Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(110)/2024
Юбілеі

QUIS UT DEUS
Асобы

ПАТРАБАВАЛЬНЫ ПАПА
Пераклады
Асобы

СУРАЗМОЎЦА ГАРАЦЫЯ
Літаратуразнаўства
Асобы
Проза

ЛУЧАЙСКІ КАСЦЁЛ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Літаратуразнаўства

ВЕРШЫ
Успаміны

СВЯТЛО ВІГІЛІІ
Культура
Прэзентацыя
Інтэрв’ю
Мастацтва кіно

Уладзімір ЯГОЎДЗІК

СВЯТЛО ВІГІЛІІ

У снежні 1985 года, за пару тыдняў да навагодняга свята, рэдакцыя «ЛіМа» звярнулася да вядомых пісьменнікаў, мастакоў, артыстаў з просьбай расказаць пра свае здабыткі, падзяліцца творчымі планамі, але яны не спяшаліся адгукнуцца. На планёрцы галоўны рэдактар Алесь Жук сказаў, што пазваніў Івану Навуменку, які адпачываў у акадэмічным прафілакторыі, і даў мне заданне:

— Наведайся да яго, падрыхтуй матэрыял.

Пасля планёркі я пагартаў у бібліятэцы Дома літаратара навуменкаўскія раманы «Сасна пры дарозе» і «Вецер у соснах», аповесць «Вайна на Цітавай копанцы», якую чытаў у школьныя гады, і ў другой палове дня прыехаў на рэдакцыйнай «Волзе» ў заснежаны хваёвы лес непадалёк ад Ракава, дзе знаходзіўся прафілакторый.

Пачцівая дзяжурная паказала мне апартаменты віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук. Толькі хацеў пастукаць, раптам дзверы адчыніліся, і я ўбачыў перад сабой мажную мядзведзеватую постаць у шэрым світэры, мабыць, звязаным рукамі нястомнай рукадзельніцы. Прывітаўся, назваў сябе.

— Я Вас выгледзеў праз акно, — паціснуў маю далонь Іван Якаўлевіч, — праходзьце, распранайцеся.

У прасторнай гасцёўні стаялі канапа, часопісны столік, побач два мяккія крэслы. На століку, пад шкляной вазай з пахучымі сасновымі лапкамі, ляжалі дзве рукапісныя старонкі.

— Гляньце, штосьці накідаў… Праўда, там шмат правак.

Я прабег вачамі па тэксце, праясніў два-тры нечытэльныя словы. Падзякаваў, хацеў развітацца, але пачуў:

— Вы спяшаецеся?

— Не, не спяшаюся, я ўжо выканаў даручэнне рэдактара…

— Мая жонка каталічка, а сёння вігілія, святая вячэра, — сказаў Іван Якаўлевіч. — Сам я праваслаўны, таму адзначаю абодва святы. Па традыцыі на вігілію, каб не паўтарыць грэх людзей, якія перад нараджэннем Збавіцеля не далі прытулак Святой Сям’і, частуюць любога, нават выпадковага госця. А за стол садзяцца з першай зоркай. Мы не надта саграшым, калі пачнем трошкі раней.

Праз хвіліну пад хваёвымі лапкамі стаялі кубкі з гарачаю гарбатаю, талерка з бутэрбродамі і нарэзаным лімонам...

Мы ўпершыню святкавалі разам: старшыня Вярхоўнага Савета, масціты пісьменнік, які выдаў шасцітомны Збор твораў, і аўтар першай кніжкі. Прызнаюся, маладзён адчуваў сябе ўтульна, быццам трапіў на гасціну да сваяка ці даўняга знаёмага. Іван Якаўлевіч пацікавіўся, ці хапае ў «лімаўскім» партфелі добрай прозы, паабяцаў прынесці новае апавяданне. Я пахваліў яго «Вайну каля Цітавай копанкі», нават працытаваў з аповесці (недарэмна заглянуў у бібліятэку!) дзіцячую дражнілку:

Якаў, Якаў спаў з сабакам,
Ішоў Сідар, костку кідаў!

— Даўно напісана, у канцы пяцідзясятых, — адкінуўшы з лоба пасму густых валасоў, усміхнуўся мой суразмоўнік. — Шкада, пасля размінуўся з дзіцячай літаратурай, цяпер спрабую вярнуцца.

Мяне чакаў шафёр, праз паўгадзіны мы развіталіся. Прыехаўшы дамоў, я перадрукаваў тэкст, а рукапіс пакінуў сабе на памяць. Вось тыя пяць навуменкаўскіх абзацаў.

 

«Год мінулы быў для мяне юбілейным, трохі мітуслівым, не надта спрыяльным для творчай работы, якая патрабуе адасобленасці. Прыбавілася грамадскіх абавязкаў: я маю на ўвазе свой удзел у рабоце Вярхоўнага Савета БССР. Тым не меней стараўся пісаць.

У мінулым годзе выйшаў асобным выданнем мой раман «Летуценнік» (разам з папярэднім раманам «Смутак белых начэй»). Напісаў апавяданне «Якая доўгая вайна» і два драбнейшых, для дзіцячага чытання.

Вялікія надзеі пакладаю на год 1986. Спадзяюся закончыць раман «Асеннія мелодыі», які ляжыць на маім стале з восені 1983 г. Чаму ён называецца «Асеннія мелодыі»? Відаць, таму, што герой твора, вучоны-гісторык, знаходзіцца ў паважаным узросце. Хоць, трэба сказаць, і ў гэтым узросце з ім здараецца даволі рамантычная гісторыя.

Карацей, новы твор прысвечаны навуковай і творчай інтэлігенцыі, яе духоўным пошукам, падзеі ў ім адбываюцца ў нашы дні.

Ляжыць на маім стале не зусім завершаная п’еса «Вадзяны млын». Таксама пра духоўныя сяганні нашых сучаснікаў. Можа, удасца знайсці яе канчатковы варыянт і завязаць сувязь з якім-небудзь тэатральным калектывам. 24.12.1985 г. І. Навуменка».

 

У сярэдзіне 90-х я працаваў у рэдакцыі часопіса «Нёман». Аднойчы Іван Якаўлевіч прыйшоў да Анатоля Кудраўца. Кабінет галоўнага рэдактара быў зачынены, таму ён заглянуў у аддзел прозы.

— Выдатны аўтар наш дарагі госць! — падхапіўся я.

— А найлепшы той, які не назаляе, — пажартаваў пісьменнік.

— Прысядзьце, Анатоль Паўлавіч пазваніў, што праз паўгадзіны будзе.

— Не хачу Вам перашкаджаць. Пакуль ён з’явіцца, загляну ў газетны кіёск.

Праз хвілін дзесяць я выйшаў з кабінета. У цёмным калідоры, заклаўшы рукі за спіну, тупаў Іван Якаўлевіч. Убачыўшы мяне, ён заклапочана зірнуў на гадзіннік.

— Мабыць, не дачакаюся, спазнюся на канферэнцыю.

— Я скажу рэдактару, што Вы прыходзілі.

— Ведаеце, сёння раніцай прачытаў яго «Познія яблыкі». Дык вось, гэтае апавяданне нібы канспект цэлага рамана.

Ён падняў з падлогі свой пацёрты пузаты партфель, развітаўся і выйшаў на вуліцу. Неўзабаве з’явіўся аўтар «раманнага» апавядання. Я даслоўна перадаў пачутае і дадаў, што згодны з такой ацэнкай.

— Вапшчэткі, акадэмікі — людзі талковыя, — усміхнуўся ў шляхетныя вусікі Анатоль Паўлавіч. — Адзін мой прыяцель таксама спачатку атабарыўся ў малым фармаце, яму там стала цесна, і навеліст падаўся ў раманісты.

Я здагадаўся: прыяцеля звалі Ігнат Сцяпанавіч, а па мянушцы Вапшчэткі. Гэта быў галоўны герой рамана «Сачыненне на вольную тэму».

 

Восенню 2002 года Іван Якаўлевіч пазваніў мне на кватэру.

Я адразу пазнаў яго густы разважлівы голас, хоць мы дагэтуль не размаўлялі па тэлефоне.

— Добры дзень, гэта Навуменка.

— Я слухаю, Іван Якаўлевіч.

— Ведаеце, пагартаў ваш «Лесавік»… Вельмі патрэбнае выданне, асабліва для школы і дзіцячых садкоў.

— Дзякуй за добрае слова.

— Можа, надрукуеце маё апавяданне?

— А пра што яно? — спытаў я. — Як называецца?

— «Барсучаняты гуляюць».

— Выдатная назва, паставім у наступны нумар, — не раздумваючы, паабяцаў я. — Ганарар таксама не затрымаем.

— Разумны падыход, — павесялеў у слухаўцы голас, — дашлю на паштовую скрынку.

Неўзабаве я атрымаў паўтары старонкі тэксту. Напісана проста, сцісла, кожнае слова на месцы:

«Міхалка рана асвойтаўся ў лесе: яшчэ з таго часу, як пасвіў цялушку. У лесе добра. Хлопчыку здаецца, што ўсе навокал дрэвы — яго сябры. Вунь беластволая бяроза — стройная, маладая, з прыгожай прычоскай-шатром, яна здалёку вітае Міхалку. Пад гэтай бярозай аднойчы ён знайшоў белы крамяны грыб. Трошкі далей — сасна, якая таксама з Міхалкам у змове. Неяк проста так, дзеля смеху, ён паклаў на галінку сасны сінюю паску матэрыі, што ляжала ў кішэні. А праз дзень ці два заўважыў тую паску ў аснове гняздзечка, што віла сабе нейкая невялічкая шэрая птаха…»

Апавяданне было надрукавана ў «Лесавіку», у № 6 за 2002 год. З малюнкам маёй дачкі Веры, якая вучылася тады ў мастацкім ліцэі. Публікацыю адкрывала кароткая прадмова:

«Кожнае новае імя на старонках часопіса — свята для рэдакцыі і нашых чытачоў. Мы шчыра ўдзячныя народнаму пісьменніку Беларусі Івану Навуменку, аўтару многіх выдатных аповесцей і раманаў, за яго згоду супрацоўнічаць з “Лесавіком”».

Праз некалькі тыдняў я забраў у друкарні сігнальныя экзэмпляры і пазваніў Івану Якаўлевічу. Мы дамовіліся сустрэцца ў фае акадэмічнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа. На вокладцы часопіса быў партрэт мядзведзя, які зрабіў Ігар Бышнёў. Касалапы ўткнуўся носам у гронкі каліны, раскіданыя на заснежанай зямлі.

— Гэты калматы дзед не залёг у бярлогу, бо не нагуляў тлушчу, — усміхнуўся Іван Якаўлевіч.

— Ён заняў вокладку, — патлумачыў я, — бо мы не знайшлі фотаздымак вашых сімпатычных паласацікаў.

На апавяданне адгукнуліся юныя чытачы. Яны прыслалі ў «Лесавік» шмат сваіх малюнкаў, а там сапраўды было што маляваць.

«Хлопчык прылёг пад кустом ядлоўцу. Нечакана паблізу пачуўся нейкі шоргат. Пастушок зірнуў на барсучыную нару. Проста ў яго на вачах з нары адзін за адным выкаціліся тры паласаценькія звяркі, падобныя на малых парасят. І пачалі валтузіцца, гуляць паміж сабой. Міхалка аж залюбаваўся, такія былі яны пацешныя, так моцна захапіліся гульнёй. Раптам на сасне затрашчала сарока…»

Белабокая невыпадкова падняла вэрхал. Да барсучанят падкраўся шэры разбойнік, які трапляецца не толькі ў казках і апавяданнях.

2024 г.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY