Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(110)/2024
Юбілеі

QUIS UT DEUS
Асобы

ПАТРАБАВАЛЬНЫ ПАПА
Пераклады
Асобы

СУРАЗМОЎЦА ГАРАЦЫЯ
Літаратуразнаўства
Асобы
Проза

ЛУЧАЙСКІ КАСЦЁЛ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Літаратуразнаўства

ВЕРШЫ
Успаміны

СВЯТЛО ВІГІЛІІ
Культура
Прэзентацыя
Інтэрв’ю
Мастацтва кіно

Сяргей ЧЫГРЫН

ДЗЕСЯЦЬ ФАКТАЎ З ЖЫЦЦЯ
СВЯТАРА ФРАНЦІШКА ГРЫНКЕВІЧА

5 кастрычніка споўнілася 140 гадоў з дня нараджэння каталіцкага святара, рэлігійнага і культурна-асветнага дзеяча, аднаго з пачынальнікаў беларускага хрысціянскага руху ХХ стагоддзя, душпастыра і педагога Францішка Грынкевіча (1884–1933). Родам Францішак Грынкевіч быў з вёскі Новы Двор Сакольскага павета (Беласточчына), дзе ён нарадзіўся ў сялянскай сям’і. З нагоды юбілею святара прапаную чытачам «Нашай веры» 10 фактаў з яго жыцця.

 

Францішак Грынкевіч
з роднымі. 1910-я гады.
Фотаздымак з кнігі Гродназнаўства,
Гародня-Вроцлаў, 2012 г.

Адукацыя

Францішак Грынкевіч па тым часе меў вельмі добрую адукацыю. Спачатку вучыўся ў Навадворскай народнай школе. Потым скончыў гімназію ў Гародні. У 1901–1905 гадах вучыўся ў Віленскай духоўнай семінарыі і працягваў адукацыю ў Пецярбургскай духоўнай акадэміі. З верасня 1906 года працягваў навучанне за свой уласны кошт у Мітрапалітальнай духоўнай рымска-каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу, а ў 1907–1909 гадах быў слухачом у Інсбруку (Аўстрыя) і Мюнхене (Германія). Стаў кандыдатам філасофіі.

 

Знаёмства з Браніславам Эпімахам-Шыпілам

У Пецярбургу Браніслаў Эпімах-Шыпіла ведаў амаль усіх маладых і творчых беларусаў. З яго добрай рукі ў Пецярбургскай духоўнай рымска-каталіцкай акадэміі быў створаны беларускі гурток, які наведвалі будучыя беларускія каталіцкія святары Францішак Будзька, Адам Лісоўскі, Генрых Бэтта і Францішак Грынкевіч. З ініцыятывы Браніслава Эпімаха-Шыпілы адбылася сустрэча гэтых юнакоў з адміністратарам Магілёўскай архідыяцэзіі. На адным са студэнцкіх сходаў у снежні 1905 года Францішак Грынкевіч нават выступіў з рэфератам, прысвечаным беларускаму нацыянальнаму руху.

 

Брат Станіслаў

Родны малодшы брат Францішка Грынкевіча Станіслаў таксама вядомая асоба ў гісторыі беларускай медыцыны і культуры. Ён нарадзіўся ў Новым Двары на Беласточчыне, вучыўся ў Гарадзенскай дзяржаўнай мужчынскай гімназіі і ў Віленскім медыцынскім універсітэце, але па сямейных абставінах закончыў яго ў Познані. Да 1935 года Станіслаў Грынкевіч працаваў у медыцынскай клініцы, пасля — у псіхіятрычнай бальніцы ў Харошчы каля Беластока. У 1937 годзе ён пераехаў у Вільню і працаваў у першай гарадской паліклініцы. Меў свой дом, агарод, сад. Пісаў артыкулы на розныя тэмы ў беларускія выданні. Выдаў брашуры «Асвета» (1936), «У братоў украінцаў» (1937), «Аб тэатры», «Капля вады», «Народ» (1927), «З зацемак аб характары беларусаў» (1935) і іншыя. У 1927 годзе асобнай кніжкай выйшла з друку яго п’еса «Жанімства па радыё». Літаратуразнаўцы і даследчыкі рэлігіі часам блытаюць братоў Грынкевічаў і замест здымка Францішка друкуюць фота Станіслава.

Пісьменнік таксама займаўся і палітычнай дзейнасцю. Ён у Вільні ўзначальваў Беларускае народнае аб’яднанне. У 1940 годзе Станіслаў Грынкевіч быў арыштаваны, але здолеў уцячы. У канцы 1944 года яго зноў арыштавалі і прыгаварылі да вышэйшай меры пакарання. Летам 1945 года Станіслава Грынкевіча расстралялі ў Магілёве.

 

Гарадзенскі гурток беларускай моладзі.
У другім радзе ў цэнтры сядзіць Францішак Грынкевіч, 1910 г.

Душпастарская дзейнасць

Францішак Грынкевіч атрымаў святарскае пасвячэнне ў 1907 годзе. Пачаў сваю душпастарскую дзейнасць вікарыем у гарадзенскім касцёле святога Францішка Ксавэрыя і ў бэрнардынскім касцёле ў Гародні. Быў капеланам брыгіцкага касцёла. Выкладаў Закон Божы ў Гарадзенскай гімназіі.

 

Пра братоў Грынкевічаў

Доктар медыцыны, грамадска-культурны і палітычны дзеяч, зямляк братоў Грынкевічаў Баляслаў Грабінскі (1899–1991) аднойчы пра іх сказаў, што ён іх добра ведаў як «людзей глыбока думаючых, замкнутых у сабе, схільных да містыцызму і філасофіі, з моцнай верай у сэнсе рэлігійным, затое з малым нахілам да таварыскага жыцця». Зоська Верас пра Францішка Грынкевіча прыгадвала, што гэта быў высокаадукаваны і высокамаральны чалавек, які «вынес з хаты пашану да роднай мовы».

 

Гарадзенскі беларускі гурток «Хатка»

Восенню 1909 года ў адным невялікім памяшканні ў бэрнардынскіх мурах у Гародні ў ксяндза Францішка Грынкевіча сабралася невялікая грамада беларускай моладзі. Гэта быў арганізацыйны сход гарадзенскага гуртка беларускай моладзі «Хатка». (Чамусьці Зоська Верас ніколі не прыгадвала назву гэтага гуртка.) Да гуртка належалі і школьнікі, і старэйшыя юнакі і дзяўчаты. Першыя два гады сустракаліся ўсе патаемна. Накірунак гуртка быў каталіцкім і беларуска-народніцкім, а мэтаю было ўзгадаваць свядомага беларуса і свядомага хрысціяніна, спрыяць захаванню беларускай нацыі. Былі ў «Хатцы» таксама імкненні і ўнійныя, але пра гэта гутарка ішла асцярожна і без агітацыі.

Сябры «Хаткі» праводзілі сходы, дыскусіі, вывучалі гісторыю і геаграфію Беларусі, а таксама беларускую мову, ставілі спектаклі, якія паказвалі не толькі ў Гародні, а і ў бліжэйшых вёсках. Усё гэта рабілася канспіратыўна ад расейскіх уладаў. «Хатка» мела сваю пячатку, бібліятэку і архіў.

Францішак Грынкевіч усю дзейнасць «Хаткі» трымаў на кантролі і дапамагаў усім, чым мог. Ён рыхтаваў тэмы рэфератаў, распрацоўваў іх тэзісы, рыхтаваў пасяджэнні, кансультаваў. На жаль, амаль усе дакументы і здымкі гарадзенскага гуртка беларускай моладзі загінулі падчас Першай сусветнай вайны.

Вядома ж, гурток беларускай моладзі ў Гародні не мог не ўзнікнуць, але патрабавалася разумная арганізацыя і мэтанакіраваная праца. Вось такім арганізатарам і выступаў Францішак Грынкевіч — чалавек высокаадукаваны, рэлігійны, з глыбокай эрудыцыяй і інтэлектам.

 

«Колас нашай нівы»

Так называўся зборнічак сяброў гарадзенскага гуртка беларускай моладзі «Хатка». Ён захаваўся толькі ў адным асобніку, а магчыма, толькі адзін нумар пабачыў свет. Зборнічак быў напісаны ад рукі і адбіты на шапірографе. Ён складаецца з твораў сяброў «Хаткі». Выдаваўся пад рэдакцыяй Францішка Грынкевіча. У прадмове да зборніка згадваецца евангельская прыпавесць пра сейбіта, зярняткі і рознаякасную глебу. Заканчваецца прадмова словамі: «Каб і гэты горадзенскі “Колас” выдаў хоць маленькі, найменшы каласочак з параю зярнятак: зярнятак кахання Бацькаўшчыны і братоў родных» (Адам Станкевіч. Беларускі хрысціянскі рух: гістарычны нарыс. Вільня, 1939. С.272). Гэты зборнік шмат гадоў знаходзіўся ў зборах Вацлава Ластоўскага.

 

Магіла Францішка Грынкевіча на старых каталіцкіх могілках у Гародні.

Займаўся літаратурнай працай

Францішак Грынкевіч займаўся журналісцкай і літаратурнай працай. Супрацоўнічаў з беларускай каталіцкай газетай «Biełarus», якая выдавалася ў Вільні ў 1913–1915 гадах. Пісаў сам у газету артыкулы і прапаноўваў пісаць ксяндзу Уладзіславу Талочку. Прымаў удзел у выданні першага беларускага каталіцкага малітоўніка «Бог з намі». Пераклаў з лацінскай мовы на беларускую мову «Часіны Прачыстай Дзевы», выконваў іншыя творчыя планы.

 

Мецэнат

Францішак Грынкевіч не толькі пісаў у газету «Biełarus», але і падтрымліваў яе калектыў маральна і матэрыяльна. У лісце да прафесара з Гародні Аляксея Пяткевіча Зоська Верас 19 чэрвеня 1985 года пісала: «Толькі пасля смерці кс. Францішка людзі даведаліся, сколькі ён зрабіў добрага. Плаціў за навуку бедных вучняў, купляў ім адзежу, нават утрымліваў (карміў) сваім коштам.

І ўсё гэта было сакрэтна…» (Зоська Верас. Я помню ўсё. Гародня-Wrocław. 2013. С. 306.). Калі быў створаны гарадзенскі гурток беларускай моладзі, Францішак Грынкевіч у бібліятэку гуртка перадаў шмат беларускіх кніг, сярод якіх быў збор «Люд беларускі» Міхала Федароўскага.

 

Адыход

Пасля Першай сусветнай вайны ксёндз Францішак Грынкевіч адышоў ад беларускай грамадскай і асветнай дзейнасці. Многія беларусы думалі, што гэта адбылося пад націскам польскіх касцёльных уладаў, як гэта часта бывала. Але, як згадвала Зоська Верас, ён прызнаўся, што засумняваўся ў перспектывах, аднак сувязі з беларусамі не губляў: выпісваў беларускія выданні, вёў перапіску з беларусамі, часта сустракаўся, гутарыў... Паводле Адама Станкевіча, «асоба Францука Грынкевіча ў Гародні была цэнтральнай і адзінай, якая будзіла там і арганізавала беларускі рух» (Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, Мінск, 1996. С.164).

Памёр ксёндз Францішак Грынкевіч 26 ліпеня 1933 года ў Гародні, дзе і пахаваны.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY