|
|
|
№
4(110)/2024
Юбілеі
Асобы
Пераклады
Асобы
Літаратуразнаўства
Асобы
Ірына БАГДАНОВІЧ
НАТХНЁНЫ ПАЛАНЭЗАМ І НАРОДНАЙ ПЕСНЯЙ: АРСЕНЬ ЛІС ЯК ПАЭТ І ДАСЛЕДЧЫК БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ Проза
Паэзія
Нашы святыні
Літаратуразнаўства
Ірына БАГДАНОВІЧ
«БО ТЫ, СТАХУ, ТВОРЫШ ЦУД…»: СТАНІСЛАЎ МАНЮШКА ЯК АДРАСАТ ПАЭТЫЧНЫХ ПРЫСВЯЧЭННЯЎ УЛАДЗІСЛАВА СЫРАКОМЛІ Успаміны
Культура
Прэзентацыя
Інтэрв’ю
Мастацтва кіно
|
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ
QUIS UT DEUS
Слова з нагоды 35-годдзя біскупскай сакры, |
|
|
19 кастрычніка ў мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася святая Імша падзякі Богу за 35 гадоў пастырскага служэння арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. У Імшы ўзялі ўдзел Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Андрэй Зноска, Апостальскі Адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Беларусі ксёндз прэлат Кшыштаф Сэрока, больш за 25 святароў, кансэкраваных асобаў і шматлікія вернікі... Урачыстую цэлебрацыю ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які на пачатку святой Імшы і пасля яе прамовіў да ўдзельнікаў урачыстасці, коратка падсумаваўшы 35-гадовы шлях свайго біскупскага служэння. З ласкавай згоды Яго Эксцэленцыі мы друкуем абедзве гэтыя прамовы, сардэчна дзякуем глыбокапаважанаму арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу за творчае супрацоўніцтва і зычым яму шчодрых дароў Духа Святога, духоўнай і фізічнай моцы на яшчэ доўгія, шчаслівыя і плённыя гады пастырскга служэння.
Рэд.
|
Перад Імшою
Вашыя Эксцэленцыі, Апостальскі Адміністратар для грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек, Часовы павераны Апостальскай Нунцыятуры монсеньёр Кшыштаф Сэрока, паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!
Божы гадзіннік няўмольна ідзе наперад і адлічвае час нашага жыцця на зямлі. Ён напоўнены рознымі падзеямі і заданнямі, якія Божы Провід нам вызначае.
35 гадоў таму ў базыліцы святога Пятра ў Рыме святы Ян Павел ІІ кансэкраваў мяне біскупам. Тады ў гаміліі Папа сказаў, што Касцёл з надзеяй глядзіць на беларускую зямлю, куды пасля больш чым шасцідзесяці гадоў вяртаецца біскуп, каб служыць людзям гэтай Краіны. Ці не з’яўляецца гэта знакам зменаў, якія адбываюцца дзеля дабра ўсіх вернікаў? На працягу доўгіх пакутных гадоў Біскуп Рыма заўсёды быў побач з католікамі Беларусі. Сёння ён хоча падкрэсліць сувязь катэдры святога Пятра з Касцёлам у Беларусі і падзяліць не толькі радасць католікаў гэтай зямлі, якая прымае новага пастыра, але таксама выказаць надзею на хуткае аднаўленне ў ёй кананічных іерархічных структураў, што, як ведаем, сталася праз два гады.
Гэта быў вялікі дзень як у маім жыцці, так і жыцці Касцёла ў нашай Бацькаўшчыне. Па Божай волі я стаў першым пасля Другой сусветнай вайны біскупам у Беларусі.
Нялёгка было распачынаць служэнне без досведу іншых, з якімі можна было б параіцца. Самому, падобна бульдозеру, трэба было прабіваць дарогу, каб па ёй потым маглі ехаць і ператвараць яе ў «аўтастраду» іншыя.
Але Бог шчодра благаславіў. Хутка былі заснаваныя неабходныя для функцыянавання Касцёла структуры: Катэхетычныя курсы ў Гродне, з якіх потым паўстаў Тэалагічны каледж; Духоўная семінарыя і «Карытас»; выдадзены «Парадак Імшы» і «Малы катэхізіс» на беларускай мове. Удалося вярнуць каля 100 раней канфіскаваных касцёлаў. З-за мяжы з дапамогай прыбылі святары і кансэкраваныя асобы.
Адраджэнне Касцёла ў Беларусі станавілася ўсё больш дынамічным. Але Божы Провід падрыхтаваў мне іншае заданне. Папа Ян Павел ІІ у 1991 годзе паслаў мяне ў Расію, дзе Касцёл пасля трох пакаленняў ваяўнічага атэізму знаходзіўся ў жаласным стане. І тут Бог таксама шчодра благаславіў. Удалося заснаваць Тэалагічны каледж, Духоўную семінарыю, «Карытас», некалькі каталіцкіх выдавецтваў, Каталіцкае радыё ў Маскве і Радыё Марыя ў Санкт-Пецярбургу. Пачаў дзейнічаць касцёльны суд. Адраджаліся былыя парафіі і засноўваліся новыя. З пастырскаю дапамогаю прыбылі святары і кансэкраваныя асобы з розных краінаў свету. Касцёл адрадзіўся і стаў інтэгральнаю часткаю расійскага грамадства, у якім адыгрывае ролю аднаго з каталізатараў яго духоўнага адраджэння і станаўлення.
У 2007 годзе прыйшло новае прызначэнне, і з волі Папы Бэнэдыкта XVI вярнуўся ў Беларусь, дзе прадоўжыў працу святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка і іншых біскупаў дзеля далейшай духоўнай апекі вернікаў. Былі выдадзены неабходныя літургічныя кнігі і дактрынальныя касцёльныя дакументы; заснаваны Тэалагічны каледж; Будслаўскі фэст набраў новага дынамізму, каталіцкі медыйны партал catholic.by стаў адным з найбольш вядомых рэлігійных сайтаў у Беларусі; быў атрыманы дазвол на будову шматлікіх касцёлаў, асабліва ў Мінску, і шмат іншага.
З 2021 годзе, пасля дасягнення 75-гадовага ўзросту, змяніўся мой статус у Касцёле. Аднак, не займаючы кіраўнічай пасады, маю магчымасць далей прадаўжаць святарскую і біскупскую дзейнасць.
Дэвізам свайго біскупскага служэння я выбраў словы: «Quis ut Deus» — «Хто ж, як Бог». Сёння, дзякуючы за 35 гадоў біскупскага служэння, прашу Усемагутнага і Міласэрнага Бога, Найсвяцейшую Панну Марыі і свайго нябеснага апекуна святога Юду Тадэвуша аб дапамозе, каб і надалей у сваім служэнні застаўся верны гэтаму закліку. Таксама прашу вас, дарагія браты і сёстры, памаліцца ў маіх інтэнцыях, бо малітвы ніколі не бывае зашмат.
Пасля Імшы
Дарагія браты і сёстры!
Дзякую Богу, які ў сваім Провідзе вёў і далей вядзе мяне складанымі дарогамі жыцця, асабліва ў святарскім і біскупскім служэнні, адорваючы патрэбнымі ласкамі і дарамі.
Дзякую Найсвяцейшай Панне Марыі за яе Матчыную апеку і дапамогу, якую спазнаў шмат разоў.
Бог дзейнічае праз людзей. Таму дзякую святому Яну Паўлу ІІ, Бэнэдыкту XVI, Францішку і ўсім апостальскім нунцыям за зычлівасць, падтрымку, духоўную блізкасць і айцоўскі клопат, што было вельмі важна і дапамагала ў складаных умовах пастырскага служэння.
Дзякую беларускім і расійскім біскупам, святарам і кансэкраваным асобам за плённае супрацоўніцтва і малітоўную падтрымку. Выказваю ўдзячнасць Мінска-Магілёўскаму Мітрапаліту арцыбіскупу Юзафу Станеўскаму за дапамогу ў падрыхтоўцы сённяшняга свята і прамоўленую гамілію.
Дзякую біскупам і святарам, якія разам са мной канцэлебравалі гэтую Эўхарыстыю.
Словы падзякі кірую да катэдральнай парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі: пробашчу ксяндзу каноніку Дзмітрыю Пухальскаму, літургічнай службе алтара, хору і валанцёрам за арганізацыю свята.
Біскуп, як і святар, з людзей выбраны і для людзей пастаўлены. Таму вялікая ўдзячнасць вам, браты і сёстры. Заўсёды, у хвілінах радасці і выпрабаванняў, адчуваў вашу малітву і дапамогу. Мы разам гуртуем наш Касцёл і павінны заставацца аб’яднанымі любоўю і клопатам пра яго.
Хачу выказаць асаблівую падзяку шанштацкім сёстрам за іх клопат пра мяне ў Маскве і Мінску, а таксама сёстрам уршулянкам за іх дапамогу ў цяперашнім маім статусе.
Дзякую за зычэнні і добрыя пажаданні.
Маючы асістэнцыю Святога Духа, біскуп, тым не менш, застаецца чалавекам і можа памыляцца. Прашу прабачэння ў тых, каго мог пакрыўдзіць з-за сваёй чалавечай недасканаласці, хаця ніколі не меў такога намеру. Сваё біскупскае служэнне прысвячаў і далей прысвячаю Богу і Касцёлу.
Біскуп пакліканы быць стражнікам веры і стратэгам развіцця Касцёла. Як наступнік Апосталаў, ён павінен ахвяраваць сябе праўдзе Евангелля, верна яе абвяшчаць і сведчыць, бо яна чыніць нас свабоднымі. Ці заўсёды быў верны гэтаму прынцыпу? Няхай судзіць Бог і Божы народ.
Я, у сваю чаргу, запэўніваю вас аб сталай малітве ў вашых інтэнцыях і прашу маліцца за мяне, каб і надалей мог служыць Богу, Касцёлу і людзям.
Няхай заклік «Quis ut Deus» — «Хто ж, як Бог» ажыццяўляецца як у нашым асабістым жыцці, так і жыцці нашай Айчыны, і вядзе ў радасць Божага Валадарства.
«Quis ut Deus» — «Хто ж, як Бог», бо няма іншага і мацнейшага! Не нам, Пане, не нам, але Імені Твайму няхай будзе хвала на векі вечныя!
|
|
|