Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(110)/2024
Юбілеі

QUIS UT DEUS
Асобы

ПАТРАБАВАЛЬНЫ ПАПА
Пераклады
Асобы

СУРАЗМОЎЦА ГАРАЦЫЯ
Літаратуразнаўства
Асобы
Проза

ЛУЧАЙСКІ КАСЦЁЛ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Літаратуразнаўства

ВЕРШЫ
Успаміны

СВЯТЛО ВІГІЛІІ
Культура
Прэзентацыя
Інтэрв’ю
Мастацтва кіно

Ян ЛЫСЫ

ЦУДОЎНЫ ПАДАРУНАК НА 160-ГОДДЗЕ
КАСЦЁЛА НА ЗАЛАТОЙ ГОРЦЫ

Галерэя - дадатак да артыкула

У 160-ю гадавіну з дня кансэкрацыі святыні, 1 лістапада 2024 г., падчас урачыстасці Усіх Святых, у мінскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы, здарылася доўгачаканая падзея: Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім, Арцыбіскупам Юзафам Станеўскім быў пасвечаны абраз у цэнтральным алтары. Некалькі гадоў на яго месцы размяшчаўся манахромны эскіз, а да таго часу за алтаром не было нават драўлянай панэлі, таму галоўнай адметнасцю апсіды з’яўляўся вялізны арган. Калі ж зазірнуць у гісторыю ўсяго на тры дзесяцігоддзі, аб сакральнасці касцёла нагадваць будуць толькі яго архітэктурныя формы. Бязбожная ўлада ператварыла дом Божы ў канцэртную залу, і ніводны абраз ці скульптура не ўказвалі на сапраўднае прызначэнне храма.

Тым не менш, творчая праца аднаго чалавека вельмі моцна паспрыяла перамене ў абліччы касцёла: за гэтыя гады на сценах з’явіліся барэльефы стацый Крыжовага шляху, над цэнтральным алтаром узнік вялікі крыж, у бочных алтарах паўсталі паўнароставыя скульптуры, а вялікі каляровы абраз, напісаны адмыслова для святыні, нарэшце адвёў увагу парафіянаў ад аргана і стаў кампазіцыйным цэнтрам касцёла. Аўтарам пераважнай большасці пераменаў з’яўляецца вядомы беларускі скульптар і мастак Валяр’ян Янушкевіч.

В. Янушкевіч нарадзіўся 16 снежня 1962 г. у мястэчку Ракаў. У 1987 г. скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, а ў 1992 г. — творчыя майстэрні Акадэміі мастацтваў СССР у Мінску. Ён вядомы вялікай колькасцю помнікаў, памятных дошак, рэльефаў, станковых кампазіцый і жывапісных твораў. Таксама займаўся мастацкім афармленнем касцёла св. Андрэя Баболі ў Полацку і касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў Мінску. У гэтым артыкуле пойдзе гаворка менавіта пра ягоны творчы ўнёсак у станаўленне сучаснага мастацкага вобразу залатагорскай святыні.

Аднаўленне касцёла на Залатой Горцы, пасля таго, як ён цягам некалькіх дзесяцігоддзяў служыў кнігасховішчам, распачалося ў 1983 г., калі будынак адрэстаўравалі, аб’явілі помнікам архітэктуры і перадалі Белдзяржфілармоніі. Ужо ў 1984 г. у апсідзе быў усталяваны чэхаславацкі электрычны арган, зроблены майстэрняй Rieger-Kloss адмыслова для гэтай залы. Толькі ў маі 1991 г. у касцёле аднавіліся набажэнствы, але будынак заставаўся ўласнасцю філармоніі. Аднак ужо тады, стараннямі тагачаснага пробашча парафіі святой памяці кс. Міхала Сапеля, распачаліся працы па аздабленні святыні.

Першым заказам, які паступіў В. Янушкевічу і які фундавала ўся парафія, стаў Крыжовы шлях, — 14 бронзавых барэльефаў-стацый. Праца была выканана на працягу 1992 г., і ў выніку 6 стацый былі ўмураваныя ў правую сцяну, а астатнія 8 — у левую. Пазней яны былі абкладзеныя драўлянымі рамкамі, выкананымі ў адзіным стылі з іншымі драўлянымі элементамі святыні. На гэтых рэльефах бачны асноўныя стылістычныя асаблівасці творчасці мастака: ён схіляецца да дынамічных кампазіцый; людзей выяўляе з анатамічнай дакладнасцю і ў рэалістычных прапорцыях; дэтальна прапрацоўвае фігуры, адзенне, а таксама атачэнне; пры гэтым кампазіцыі не перагружаны дробнымі элементамі, а скіроўваюць увагу да кампазіцыйнага цэнтра. Такім чынам Крыжовы шлях задаў тон усяму будучаму афармленню святыні.

У 1993 г. фундатар Вітаўт Рамук звярнуўся да В. Янушкевіча з ідэяй зрабіць скульптуру Маці Божай для Чырвонага касцёла. Але, прыгадваючы яшчэ адзін з тытулаў залатагорскай святыні (касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі), скульптар сам прапанаваў размясціць будучую скульптуру ў гэтым касцёле, нягледзячы на тое, што першапачаткова ў ім не было задумана адмысловага месца для яе. Да 1930-х гадоў у левым бочным алтары стаяла фігура святога Антонія. «Але ў той момант якраз вырашалася пытанне, ці не варта зрабіць новыя алтары, таму я прапанаваў ксяндзу Міхалу гэтую ідэю і звёў яго з фундатарам, — распавядае В. Янушкевіч. — Ксёндз Міхал згадзіўся і замовіў мне гэтую працу ў 1993 годзе, з умовай, што да 1995 года я яе скончу». У выніку, 25 сакавіка 1995 г. фігура была ўсталявана ў левую нішу. Адразу ж тады былі распрацаваныя і праекты бочных алтароў, выкананыя з дрэва іншым майстрам. Круглыя бронзавыя манаграмы, усталяваныя ў іх, таксама вырабіў В. Янушкевіч.

Яшчэ да заканчэння працы над скульптурай Найсвяцейшай Панны Марыі, у 1994 г., былі зроблены і ўмураваны ў сцены дзве шыльды з тытулам касцёла і гісторыяй парафіі, размешчаныя на фасадзе будынка паабапал ад уваходу. Таксама ў 1994 г. кс. Міхал замовіў В. Янушкевічу вялікае Укрыжаванне, каб хоць нечым перакрыць арган. Як узгадвае скульптар: «Я яму казаў, што варта зрабіць агульны праект з вялікім алтаром, але тады гэта не выпадала зрабіць, таму было вырашана пакуль павесіць крыж ніжэй задуманага. Восенню 1995 года крыж быў гатовы, і мы яго замацавалі з разлікам, каб пазней яго можна было падняць вышэй». Бронзавая скульптура ўвасабляе Езуса ў момант Яго смерці на масіўным драўляным крыжы.

Затым, у 1996 г., кс. Міхал замовіў яшчэ адно Укрыжаванне, на гэты раз адарацыйнае, пры ўваходзе ў касцёл. У нартэксе было дзве нішы (справа і злева), але, каб змясціць крыж, левую нішу давялося замураваць. Гэтае Укрыжаванне, як і цэнтральнае, выяўляе Езуса ў момант смерці, але яно выканана як барэльеф і цалкам у бронзе. Уверсе выяўлены Бог Айцец, які працягвае рукі, каб падхапіць Хрыста, унізе ногі Езуса падтрымлівае Дух Святы, а справа і злева Яго рукі падтрымліваюць анёлы.

Затым, у 1997 г., сродкамі фундатара Генадзя Вішнеўскага, распачалася праца над фігураю св. Роха. 16 жніўня 1998 г. яна была ўсталяваная ў правым бочным алтары. Гэтая скульптура мае ключавое значэнне для парафіі не толькі з-за яе славутага тытулу, але і з-за гісторыі папярэдняй фігуры святога: яшчэ ў XIX ст. у каплічцы св. Роха, якая была размешчана пры тагачасным будынку касцёла, знаходзілася драўляная скульптура, якая выратавала Мінск ад пошасці халеры і лічылася цудатворнаю. Аднак у часы атэістычнага пераследу, у 1930-я гг., касцёл быў зачынены, на жаль, бясследна знікла і фігура св. Роха. Новая скульптура, адлітая з бронзы, паводле традыцыі выяўляе святога з кіем у руках і з сабакам ля ног, які ліжа рану на ягонай назе. Ніша абкладзена драўлянай панэллю з бронзавай манаграмай, што зроблена ў адпаведнасці з левым бочным алтаром.

У 2001 г., пры фундатарстве Вацлава Багдановіча, скульптарам была зроблена круглая шыльда з абазначэннем залатагорскіх могілак, якую, перад святам Усіх Святых, усталявалі каля прыступак, што вядуць на тэрыторыю. Пасвечана шыльда была 27 кастрычніка 2001 г.

У 2005 г. В. Янушкевіч распрацаваў праект канфесіянала. Як і раней, працу па дрэве выконваў іншы майстар, а сам скульптар зрабіў квадратны барэльеф Найсвяцейшай Тройцы. Адначасова былі зроблены і круглыя па форме, абкладзеныя прамавугольнымі драўлянымі панэлямі барэльефы Стварэння свету і Апошняга Суду, размешчаныя справа і злева ад нартэксу.

У 2008 г. скульптарам была зроблена невялікая шыльда з абазначэннем статусу касцёла як гісторыка-культурнай каштоўнасці. Праз 10 гадоў, 17 лютага 2018 г., у касцёльную сцяну былі ўмураваныя парэшткі Магдалены Радзівіл. Памятную пліту пра іх перапахаванне таксама выканаў В. Янушкевіч.

Гісторыя фігуры Хрыста, усталяванай непадалёк ад уваходу на тэрыторыю залатагорскіх могілак, распачалася яшчэ ў 2004 г., калі кс. Міхал натхніў скульптара зрабіць гэтую 2-метровую фігуру. Аднак праца адклалася на доўгі тэрмін. Толькі ў 2020 г. былі сабраныя сродкі на яе адліццё і ўстаноўку.

Усе гэтыя працы аформілі атачэнне і інтэр’еры касцёла на Залатой Горцы, але цэнтральную частку самой святыні — яе апсіду — доўгія гады не закраналі. Тым не менш, яшчэ ў 2006 г. будынак касцёла быў цалкам перададзены ва ўласнасць парафіі. Адпаведна, паўстала пытанне аб далейшым лёсе аргана: нягледзячы на парушэнне традыцыі, згодна з якой інструмент зазвычай размяшчаецца на хорах, яго было вырашана нікуды не пераносіць, таму што гэта нельга было зрабіць без шкоды для гучання інструмента. Як лічыць сённяшні пробашч парафіі ксёндз канонік Юрый Санько, «можна нават сказаць, арган у нейкім сэнсе ўратаваў святыню — сёння гэта не кнігасховішча, і яна, увогуле, не зруйнаваная, а апошнія дзесяцігоддзі была канцэртнаю залаю».

З часам В. Янушкевіч распрацаваў праект алтарнай панэлі, якая, па задуме, павінна была прыкрываць арган без шкоды акустыцы, а па стылі адпавядаць бочным алтарам і змяшчаць у сабе табэрнакулюм разам з галоўным абразом. У 2017 г. майстар Аляксандр Шаўчук зрабіў драўляную панэль, а В. Янушкевіч аздобіў табэрнакулюм яшчэ адной круглай манаграмай. Цэнтральны алтар нарэшце звёў у адзіную кампазіцыю ўсе тры алтары, а на месцы, прызначаным для будучага абраза, быў часова размешчаны поўнапамерны эскіз.

Першы эскіз цэнтральнага абраза В. Янушкевіч намаляваў яшчэ ў снежні 1993 г. У 2006 г. ён быў больш распрацаваны, але толькі ў 2017 г., дзякуючы нарэшце распачатай працы над алтаром, працэс сапраўды зварухнуўся. «Я зрабіў павялічаны эскіз, праўда, меншы, чым патрэбна было для алтара. Тады ксёндз Юрый сфатаграфаваў эскіз, павялічыў яго і паставіў у тую раму», — апавядае мастак. І хоць праца непасрэдна над абразом распачалася ў тым жа годзе, недахоп сродкаў і выкананне іншых заказаў адклалі гэты працэс яшчэ на некалькі гадоў. «Таксама прыходзілі чуткі, што людзям падабаецца і манахромны абраз, яны ўжо прызвычаіліся да яго», — з усмешкаю дадае мастак.

Так час і цягнуўся да 2024 года. 25 сакавіка, на Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі, кс. Юрый нарэшце паведаміў, што прыйшоў час давесці справу да канца, і за вельмі кароткі тэрмін сродкі былі сабраныя. Абраз быў напісаны на працягу лета і восені 2024 г. і ў канцы кастрычніка ўсталяваны ў алтарную панэль.

Абраз напісаны ў тэхніцы лесіроўкі. «Гэта вядомая тэхніка, у якой працавалі старыя майстры, цяпер так мала хто піша. Тонкімі слаямі наносіцца чыстая фарба, высыхае, каб слаі не змешваліся, і паступова, слой за слоем, фармуюцца колеры, — тлумачыць тэхнічныя асаблівасці мастак. — Але гэта доўгі працэс. Ён бывае і хутчэйшы, але не пры нашым клімаце. А так, у лепшым выпадку, кожны слой сохне 2–3 дні, а пажадана наогул цэлы тыдзень. Магчыма, каб я працаваў над абразом больш часу, вынік атрымаўся б іншы. І ўсё ж я лічу мэтазгодным працаваць менавіта ў такой традыцыйнай тэхніцы. Цяпер часта пішуць пастозна, што пазбаўляе твор неабходнай глыбіні».

Пробашч парафіі кс. Юрый называе новы абраз унікальным, таму што на ім выяўлены адначасова і горад Мінск, і Найсвяцейшая Тройца, і Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі, якія сабралі ў адной кампазіцыі адразу ж два тытулы касцёла і ягоную «прывязку» да сталіцы Беларусі. Пры гэтым пробашч звяртае асаблівую ўвагу на непадзельнае аўтарства большасці элементаў аздаблення святыні: «Па-першае, у гэтым ёсць вялікі сэнс, таму што святыня невялічкая і складана было б спаймаць гэтую гармонію, калі б над аздабленнем працавалі розныя аўтары. А па-другое, гэта такая задума, што ўсе бронзавыя барэльефы і фігуры быццам вядуць нас да табэрнакулюма, да цэнтра святыні, дзе позірк наш прыцягвае вялікі каляровы абраз». Сапраўды, з’яўленне гэтага абраза можна параўнаць з устаноўкай замковага каменя ў працэсе будоўлі: кампазіцыя, утвораная ўсімі барэльефамі, скульптурамі і драўлянымі панэлямі, нарэшце атрымала сваё завяршэнне. Але гэта не значыць, што працы па аздабленні святыні цалкам скончаны. «Наступны крок, ужо пасля намалявання і асвячэння абраза, — гэта “прызямленне” бочных алтароў, — распавядае аб бліжэйшых планах пробашч парафіі, звяртаючы ўвагу на тое, што пакуль алтары быццам трымаюцца ў паветры. — Спадар Валяр’ян ужо распрацаваў эскізы будучых алтароў, таму неўзабаве праблема будзе вырашана. А ўжо далей, у якасці фінальнага акорду, плануецца замена амбоны і часовага цэнтральнага алтара, на якім цэлебруецца святая Імша, — яны таксама будуць зроблены ў адным стылі з усёй святыняй».

Падсумоўваючы свае погляды на сакральнае мастацтва і на мастацтва ў цэлым, В. Янушкевіч робіць асаблівы акцэнт на ўзаемасувязі традыцый і арыгінальнасці: «Я лічу, каб займацца творчай працай, каб зрабіць нейкі крок наперад, трэба ведаць усю гісторыю мастацтва. Таму я шмат вучыўся, ездзіў па многіх гарадах Еўропы, вывучаў розныя напрамкі. Але пры гэтым усё, што я рабіў, я імкнуўся рабіць арыгінальна, не беручы аднекуль і не паўтараючы за некім. Я лічу, у афармленні касцёлаў вельмі важная арыгінальнасць: не варта засяроджвацца на канонах, як гэта, напрыклад, часта робіцца ў праваслаўных храмах. У нас часам таксама ўсё робяць па схеме, але гэта не зусім добра: трэба, каб кожны касцёл меў сваё аблічча, сваю адметнасць».

І сапраўды, касцёл на Залатой Горцы ў Мінску адметна вылучаецца сярод іншых святыняў. Не імкнучыся ўразіць нас яскравымі плямамі, запоўненасцю кожнага кутка разнастайнымі абразамі, фігурамі, фрэскамі, афармленне касцёла спакойна і разважліва «карыстаецца» белымі паўзамі сценаў і рэдкімі каляровымі ўстаўкамі вітражнага шкла, у адпаведных месцах засяроджваючы ўвагу парафіянаў на выкананых у адзіным стылі скульптурах, рэльефах, драўляных панэлях і на цэнтральным абразе.

Можна з упэўненасцю сказаць, што на сваё 160-годдзе касцёл атрымаў цудоўны падарунак!

 

А часопіс «Наша вера» ўдзячны Валяр’яну Янушкевічу за тое, што ў гэтым годзе «аблічча» нашага квартальніка ўпрыгожвалі яго таленавітыя і адметныя творы…

Фота Мікалая Новікава.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY