|
|
|
№
4(110)/2024
Юбілеі
Асобы
Пераклады
Асобы
Літаратуразнаўства
Асобы
Ірына БАГДАНОВІЧ
НАТХНЁНЫ ПАЛАНЭЗАМ І НАРОДНАЙ ПЕСНЯЙ: АРСЕНЬ ЛІС ЯК ПАЭТ І ДАСЛЕДЧЫК БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ Проза
Паэзія
Нашы святыні
Літаратуразнаўства
Ірына БАГДАНОВІЧ
«БО ТЫ, СТАХУ, ТВОРЫШ ЦУД…»: СТАНІСЛАЎ МАНЮШКА ЯК АДРАСАТ ПАЭТЫЧНЫХ ПРЫСВЯЧЭННЯЎ УЛАДЗІСЛАВА СЫРАКОМЛІ Успаміны
Культура
Прэзентацыя
Інтэрв’ю
Мастацтва кіно
|
1 У Расіі — Іваноў, Пятроў, Сідараў, а ў Давыд-Гарадку — Сеген, Бесан, Рымар... Рымар, як хто забыў, — майстар па вупражы, а ў нас, як бачна, Рымар — гэта яшчэ і родавае імя... У даўнія часы ў Давыд-Гарадку былі добрыя рымары. Дзед Мікалай расказваў пра свайго прыяцеля, які якраз і займаўся ры́марствам, у сваёй рыма́рні шыў і большыя, і меншыя хамуты (хто які закажа!), і не толькі хамуты. Словам, ры́марнічаў. Але хто тады, за Польшчаю, не ры́марнічаў?! Як дзед казаў: і жук, і жаба, і мох, і балота, і а́вэль, і ка́вэль, што значыла — сярод майстроў добрых былі і благія. Благія асабліва не штукарылі, а штукавалі так сабе, за свой тавар вялікія грошы не бралі, абы хутчэй збыць яго з рук, таму большасць тых ле́маў — хамутнікі нічо́гія, ад іхняй работы людзей у пот кідала, бо з хамутоў іхніх часам на хаду не толькі дратва, а хамуціна вылазіла. — Коб ты скіпеў! — людзі пракліналі таго ці іншага партача. Але на дзедавага прыяцеля брыдка ніколі не казалі; ён працаваў як злотнік і ажно дрыжаў — так любіў работу. — На сметніку і певень пан! — смяяўся са сваіх канкурэнтаў. Умеў складна гаварыць, як і сумленна рабіць. Для хамуціны купляў у саломніка салому, — у ягонай рыма́рні пад рукою заўсёды ляжала і жытняя, і аўсяная салома, і густа пахла вырабленаю шкураю. А шкуры і сам вырабляў, і зноў жа — купляў. Іншы раз на ка́пу, скажам, браў такі тавар, які ажно блішчэў, — такую скуру шаўцы зазвычай пускалі на халявы хромавых ботаў. Прышываючы ка́пу, добра ведаў што да чаго і па вышыні хамута, і па шырыні. І тую ж лямцавую хамуціну прышываў, як прынята казаць, не заходзячы за грань — тонка ставіў да бярозавых клешчаў. А калі ўцягваў у хамут сырамятныя гужы, — нібыта насценны гадзіннік заводзіў, шоргаючы двума ланцужкамі. Не толькі хамуты — прадаваў таксама і свой іншы рыштунак: раменныя во́жкі (лейцы), падсядзёлкі, набэдрыкі, аброці і разам з хамутамі супоні... Ён быў сапраўдны рымар, таму і зарабляў няблага, — як дзед успамінаў, заўсёды меў ладную цу́цму грошай.
2 У самым пачатку 1960-х гадоў я бачыў багата ўпрэжаных у аглоблі коней, — на вазах перавозілі і скрыні з куфрамі з хаты ў хату, і маладую «косцарэ́ву» з дзірвану, і пукі зжатага чароту з балота, і буракі з гарбузамі з поля, і віш з баралозам з гарынскага берага. І хлеб з пякарні вазілі ў хлебны, і хворага ў бальніцу, і, заслаўшы драбіны цыратаю, з глінішча вязлі гліну. Пра бульбу я ўжо не кажу і пра стагі таксама! А зняўшы глабі́ны і падоўжыўшы калёсы, на рыпучых разводах тарабанілі доўгія калоды з лесу. Таксама ж і вяселле (шлюбны поезд!) ехала на вазах. Што толькі не вазілі, хто толькі не ездзіў... Часам і задумлівага бацюшку ў рызах і з кадзілам у руцэ на пахаванне дастаўлялі ўсё на той жа простай фурманцы, прадбачліва паклаўшы ў драбіны свежае сена і заслаўшы яго («коб хорошэ було»!), знятай са сцяны, краскаватай мака́ткаю ... У Давыд-Гарадок ездзілі вазамі людзі з Велямічаў, Альпеня, Харомска, Лісовічаў, Лядца, Туро́ў, Хорска, Альшанаў, Рамля, Мачуля і з дальніх вёсак — Цераблічаў, Аздамічаў, Кароцічаў, Вялікага Малешава, Сямігосцічаў, Талмачава, Лутак... Падводы бясконца грукаталі па звонкім польскім бруку Мэ́льніцкай і Альшанскай вуліц, з-пад конскіх падкоў і акаваных колаў ляцелі зыркія іскры, скрыгаталі загваздкі, свірчэлі атосы, стукацелі глабіны, у вокнах бліжэйшых дамоў дрыжалі шыбы і сыпаўся патрэсканы кіт... Клопат у фурманоў быў розны, але часцей за ўсё вяскоўцы прыпыняліся ля раймага. Там трэ было абысці два паверхі, а гэта час немалы, таму перад тым, як заняцца купляннем, амаль кожны мужык, засунуўшы за пояс канджу́к, падкідваў свайму каню з палукашка сена, ці канюшыны, і клапатліва адпускаў пасак... Ад тых маіх дзіцячых дзён да сённяшніх дзён свет ужо ўсутыч падпоўз да бяды — скрозь усё запаскуджана бензінам, саляркаю, машыннай аліваю, штоімгненнымі смярдзючымі выхлапамі. Дзе вы, расхваленыя электраколы?! Толькі пяць тысяч на ўсю Беларусь?! Тут аніяк не скажаш: ліку няма... Свет забыў, як пахне конь! Мяркую, прырода ўсё ж вытрымае гвалт перакуленай цывілізацыі, адолее шаленства неразумнай любові да камфорту — гэта значыць, конь утрымаецца, канчаткова не саступіць матору, хоць і разумею: коней цяпер вельмі скупа, а непатрэбных бензінавых, саляравых, газавых легкавікоў і матацыклаў мільёны мільёнаў! Аднак веру: смурод легкавікоў знікне, матацыклавы дур таксама, паўсюдна з’явяцца электраколы, а яшчэ — свет вернецца да коней, а раз так, то трэба вучыцца запрагаць... І тут успамінаю свайго бацьку, ягоную навуку...
3 Спачатку бацька надзяваў на каня аброць з цуглямі, а тады клешчамі ўверх насоўваў на конскую галаву хамут і ўжо на шыі перакручваў яго клешчамі ўніз. Казаў: хамут не павінен быць мулкі! Накідваў і выпростваў на конскіх баках, крыжы і пад хвастом набэдрыкі, сашчэпленыя з трыма гортамі хамута; набэдрыкі трымалі хамут, не давалі яму ўпасці каню на голаў. А прыгожыя былі, — як ад пярэдніх, так і да задніх ла́вак ! Аздобленыя па ўсёй даўжыні сваіх рамянёў і раменьчыкаў бліскучымі плешкамі-заклёпкамі, яны ярка гарэлі на сонцы... Скураны падсядзёлак (ці сядзёлка) з доўгай папругай бацька падсоўваў пад набэдрыкі і накладваў бліжэй да карка. Прапусціўшы пад конскім чэравам папругу, зашпільваў яе на цупражку з другога боку сядзёлка. Браў дугу і заводзіў каня ў аглоблі. Даўней казалі: з дугі аглоблю не зробіш, а яшчэ гаварылі й гэтак: з перадка пугаю хвашчы не па кані, а па аглоблях, а дугу не даставай... Дуга павінна стаяць паміж аглобляў, а не аглоблі ў дузе, і (варта ведаць!) — запрагаючы, дугу над канём заносяць з левага боку на правы. Бацька абцягваў паверх левай аглоблі левы гуж, устаўляў у яго канец дугі, а тады, перасунуўшы над канём правы канец дугі, нацягваў на яго правы гуж. І таксама варта памятаць — гужы знаходзяцца не спераду, а ззаду пастаўленай дугі. І яшчэ (бо і гэта важна!) — левы гуж, як ужо сказана, ад хамута праходзіць зверху аглоблі, а правы — накручваецца на аглоблю знізу. Упёршыся нагой у клешчыну, сцягваў клешчы хамута вузкім раменьчыкам — супоняй, чорнай ад чалавечага і конскага поту, аднак жа хамут наглуха не засупоньваў — то бок, супоню «мёртвым вузлом» не завязваў. Рабіў такі вузел, кончык раменьчыка ў якім пакідаў свабодным, каб (калі што якое — не дай Бог, не гэтакае!) пры тэрміновай патрэбе, пацягнуўшы за яго, можна было ў адзін момант рассупоніць каня. Ды і без вялікай спешкі добра, калі вузел паддаецца лёгка, бо хамут адсупоньваюць і тады, калі, скажам, трэба ў дарозе гужы падцягнуць. Пасак — яшчэ адзін доўгі рэмень вупражы; пасак трымаў аглоблі на падсядзёлку, каб аглоблі не віселі на гужах, каб яны не ціснулі на гужы. Праз падсядзёлак бацька прапускаў пасак ад адной аглоблі да другой, зноў жа, як і супоню, завязваў яго хітра; замацоўваў пасак на левай аглоблі і гэтак вышэй падымаў хамут, а разам з тым падцягваў і аглоблі з атосамі. Заво́жваў каня, — чапляў да жалезных цугляў сырамятныя лейцы, — пры гэтым на канцах цугляў ціха пазвоньвалі колцы аброці. Правую вожку (ляйчыну) пускаў паверх паска і гужа, а левую — паверх паска, але пад гужом; скураны повад ад вуздэчкі прывязваў да металічнага колца на дузе. У Давыд-Гарадку пад дугу вешалі званочкі, кожны такі звонік меў свой голас, — бацька звычайна выбіраў званок-паштавік. Закілзваў каня; глядзеў, ці так на ім ляжыць збруя; з пугай у руцэ разбіраў у перадку вожкі; садзіўся ў драбіны з левага боку, бо запрэжаным канём кіруюць з гэтага — левага боку! Такая ягоная навука, прыпраўленая вясёлым смехам, — маўляў, некалі пра няўдалага хлопца казалі: ён і каня не запражэ! Памятаю ягоную навуку... Дуга вярбовая, воз ясянёвы, акаваны (як у ранейшы час казалі: воз на карасях!); аглоблі берастовыя, атосы жалезныя, клешчы, як ужо гаварылася, бярозавыя, а спраўны конь і напасвены, і напоены... Не забыць бы чаго перад няблізкаю дарогаю!
8 верасня 2021 г., серада,
|
|
|
|