|
|
|
№
4(110)/2024
Юбілеі
Асобы
Пераклады
Асобы
Літаратуразнаўства
Асобы
Ірына БАГДАНОВІЧ
НАТХНЁНЫ ПАЛАНЭЗАМ І НАРОДНАЙ ПЕСНЯЙ: АРСЕНЬ ЛІС ЯК ПАЭТ І ДАСЛЕДЧЫК БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ Проза
Паэзія
Нашы святыні
Літаратуразнаўства
Ірына БАГДАНОВІЧ
«БО ТЫ, СТАХУ, ТВОРЫШ ЦУД…»: СТАНІСЛАЎ МАНЮШКА ЯК АДРАСАТ ПАЭТЫЧНЫХ ПРЫСВЯЧЭННЯЎ УЛАДЗІСЛАВА СЫРАКОМЛІ Успаміны
Культура
Прэзентацыя
Інтэрв’ю
Мастацтва кіно
|
Ірына БАГДАНОВІЧ
НАТХНЁНЫ ПАЛАНЭЗАМ І НАРОДНАЙ ПЕСНЯЙ:
Да 90-годдзя з дня нараджэння
|
|
Арсень Ліс (04.02.1934–28.05.2018) быў незабыўна-яркай асобай, напоўненай святлом усіх зорак Беларусі, пра якіх ён пісаў, а потым сам дзяліўся гэтым святлом з кожным, каго сустракаў на навукова-творчым шляху. Хапіла гэтага святла ў свой час і аўтару гэтых радкоў — пры сустрэчах у навуковым фармаце, у асабістых гутарках і тэлефонных размовах Арсень Сяргеевіч заўсёды быў шчодры на слушныя парады і кансультацыі, цікавіўся, над чым працую, падтрымліваў навукова-творчыя планы і пошукі. Арсень Ліс быў для мяне і майго пакалення прыкладам працавітасці, сціпласці, рэалізацыі напоўніцу тых дароў-талентаў, якія атрымаў ад Бога, а потым развіваў у часе адукацыі, працы настаўнікам і выдавецкім рэдактарам, каб стаць, сапраўды, тым найруплівым працаўніком у вінаградніку Божым — вінаградніку Беларусі, яе культуры і гісторыі, распазнаўшы сваё жыццёвае пакліканне. А выспявала гэтае пакліканне, найверагодна, яшчэ ў дзяцінстве і юнацтве ў яго родных мясцінах — у маляўнічай вёсцы з дзіўнай назвай Вётхава на Смаргоншчыне, зусім побач з легендарным Залессем — маёнткам аўтара славутага паланэза «Развітанне з Радзімай» Міхала Клеафаса Агінскага. Сама прырода тых мясцінаў з інтэграваным у яе сядзібна-паркавым ансамблем, з гукамі паланэза, растворанымі ў памяці паветра і ў шолаху старадаўніх дрэваў, натхнялі на высокія памкненні і мары. Яны памнажаліся таксама багатым рэпертуарам з маленства чутых народных песняў, якія спявалі аднавяскоўцы і якія пазней ужо акадэмічны даследчык-фалькларыст Арсень Ліс будзе, прыязджаючы, запісваць на дыктафон, каб вывучаць гэтыя скарбы народнай душы.
У якасці сімвалічнага motto гэтых юбілейных разважанняў возьмем радок з верша Рыгора Барадуліна «Споведзь калосся», прысвечанага Арсеню Лісу. Верш напісаны ў 1980 г. у форме санета, паэт апісвае лёс мастака Язэпа Драздовіча, пра якога ў той час збіраў матэрыялы і пісаў кнігу Арсень Ліс. Кніга «Вечны вандроўнік» выйдзе толькі ў 1984 г., але, відавочна, Барадулін ведаў нашмат раней пра захапленне свайго сябра творчасцю легендарнага мастака-вандроўніка, бо ўжо былі яго публікацыі ў перыядычным друку. Кніга А.Ліса пра Драздовіча стала ў сваім часе сапраўдным адкрыццём, яна вяртала мастака з паўзабыцця, паказвала яго як нацыянальнага генія і прарока. Верш Барадуліна яднаў у сабе абедзве постаці — і мастака, і яго даследчыка, а заключны радок гучаў як філасофская метафара шляху, якая падсумоўвала плён духоўнага набытку кожнага: «Для споведзі калосся спее жыта».
Праз гэтую трапную метафару можна ўбачыць увесь навукова-творчы шлях даследчыка: ад прарастання «зерня» на вётхаўскіх абшарах пад гукі паланэза і народнай песні, да яго ўзрастання праз карпатлівую акадэмічную працу да «споведзі калосся» — спелага плёну творчых працаў, якія стануць фундаментам нашай нацыянальнай навукі і культуры ў тых шматгранных кірунках дзейнасці, у якіх рэалізоўваліся талент і зацікаўленні навукоўца. А гэта гісторыя Беларусі і яе шлях да нацыянальнага адраджэння, лёсы розных дзеячаў грамадскага руху на гэтым шляху; гэта народная песня і ў цэлым народная культура, фалькларыстыка; гэта краязнаўства, беларускае мастацтва і беларуская літаратура. І ўсюды, у кожнай з галін даследаванняў — грунтоўны плён, вывучэнне крыніц, паглыбленне ў лёсы сваіх герояў, ліставанне са сведкамі той нядаўняй, але і даўняй, бо ўжо сышоўшай, эпохі, у якой жылі і дзейнічалі яго героі. Мне пашчасціла бачыць у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва ў фондзе Арсеня Ліса (Ф. 536; складаецца з 316 –ці адзінак захавання) тыя шматлікія дакументы, якія ён як даследчык старанна шукаў, збіраў, «адкопваў» з-пад пылу часу, на іх грунце будаваў свае грунтоўныя навукова-даследчыя і навукова-папулярныя працы — артыкулы, нарысы, кнігі, прысвечаныя як асобным дзеячам (Пётра Сергіевіч, Язэп Драздовіч, Мікола Шчакаціхін, Аркадзь Смоліч, Браніслаў Тарашкевіч ды іншыя), так і канцэптуальным праблемам нацыянальнага быцця беларусаў у культурна-гістарычным вымярэнні. Плён гэтай «споведзі калосся» быў у свой час сабраны ў фундаментальныя тамы яго працаў: «Цяжкая дарога свабоды: Артыкулы, эцюды, партрэты» (1994); «Gloria victis: Збор твораў» (2010); «Выбранае» (серыя «Беларускі кнігазбор», 2014). Пры яго чынным удзеле і пад яго навуковым кіраўніцтвам выходзілі шматлікія (42) акадэмічныя тамы серыі «Беларуская народная творчасць», у якіх была сабрана і прааналізавана народная культура Беларусі ў яе разнастайных праявах і формах.
Кнігі Арсеня Ліса адкрывалі малавядомыя старонкі гістарычнага лёсу Беларусі, стваралі яе нацыянальны пантэон, вяртаючы з небыцця і забыцця імёны і справы годных дзеячаў на ніве дзяржавабудаўніцтва, культуры, мастацтва, літаратуры. Так, яго артыкул «Цяжкая дарога свабоды» (напісаны ў 1993 г.), які даў назву ўсёй кнізе, быў прысвечаны асобе Аркадзя Смоліча — яго грамадскай і навукова-асветніцкай дзейнасці, яго ролі ў нацыянальным адраджэнні беларусаў. Толькі незадоўга перад гэтым, у 1989 г., Аркадзь Смоліч, ахвяра сталінскіх рэпрэсій, быў рэабілітаваны, і быў перавыдадзены яго славуты падручнік. Арсень Ліс пісаў: «Праз паўвека пасля забароны самога імя Аркадзя Смоліча выходзіць галоўная кніга яго жыцця — „Геаграфія Беларусі“. Праўда перамагае, праўда, без якой нельга адрадзіць беларускі народ і яго зямлю, не дарам паложаную, па справядлівым сцверджанні Смоліча, пасярод Еўропы» [4, с. 242]. Уражвае, наколькі думка даследчыка, яго акцэнт на праўдзе, якая перамагае, блізкая і сугучная евангельскім словам Хрыста: «І пазнаеце праўду, і праўда зробіць вас вольнымі» (Ян 8, 32). На гэтым пазнанні праўды пра гістарычны лёс народа і яго скіраванасць у будучыню грунтуюцца, без перабольшвання, усе навуковыя працы Арсеня Ліса, пра каго б ён ні пісаў.
|
| Аўтограф верша А. Ліса, дасланы ў часопіс «Маладосць». |
У шматгранных кірунках творчай дзейнасці даследчыка значнае месца займае і беларуская літаратура. Літаратуразнаўчыя працы Ліса маюць не меншую вартасць, чым яго фальклорныя, мастацтвазнаўчыя і гісторыка-культурныя даследаванні. Асабліва значны яго ўклад у вывучэнне літаратуры Заходняй Беларусі — ізноў жа яе малавядомых старонак і паўзабытых аўтараў. Фундаментальнае навуковае значэнне мае напісаны А. Лісам з новых, ужо постсавецкіх пазіцый, аналітычны раздзел «Літаратура Заходняй Беларусі» ў чатырохтомнай акадэмічнай «Гісторыі беларускай літаратуры» (т. 2, 1999). Асобныя артыкулы даследчык прысвяціў малавядомым заходнебеларускім паэтам, многіх з якіх фактычна адкрываў для грамадскасці — Хведару Ільяшэвічу, Валянціну Таўлаю, Анатолю Бярозку, Міхасю Машару, Алесю Салагубу. Сваёй увагай не абмінуў ён і Уладзіміра Дубоўку, які пасля рэабілітацыі вяртаўся на пачатку 1960-х гг. да літаратурнай працы: адзін з першых артыкулаў пра творчасць Дубоўкі «Моц і хараство паэтычнага слова» належаў менавіта Арсеню Лісу і быў апублікаваны ў часопісе «Маладосць» (1960, № 7).
Вельмі кранальны артыкул-успамін прысвяціў Арсень Ліс Уладзіміру Караткевічу: пад назвай «Годна, з любасцю» ён завяршаў кнігу «Цяжкая дарога свабоды». У 1957–1959 гг. Ліс працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР, дзе яму выпала спрычыніцца да рэдагавання першага паэтычнага зборніка Караткевіча «Матчына душа». З таго часу захаваліся два лісты Караткевіча да Ліса. У першым з іх, ад 21 красавіка 1958 г., паэт звяртаецца да адрасата афіцыйна — «Тав. Ліс» — і піша, што, атрымаўшы карэктуру зборніка, быў абураны многімі няслушнымі, на яго думку, праўкамі, а асабліва выкіданнем многіх дарагіх для яго радкоў і нават вершаў. Рэдактарам зборніка быў Антон Бялевіч, але ўсе справы ішлі праз Ліса як загадчыка рэдакцыі, таму паэт звяртаўся менавіта да яго і пасля шматлікай аргументацыі прасіў абараніць яго творы: «Слухайце, я ніколі не згаджуся на тое, каб іх выкінулі. Абараніце хоць Вы іх, т. Ліс», — прасіў Караткевіч [2, с. 82]. Відавочна, што малады рэдактар чула ўспрыняў творчыя клопаты маладога паэта і адгукнуўся на іх з усёй шчырасцю, стараючыся выправіць сітуацыю і паспрыяць максімальна поўнаму выданню кнігі будучага класіка нацыянальнай літаратуры. Караткевіч быў, несумненна, рады і задаволены тым, як склаліся справы з выданнем яго першай кнігі. Аб гэтым сведчыць яго наступны ліст, які ён пачынае ўжо зусім іншым — не афіцыйным, а сяброўскім — зваротам і выказвае падзяку адрасату: «Дарагі Арсень! <...> Шчыра дзякую за тое, што Вы ўлічылі мае некаторыя заўвагі і далі ім ход <…> Хочацца як-небудзь добранька паразмаўляць з Вамі пра музыку, вершы, мастацтва і іншыя важлівыя справы» [2, с. 84]. Далей Караткевіч выказвае жаданне як найхутчэй пабачыць сваю кніжку і ў жартаўлівай форме складае прароцтва свайму будучаму творчаму лёсу: «Цікава, калі ксёнжка мая няшчасная пабачыць свет? Якія меркаванні ходзяць наконт гэтага? Вельмі хацеў бы пабачыць хутчэй гэта суцяшальнае для мяне і страшнае для чытачоў відовішча. І наогул, калі я памру, папрашу, каб на маёй магіле выбілі:
«Я аўтар кашмарных паэм і санетаў.
Мне людзі заплоцяць бяссмерцем за гэта.
Моцна цісну руку. Жадаю шчасця. Ваш Уладзімір» [2, с. 84].
У сваім артыкуле пра Караткевіча А. Ліс згадвае многія іншыя выпадкі судакранання іх творчых лёсаў, якія ствараюць жывыя карціны літаратурнага жыцця 1960–1980-х гг., а таксама дадаюць вельмі яскравыя штрыхі да постаці Уладзіміра Караткевіча ў наша сённяшняе ўспрыманне генія роднай літаратуры, вельмі блізкага нам па часе і светаадчуванні.
Адной з ключавых постацяў у навуковым дыскурсе А. Ліса быў, несумненна, Язэп Драздовіч. Кніга пра яго «Вечны вандроўнік» (1984) — узор высокай дакументальна-мастацкай прозы. Яна — такі ж нацыянальны беларускі скарб, як і творы самога героя гэтай кнігі, прычым не толькі мастацкія, дэкаратыўна-прыкладныя, але і літаратурныя, бо Драздовіч меў таксама яркі пісьменніцкі талент. І Арсень Ліс не абышоў увагай цудоўную гісторыка-легендарную паэму мастака «Трызна мінуўшчыны», а таксама яго арыгінальную прозу і мемуарыстыку. «Драздовіч стане яго лёсам, яго наканаваннем», — напіша пра значэнне постаці Драздовіча ў навуковай біяграфіі даследчыка аўтар прадмовы да яго кнігі «Выбранае» Міхась Казлоўскі [6, с.10]. Менавіта Ліс вярнуў «зорку» Драздовіча ў «культурныя нябёсы» Беларусі. І гэта слушна! Нездарма ж і барадулінскі верш, прысвечаны А. Лісу, распавядае нам менавіта пра Драздовіча — пра сімвалічны лёс мастака-творцы ў духоўнай прасторы айчыны і свету: «Язэп Драздовіч выразаў кійкі // Як посахі вяртання да вытокаў. // Намацаўшы карэння вузлякі, // Сягае вольна думка да аблокаў. // Разьбярства цвёрдасць трэба для рукі. // Не баючыся кпін, ані папрокаў, // Вандруюць мастакі, як жабракі, // Каб пасля смерці ўзняцца да прарокаў» [1, с. 37]. Сказанае паэтам пра Драздовіча ў поўнай меры датычыць аўтара кнігі пра яго: Арсень Ліс таксама «намацваў вузлякі карэнняў» нацыянальнай культуры, каб вяртацца да яе вытокаў і злучаць з імі яе сучаснае рэчышча.
У архіўным фондзе А. Ліса захавалася машынапісная копія гэтага верша з аўтографам Барадуліна. Гэта кароткі ліст-зварот да адрасата, у якім паэт вельмі трапна характарызуе асобу свайго сябра, што вельмі важна, таму прывядзем гэты архіўны дакумент цалкам: «Дарагі Арсень! У такім варыянце верш пайшоў у набор у маім зборніку «Вечалле». Таму перадаю табе не першы адбітак машынапісу. Дзякуй табе, што ты ёсць у нашай роднай культуры — шчыры, спагадлівы, узнёсла-чысты. Пасля кожнай сустрэчы з табой і жыць хочацца, і пісаць хочацца. Яшчэ раз — дзякуй за ўсё! Твой Рыгор. 6.ІХ.80. Мінск» (БДАМЛіМ. Ф. 536, воп. 1, адз.зах. 261, арк. 1).
Захавалася яшчэ адно красамоўнае сведчанне пра асобу А. Ліса, якое належыць Івану Пташнікаву і цытуецца тут таксама паводле архіўнага рукапісу яго ўспамінаў, датаваных 1992 г.: «Арсень Ліс быў першым і слухачом і крытыкам маіх ранніх празаічных опусаў. Нават чытаў і слухаў такія, якія я пасля, не шкадуючы, знішчаў. Мы здружыліся з ім яшчэ ў выдавецтве ў Матузава (так называлі Дзяржаўнае выдавецтва БССР, дзе той быў дырэктарам). Ліс — зямляк славутага Агінскага, прыгожы, шчыры, нацыянальны да ніткі, — таксама пісаў вершы. Не шмат, а пісаў і друкаваў. Найбольш пра каханне» (БДАМЛіМ. Ф. 405, воп. 1, адз.зах. 101, арк. 6).
Такія акцэнты на рысах творчай асобы Арсеня Ліса, сапраўды, вельмі важныя: яны нам дапамагаюць зразумець, як жа выспявала «жыта» яго творчасці для той «споведзі калосся», што сталася дабрадайным плёнам яго шматлікіх кніг. Згадка І. Пташнікава пра тое, што «Ліс <…> таксама пісаў вершы», вяртае нас ізноў да вытокаў, да пачаткаў разнабаковай творчай дзейнасці Арсеня Сяргеевіча. Нас чакае тут адкрыццё, хоць яно і не дзіўнае: Арсень Ліс пачынаў як паэт! І яго ранняя паэзія, апублікаваная ў часопісе «Маладосць» (1959, № 1) і ў зборніку паэзіі студэнтаў і выпускнікоў БДУ «Падарунак» (1958), вылучаецца высокім мастацкім узроўнем — прыгожая, вобразная, натхнёная! У архіве захаваўся рукапіс згаданай падборкі, дасланай аўтарам у часопіс «Маладосць», рэдактарам якога на той час быў Пімен Панчанка. Публікацыі папярэднічала невялічкая біяграма. У аўтарскім рукапісе падборку адкрываў верш «Вясновы парыў» — вельмі тонкая лірыка, настраёва ўзрушаная, з выразным патрыятычным акцэнтам. Гэты верш можа ўспрымацца як эстэтычнае крэда маладога творцы: у ім усё важна, усё складаецца ў будучы лёс, прадвызначае выспяванне творчага «калосся»:
|
Сэрца ў абшар парывае, |
Можна заўважыць, што ўжо тут прадбачыцца і будучае захапленне Драздовічам, і ўсімі героямі яго падарожжаў у гістарычную і культурную прастору Бацькаўшчыны, якая «парывае сэрца ў абшары», а рукі — да нястомнай працы: у архівах, за аркушамі паперы…
|
| Машынапіс верша Р. Барадуліна, прысвечанага А. Лісу, з аўтографам аўтара. |
Таленавітая паэзія стала для А. Ліса тым жыватворчым ручаём, які ператварыўся ў глыбакаводную раку творчых справаў у разнастайных гуманітарных сферах. Ва ўсіх іх нібы раствораны «эліксір паэзіі» — дух творчасці, той самы, што «сэрца ў абшар парывае». Захаваўся вельмі цікавы ліст У. Дубоўкі да А. Ліса, у якім той дае высокую ацэнку яго паэзіі. Ліст з Масквы датуецца 16 чэрвеня 1965 г. Да гэтага ўжо, у 1960 г., быў апублікаваны ўдумлівы артыкул маладога даследчыка пра Дубоўку «Моц і хараство паэтычнага слова», у якім ён высока ацаніў творчасць толькі што рэабілітаванага паэта. У іх завязалася перапіска, склаліся прыязныя асабістыя стасункі. Ліс звяртаўся да старэйшага калегі па парады, збіраючы звесткі пра герояў сваіх будучых працаў, якіх мог ведаць у свой час Дубоўка. У прыватнасці, згаданы ліст Дубоўкі быў адказам Лісу на яго пытанні пра збіральніка беларускіх народных песень Антона Грыневіча, які таксама пацярпеў у часе сталінскіх рэпрэсій...
Праз некалькі гадоў у часопісе «Маладосць» з’явіцца таксама першы артыкул нядаўняга выпускніка БДУ пра беларускую народную песню — «Неўміручыя народныя скарбы» (1959, № 6). Даледаванне фальклору, беларускай народнай культуры стане ў далейшым галоўным кірункам навуковай дзейнасці Арсеня Ліса, ён стане доктарам філалагічных навук, загадчыкам аддзела ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі, дзе да апошніх дзён жыцця будзе годна выконваць сваё высокае служэнне на ніве роднай культуры паводле паклікання і талентаў, шчодра дадзеных яму Панам Богам.
Сярод апошніх прыжыццёвых публікацый Арсеня Ліса адметнае яго вяртанне да паэзіі. Цудоўная паэтычная падборка «Вершы адной маладосці» з’явілася ў 2015 г. у часопісе «Наша вера». І яшчэ раз адкрылася, якой жа ўзнёсла-паэтычнай была душа даследчыка, цудоўным чынам перамяняючы паэтычнае ўспрыняцце свету ў плён навукова-даследчай працы! Падборку адкрывае верш 1957 г., які захапляе сваімі вобразнымі асацыяцыямі і акцэнтамі: «Так зажадалася вясны: // Пралесак, сонечных праменняў…» У цудоўным парыве натхнення паэт апісвае шматлікія праявы вясновага настрою, свае мары-летуценні, каб зноў вярнуцца да галоўнага задання жыцця:
|
А потым зноў — да працы той, |
Сімвалічны і таямнічы вобраз «Яе» тут можна прачытаць па-рознаму: і як вобраз каханай дзяўчыны і, найверагодней, як вобраз той самай Працы, у якую быў улюбёны аўтар радкоў з юнацтва да канца жыцця і жыў Ёю, сапраўды, «да апошняга дыхання».
Мы бачым тут ізноў жа акцэнт на відавочнай сакралізацыі працы, якая ўспрымаецца не як дакучлівы абавязак, а як высокае пакліканне ўсяго жыцця — пакліканне да сатворчасці з самім Панам Богам, які і даручыў падобную місію чалавеку. Пра гэта ж сведчыць і верш «Вясновы парыў» з яго ключавымі радкамі: «Сэрца ў абшар парывае, // Рукі — да працы любімай…», у якія сімвалічна ўкладваўся ўвесь жыццёвы і навукова-творчы шлях паэта-вучонага. Яго заахвочвала да гэтага шляху «веліч, прыгожасць Радзімы», якую ён адчуваў «востра, як боль». Невыпадкова менавіта гэтыя чатыры радкі з верша «Вясновы парыў» выбіты на каменнай раскрытай кнізе на помніку Арсеню Лісу на могілках, дзе ён пахаваны, паміж роднай вёскай Вётхава і Залессем Агінскага.
...Мы зазірнулі ў пачаткі і дакрануліся да таго велізарнага плёну навукова-творчага жыцця, які пакінуў нам у спадчыну Арсень Ліс — дарагі і незабыўны Настаўнік, Дарадца і Сябра, Вучоны і пры гэтым вельмі сціплы, чулы чалавек, руплівы і нястомны працаўнік. Калі хочам вандраваць у Беларусь, у сэрца яе культурных скарбаў — чытайма Ліса! Хадзем ягонымі сцяжынамі, як ён хадзіў сцяжынамі сваіх герояў! І ён выведзе нас да Праўды, Хараства, Святла — туды, дзе ззяе над лёсам Беларусі зорка Венера, гучыць паланэз Агінскага, перамервае родны абшар кій Язэпа Драздовіча.
Для ілюстрацый выкарыстаны матэрыялы з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва:); Ф. 37 (часопіс «Маладосць»); Ф. 536 (А. Ліс).
Літаратура:
|
|
|