Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(110)/2024
Юбілеі

QUIS UT DEUS
Асобы

ПАТРАБАВАЛЬНЫ ПАПА
Пераклады
Асобы

СУРАЗМОЎЦА ГАРАЦЫЯ
Літаратуразнаўства
Асобы
Проза

ЛУЧАЙСКІ КАСЦЁЛ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Літаратуразнаўства

ВЕРШЫ
Успаміны

СВЯТЛО ВІГІЛІІ
Культура
Прэзентацыя
Інтэрв’ю
Мастацтва кіно

Ганна ШАЎЧЭНКА

СКАРБЫ КАТАЛІЦКАЙ
АРХІТЭКТУРЫ ПРУЖАНШЧЫНЫ

Пра кнігу «Каталіцкія святыні. Пінская дыяцэзія.
Пружанскі дэканат. Пружанскі раён»

(Мінск, «Про Хрысто», 2024)

Ёсць у свеце скарбы, якія пэўны час ззяюць сваім хараством і бляскам, вабяць сваёю каштоўнасцю і актуальнасцю, а потым паволі ці нават раптоўна занепадаюць, знікаюць, адміраюць… Ад некаторых не застаецца і следу, ад іншых — руіны, а тыя, што ўратаваныя, набываюць большую каштоўнасць і прыгажосць… Гэтак метафарычна я хачу сказаць пра Божыя святыні, бо яны — як і любоў у чалавечай душы — патрабуюць няспыннага клопату пра іх, неперарыўнай памяці і ўкладвання вялікіх намаганняў для таго, каб яны сапраўды маглі існаваць і дзейнічаць.

Нашая зямля перажыла нямала бурлівых гісторый, звязаных са складаным лёсам Божых святыняў, страціла і пахавала шмат падмуркаў і сценаў, якія маглі быць пярлінамі ў яе хрысціянскім убранні; але ж дзякуючы руплівай працы чалавечых рук на ёй узводзіліся і ўзводзяцца новыя сакральныя будынкі — сведчанне таго, што вера як найдаражэйшы скарб ніколі не памірала ні ў нашых продкаў, ні ў нашых сучаснікаў…

Такія думкі ўзнікаюць, калі гартаеш грунтоўны і змястоўны, ярка аздоблены том «Каталіцкія святыні. Пінская дыяцэзія. Пружанскі дэканат. Пружанскі раён», які выйшаў на пачатку восені ў выдавецтве «Про Хрысто». Пад такім, здавалася б, сціслым канцылярскім тытулам, які сапраўды адпавядае характару кнігі як энцыклапедычнага даведніка, змешчана багатая гісторыя не толькі каталіцкай архітэктуры Пружаншчыны, але і ўвогуле жыцця Каталіцкага Касцёла ў гэтым незвычайным краі, які Пан Бог на працягу стагоддзяў раз за разам выбіраў для спаўнення сваіх вялікіх задумаў і які сёння вядомы кожнаму беларускаму католіку: менавіта з Пружанамі вельмі моцна звязаны святарскі шлях кардынала Казіміра Свёнтка. «Ах, гэтыя Пружаны, — успамінаў ён калісьці, — так глыбока яны ўвайшлі ў маё жыццё: вязніца — Пружаны, Пружаны — вязніца...»1. У пэўным сэнсе дзякуючы адважнаму сведчанню веры Яго Эмінэнцыі Казіміра Свёнтка Пружаны з іх даўняй і сучаснай гісторыяй сталі сапраўдным сімвалам змагання за веру і аднаўлення Касцёла на нашай зямлі. Акрамя таго, як піша аўтар кнігі, архітэктар Аляксей Яроменка, у межы Пружанскага раёна «трапляюць гістарычныя цэнтры ажно трох дэканатаў — дзеючага Пружанскага, былых Ружанскага і Шарашоўскага». У гэтым сэнсе Пружанскі раён унікальны, а таму яшчэ больш прыемна, што ён стаў прадметам аўтарскага даследавання, выданне якога прымеркавана, дарэчы, да 100-годдзя заснавання Пінскай дыяцэзіі. Адзначым, што акурат у межах святкавання гэтага значнага юбілею 28 кастрычніка ў Ружанах адбылася прэзентацыя кнігі «Каталіцкія святыні. Пінская дыяцэзія. Пружанскі дэканат. Пружанскі раён».

Гэтае выданне працягвае серыю кніг пра каталіцкія святыні Беларусі, распачатую яшчэ ў 2003 годзе. У поле зроку аўтара трапілі ўсе святыні Пружанскага раёна аднайменнага дэканата: і тыя, якія дзейнічаюць цяпер, і тыя, якія калісьці дзейнічалі ў мінулыя стагоддзі, былі перабудаваныя, знішчаныя стаяць у руінах, і тыя, што толькі адным радком згадваюцца ў рэдкіх гістарычных крыніцах, але не пакінулі пасля сябе ўжо і следу…

Збор матэрыялу і стварэнне кнігі патрабавалі шматгадовай працы і вялікіх намаганняў. Шукаючы гістарычныя звесткі, Аляксей Яроменка працаваў з архіўнымі дакументамі ў зборах Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, рупліва складаў з каштоўных архіўных знаходак «мазаіку» каталіцкага жыцця на Пружаншчыне; пры гэтым ён сам наведаў усе мясцовасці, дзе былі або ёсць святыні, размаўляў з пробашчамі парафій і мясцовымі старажыламі, у памяці якіх захаваліся хоць якія звесткі пра падзеі мінулага. Такая доўгая і карпатлівая праца пад сілу толькі чалавеку, сэрца якога палае пошукам архітэктурных скарбаў Бацькаўшчыны; чалавеку, які ведае іх сапраўдную вартасць і прагне падзяліцца знойдзеным. Дзякуючы гэтым пошукам Аляксею Яроменку ўдалося ўзнавіць гістарычную сетку мясцовых структураў Касцёла, паслядоўна апісаць лёс кожнай асобнай парафіі Пружаншчыны, прааналізаваць стылёвыя асаблівасці сакральнай архітэктуры гэтага краю і напоўніць свой аповед шматлікімі архіўнымі выявамі, малюнкамі, чарцяжамі і схемамі, даўнімі і сучаснымі фотаздымкамі.

Зразумела, на працягу многіх стагоддзяў межы парафій і дэканатаў змяняліся ў залежнасці ад розных грамадска-палітычных акалічнасцяў. Перад аўтарам кнігі стаяла няпростая задача ўпарадкаваць разнапланавы матэрыял па розных тэрыторыях і гістарычных перыядах і падаць яго ў зразумелай сучаснаму чытачу, лагічнай і кампактнай паводле кампазіцыі тэкставай структуры. Аляксей Яроменка ў сваім аповедзе-апісанні ўзяў за аснову сучасны тэрытарыяльны падзел парафій Пружанскага раёна і ў адпаведнасці з ім падзяліў матэрыял на шэсць раздзелаў (па колькасці парафій у раёне). Амаль кожная з гэтых парафій уключае ў сябе не толькі тую мясцовасць, якая ў наш час стала цэнтрам парафіяльнага жыцця і ў якой знаходзіцца дзеючая святыня, але і навакольныя вёскі з іх багатаю каталіцкаю гісторыяй. У свой час некаторыя з іх таксама былі парафіяльнымі цэнтрамі з асобнымі касцёламі, капліцамі і кляштарамі. Аўтар падрабязна спыняецца на гісторыі жыцця Касцёла ў кожнай такой мясцовасці, праводзіць чытача праз стагоддзі да сучаснасці, апавядае пра заснаванне, узвядзенне, аздабленне святыняў, іх функцыянаванне і… пра іх спусташэнне, знішчэнне, што стала звычайным лёсам многіх святыняў на нашых землях у апошнія стагоддзі. З жалем даводзіцца глядзець на фотаздымкі маляўнічых мясцінаў з подпісамі-тлумачэннямі: «Могілкі каля в. Ласасін. Дзесьці тут стаяў калісьці філіяльны касцёл», «Рэшткі прыдарожнай капліцы на Лыскаўскай гары», «Надмагілле Дзяконскіх сярод руінаў касцёла»… Магчыма, толькі ў гэтай кнізе і на гэтых выявах застануцца згадкі пра тыя скарбы, якія калісьці мелі нашыя продкі. Асаблівую каштоўнасць маюць не толькі фотаздымкі сучаснага стану апісаных святыняў, але і гістарычнае апісанне іх колішняга знешняга выгляду, адпаведныя праекты і схемы, якія таксама робяць гэтую кнігу ўнікальнаю.

Многія чытачы з радасцю заўважаць, што на змену знішчаным касцёлам нашыя продкі пры першай магчымасці спяшаліся пабудаваць новыя святыні, а пры спрыяльных умовах імкнуліся аднавіць занядбаныя. Надзвычай цікава параўноўваць выявы аднаго і таго ж касцёла з розніцаю ў 30, 50 ці нават 100 гадоў… Такія здымкі не горш за словы апавядаюць пра складаную гісторыю сакральных будынкаў. Пружаны, Вялікае Сяло, Лыскава, Ружаны, Шарашова і іншыя мясцовасці — існуючыя і ўжо не існуючыя — нібы выходзяць са смугі стагоддзяў на рэтра-фотаздымках і напаўняюцца фарбамі ў сваіх сучасных выявах на старонках гэтай кнігі.

Ад гісторыі той ці іншай святыні немагчыма аддзяліць таксама гісторыю абразоў, фігураў, роспісаў і іншых твораў сакральнага мастацтва, якія сталі неад’емнаю часткаю касцёльных інтэр’ераў, шанаваліся і цяпер шануюцца вернікамі. Ім Аляксей Яроменка таксама прысвяціў вялікую ўвагу. Для нашага краю адметна, што многія такія прадметы культу, уратаваныя парафіянамі са знішчаных касцёлаў, «падарожнічалі» з адной святыні ў другую або «перачэквалі» цяжкія часы ў прыватных схованках, затым рэстаўраваліся і зноў займалі сваё месца ў Божым доме. Нярэдка бывала так, што з алтара святыні знікалі яе першапачатковыя абразы, распяцці і фігуры, на іх месцы заставаліся пустыя рамы і нішы, якія потым запаўняліся іншымі, захаванымі і адшуканымі выявамі і скульптурамі. Аўтар кнігі падрабязна занатаваў такія складаныя шляхі шматлікіх прадметаў рэлігійнага культу, засведчыўшы, між іншым, тое, як усяго адзін бакавы алтар у касцёле ў Шарашове, складзены з элементаў некалькіх познебарочных алтароў XVIII стагоддзя, можа распавядаць драматычную гісторыю цярпенняў нашых продкаў і іх вернасці Касцёлу. Зразумела, не ўсе складаныя шляхі культавых рэчаў, вывезеных з разбураных касцёлаў, можна адсачыць і высветліць, многія пытанні застаюцца, на жаль, без адказаў, але чытач і між радкоў, безумоўна, зразумее, наколькі важна захаваць тое, што мы маем, усвядоміць каштоўнасць гэтага скарбу, клапаціцца пра яго і ў належным стане перадаць нашчадкам.

Здзіўляе і выклікае пашану тое, што некаторыя культавыя рэчы хоць і былі знішчаныя і ўжо не маглі выконваць сваю першапачатковую функцыю, руплівымі рукамі майстроў адноўленыя ў самым нечаканым выглядзе: так, мяркую, што нават не ўсе вернікі касцёла святога Міхала Арханёла ў Вялікім Сяле ведаюць, што галоўны алтар іх касцёла створаны з подыума статуі Хрыста Збаўцы, якая раней стаяла перад касцёлам у Пружанах.

Разам з аўтарам чытач таксама ўяўна «блукае» па каталіцкіх могілках Пружаншчыны, на якіх сапраўды ёсць што паглядзець: капліцы, пахавальні, кампазіцыі з магільных помнікаў у розных стылях, месцы пахавання святароў, дабрадзеяў і мясцовых вернікаў… Месцы, якія сапраўды дыхаюць вечным спакоем і заклікаюць спыніць мітуслівыя думкі, падняць вочы да крыжа і прыслухацца да таго голасу, які прамовіць у тваім сэрцы… Зрэшты, душы тых людзей, якія з даўняга ці нядаўняга часу ляжаць пад гэтымі магільнымі плітамі, — важнейшыя за ўсе святыні, зруйнаваныя ці захаваныя, малыя ці вялікія. Хаця… Душа, як і святыня, таксама можа быць знішчаная і занядбаная, а можа аднавіцца і стаць крыніцаю Божых ласкаў для іншых…

Пагартайце старонкі гэтае кнігі, павывучайце лёс Божых святыняў і ўбачце ў іх часцінку свайго ўласнага жыццёвага шляху… У такім сэнсе кніга будзе цікаваю кожнаму чытачу, а не толькі вернікам парафій Пружанскага раёна. Дый само па сабе выданне, густоўна аформленае, насычанае ілюстрацыйным матэрыялам, абавязкова прыцягне ўвагу ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй і рэлігіяй, мастацтвам і архітэктурай, хто проста неабыякавы да лёсу Касцёла на нашай зямлі.

Рупліваць і працаздольнасць Аляксея Яроменкі, яго ўменне ахапіць розумам і памяццю вялізныя часавыя і прасторавыя абсягі ў гісторыі архітэктурнага мастацтва Беларусі сведчаць, што праз пэўны час з’явяцца таксама даведнікі па каталіцкіх святынях з іншых раёнаў Пружанскага дэканата і з іншых дэканатаў дыяцэзій усёй нашай краіны. Было б сапраўды радасна, калі б скарбы сакральнай архітэктуры, якія калісьці ззялі сваім хараством, не патанулі ў забыцці, а тыя Божыя святыні, у якіх цяпер чалавек працягвае яднацца з Богам, былі б належным чынам ацэненыя і апісаныя.

Ганна Шаўчэнка.

Фота з урачыстасцяў
у Ружанах з нагоды 100-годдзя
заснавання Пінскай дыяцэзіі
брата Карнэлія Консака SVD.


  1. К. Лялько «Ах, гэтыя Пружаны…» // Ave Maria. — 2009. — № 9.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY