|
|
|
№
4(110)/2024
Юбілеі
Асобы
Пераклады
Асобы
Літаратуразнаўства
Асобы
Ірына БАГДАНОВІЧ
НАТХНЁНЫ ПАЛАНЭЗАМ І НАРОДНАЙ ПЕСНЯЙ: АРСЕНЬ ЛІС ЯК ПАЭТ І ДАСЛЕДЧЫК БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ Проза
Паэзія
Нашы святыні
Літаратуразнаўства
Ірына БАГДАНОВІЧ
«БО ТЫ, СТАХУ, ТВОРЫШ ЦУД…»: СТАНІСЛАЎ МАНЮШКА ЯК АДРАСАТ ПАЭТЫЧНЫХ ПРЫСВЯЧЭННЯЎ УЛАДЗІСЛАВА СЫРАКОМЛІ Успаміны
Культура
Прэзентацыя
Інтэрв’ю
Мастацтва кіно
|
Ірына БАГДАНОВІЧ
«БО ТЫ, СТАХУ, ТВОРЫШ ЦУД…»:
|
|||||||||||||||||||
|
| Станіслаў Манюшка. Літаграфія Ж. Ляфос, 1848 г. |
Ушаноўваючы сёлетні юбілей Станіслава Манюшкі (1819—1872) — кампазітара, творчасць якога вырастала з беларускіх народных крыніцаў, была звязаная з Беларуссю нараджэннем, моцнымі радаводнымі і культурнымі повязямі, — прапануем чытачам «Нашай веры» некалькі выдатных паэтычных твораў Уладзіслава Сыракомлі, прысвечаных Станіславу Манюшку, якія дагэтуль на беларускую мову не перакладаліся, а таму заставаліся невядомымі шырокаму чытацкаму асяроддзю. Гэтыя вершы — «W imionniku Stanisława Moniuszki» (18 снежня 1849; Вільня) і «Do Stanisława Moniuszki. Kantata w dzień imienin, do muzyki J. Z.» (1855; Барэйкаўшчына) — вылучаюцца высокімі мастацкімі вартасцямі і прадстаўляюць асобу кампазітара ў тым сімвалічна-вобразным арэоле, які выдатна падкрэслівае як яго агульнапрызнаны статус майстра-віртуоза еўрапейскага маштабу, так і яго арганічную спадчынную сувязь з беларускімі культурнымі, геаграфічнымі і біяграфічнымі рэаліямі.
Паэта і кампазітара ў 40–50-я гады ХІХ стагоддзя ядналі творчыя і сяброўскія стасункі. Добра вядома, што Станіслаў Манюшка плённа супрацоўнічаў і сябраваў з шырокім колам тагачасных культурных дзеячаў нашага краю, асабліва з пісьменнікамі, з якімі яго звязвала як зямляцтва, так і агульнасць мастацкіх інтарэсаў, любоў да роднага краю, зацікаўленасць народнымі крыніцамі творчасці. Гэта найперш Ян Чачот, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Уладзіслаў Сыракомля. Аб творчых стасунках з імі ёсць згадкі ў кнігах такіх знаўцаў культурнага і літаратурнага жыцця Беларусі ХІХ ст., як Адам Мальдзіс, Уладзімір Мархель, іншых вядомых даследчыкаў.
Асабліва шмат увагі прысвяцілі беларускія даследчыкі творчаму супрацоўніцтву Манюшкі з Чачотам, у выніку якога з’явіўся цыкл «Песні прынёманскіх вёсак», што ў далейшым па частках увайшоў у вядомыя «Хатнія спеўнікі», якія сталі надзвычай папулярнымі ў салонах культурнай эліты нашага краю. А таксама найважнейшай культурнай падзеяй лічыцца пачатак опернай творчасці кампазітара, звязаны з раннімі п’есамі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча «Рэкруцкі набор» і «Ідылія».
Адам Мальдзіс у кнізе «Падарожжа ў ХІХ стагоддзе. З гісторыі беларускай літаратуры, мастацтва і культуры» (Мінск, 1969) слушна пісаў, што на нашых землях «да Манюшкі выконваліся пераважна творы заходніх кампазітараў. Французскія песні гучалі ў маёнтках. Італьянскія оперы ставіліся ў тэатрах. Усё айчыннае было ў пагардзе і занядбанні. Праўда, мазуркі і паланэзы Шапэна ўжо іграла ўся Еўропа. Ужо спрабавалі стварыць нацыянальны рэпертуар Эльснер, Стэфані, Курпіньскі. Аднак справіцца з гэтай задачай змог толькі Манюшка. Ён браў у народа фальклорныя скарбы і вяртаў іх народу ў апрацаваным выглядзе» (с. 120). У якасці прыкладу такой апрацоўкі даследчык прыводзіць супрацу з Янам Чачотам, які жыва адгукнуўся на просьбу маладога кампазітара, заклапочанага стварэннем нацыянальнага музычнага рэпертуару, і даслаў яму ў 1844 г. свае паэтычныя апрацоўкі народных беларускіх песняў. У гэты ж час пачынаецца оперная творчасць кампазітара, яго супраца з Дуніным-Марцінкевічам. «Опера „Рэкруцкі набор“» была адным з першых твораў дваццацідвухгадовага кампазітара і першай спробай пяра значна старэйшага за яго паэта», — адзначаў Мальдзіс (с. 111). Вядома, што опера была з поспехам пастаўлена ў верасні 1841 г. у Мінску, аднак у далейшым не захавалася, і толькі «Ідылія» сёння сведчыць пра раннюю плённую оперную супрацу кампазітара з пісьменнікам, пачынальнікам новай беларускай літаратуры.
Заўсёды жаданымі былі прыезды Станіслава Манюшкі ў Мінск, на радзіму (ён нарадзіўся, як вядома, у фальварку Убель пад Мінскам), калі ён жыў ужо ў Вільні, а потым у Варшаве. Тут яго нязменна чакалі і «з любасцю віталі», як адзначаў Уладзімір Мархель. Асабліва запомніўся візіт кампазітара ў Мінск у кастрычніку 1856 г., з нагоды чаго быў наладжаны ўрачысты банкет у доме Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, на якім прысутнічалі таксама іншыя знакамітыя госці — Уладзіслаў Сыракомля і польскі кампазітар Апалінары Концкі. Падзея знайшла сваё бліскучае адлюстраванне ў вядомым паэтычным творы Дуніна-Марцінкевіча на беларускай мове «Верш Навума Прыгаворкі: На прыезд да места Мінска Апалінарага Концкага, Уладзіслава Сыракомлі і Станіслава Манюшкі», напісаным 25 кастрычніка 1856 г.
Гэтым вершам аўтар і гаспадар дому ўшанаваў усіх трох ганаровых і дарагіх гасцей, а саму падзею сваім вершам назаўсёды ўпісаў у культурную памяць беларусаў:
|
Засвяцілі тры звездачкі ў пару нам шчасліву! Заляцелі тры сакалы дый на нашу ніву! Не звездачкі ж то нябесны, што ярка мігаюць, Не сакалы, што шырока бушуюць у полі; А прыбылі тры дудары — так пяюць, іграюць, Што ангелы надзівіцца не ў сіле здаволі! |
Аўтар трапна характарызуе кожнага з «дудароў», падкрэслівае братэрства і роднасць з кожным з іх. Манюшку, «трэцяга дудара», ён вылучае менавіта як земляка з Міншчыны: «А трэці дудар меж намі узрос, ён нам братка, // Яму Мінская зямелька родненькая матка! <...> // Трэці дудар як загудзе песенькі радненькі, // Бяды дый гора забудзеш, станеш весяленькі!»
|
| Уладзіслаў Сыракомля. Літаграфія Ж. Ляфос, 1856 г. |
Як бачна, у гэтым «свойскім» творчым таварыстве дарагім і блізкім госцем быў таксама Уладзіслаў Сыракомля, які жыў на той час у Вільні і якога з Манюшкам ужо звязвала творчае супрацоўніцтва і сяброўства. Прынамсі пра гэта гавораць даты прапанаваных у нашай публікацыі вершаў, напісаных у 1849 і 1855 гг., — значна раней за гэтую знамянальную мінскую сустрэчу. Уладзімір Мархель у эсэ «Манюшка на радзіме» згадваў, што не ўсё ўдалося здзейсніць з задуманага ў супрацы Сыракомлі і Манюшкі: засталася незавершанай кантата «Год у песні», бо праца над ёю ўскладнялася пераездамі і паэта, і кампазітара, а таксама засталіся няздзейсненымі некаторыя іншыя задумкі. Даследчык пісаў: «Не надта спрыяла іх сумеснай працы і тое, што ў 1857 годзе Манюшка пераехаў у Варшаву, дзе яму было прапанавана заняць месца дырыжора і дырэктара опернага тэатра. Аднак зямляцкага, чалавечага і творчага ўзаемаразумення і супольства, а праз гэта і духоўнай лучнасці, яны дасягнулі» (Мархель, У. Прысутнасць былога. Нарысы, артыкулы, эсэ.— Мінск, 1997, с. 190).
Аднак, нягледзячы на тое, што не ўсё з задуманага ўдалося рэалізаваць, плён творчай працы Уладзіслава Сыракомлі і Станіслава Манюшкі не менш выніковы і значны, чым з Янам Чачотам і Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам. Пра гэта сведчаць захаваныя ў Аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі прыгожыя ўнікальныя альбомы музычных твораў Манюшкі, выдадзеныя ў ХІХ ст., сярод якіх некалькі выдатных твораў на словы Уладзіслава Сыракомлі. Гэта «Паходная песня літвінаў» («Pieśń pochodu Litwinów»), змешчаная ў віленскім выданні эпічнай паэмы Сыракомлі «Дачка Пястаў. Вершаваная аповесць з гісторыіі літвінаў» («Córa Piastów. Powieśc wierszem z dzieów litewskich», Wilno. — 1855); асобнае нотнае выданне знакамітага верша-візітоўкі Сыракомлі «Лірнік вясковы» ў чатырох частках («Lirnik wioskowy. Idylia Władysława Syrokomli», Wilno, б.г.) і яго ж «Песнь войта» («Pieśń wojta»), захаваная ў нотным зборніку твораў Манюшкі пад агульнай назвай «Над Нідай» («Nad Nidą». — Wilno, б.г). У 2020 г. было апублікавана акадэмічнае факсімільнае выданне прыжыццёвых твораў кампазітара, захаваных у фондах бібліятэкі, укладальніца якога, Алена Дзенісенка, у грунтоўнай прадмове да выдання зрабіла падрабязнае навукова-бібліяграфічнае апісанне кожнага захаванага ў бібліятэцы ўнікальнага помніка музычнай культуры Беларусі ХІХ ст. І хоць у гэтай калекцыі прадстаўлены толькі фрагменты творчай спадчыны Манюшкі, але яны надзвычай каштоўныя, асабліва наяўнасцю такіх рэдкіх на сёння ўзораў творчай супрацы кампазітара з «вясковым лірнікам».
|
|
|
|
«Паходная песня літвінаў» С.Манюшкі, змешчаная ў выданні паэмы У. Сыракомлі «Дачка Пястаў», Вільня, 1855 г. |
Тытул кантаты «Год у песні» на словы У.Сыракомлі, змешчанай у музычным альбоме С. Манюшкі «Над Нідай», Вільня (1850-я гг.) |
Пра духоўную лучнасць Сыракомлі і Манюшкі сведчаць і вершы паэта, прысвечаныя кампазітару. Паэт быў вельмі шчодры ў сваіх прысвячэннях: ён захапляўся музычным геніем свайго суайчынніка, вельмі дакладна перадаваў тыя настроі, якія выклікала яго музыка, і тую любоў, з якой успрымалі творчасць кампазітара ўдзячныя землякі. А таксама Сыракомля падкрэсліваў высокую боганатхнёную сутнасць таленту Станіслава Манюшкі, лічыў яго музычны геній Богам дадзеным дарам, які творыць цуд, граючы на сэрцах слухачоў. Радкамі сваіх вершаў Сыракомля сведчыў, што музычны талент кампазітара быў не толькі славай яго самога, але славай яго роднага краю, народа гэтага краю, яднаючы яго з усім светам, а таксама яднаючы сам народ унутры краю, сціраючы прыкрыя падзелы, бо і «народ у кунтушы» і «народ у сярмязе» аднолькава захапляюцца музыкай слаўнага сына сваёй зямлі.
А «Стах» сапраўды тварыў і творыць цуд — грае на сэрцах даўніх і сённяшніх беларусаў, абуджаючы ў іх тое найлепшае і найдарагое, што ўклаў пры стварэнні ў кожнае сэрца сам Пан Бог.
|
|
|
|
Вокладка і пачатак музычнага выдання С. Манюшкі на верш-ідылію У. Сыракомлі «Лірнік вясковы», Вільня (1850-я гг.) |
||
Усяго ў творчай спадчыне Сыракомлі, поўнае выданне якой было зроблена Вінцэсем Каратынскім у 1872 г., змешчаны чатыры вершаваныя прысвячэнні Манюшку. Адно з гэтых прысвячэнняў — верш «Grajek wioskowy: Stanisławowi Moniuszce poświęcam» (16 кастрычніка 1854; Барэйкаўшчына), напісаны ў стылі мастацкай легенды-прыпавесці пра нялёгкі лёс музыканта ў грамадстве. Верш быў у свой час таленавіта перакладзены на беларускую мову Яўгеніяй Пфляўмбаўм і апублікаваны пад назваю «Вясковы музыка: Станіславу Манюшку прысвячаю» ў знакамітым юбілейным выданні выбраных твораў паэта «Добрыя весці» (Мінск, 1993). Яшчэ адзін верш, храналагічна апошні з прысвечаных кампазітару, — «Do Stanisława Moniuszki (Prośba o bilet na maskaradę)», быў напісаны ў 1858 г. у Вільні. Ён цікавы сваім прынагодным характарам у межах той падзеі, з якой звязаны сваім узнікненнем: з віленскім маскарадам, на які цяжка было дастаць білет, а таму паэт звяртаецца па дапамогу да свайго знакамітага сябра кампазітара, які мусіў быць у цэнтры гэтай культурнай падзеі. Хоць літаратурна-мастацкае значэнне гэтага верша-«просьбы» выглядае маргінальным, усё ж, вытрыманы ў жартаўлівай форме, ён па-свойму ўпрыгожвае кантэкст літаратурнага жыцця нашага краю сярэдзіны ХІХ ст., а паколькі напісаны выдатным майстрам пяра, то заслугоўвае, безумоўна, увагі нашчадкаў.
Пераклады вершаў-прысвячэнняў Станіславу Манюшку зроблены паводле поўнага збору твораў Уладзіслава Сыракомлі, укладзенага Вінцэсем Каратынскім, выданне якога было прымеркавана да 10-й гадавіны скону паэта: Poezye Ludwika Kondratowicza (Władysława Syrokomli). Wydanie zupełne. Na rzecz wdowy i sierot autora. — Tom VI. — Warszawa, 1872. S. 219–220; 317–319.
На ілюстрацыях – творы Станіслава Манюшкі на словы Уладзіслава Сыракомлі паводле кніжных выданняў ХІХ стагоддзя з фондаў Аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі.
Гл. таксама:
Уладзіслаў СЫРАКОМЛЯ :: ВЕРШЫ ::
|
|
|