Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(110)/2024
Юбілеі

QUIS UT DEUS
Асобы

ПАТРАБАВАЛЬНЫ ПАПА
Пераклады
Асобы

СУРАЗМОЎЦА ГАРАЦЫЯ
Літаратуразнаўства
Асобы
Проза

ЛУЧАЙСКІ КАСЦЁЛ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Літаратуразнаўства

ВЕРШЫ
Успаміны

СВЯТЛО ВІГІЛІІ
Культура
Прэзентацыя
Інтэрв’ю
Мастацтва кіно

Станіславу Манюшку

Кантата ў дзень імянінаў,
на музыку J. Z.

Калі сэрца б’е з размахам,
Хто ж яго ўстрымае?
Свята грайкі1, свята Стаха
Абходзім ў актаве.
    Слаўся, Стаху, творыш цуд,
    Граеш нам на сэрцах тут!
Гук, што з тактаў тваіх льецца,
Чалавек з ахвотай
Чуе, плача ці смяецца
Ён з тваёю нотай:
    Бо ты, Стаху, творыш цуд,
    Граеш нам на сэрцах тут!
Ці літанію маліцца
Грэшным нам патрэба,
Аж душа натхнёна мчыцца
Пад твой спеў у неба:
    Бо ты, Стаху, творыш цуд,
    Граеш нам на сэрцах тут!
Ці то ўдар які з рук Панскіх
Спадзе нам на долю,
Цягнем з табой спеў цыганскі,
Каб знайсці патолю
    Бо ты, Стаху, творыш цуд,
    Граеш нам на сэрцах тут!
Ці нам весела ў гасподзе,
З намі ты, спявача!
Пад твой танок, як па мёдзе,
Аж душа ўся скача:
    Бо ты, Стаху, творыш цуд,
    Граеш нам на сэрцах тут!
Грай жа нам бесперапынна,
Наш грайку ўлюбёны!
Сплятай нашых сэрцаў рытмы
У цудоўны тоны:
    Бо ты, Стаху, творыш цуд,
    Граеш нам на сэрцах тут!
Гэй, браточкі! Хай лунае
Спеў і радасць доўжыць!
Грайку ўдзячнасць хай сплятае
Наш вянок прыгожы:
    Vivat, Стаху, творыш цуд,
    Граеш нам на сэрцах тут!

1855 г., Барэйкаўшчына

 

У альбоме
Станіслава Манюшкі

Калі твае спевы натхнёныя чую
І бачу вачэй прамяністасць,
Ўсявышняга слаўлю за ласку такую,
Што шчодра рассыпала іскры
Ў табе; што Літва не забыта ў Нябёсах,
Што нам песняра спасылае,
Што імем тваім, тваёй славай узнёслай
І нас між людзей узвышае.

Але не адсюль твая слава і гонар,
Спаўняе так Бог свае планы,
На творчасць цябе Бог паклікаў натхнёна,
Пяеш — бо на тое пасланы.
Табой найкрапчэй захапляцца мы будзем,
Бо ты прысвяціў сябе цалкам
Літве, як Арфей, каб змякчыліся людзі,
Іх сэрцаў каменныя скалы.

Я бачыў па свеце, якую моц мелі
Твае жыватворчыя песні,
Як вочы гарачай слязою кіпелі,
Што холад да гэтага неслі.
Я чуў, як напеў, табой схоплены ў полі
Ці ў хаце сялянскай пры працы,
Чароўна салоны літоўскія поўніў,
Пачуццям спрыяў разгарацца.

Гармонія спеву, пясняру наш годны,
Братэрства разносіць — як цудам:
Хто раз хоць заплача пад спеў твой народны,
Не ўчыніць больш здзекаў над людам!
Літвіны, пяснярскай адданыя ўладзе,
Збліжаюцца ў шчырасці хатняй,
Літвін у кунтушы, літвін у сярмязе
Ў любові яднаюцца братняй.

18 снежня 1849 г. Вільня.

З польскай мовы пераклала
Ірына Багдановіч,
ліпень 2024 г.

Гл. таксама:
Ірына БАГДАНОВІЧ :: «БО ТЫ, СТАХУ, ТВОРЫШ ЦУД…»: СТАНІСЛАЎ МАНЮШКА ЯК АДРАСАТ ПАЭТЫЧНЫХ ПРЫСВЯЧЭННЯЎ УЛАДЗІСЛАВА СЫРАКОМЛІ ::


  1. Граек, грайка (польск. grajek) — музыкант, артыст; той, хто грае на музычным інструменце. Гэтае слова ўжывае беларуская паэтка Алаіза Пашкевіч (Цётка) у вядомым вершы «Артыст-грайка». У беларускай мове існуе таксама прыметнік «грайкі» — гучны, звонкі; напрыклад, у вершы Янкі Купалы «Жальцеся, грайкія струны…» (Заўвага перакладчыка).


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY