Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(110)/2024
Юбілеі

QUIS UT DEUS
Асобы

ПАТРАБАВАЛЬНЫ ПАПА
Пераклады
Асобы

СУРАЗМОЎЦА ГАРАЦЫЯ
Літаратуразнаўства
Асобы
Проза

ЛУЧАЙСКІ КАСЦЁЛ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Літаратуразнаўства

ВЕРШЫ
Успаміны

СВЯТЛО ВІГІЛІІ
Культура
Прэзентацыя
Інтэрв’ю
Мастацтва кіно

Кс. Робэрт СКШЫПЧАК

ПАТРАБАВАЛЬНЫ ПАПА

Працяг.
Пачатак у № 1 за 2024 г.

Па-за песімізмам і аптымізмам

Пасля Другога Ватыканскага Сабору шмат дзе ў каталіцкай самасвядомасці адбылася пэўная рэзкая метамарфоза: тэалагічную цноту надзеі падмяніла свецкая катэгорыя аптымізму, якая на першы погляд здавалася больш асучасненым сінонімам надзеі, а насамрэч была яе супрацьлегласцю. Кардынал Ёзаф Ратцынгер тады тлумачыў, што «мэта аптымізму — утопія», а надзея — «гэта дар, які быў нам прадвызначаны; мы толькі чакаем Таго, Хто нам яго прынясе ў падарунак, чакаем Бога, які разам з Езусам паставіў свой шацёр у гісторыі». У сучасным стылі мыслення аптымізм выконвае ролю новай супердогмы і чагосьці настолькі абавязковага, што найбольшы грэх, які можа ўчыніць сучасны католік, — гэта грэх песімізму. У такім кантэксце Марыя Панна, якая ў сваіх пасланнях з Ля Салет і Фацімы папярэджвае Касцёл і свет аб выпрабаваннях і пераследах, магла б лічыцца безнадзейнаю песімісткаю. «Такі запланаваны аптымізм спрабавалі навязваць тыя, што пад выглядам рэформы намерваліся зруйнаваць стары Касцёл… Такі калектыўны аптымізм быў разнавіднасцю супакаяльнага сродку з мэтаю стварэння спрыяльнай атмасферы для мірнага разбурэння Касцёла і захопу ўлады над ім». Як саркастычна рэзюмаваў тагачасны прэфект Кангрэгацыі веравучэння, «няма цяжэйшага граху супраць духу эпохі, чым недахоп аптымізму». У імя гэтага аптымізму шмат дзе перасталі казаць пра першародны грэх, пра навяртанне і эсхаталогію. Тым часам Папа Бэнэдыкт падрыхтаваў энцыкліку пра надзею, у якой закрануў такія непапулярныя тэмы як пекла, неба, чысцец, Апошні Суд і, у рэшце рэшт, Антыхрыст. Пры гэтым Бэнэдыкт XVI заахвочваў крытычна зірнуць на ідалаў сучаснага хрысціянскага грамадства і таксама заклікаў да крытыкі актуальнай хрысціянскай прапановы гэтаму свету. Усім фанатыкам грамадскага прагрэсу і мадэрнізацыі ён паўтараў, што хрысціянства — гэта рэлігія не прагрэсу, а збаўлення. Энцыкліка Spe salvi — моцнае сцвярджэнне хрысціянскай веры, якая выступае ў вобразе надзеі.

Сучасны чалавек спазнае пэўную трывогу, што сыходзіць з рознага роду небяспекі, якую можна назваць ворагам надзеі. Яна можа быць як знешняю, так і ўнутранаю. Небяспека атакуе веру людзей звонку: праз культуру смерці і ідэалагічныя сілы, варожыя хрысціянству, а таксама — знутры: праз прасякнутасць каталіцкага ўяўлення і ўспрымання некаталіцкаю думкаю, схаванаю пад выглядам гуманістычнай, антыевангельскай атруты, якую Павел VI назваў «чадам сатаны ў святыні Бога». У асяроддзі сённяшніх інтэлектуальных універсітэцкіх элітаў гyру сучаснай надзеі, вызваленай ад рэлігійных «перажыткаў», лічыцца нямецкі марксісцкі філосаф Эрнст Блох, стваральнік «асновы надзеі» ў этыцы. Для яго біблійнае, хрысціянскае паняцце надзеі — гэта суб’ектыўная, індывідуалістычная і прыватная фантазія накшталт пошукаў Эльдарада ці элексіру вечнай маладосці. Як бы ўжо з вызначэння такая надзея ніякім чынам не можа ўплываць на фармаванне сучасных грамадстваў. На думку Блоха, толькі ў марксізме можна знайсці асновы рэальнай надзеі, асабліва ў яго савецкай падачы: «дзе Ленін, там новы Ерузалем».

Камуністычная ўтопія саступіла месца іншай, пачатак якой паклаў Фрэнсіс Бэкан. Ён звязаў навуку з практыкаю, узводзячы на гэтым прынцыпе новую надзею на тое, што чалавек можа вярнуць панаванне над прыродаю, страчанае праз першародны грэх. Сіла гэтай надзеі — у новай веры ў неабмежаваныя магчымасці розуму і прагрэсу, а яе мэта — пабудова шчаслівага, дасканала забяспечанага грамадства. Гэта «варварства думкі», як яго называў італьянскі філосаф Джамбатыста Віко, не ўлічвае межаў людскога прагрэсу. Тут небяспека крыецца ў стварэнні новай утопіі, якая грунтуецца на перакананні, што стварэнне дабрабыту дзякуючы навуцы і новым тэхналогіям дапаможа ажыццявіць у грамадстве ідэал нябеснага валадарства. Але ж поўнае валадарства дабра тут, на зямлі, ажыццявіць немагчыма, тым больш з дапамогаю людскіх рук і розуму.

Энцыкліка Папы Бэнэдыкта мела на мэце вызначыць якасныя далягляды таго, у чым можна мець надзею. Зразумела, навука спрыяе дабру чалавецтва, але «не навука адкупляе чалавека. Чалавека адкупляе любоў» (SS, 26). Для таго, каб усталяваць сваё жыццё на грунтоўным падмурку, чалавеку, па-за часоваю надзеяй, неабходна знайсці «вялікую на­дзею», якая павядзе яго «па-за» тое, што яму самому даступнае, павядзе да Бога.

Папа Бэнэдыкт указаў таксама на істотную ўнутраную пагрозу для хрысціянскай надзеі, увасобленую ў вядомай з Новага Запавету постаці Антыхрыста. У энцыкліцы ён спаслаўся на асцярогу, сфармуляваную Імануілам Кантам: «Кант меркаваў, што побач з натуральным канцом усяго можа заспець таксама іншы, супярэчны прыродзе, гэта значыць, перверсійны канец. Піша пра гэта так: „Калі б хрысціянства калісьці стала ўжо нявартым любові <...>, тады дамінуючай думкай людзей павінна была б стаць думка пра яго адкідванне і супрацьстаянне яму; антыхрыст распачаў бы — хоць і на кароткі час — сваё панаванне (заснаванае, як мяркуецца, на страху і эгаізме). Але потым, паколькі хрысціянства, хоць яму і наканавана быць усеагульнай рэлігіяй, фактычна не магло б разлічваць на гэта, і, магчыма, настаў бы ў маральным аспекце (перверсійны) канец усяго“» (SS, 19).

Адпрэчванне хрысціянства і распальванне вайны з ім у многіх сферах культуры і грамадскага жыцця рызыкоўнае, бо можа прывесці да ненатуральнага, «перверсійнага» канца чалавецтва. Прыклад такой рызыкоўнай «працэдуры» — пазбаў­ленне хрысціянскіх каранёў супольнаснага жыцця ў Еўропе.

Зважаючы на актуальнае сутыкненне Дабра са Злом, Папа Бэнэдыкт цалкам свядома звяртаўся да аналогіі з Антыхрыстам. Ён асабліва цаніў інтуіцыю рускага праваслаўнага пісьменніка Уладзіміра Салаўёва, які паказаў Антыхрыста як прэзідэнта Злучаных Штатаў Еўропы, а пазней — як новага рымскага імператара, называючы пры гэтым пералом ХХ і ХХІ стагоддзяў часам спаўнення гэтай візіі. Асоба Антыхрыста вызначаецца тут уяўнымі станоўчымі рысамі: ён пацыфіст, эколаг, экуменіст, дасканалы ўзор паліткарэктнасці ў мысленні і дзеянні. Да таго ж ён прызнаны філантроп, сябра людзей і абаронца жывёлаў, вегетарыянец і перакананы спірытуаліст. Ён верыць у Бога, але шануе толькі сябе самога. Антыхрыст — прывабная асоба; ягоная мова перапоўнена хрысціянскімі і гуманістычнымі пасыламі, якія, аднак, усёю сваёю рыторыкаю звернутыя супраць Хрыста. У сваіх прамовах ён кожны раз імкнецца дагадзіць густам і спадзяванням людзей. Паводле яго, Хрыстус прынёс на зямлю меч і падзелы, а ён — супакой. Як магло б падацца, нарэшце хтосьці знайшоў «супрацьяддзе» на касцёльную версію хрысціянства, на прычыну пастаянных канфліктаў і неталерантнасці…

Несумненна, такі закамуфляваны тып меў бы поспех у многіх тэлепраграмах, збіраючы неймаверную колькасць тэлегледачоў.

Працяг будзе.

Пераклад з польскай мовы
Крыстыны Лялько.
Паводле: ks. Robert Skrzypczak. Wymagający Papież.
W hołdzie Benedyktowi XVI. Dom wydawniczy «Rafael», 2023.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY