 |
|
Кальварыя Віленская
Людзі, якія жывуць у Вільні,
тыя мне і сказалі:
— Гарысты квартал на выездзе,
Дзе на пяску сосны выраслі,
называецца Ерузалем.
Навокал — дарогі і Вільня,
а нібы — пустыня…
Кальварыя Віленская.
Касцёл Адшукання Крыжа.
Укрыжаваны Езус Узвышаны —
у алтары ўсміхаецца.
Ля падножжа Крыжа —
сімвал Крыві і Цела —
Баранак Божы.
На святой Імшы слова Божае
на камень упасці не можа.
Натхнёна спяваюць харысты.
На святой Эўхарыстыі
слова Божае чытае
прыгожая Магдалена святая…
Кантар-псальміста —
вобраз Яна Евангеліста —
спявае псальмы ўрачыста.
Адчуванне такое:
Крыжовыя стацыі
праходзяць на кожнай святой Імшы.
На святую Імшу не заходзіць
чалавек выпадковы, чужы!
Заглыбляецца шчыльна ў малітву
кальварыйская святая сям’я…
А вось, адкуль гэта бабуля,
сагнутая з палачкай — нібыта я?
Пробашч Ежы Віткоўскі
Евангелле ўзнімае вышэй галавы…
Паабапал Анёлы трымаюць свечкі…
Кроў сцякае, Збаўца Жывы.
Касцёл Адшукання Крыжа
узвышаны ў цэнтры прагрэсу —
на Кальварыі Віленскай,
на Ўкрыжаванні Езуса…
Наймілейшы наш Езус Хрыстус,
мы так Цябе палюбілі,
што з вялікай любові
з болем Цябе паланілі
ў капліцах Твайго Ўкрыжавання,
перад тым, як самім нам згубіцца
ў мілай зямліцы
цялеснага існавання.
Кальварыя на Гары ў Вільні — не макет…
Неўміручы і неабдымны
спрадвечны сусвет!
Мы тут былі і будзем:
пілігрымамі ў Вострай Браме,
на Кальварыі ў Ерузалем…
Пад Крыжам Збаўлення канаем
і застаемся з Ім —
жывыя, перад Збаўцам Жывым.
15 студзеня 2024 г.
|
|
Снег
Снег усю ноч
засыпаў маю зорную ноч.
Снег увесь дзень
засыпаў мой стракаты дзень.
Мяўканне, гаўканне, брэх
закідаў снежкамі снег.
Цемру, смецце і кроў
непадмеценых слізкіх двароў
снег засяваў святлом,
зло асвятляў дабром.
А пад снегам схаваўся лёд —
гэта страх навылёт…
Страх стаіўся пад снегам
са смехам сачыць за светам.
У страха вялікія вочы,
з кустоў за смелымі сочыць…
Ды на страха ёсць снег…
Ледзяшы ільдзяныя са стрэх.
Страх на драўляных нагах
сам сябе таксама баіцца —
пад лёд ці ў сумёт зваліцца,
паслізнуцца, зламацца, згубіцца…
Страх не ўмее маліцца.
23 студзеня 2024 г.
|
|
Экспромты на світанку
Дзякуй Табе, добры Божа,—
на світанку мяне падкінуў
да маіх продкаў прыгожых —
у чыстую святую Краіну,
у люстэркавую азярыну,
дзе не кожны смелы загінуў —
у балоце, у бураломе,
на вогнішчы, у саломе,
у крынічнай рачулцы, на строме…
У норцы, дзе жаўтадзюбая ластаўка
адкладвала свае яечкі…
У гняздзечку паміж Марылькай і Яськам
за печкаю-перапечкай…
На скавародцы смажыць
сопкую бульбу ў сальцы,
пячы ламанцы…
Так мне добра было паваляцца
ў пясчанай ямцы,
у вужынай сажалцы-мазалцы
лячыць слабенькія пальцы…
Праз гушчар па барочку ламацца,
слухаць звярыныя марцы…
збіраць гаркавыя словы…
слоўцы спеўныя падслухоўваць
на дажынках вясковых…
Ані чоўніка, ані лодачкі,
ні карабліка я не мела.
Дзякуй Табе, добры Божа, —
сонейка мяне грэла,
маладзічок мяне акунаў
у залачоныя хмары, у срэбра…
Уздымае ўначы мяне ветах
у светлыя пажары неба…
20 студзеня 2024 г.
|
|
Грамнічка
Шэрае неба неспакойнае ўночы,
ды я не чую словаў прарочых:
зачынены зоры,
заплюшчаны вочы,
глухія вушы,
нямыя вусны…
Клічу з-за хмараў маму і тату —
не адчыняюць згарэлую хату.
І хмары ніхто не адчыніць
старой самотнай жанчыне:
ні родны барок, ні дзікі звярок,
ні крынічная рэчанька, ні галубок.
Няма такіх смелых сяброў,
як у нетрах пушчы зуброў.
Агеньчык свечкі-грамнічкі,
нібы дзюбка сінічкі —
праніжа глыбы агністыя
да святла Эўхарыстыі.
За шэрымі хмарамі — хмары пачвары,
нагадваюць скуры дзікіх звяроў,
іх морды запэцканы ў кроў.
За пачварамі — хмары-пажары,
За пажарамі — навальніцы,
грамы, перуны, бліскавіцы…
Пасля ачышчальнай маланкі —
малітоўнага дожджыку шклянкі…
Ружовая хмарка дасвецця
ў сэрцах суцішвае вецер.
Святло Хрыста разалье світанне.
Хвала Табе, Ойча, наш Пане!
3 лютага 2024 г.
|
|
Вяртанне
Хто гэта ўбачыць,
як я буду вяртацца ў святло?
Хто заўважыць той засмужаны дзень,
і як усё гэта было?
Хто закрычыць немым крыкам,
каб пачуў сусед за сцяной?
Хто застанецца з народам маім —
не са мной?
Усемагутны Божанька мой!
Сын сардэчніку кропель пяць,
возьме на сон, — і будзе спаць.
Вослік, мой невыноснік,
муркамі будзе мой цень калыхаць…
А птаха Светка — не сведка,
каркне сем або пяць…
Ой, за кіёк не трымайся,
анёлачак мой!
І не здавайся, і заставайся
сусвет ратаваць!
Рытмы сэрца, дыханне і мова
назаўсёды вяртаюцца ў Слова…
За маланкамі, за грамамі,
за паводкамі, як цунамі,
народзіцца шмат паэтаў
на зямельцы, на зорках, каметах…
Няхай асвятляе ветах
у светлых пажарах начное неба.
20 снежня 2023 г.
|
|
Людзі
Людзі вы — людзі!
Славутыя — ў Галівудзе.
На слоніках — у Калькуце.
Перад Маці Божай на каленях — у Люрдзе.
На ўзрыве — ў порце ў Бейруце…
У крывавай бойні ў Бахмуце…
Людзі жывуць на бязлюддзі…
Людзі ў лесе, людзі на грудзе,
у сіверы, у прастудзе —
заўжды спадзяюцца людзі,
што хутка ўсё добра будзе.
У вырай збіраюцца людзі.
Са зброяй — на парашуце.
Смелыя — на батуце.
Людзі корпаюцца ў мазуце…
Не дзейнічае правасуддзе —
смяюцца і цешацца людзі…
Галодныя, несвабодныя людзі.
Свабодныя, галодныя людзі.
Дзяцей пацалункамі будзяць…
Людзі людзей любяць!
Залатыя людзі…
Сардэчныя людзі…
Драўляныя людзі…
Забракаваныя людзі…
Людзі ўпрыгожваюць грудзі!
Укаранаваныя людзі…
Людзі мараць аб цудзе…
Цуды ствараюць людзі,
якія Езуса любяць,
якія ратуюць людзей,
як бедных Божых дзяцей…
Так — святая маці Тэрэза,
місіянерка Божай любові,
ратавала хворых людзей
у Індыі, у Калькуце…
5 снежня 2023 г.
|
|
 |