсё ажыццявіць раскол, каб потым паступова знішчыць увесь касцёльны лад у так званым Заходнім краі. Вераломны Жылінскі, узяўшыся за гэтую сапраўды пякельную місію, знайшоў на Міншчыне некалькі нікчэмных асобаў, гатовых ажыццявіць запланаванае мацеразабойства. З гэтай прычыны Мінская дыяцэзія была падзелена на два візітатарствы — Мінскае і Слуцкае. Першае заняў гатовы на ўсё чалавек — ксёндз Фердынанд Сенчыкоўскі; другое — роўны яму ва ўсім ксёндз Ян Юргевіч, і абодва з шалёным імпэтам узяліся за ажыццяўленне запраектаванага злачынства ў Касцёле. Гэта быў сапраўды сумны час для мясцовых католікаў, аддадзеных у рукі па сутнасці сваёй амаральных, нечувана нахабных людзей. У 1874 годзе Жылінскі, віленскі адміністратар, каб стварыць больш моцнае ўражанне, асабіста прыехаў у Мінск ажыццявіць змены, але, сутыкнуўшыся паўсюдна ў парафіях з рашучай пазіцыяй вернікаў, ён, поўны трывогі і прысаромлены, вярнуўся ні з чым і даручыў усё адміністратарам, а тыя, маючы рукі развязанымі, наганялі паўсюдна жах! Сенчыкоўскі, ашаломлены атрыманай уладай, выдаў для пробашчаў 24 цыркуляры — важныя гістарычныя дакументы; сутнасць іх спрытна прыхавана з дапамогай Святога Пісання і краёвага права. Але ж паводзіны візітатара, як гэта пазней выявіла следства, не мелі нічога агульнага з пакліканнем святара і грамадзяніна краю. Не маючы ні сумлення, ні сораму, ён нахабна загадаў сустракаць яго ў час паездак як біскупа, з біццём у званы, з харугвамі і агнямі, а таксама спяваць «esse Sacerdos» [гэта Першасвятар] (!). Усё гэта, выклікаючы абурэнне вернікаў і памнажаючы колькасць ахвяраў помсты жахлівага дзеяча, толькі аддаляла абраную мэту і, нарэшце, пасля ўмяшальніцтва самога Жылінскага гэтае імправізаванае візітатарства давялося спыніць, а скампраметаваны Сенчыкоўскі быў прыбраны з мінскай сцэны і пераведзены ў Палескі дэканат у Бабруйск. Тут ён рабіў новыя злоўжыванні і скандальныя ўчынкі, настроіўшы супраць сябе нават праваслаўных святароў, а асаблівую антыпатыю меў да яго шаноўны протаіерэй айцец Адрыян (пра гэта можна прачытаць у «Kraju» за 1883 год, № 43 у карэспандэнцыі з Бабруйска) за звычайнае ашуканства і абдорванне народа быццам бы адкрытымі рэліквіямі нейкага «святога Феафіла»… Нарэшце Сенчыкоўскі без усялякіх цырымоній пачаў грабіць касцёльныя скарбніцы, і ў той час набыла вядомасць гісторыя абрабавання касцёльных каштоўнасцяў у гістарычным Глуску, калі ён забраў залатыя і сярэбраныя дараносіцы, келіхі і г. д. (ахвяраванні магнатаў Радзівілаў, Хадкевічаў, Палубінскіх, Сапегаў і інш.) і, спакаваўшы іх у падарожны чамадан, вывез з горада. Гэтым агідным фактам Сенчыкоўскі быў канчаткова дыскрэдытаваны, асабліва калі глускія парафіяне разам з праваслаўным духавенствам звярнуліся са скаргай да губернатара Пятрова, і пасля праведзенага следства адпраўлены на пакаянне ў гродзенскі кляштар, застаючыся там ажно да прызначэння ў 1883 годзе новых біскупаў і галоснай рэабілітацыі вераадступніка Жылінскага12. Неўзабаве потым Сенчыкоўскі адправіўся ў Ташкент вайсковым капеланам, але, настроіўшы супраць сябе і паству, і мітрапаліта Гінтаўта самавольным асвячэннем капліцы, увядзеннем нерытуальнага набажэнства і рознымі эксцэсамі, нарэшце ўмяшаўшыся ў нейкую брудную справу, ганебна скалечыўшыся і ў выніку цяжка перахварэўшы, ён адправіўся ў Омск і самавольна заняў касцёл. Аднак арцыпастыр, атрымаўшы скаргу парафіянаў, паклаў гэтаму канец, прыслаўшы цяперашняга пробашча. Пасля смерці ў 1889 годзе арцыпастыра Гінтаўта Сенчыкоўскі ў доўгім лісце па-польску на імя тагачаснага адміністратара дыяцэзіі, шаноўнага прэлата Даўгялы, спрабаваў бессаромна апраўдацца за свае мінулыя ўчынкі і прасіў дапамогі, але прававерны адміністратар адкрыта адказаў яму, што толькі ад Святога Айца можа залежаць кананічнае вызваленне такіх злачынцаў13. Пасля такога адказу былы візітатар, ужо маючы за плячыма цікавую гісторыю на іншым месцы, не спрабаваў зноў трывожыць духоўныя ўлады, але затое ў час адкрыцця ў Вільні помніка нядобрай славы Мураўёву Сенчыкоўскі прыслаў з Омска дэманстратыўную дэпешу, падпісаўшыся канонікам, хаця ён даўно страціў усе тытулы і касцёльны сан, а сёння, як свецкая асоба, на схіле дзён мусіць зрабіць справаздачу перад Богам за сваё жыццё, абцяжаранае слязьмі і братняй крывёю! Звычайна на вялікім пажары доўга яшчэ ў патаемных глыбінях тлее агонь, небяспечны для асяроддзя. Хаця караючы лёс даўно павымятаў з Міншчыны шалёных карыфеяў вераадступніцтва, але дзейнасць іх надоўга пакінула след нікчэмнасці ерэтыкоў, таму некалькіх стаўленікаў Сенчыкоўскага судзілі яшчэ ў 1896 годзе за розныя крымінальныя справы (гл. «Kraj» за 1896 год, № 46 і 51), а апошнія з іх зніклі хіба толькі ў 1905 годзе паводле распараджэння арцыпастыра Шэмбака. І цяпер мінскі клер, ачышчаны ад бруду мінулага, у сферы духоўнасці выглядае цудоўна. Вяртаючыся да перыяду найжахлівейшых спусташэнняў у дыяцэзіі, зазначым, што скасаванні пачаліся пераважна з 1865 года. З гэтага часу і пазней было зачынена або ператворана ў цэрквы 10 касцёлаў пры кляштарах, 30 парафіяльных касцёлаў, 26 філіяльных касцёлаў і 80 капліцаў, усяго 146 святыняў. Паколькі апошнія два жаночыя кляштары цыстэрцыянак і бэнэдыктынак, як ужо гаварылася, былі зачынены пасля прызначэння біскупаў у 1883 годзе, дык колькасць усіх храмаў да прыняцця ўказу аб верацярпімасці (1905) дайшла да 148-мі, калі, хвала Богу, скасаванне тым ці іншым чынам спынілася. Так у Мінскім павеце: у Мінску — кляштар і касцёл бэрнардынаў (сёння салдацкія казармы і губернскі архіў), кляштар бэрнардынак з касцёлам (ператвораны ў царкву і манастыр чарняцоў), кляштар бэнэдыктынак з касцёлам (ператвораны ў царкву і манастыр чарніцаў); парафіяльныя касцёлы: у Халяўшчыне, Івянцы, Волме, Дубровах, Заслаўлі, Гарадку, Рубяжэвічах, Стоўбцах, Мікалаеўшчыне; філіяльныя касцёлы: у Анопалі14, Хатаве, Набароўшчыне, Занеўшчыне, Івянцы, Старынках, Навасёлках. Капліцы: у Лошыцы Мокрай (зноў адчынена), у Сёмкаве, у Ігнацічах хатняя (зноў адчынены мітрапалітам Шэмбакам у 1905 г.), у Суле, Стоўбцах і Падсацкай (уздзенскай парафіі). У Барысаўскім павеце: парафіяльныя касцёлы ў Гайне, у Амнішаве; філіі: Завішын, Малыя Дольцы, Мсціж (невялікі касцёл зменшаны да капліцы), Крычын; капліцы: Гняздзілава, Зайдніцкая. У Ігуменскім павеце: парафіі Смілавічы (былы місіянерскі касцёл), Дукора; філіі: Лешна, Дражня; капліцы: у Багушэвічах, Пашкевічах (Мінскі павет), у Дукоры (хатняя), у Замасці і Дудзічах (хатнія, адчынены мітрапалітам Шэмбакам у 1905 г.). У Бабруйскім павеце: капліцы ў Амельне, Яніне, Добасні, Ясным Лесе, Даманаўшчыне, Ксаверполі, Радуцічах, Завалочыцах, Дворцы, Устэрках, Барысаўшчыне. У Мазырскім павеце: кляштар цыстэрцыянаў у Кімбароўцы, парафія Лахва (застаўся невялікі касцёл у якасці капліцы), філія Кардычаў, капліцы: у Скрыгалове, Замароччы, Гарбовічах, Ператрутавічах, Куранях, Грабове, Дзякавічах, Гарадзяцічах, Камаровічах, Навасёлках, Капаткевічах, Санінках, Кочышчы, Юзафоўцы, Кузьмічах і Новіках. У Рэчыцкім павеце: парафія Юрэвічы (былая езуіцкая); філіі: Заспа, Бярозаўка, Брагін, Хойнікі (з магіламі Прозараў і вялікага абознага літоўскага Прозара), капліца ў Глінішчы. У Пінскім павеце: парафіі Лагішын і Каралін; кляштар з парафіяльным касцёлам бэнэдыктынаў у Гарадзішчы; філіі: Охаў, Хворастаў, Пагост, Сожна, Багданаўка; капліцы: у Мястковічах, Крысцінаве (з магіламі Бутрымовічаў), Біжарэвічах, Курновічах, Гаі, Пясэчнай, Бердумах, Крашэвічах, Падгайцах, Дубоі, Пласкіні. У Слуцкім павеце: парафіі Ляхавічы (з магілай вядомага ў гісторыі Тадэвуша Рэйтана), Бабоўня, Строжаў, Замасць былая езуіцкая; філіі: Палосна, Навасёлкі; капліцы: Пагост, Балошыцы, Бялевічы, Ванькоўшчына, Рачкевічы, Бабоўня, Баслаўцы, Хжанаў, Уюнішчы. Кляштары: у Нясвіжы: бэрнардынаў, бэнэдыктынаў, дамініканаў і бэнэдыктынак з касцёламі. У Наваградскім павеце: кляштар з касцёлам дамініканак у Наваградку; парафіі: Стараельня, Нягневічы, Мір (са славутым званом «Каралем»), Крывошын, Сталавічы, Ішкалдзь, Сваяцічы, Гарадзішча, Сноў, Задзвей; капліцы: у Горцы, Карліцы, Венскове, Цыціне, Гарадзішчы, Дамашэвічах, Стайках, Ліпе і Бурдыкоўшчыне. Некаторыя з гэтых святыняў сталіся праваслаўнымі, іншыя зруйнаваны дашчэнту, а частка аднаўляецца, хаця дагэтуль яны не пазначаны ў спісах і лічацца не існуючымі для католікаў, але застаюцца ў сэрцах і памяці вернікаў. А добры Бог бачыць крыўду і патрэбы іх, самотных.
Заканчэнне
Пераклад з польскай мовы
|
|
|