Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(110)/2024
Юбілеі

QUIS UT DEUS
Асобы

ПАТРАБАВАЛЬНЫ ПАПА
Пераклады
Асобы

СУРАЗМОЎЦА ГАРАЦЫЯ
Літаратуразнаўства
Асобы
Проза

ЛУЧАЙСКІ КАСЦЁЛ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Літаратуразнаўства

ВЕРШЫ
Успаміны

СВЯТЛО ВІГІЛІІ
Культура
Прэзентацыя
Інтэрв’ю
Мастацтва кіно

Паліна ГРЫБ

ЮРЫЙ ГАБРУСЬ.
ЧАЛАВЕК, ПАКЛІКАНЫ
БЫЦЬ АРГАНІСТАМ

Кожны чалавек — маленькая планета, якая не толькі жыве па сваіх законах, але і мае сваё асаблівае свячэнне на зорным небе, абавязкова свайго непаўторнага колеру. А ёсць людзі, планеты якіх маюць не толькі колеры, але і гукі, мелодыі, яны гучаць і гучаць, то цішэй, то трывожна і напружана, то радасна і прыветна, але гучаць заўсёды, бо, аднойчы пасяліўшыся ў душы, музыка ўжо не пакідае чалавека, і вялікае шчасце, калі ён не пакідае яе...

Наша сённяшняя планета — Юрый Габрусь, вядомы арганіст і руплівы даследчык гісторыі арганнай музыкі. Музыка ў яго жыцці гучала заўсёды, але аднойчы малады чалавек глубока і назаўсёды ёю захварэў.

 

— Я маю кантрэтную дату пачатку маёй арганнай «хваробы» — гэта 2 кастрычніка 1995 года. Мая маці адзначала свой пяцідзесяцігадовы юбілей, і ёй падарылі кружэлку з арыямі барока Ірыны Архіпавай у Домскім саборы. Гэты запіс мяне так запаліў, я вельмі шмат яго слухаў, а пасля пачаў збіраць іншыя кружэлкі, хадзіць у філармонію. На той момант у мяне за плячыма была музычная школа, але я не практыкаваў заняткі музыкай і ўвогуле збіраўся стаць хімікам, таму ў мяне не было нават спадзяванняў, што некалі я змагу граць сам. І ўжо толькі ў 1996 годзе неяк, паглядзеўшы ўспаміны Рыхтэра, я сеў за фартэпіяна і пачаў не толькі практыкавацца, але нават спрабаваць выконваць нешта з арганнай праграмы, на ўзроўні хобі. І вось праз сем год такіх заняткаў, калі я быў ужо на пятым курсе ўніверсітэта, мяне запрасілі граць на аргане ў касцёле святога Роха. Там я ўпершыню сеў за інструмент, але мне пашчасціла, бо паралельна я пачаў граць у Новаапостальскай царкве, практыкі было адразу шмат. Я даволі хутка адаптаваўся да арганнай спецыфікі, асвоіў педалі, не памятаю нейкіх перашкодаў. У тыя часы мне вельмі дапамагала Святлена Немагай, а потым я ўжо пачынаў праходзіць розныя майстар-класы, больш аддана займаўся сам, выпрацоўваў сваю сістэму заняткаў. У часе навучання ў аспірантуры хімічнага факультэта прыходзілася па дзевяць гадзін праводзіць у лабараторыі арганічнай хіміі, а потым практыкавацца ноччу, але гэта быў шчаслівы час. І так арганы сталі справай майго жыцця.

 

— У 2012 годзе Вы скончылі Акадэмію музыкі і драмы Гётэборгскага ўніверсітэта. Ужо падчас вучобы ў Вас было шмат гастроляў па Швецыі і Германіі і ў сваёй канцэртнай дзейнасці Вы аддавалі перавагу нямецкім кампазітарам. Дзякуючы Вам мінскаму слухачу пашчасціла пачуць увесь рэпертуар Дытрыха Букстэхудэ і Ёгана Себасцьяна Баха, разам з творамі, якія амаль не выконваюцца, а таксама з творамі, аўтарства якіх падвяргаецца сумніву, але можа належаць яго вучням. Раскажыце пра гэта.

— Вядомы музыка Алег Янчанка сказаў неяк, што нельга быць прафесійным арганістам, калі ты сур’ёзна не вывучаў творчасць Баха, а сам Янчанка, дарэчы, першы чалавек у Савецкім Саюзе, які выканаў усяго Баха. І гэта было ў Беларусі, у філармоніі, на пачатку 1970-х гадоў. Потым і я рабіў такую праграму. Мне вельмі блізкі паўночна-нямецкі рэпертуар, таксама вельмі падабаюцца і вялікія французскія рамантыкі, але ў Беларусі няма адпаведнага інструмента, каб іх граць, а на тых, што ёсць, гэтыя творы проста не гучаць. Французскі сімфанічны рэпертуар вельмі яркі, яго вельмі любіць публіка, але мы проста тэхнічна не маем магчымасці з ім канцэртаваць у Беларусі. І я асабіста больш «немец» у сваёй эстэтыцы. Магчыма, гэта і ўплывае на такое яшчэ і інтэлектуальнае перажыванне мною музыкі, бо асаблівасці французскай арганнай музыкі ў тым, што кампазітары больш інтравертныя, самі ў сабе, нават у манеры выканання ўсё даволі проста, таму іх лягчэй за ўсё засвойваюць студэнты. Проста выконваеш тое, што ў нотах, — і ўсё, ты ўжо малайчына. Нямецкія творы амаль заўсёды патрабуюць інтэрпрэтацыі. Як пісаў Альберт Швейцэр, у іх няма адзінай школы, кампазітар ад кампазітара моцна адрозніваецца, кожны шукаў натхненне ў сваіх накірунках. Асабіста ў мяне цяпер большая ўвага да нямецкай музыкі эпохі барока, бо я ў асноўным граю на аргане ў касцёле святога Францішка ў Новай Баравой, гэты інструмент больш прыстасаваны для выканання барочных твораў. Апошнім часам я надаваў шмат увагі творам Дытрыха Букстэхудэ, ён быў адным з настаўнікаў Баха, адным з найбуйнейшых клавірных кампазітараў дабахаўскай эпохі. Але ён пісаў не толькі для клавіра, і на плыні адраджэння старадаўняй музыкі на Захадзе яго імя цяпер зусім не рэдкае. Я граю ўсяго Букстэхудэ, і цікава, што гэта той аўтар, у якога амаль няма слабых твораў.

 

— Мы ведаем, што пачуць музыку арганаў у Вашым выканнанні можна ў касцёле святога Францішка ў Новай Баравой у Мінску. Там перыядычна ладзяцца так званыя музычныя набажэнствы, формаю якіх Вы захапляліся некалі ў Швецыі.

— Канцэрт у касцёле не павінен быць проста канцэртам, але павінен спалучацца са Словам, таму ў маіх праграмах заўсёды ёсць месца для казання. Да таго ж, гэта цудоўны момант для евангелізацыі. На канцэрты прыходзяць розныя людзі: не толькі практыкуючыя католікі і парафіяне, а таму дзе, як не ў касцёле, гучаць гэтай музыцы, што ўслаўляе Бога?

 

— Сапраўды, арганная музыка з’яўляецца даволі моцным Божым інструментам для таго, каб прамаўляць да душы чалавека, нават стомленай і спрацаванай, таму гэты інструмент у першую чаргу асацыюецца з касцёламі, але ў нашай гісторыі склалася крыху інакш, узнік свой асаблівы кантэкст.

— Ва Ўсходняй Еўропе цяпер адчуваецца вялікі попыт на арганную музыку. Тое ж можна сказаць і пра нашу краіну, але нам пакуль рана казаць пра менавіта беларускую арганную культуру. Я вывеў гэты тэрмін са сваіх навуковых тэкстаў, бо слова «культура» прадугледжвае пэўную пераемнасць, а ў нас яе няма: альбо мы не маем звестак пра рэпертуары цэлага стагоддзя, альбо не ведаем выканаўцаў, а калі нават ведаем імёны, то часта больш нічога, акрамя... Са старых класічных арганаў маем толькі будслаўскі, які захаваўся амаль некранутым. Пра пераемнасць і сапраўды культуру можна казаць на прыкладзе краінаў Заходняй Еўропы, у нас жа зусім іншы кантэкст. І вось я менавіта і ўводжу слова «кантэкст», бо гэта інтэгральны канцэпт, які аб’ядноўвае папярэднюю гісторыю беларускай арганнай музыкі з сучаснай, апісвае тую сітуацыю, якая склалася ў абставінах, калі казаць пра адзіную культуру немагчыма. Мы маглі б сказаць, што вось цяпер, сёння, маем нейкую арганную культуру, але, згодна з Уладзімірам Неўдахам, я лічу гэта таксама цалкам аб’ектыўным і слушным. Культура арганнай музыкі прадугледжвае тры сферы: выканальніцтва, кампазітарства і будаўніцтва. Арганнага будаўніцтва ў нас няма наогул. Ёсць майстры, якія могуць зрабіць асобны элемент альбо адрамантаваць інструмент, але няма такога, каб нехта цалкам зрабіў арган і паставіў яго касцёлу, як гэта рабіў Фларыян Астрамецкі з Гродна ў канцы XIX стагоддзя. Да ХХ стагоддзя мы належалі да агульнаеўрапейскага кантэксту, шмат майстроў з сучасных суседніх дзяржаваў займаліся будаваннем арганаў у нашых касцёлах, напрыклад, Эміль Марцін, віленскія браты Бярнацкія, але калі афіцыйна не стала Касцёла — знікла і арганная культура будавання. Цікава, што якраз канец ХІХ–пачатак ХХ стагоддзя — гэта росквіт арганабудаўніцтва: большая частка захаваных інструментаў паходзіць менавіта з таго перыяду. А вось культура выканальніцтва, канцэртаванння і сталы рэпертуар тады не паспелі ўзнікнуць.

Інструментарый ёсць, але незразумела, што з ім рабіць. І ўсё пачало адраджацца толькі тады, калі ўзнікла так званая камісія па арганабудаўніцтве пры Маскоўскай кансерваторыі, якая нібы апраўдвала існаванне арганнай музыкі не толькі ў якасці рэлігійнай, каб не знікла ўвогуле такая спецыяльнасць. І тады пачалі будаваць філарманічныя інструменты. І вось тады ж узнікла даволі штучнае дзяленне на канцэртнага і касцёльнага арганіста, вядомае нам цяпер. Відавочна, у тыя часы касцёльнага арганіста як з’явы быць не магло; касцёлы самі захоўвалі свае арганы, як маглі.

 

— Дзякуй Богу, сучасная зацікаўленасць грамадскасці, развіццё выканальніцтва і актыўная даследніцкая дзейнасць спрыяе таму, каб беларускі арганны кантэкст паступова мог імкнуцца да ганаровага паняцця «культура». Прычым, культура адметная.

— У нас склалася сітуацыя, пры якой можна падзяліць кампазітараў на тых, якія шмат ведаюць пра арган, і тых, якія нічога пра яго не ведаюць. Але гэта не азначае, што людзі дасведчаныя з’яўляюцца больш таленавітымі і лепш напішуць, таму што ўсё ж музыка — гэта музыка, гэта мастацтва, а не толькі веды і тэхніка. Кампазітар, які не ведае пра арган, можа напісаць нязручна для выканаўцы, але ў яго можа быць вельмі шмат цікавых ідэй, і ён не прывязаны да штампаў, да якіх мы прызвычаіліся. Хоць заўсёды вельмі прыемна бачыць, калі напісана граматна. Я ў сваіх даследаваннях выдзеліў некалькі напрамкаў, сярод якіх ёсць кансерватыўны, наватарскі, але яшчэ і, напрыклад, функцыянальны, які народжаны выключна касцёльным выканальніцтвам. Гэта творы, напісаныя адразу для храмаў. І гэта могуць быць як вельмі прафесійныя творы, так і даволі простыя, нават без педаляў, бо тут яшчэ важна ўлічваць, што граць гэта павінны касцёльныя арганісты, якія не заўсёды з’яўляюцца музыкамі па адукацыі. І вось гэты функцыянальны стыль — адна з адметных рысаў нашага сучаснага кантэксту. Нашым творам таксама ўласцівы своеасаблівы пафас, ён спачатку такі выключна савецкі, а потым робіцца рэлігійным. І, сыходзячы з гэтага, я вылучаю яшчэ асобна савецкі стыль. Цікава, што некаторыя яго буйныя творы плаўна перацяклі ў рэлігійную тэматыку. Савецкі стыль складаецца ў асноўным з патрыятычных твораў і твораў антываеннай скіраванасці. Цалкам лагічна гэты стыль паступова сыходзіць у 1990-х, калі творы, што раней былі прысвечаныя Леніну, пачынаюць прысвячацца, напрыклад, юбілею Францыска Скарыны. І атрымліваецца, што тэматыка сама па сабе знікае, а манера пісьма яшчэ застаецца. На жаль, ёсць і негатыўныя адметнасці нашага кантэксту, напрыклад, слаба развіты фалькларызм. Дзіўна, але гэта так нават у параўнанні з балтыйскай школай, дзе быў у свой час актыўны працэс народніцтва, было створана вельмі шмат цыклаў накшталт харальных прэлюдый, калі харал — духоўная песня — замянялася народнай. І вельмі шмат цікавых твораў, апрацаваных народных, было створана менавіта для арганаў. У нас няма амаль нічога такога. Да таго ж, складана аналізаваць беларускую арганную сітуацыю, бо ў савецкі час яна падаўлялася з-за відавочнай сувязі з рэлігійнай традыцыяй. Ну і не было асабліва ўмоваў для развіцця, бо за час сваёй дзейнасці арганная камісія збудавала ў Беларусі ўсяго тры арганы.

 

— Разам з выканальніцтвам Вы займаецеся таксама і даследчыцкай дзейнасцю...

— Але, акрэсліваючы сябе адным словам, я, безумоўна, назваў бы сябе найперш выканаўцам, а не даследчыкам, бо рэфліксіі і тэарэтызаванні — гэта другаснае, гэта пабочны эфект ад таго, што ты не можаш не здзіўляцца і не захапляцца музыкаю, якую ты граеш. Я магу вельмі шмат расказваць пра музыку, але гэта не будзе сама музыка. Да таго ж, я маю і кампазітарскі досвед: у мяне ёсць уласныя творы, яшчэ з часоў навучання, але я не лічу сябе кампазітарам, бо гэта таксама пакліканне, асобнае. Гэта калі ты маеш нешта, што не можаш не выказаць. А калі ты можаш не пісаць, то лепш не пішы. Вось я магу не пісаць. Але не магу не выконваць.

 

...І сапраўды, нам усім вельмі пашчасціла, што Юрый Габрусь не можа не выконваць, бо яго музычная планета — цудоўная і цікавая, населеная не толькі арганнай музыкай, але і гістарычнымі знаходкамі, цікавымі разважаннямі і бясконцым натхненнем, якое атрымліваеш, калі бачыш, наколькі шчаслівы гэты чалавек на сваім прафесійным шляху. Магчыма, беларуская навука страціла таленавітага хіміка, але беларускі Касцёл і беларускае мастацтва могуць ганарыцца такім цудоўным музыкам.

Размаўляла Паліна Грыб.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY