|
|
|
№
4(110)/2024
Юбілеі
Асобы
Пераклады
Асобы
Літаратуразнаўства
Асобы
Ірына БАГДАНОВІЧ
НАТХНЁНЫ ПАЛАНЭЗАМ І НАРОДНАЙ ПЕСНЯЙ: АРСЕНЬ ЛІС ЯК ПАЭТ І ДАСЛЕДЧЫК БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ Проза
Паэзія
Нашы святыні
Літаратуразнаўства
Ірына БАГДАНОВІЧ
«БО ТЫ, СТАХУ, ТВОРЫШ ЦУД…»: СТАНІСЛАЎ МАНЮШКА ЯК АДРАСАТ ПАЭТЫЧНЫХ ПРЫСВЯЧЭННЯЎ УЛАДЗІСЛАВА СЫРАКОМЛІ Успаміны
Культура
Прэзентацыя
Інтэрв’ю
Мастацтва кіно
|
Традыцыя вырашаць на ваенным матэрыяле экзістэнцыйныя пытанні чалавечага існавання сфармавалася ў беларускай літаратуры найперш дзякуючы творчасці Васіля Быкава, пры гэтым асобныя творы, кшталту «Сотнікава», сталі знакавымі ў тым ліку дзякуючы хрысціянскаму кантэксту, які прачытваецца ў экспліцытных і ў імпліцытных дэталях твора. Такія кнігі вымушаюць яшчэ доўга разважаць над імі, вяртацца да іх зноў і зноў, знаходзіць новыя ракурсы ў асэнсаванні аўтарскай думкі. Раман Ірыны Жарнасек «Будзь воля Твая» (2004 г.; 2023 г. — другое выданне), які раскрывае не проста канкрэтны выпадак з лакальнай гісторыі перыяду Другой сусветнай вайны, а ў цэлым місію каталіцкага святарства, належыць да іх ліку. У гэтай кнізе, выдадзенай на пачатку ХХІ стагоддзя, упершыню ў беларускай прозе на тэму вайны галоўнымі персанажамі сталі каталіцкія святары, прычым пад сваімі сапраўднымі імёнамі. Факталагічнай асновай рамана стала гібель вёскі Росіца падчас карнай аперацыі «Зімовае чараўніцтва», калі айцы марыяне Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра, адмовіўшыся ад прапановы выратавання, прынялі рашэнне загінуць разам з парафіянамі. У 1999 г. адбылася беатыфікацыя святароў. Кніга выйшла праз некалькі гадоў пасля гэтай падзеі, і яе з’яўленне засведчыла паглыбленне хрысціянскага гучання ў беларускай прозе. Літаратуразнаўца Г. Тычка звяртае ўвагу і на іншы немалаважны аспект: «Ірына Жарнасек здолела асэнсаваць росіцкую трагедыю ў кантэксце не толькі Другой сусветнай вайны, але ў рэчышчы ўсёй беларускай гісторыі мінулага стагоддзя» [10, c. 53]. Гэта таксама адна з тэндэнцый ваеннай прозы канца ХХ стагоддзя, якая выявілася ў творчасці А. Адамовіча, В. Адамчыка, В. Быкава і інш., і была падкрэслена І. Дзядковым у пасляслоўі да аднаго з першых выданняў рамана В. Быкава «Кар’ер»: «Усё больш з’яўлялася ў яго творах з таго жыцця, якое затаілася ў беларускіх хатах пад цяжарам вайны і пагрозай знішчэння і якое імкнулася ўратавацца і абараніцца. Усё больш настойліва ён разглядаў тое, што адбываецца з людзьмі як працяг перадваеннага шляху, як яго псіхалагічныя і маральныя вынікі» [2, c. 298]. Дзеянне рамана І. Жарнасек разгортваецца ў мястэчку Друя, якое ў міжваенны перыяд заставалася на тэрыторыі Польшчы; у навакольных вёсках па адзін і па другі бок мяжы, і ў вёсцы Росіца, якая ўваходзіла ў склад БССР. Такім чынам, калі ў Друі рэлігійнае жыццё не перапынялася, хоць беларускія (=беларускамоўныя) святары і былі высланыя ў Польшчу і замененыя на польскіх, то ў росіцкім касцёле ў міжваенны перыяд быў клуб, а праваслаўная царква ўвогуле была разбураная. Як адзначае аўтарка рамана ў артыкуле «Мучанікі»: «У Еўропе грымела Другая сусветная вайна, а ў нас таксама ішла вайна — супраць самога Бога, а значыць, і супраць народа гэтай зямлі, для якога імя Бога заўсёды было святым. Ды надышло 22 чэрвеня 1941 года. Наша Бацькаўшчына скаланулася ад страшнага слова — «вайна». На нейкі час прыціхла бязглуздая вайна супраць Усемагутнага, адышла на другі план» [4]. У гэты складаны час вярнуліся на родную зямлю айцы Антоні Ляшчэвіч (з Харбіна) і Юры Кашыра (з Вільні). Раман складаецца з трох частак: «Вяртанне» (лёс айца Антонія), «Малітва» (вяртанне айца Юрыя і місіянерская дзейнасць), «Ахвяра» (знішчэнне Росіцы і гібель святароў) і эпілога (вестка аб беатыфікацыі). Сярод галоўных літаратурных папярэднікаў кнігі — творы, у якіх раскрываецца тэма спаленых вёсак: апавяданне «Memento mori» (1958) Янкі Брыля, «Хатынская аповесць» (1971) А. Адамовіча, кніга дакументальных расповедаў «Я з вогненнай вёскі» (1975; укладальнікі А. Адамовіч, Я. Брыль, У. Калеснік) і інш.; маральнага выбару і высакароднасці чалавека перад пагрозай смерці: зноў жа «Memento mori» (1958) Я. Брыля (прататыпам галоўнага героя стаў сябар аўтара Даніла Скварнюк), «Сотнікаў» (1970) і «Абеліск» (1971) В. Быкава і інш.; а таксама творы, дзе асэнсоўваецца ўнутраны свет нацыстаў і іх памагатых, найперш «Карнікі» (1980) А. Адамовіча. Аднак, што датычыцца вобразаў святароў, то іх вытокі мы знойдзем хутчэй у каталіцкай і праваслаўнай духоўнай літаратуры і культуры (лёс Елізаветы Кузьміной-Караваевай, Максімільяна Кольбэ і інш.) і ў мастацкай прозе іншых краін, напрыклад, італьянскай. Можна выдзеліць некалькі ключавых сюжэтных ліній твора: жыццёвы шлях святароў, іх успаміны і рэфлексіі, размовы з парафіянамі; дыялогі з немцамі, разважанні нацыстаў і паліцаяў; гісторыі жыхароў Росіцы і навакольных вёсак (з некаторымі з тых, што ацалелі пасля карнай акцыі, аўтарка сустракалася падчас напісання твора). Такім чынам, раман, як і многія іншыя творы беларускай літаратуры на ваенную тэму, мае дакументальную аснову, а гісторыі парафіянаў, загінулых і ацалелых, асабліва дзяцей, і ўратаваных сясцёр эўхарыстак надаюць яму харавое гучанне. Пры гэтым асноўная сюжэтная лінія ўніверсальная для літаратуры: «Найстрашнейшы валадар нашых дзён гаспадарыць цяпер на нашай зямлі. Ён мае д’ябальскую сілу, шалёныя намеры і поўную бесчалавечнасць. Вось яна — схватка цемры са святлом, зла з дабром» [3, c. 381]. Стварэнне мастацкага твора на аснове рэальных падзей — вельмі няпростая задача, мастацкі элемент павінен гарманічна спалучацца з жыццёвай праўдай, і ў гэтым — несумненная вартасць рамана «Будзь воля Твая». Акрамя таго, у творах на ваенную тэму можна знайсці «<...> не толькі рэакцыю на падзеі вайны, але і схаваныя нават для аўтара светапоглядныя сэнсы, якія дазваляюць рэканструяваць нарматыўныя, этычныя рамкі, што вызначаюць стаўленне да вайны як да сітуацыі татальнага гвалту»1 [13, c. 179]. Важнай сістэмай каардынат для іх аналізу становіцца рэлігійная культура, якая вырашае пытанні, звязаныя з гвалтам і смерцю, а таксама маральныя дылемы, што ўзнікаюць у «памежных» сітуацыях, і якая заўсёды была неад’емным кампанентам быційнасці беларусаў. Аднак, не зважаючы на глыбокую рэлігійнасць беларускага народа, асабліва ў заходняй частцы нашай краіны, у літаратуры савецкага перыяду практычна адсутнічала адлюстраванне гэтага аспекта народнага жыцця, і кніга І. Жарнасек у некаторым сэнсе запаўняе лакуну, хоць алюзіі на біблейскія сюжэты ды іншыя маркеры хрысціянскага веравызнання можна знайсці ў творах многіх айчынных аўтараў. Але вобразы святароў каталіцкай, праваслаўнай або іншых канфесій практычна не сустракаліся. Толькі пачынаючы з 1980-х гадоў станоўчыя вобразы прадстаўнікоў рэлігійных інстытуцый і ўвогуле вернікаў з’яўляюцца ў мастацкіх творах (найперш В. Быкава), а ў канцы ХХ стагоддзя ваенная проза значна часцей звяртаецца да хрысціянскіх каштоўнасцей, і не толькі ў алегарычнай ды іншых формах, калі ў творах прысутнічаюць «канфесійная тэматыка, матывы, дзе з’яўляюцца яе хоць бы якія мікравобразы ці знешняя атрыбутыка <...>, ці называюцца-ўспамінаюцца хрысціянскія абрады або біблейскія жанры» [14, c. 100]). У гэты перыяд, хоць пакуль і як другарадныя персанажы, у мастацкіх творах з’яўляюцца святары або блізкія да іх людзі, напрыклад, пападзя Бараноўская з аповесці В. Быкава «Кар’ер» (1986), якой належаць словы «<...> дабрата немагчымая без Бога2, а са злом у чалавеку абавязкова пасяляецца д’ябал, якому ўжо ніхто не дасць рады» [1, с. 93]. Яна ж распавядае і аб трагічным лёсе мужа, айца Кірыла, рэспрэсаванага савецкай уладай. Ці магчыма раман І. Жарнасек «Будзь воля Твая» назваць духоўнай прозай ці, дакладней, літарататурнай духоўнай прозай? М. Рагачэўская адзначае, што класічнае вызначэнне «духоўнай прозы» супадае з паняццем «рэлігійная», пачынальнікам якой «лічыцца Кірыла Тураўскі, аўтар твораў рэлігійна-царкоўнай тэматыкі» [9, c. 119]. Згодна з вызначэннем аўтараў адпаведнага расійскага навучальнага дапаможніка: «Літаратурная духоўная проза — гэта метажанравая з’ява. Яна ўключае ў сябе фрагмент, паломніцкі нарыс, аўтабіяграфічную аповесць і іншыя жанравыя разнавіднасці. Па сваёй сутнасці, гэта тэксты-лекары, лекары нашых душэўных ран і нашай духоўнай нямогласці праз сардэчнае далучэнне да досведу аўтараў гэтых твораў» [8, с. 10]. У рамане І. Жарнасек распавядаецца пра жыццё і пакутніцкую смерць беатыфікаваных (благаслаўлёных) святароў, такім чынам у ім прысутнічаюць элементы некананічнага жыццяпісу; адлюстроўваюцца такія моманты рэлігійнайга жыцця як катэхізацыя, місіянерства, святкаванне хрысціянскіх святаў, малітва, хрысціянскія сакрамэнты (хрышчэнне, вянчанне і г. д.) і іншыя атрыбуты рэлігійнай культуры, што сведчыць аб прыналежнасці твора да духоўнай прозы. Разважаючы пра духоўны аспект беларускай паэзіі, якая выяўляе шырокі спектр пераходаў ад веры да нявер’я паміж «антрапацэнтрычным вобразам свету і тэацэнтрычным светапарадкам» [14, c. 101], Ян Чыквін прыходзіць да высновы, што «<...> літаратуразнаўцаў <...> не можа не цікавіць менавіта ступень жывой веры, ступень яе ўнутранай адухоўленасці, ступень насычанасці хрысціянскім светапоглядам свядомасці пісьменніка і, што найважнейшае ўрэшце, мастацкі эквівалент такой веры — сам літаратурны твор: як і наколькі праз яго слоўную тканіну самавыяўляецца хрысціянска-рэлігійная духоўнасць» [14, c. 102]. У рамане І. Жарнасек маюць месца ўсе названыя кампаненты, а хрысціянска-рэлігійная духоўнасць галоўных герояў, іх непахісная вера прымушаюць задумацца пра Хрыста бяздушнага нямецкага афіцэра, які кіруе карнай акцыяй: «І ўсё ж Ён быў... Не мог не быць хоць бы таму, што во гэтыя самыя пастыры праз дзве тысячы гадоў гатовыя памерці за Яго. За прывід не паміраюць. І прывід не дае сілы на пакутніцкую смерць...» [3, c. 353]. Такім чынам, у творы адбываецца трансляцыя хрысціянскага светапогляду чытачу, бо, згодна з меркаваннем ксяндза А. Чайкоўскага, пробашча наваполацкага касцёла Найсвяцейшага Сэрца Езуса Хрыста: «Да канца свету будуць жыць людзі, якія даказваюць, што Евангелле — байка. Але і да апошняга дня застануцца такія, якія ў сваім найглыбейшым асабістым досведзе будуць перакананыя: Евангелле — гэта праўда. Гэтыя людзі называюцца хрысціянамі. Для іх Бог, аб’яўлены ў Езусе Хрысце, больш рэальны, чым дрэва пры дарозе і горы на даляглядзе. У гэтым людзям патрэбныя святары. Але не толькі ім. Святары патрэбныя ўсім. Веруючым — як сведкі Бога, а тым, што сумняваюцца, — як напамін пра тое, што існуе таксама іншая дарога ў жыцці» [12, с. 55]. З такім напамінам і сутыкаецца штурмбанфюрэр, адчуваючы (на жаль, ці не адзіны з выканаўцаў пацыфікацыі) ўласную чалавечую нікчэмнасць: «<...> у ім, нягледзячы на сытнае сняданне, пачынаў клекатаць гнеў. Што ён хоча даказаць яму, гэты ксёндз? Што ён святы? Што ён вышэй за жыццё і смерць? Што ён зусім не баіцца смерці, якая ўжо зазірае яму ў вочы?» [3, c. 374]. Гэтая нікчэмнасць кантрастуе з выказаным у думках Антоні Ляшчэвіча захапленнем верай сваіх парафіянаў: «З касцельных прыступак пачалі сыходзіць людзі са свечкамі ў руках, беражліва захінаючы агеньчыкі ад ветру. Магло здацца, што іх цяпер найбольш турбуе, як зберагчы гэтыя агеньчыкі. Мой Божа, якія яны прыгожыя ў гэтай сваёй высакароднасці! Наколькі ж сляпыя трэба мець вочы гэтым п’яным марыянеткам, каб не бачыць, якіх3 людзей яны знішчаюць» [3, c. 377]. І гэта таксама немалаважны аспект рамана — народная рэлігійнасць, духоўная глыбіня простых сялян, адлюстраваныя так шырока ці не ўпершыню. Такім чынам, раман «Будзь воля Твая», адштурхоўваючыся ад традыцый ваеннай прозы, рухаецца ў бок духоўнай прозы, якая пакуль мала прадстаўлена ў беларускай літаратуры (у адрозненне ад паэзіі). Згодна з «тэалогіяй надзеі» нямецкага пратэстанцкага тэолага Юргена Мольтмана, сфармуляванай ім ужо пасля вайны, хрысціянскае бачанне чалавека арыентавана на ўкрыжаванага Хрыста: «Хрыстос можа быць названы „канцом гісторыі“ толькі ў тым сэнсе, што Ён ёсць пачынальнік і маршалак вечна жывога жыцця. Калі жыццё ўспрымаецца і пражываецца ў размове з Хрыстом, тады адчуваецца, што ў кожным завяршэнні схаваны новы пачатак» [6]. У аснове канцэпцыі Мольтмана ляжыць прынцып хрысціянскай надзеі, арыентаванай не на індыдуальнае ўратаванне, а на калектыўнае дасягненне Царства Божага, а сіла надзеі — у самім акце прышэсця Хрыста. Да распрацоўкі «тэалогіі надзеі» Мольтмана падштурхнуў уласны вопыт, перажыты падчас вайны і пасля яе завяршэння, калі ён знаходзіўся ў якасці ваеннапалоннага салдата нямецкай арміі ў лагеры ў Бельгіі, дзе даведаўся аб Асвенціме. Мольтман лічыў, што чалавек, які перажыў Асвенцім, не можа не гаварыць пра Бога. У кнізе «Чалавек» ён абгрунтоўвае гуманізм веры, сцвярджаючы, што: «Адрознай рысай хрысціянскай магчымасці надзеі ёсць тое, што яна нараджаецца з памяці пра ўзнясенне распятага Сына чалавечага» [7, c. 111]. У святле хрысціянскай тэалогіі надзеі гібель вёскі ў малітве айца Антонія набывае сэнс ахвяры і выкуплення: «<...> Прымі ж, Пане, ахвяру Расіцы, і няхай яна адплоціць за грахі многіх на гэтай зняверанай, змучанай, скалечанай зямлі, якую калечылі не толькі прыхадні, але й гаспадары» [3, c. 381]. Малітва айца Антонія — цэнтральны трансцэндэнтны момант кнігі: «І калі ў Расіцы не застанецца ніводнае хаты, апрача Тваёй святыні, бо яна, цагляная, мусіць выстаяць, каб застацца для іншых сведкам, абвінаваўцам, помнікам па нас, то і тады, Пане, ведай, што наша смерць — ахвяра Табе за цяжкія грахі зямлі, на якой так часта буяе здрада. І няхай апошнім словам гэтае ахвяры стане Тваё імя, а наш апошні ўздых будзе звернуты да Цябе. Амэн» [3, c. 382]. Такім чынам, думаю, правамоцна лічыць раман І. Жарнасек літаратурнай духоўнай прозай, якая грунтуецца на асабістым духоўным вопыце аўтаркі, распавядае пра рэлігійны вопыт беларусаў і сцвярджае хрысціянскую цноту. Фокус рамана скіраваны найперш на ахвярны бок гэтага вопыту, які ў выніку гэтаксама гераічны, бо, як адзначае аўтарка кнігі: «...Росіца вучыць думаць, маліцца, жыць. І... паміраць. Прыгожа, годна, па-хрысціянску. Памятаючы, што «душы праведных у руцэ Божай»» [5]. Кніга І. Жарнасек не толькі адкрыла новыя магчымасці ў асэнсаванні трагедыі і гонару беларускага народа, яго высокай духоўнасці, — гэта ці не першы прыклад духоўнай прозы ў беларускай літаратуры на тэму Другой сусветнай вайны. Згодна з Юргенам Хабермасам, этычнае самаразуменне вернікаў фармуецца пад уплывам рэлігійных перакананняў і практык [11, c. 251], і менавіта гэты аспект, які ляжыць у аснове маральнага выбару многіх персанажаў В. Быкава (свядома ці падсвядома), актуалізаваны ў рамане І. Жарнасек «Будзь воля Твая». Тэма жыцця на акупаваных тэрыторыях раскрываецца найперш у ракурсе рэлігійнай культуры і народнай рэлігійнасці, а геаграфічная памежнасць набывае экзістэнцыйнае і катастрафічнае вымярэнне, бо само існаванне мірнага насельніцтва (у тым ліку і святарства) пад акупацыяй на працягу ваенных гадоў было суцэльнай памежнай сітуацыяй: паміж немцамі і партызанамі, паміж сумленнем і жаданнем уратавацца, паміж ахвярнасцю і карыслівасцю.
Бібліяграфія:
|
|
|
|