Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(110)/2024
Юбілеі

QUIS UT DEUS
Асобы

ПАТРАБАВАЛЬНЫ ПАПА
Пераклады
Асобы

СУРАЗМОЎЦА ГАРАЦЫЯ
Літаратуразнаўства
Асобы
Проза

ЛУЧАЙСКІ КАСЦЁЛ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Літаратуразнаўства

ВЕРШЫ
Успаміны

СВЯТЛО ВІГІЛІІ
Культура
Прэзентацыя
Інтэрв’ю
Мастацтва кіно

РАЗВАЖАННІ
АБ СВЯТЫХ СТЫГМАТАХ
СВЯТОГА ФРАНЦІШКА

Агосціно Карраччы. «Стыгматызацыя святога Францішка», папера, графіка, 1586, 31×45 см.

Гэты год — асаблівы для ўсіх, хто шануе святога Францішка, бо «ў 1224 годзе, калі святому Францішку было сорак тры гады», а значыць, роўна васемсот гадоў таму, ён прыняў святыя стыгматы на гары Верна, якая знаходзіцца ў Таскане ў Італіі. Гэта адбылося 14 верасня і стала такой важнай падзеяй, што пазней Папа Бэнэдыкт ХІ (1303–1304) вырашыў адзначаць такую ўрачыстасць кожны год 17 верасня.

...Больш за дзесяць гадоў таму часопіс «Наша вера» друкаваў «Кветачкі святога Францішка» — аповеды з гісторыі жыцця святога і яго паплечнікаў, а цяпер, каб уганараваць гэтую важную гадавіну, у 4-м нумары квартальніка мы пачынаем публікацыю «Разважанняў аб святых стыгматах святога Францішка», створаных невядомым аўтарам у ХІІІ стагоддзі на італьянскай мове, якая ў той час лічылася простанароднаю.

 

Уводзіны

У гэтай частцы ў пабожных разважаннях мы разгледзім слаўныя і святыя стыгматы нашага благаслаўлёнага айца месэра святога Францішка, атрыманыя ім ад Хрыста на святой гары Верне. А паколькі тых стыгматаў было пяць, роўна як ранаў нашага Пана Езуса Хрыста было пяць, дык і гэты трактат будзе складацца з пяці разважанняў.

Разважанне першае будзе пра тое, як святы Францішак прыйшоў на святую гару Верну.

Разважанне другое будзе пра яго жыццё і размовы паміж ім і яго паплечнікамі на гэтай святой гары.

Разважанне трэцяе будзе пра з’яўленне серафіма і атрыманне найсвяцейшых стыгматаў.

Разважанне чацвёртае будзе пра тое, як святы Францішак сышоў з гары Верны пасля таго, як атрымаў святыя стыгматы і вярнуўся ў касцёл Святой Марыі ад Анёлаў.

Разважанне пятае будзе пра аб’яўленні і Божыя адкрыцці, яўленыя пасля смерці святога Францішка святым братам і іншым пабожным людзям аб гэтых святых і слаўных стыгматах.

 

Разважанне першае аб таямніцы святых стыгматаў

Адносна першага разважання трэба ведаць, што ў 1224 годзе, калі святому Францішку было сорак тры гады, ён, натхнёны Богам, выправіўся з даліны Спалета ў Раманью разам са сваім паплечнікам братам Львом, і па дарозе праходзілі яны каля замка Мантэфельтра, дзе сабралася шмат люду на ўрачыстае баляванне ў гонар пасвячэння ў рыцары графа Мантэфельтра. І калі святы Францішак пачуў аб гэтай урачыстасці і аб тым, што шмат высакародных сіньёраў з розных краінаў сабралася там, то сказаў брату Льву: «Пойдзем на гэтае свята, бо з Божаю дапамогаю здолеем сабраць там багаты духоўны ўраджай».

Сярод высакародных сіньёраў, якія прыехалі на ўрачыстасць, быў і адзін чалавек з Тасканы, імя якога было Арландо да К’юзі дзі Казенціна, багаты і магутны. Ён шмат чуў аб святасці і цудах святога Францішка і таму вельмі яго шанаваў і вельмі хацеў убачыць і паслухаць яго пропаведзь.

Падышоў святы Францішак да замка і ўвайшоў у замкавы двор, дзе сабраліся высакародныя сіньёры. І ў духоўным запале стаў на невысокую сцяну і пачаў прапаведаваць, абраўшы тэмаю пропаведзі такія словы на простанароднай мове: «Я ТАКУЮ ВЯЛІКУЮ ЛАСКУ ЧАКАЮ, ШТО ЛЮБУЮ ПАКУТУ ЗА РАДАСЦЬ ПРЫМАЮ». І, навучаны Святым Духам, ён прапаведаваў так глыбока і пераканаўча, успамінаючы розныя пакуты і цярпенні святых Апосталаў і святых мучанікаў, і цяжкія пакаянні святых спаведнікаў, шматлікія беды і спакусы святых дзеваў і іншых святых, што ўсе людзі з шырока раскрытымі вачыма і розумам слухалі яго, як Анёла Божага. Паміж імі быў вышэйзгаданы месэр Арландо, сэрца якога крануў Бог праз цудоўную пропаведзь святога Францішка і наказаў у сэрцы яго падысці да святога пасля пропаведзі і пагаварыць аб уласнай душы. І вось па заканчэнні пропаведзі Арландо адвёў святога Францішка ў бок і сказаў: «Ах, ойча, я б з радасцю прыняў ад цябе параду аб выратаванні маёй душы».

Святы Францішак адказаў яму: «Я з радасцю пагавару з табою, але цяпер ідзі і аддай належнае сваім сябрам, якія клічуць цябе на баляванне, і павячэрай з імі. Пасля вячэры мы пагаворым столькі, колькі табе будзе заўгодна». Арландо пайшоў на вячэру, а потым зноў вярнуўся да святога Францішка і доўга гутарыў з ім аб выратаванні душы, а пад канец размовы сказаў так: «Ёсць у мяне ў Таскане пабожнейшая гара, якая завецца Верна. Гэта вельмі самотнае месца, і яно цалкам падыходзіць тым, хто жадае пакаяцца ў сваіх грахах далёка ад людскіх паселішчаў, і тым, хто жадае жыць у самоце. Калі хочаш, я табе і тваім паплечнікам яе падару дзеля здароўя маёй душы». Святы Францішак, пачуўшы, што яму шчодра прапануюць тое, чаго ён сам вельмі хацеў, узрадаваўся і дзякаваў, і славіў Бога, а разам з ім і Арландо, адказаўшы так: «Арландо, як толькі Вы вернецеся ў дом свой, я пашлю да Вас нашых паплечнікаў, якім Вы пакажаце гэтае месца. І калі яны знойдуць яго прыдатным для малітваў і цярпенняў, я прыму Вашу міласцівую прапанову». Сказаўшы так, святы Францішак сышоў, вярнуўшыся да Святой Марыі ад Анёлаў, і Арландо таксама пасля ўрачыстай працэсіі вярнуўся ў свой замак, які называўся К’юзі і знаходзіўся прыкладна за мілю ад гары Верны. Такім чынам, пасля таго, як святы Францішак прайшоў у касцёл Святой Марыі ад Анёлаў, паслаў ён двух сваіх паплечнікаў да месэра Арландо, які прыняў іх з вялікаю міласцю і радасцю.

І, жадаючы паказаць ім гару Верну, паслаў з імі атрад у пяцьдзясят ваяроў, каб абаранялі іх ад дзікіх звяроў. І браты гэтыя ў такім суправаджэнні ўзышлі на гару і ўважліва яе агледзелі, пакуль не знайшлі, нарэшце, вельмі пабожнае месца, прыдатнае для засяроджаных сузіранняў. І гэтае роўнае месца яны абралі для сябе і для жытла святога Францішка, і з дапамогаю сваіх спадарожнікаў-ваяроў збудавалі з галінаў некалькі келляў. І так яны прынялі гару Верну, узяўшы яе ў валоданне ў імя Бога, і зноў вярнуліся да святога Францішка, які вельмі ўзрадаваўся, выслухаўшы іх, і, дзякуючы і ўслаўляючы Бога, казаў братам з радасцю: «Дзеці мае, мы пераселімся перад постам святога Міхаіла Арханёла. Я ўпэўнены, гэта воля Божая, каб мы правялі гэты пост на гары Верне, якая, паводле Божага Провіду, была падрыхтаваная нам, каб мы праз цярпенні здабылі ад нашага Пана суцяшэнне, прысвяціўшы гэтую благаслаўлёную гару гонару і славе Бога, Яго слаўнай Маці Панне Марыі і святым анёлам, і мы з пакаяннем заслужым ад Хрыста суцяшэнне, каб гэтую благаслаўлёную гару асвяціць».

І, сказаўшы так, святы Францішак узяў з сабою брата Масея з Марыньяна Асізскага, які вылучаўся сваёю пачцівасцю і высокім красамоўствам, і брата Анджэло Танкрэдзі з Рыеці, які быў вельмі высакародным у свеце рыцарам, і брата Льва, чалавека вялікай простасці ды чысціні, за якія святы Францішак вельмі яго любіў. І з гэтымі трыма братамі святы Францішак стаў маліцца, а пасля, даручыўшы сябе і сваіх паплечнікаў малітвам тых братоў, што засталіся ў кляштары, выправіўся, у імя Езуса Хрыста укрыжаванага, на гару Верну. У дарозе ён паклікаў да сябе брата Масея і сказаў: «Ты, брат Масей, будзеш нашым гвардыянам і галоўным у гэтай вандроўцы — роўна як у дарозе, так і калі мы паселімся на гары. Мы будзем прытрымлівацца нашых законаў і звычаяў, у прыватнасці, будзем захоўваць маўчанне і не будзем клапаціцца пра ежу, пітво і сон, але надвячоркам будзем прасіць крыху хлеба і спыняцца ў тым месцы, якое нам Бог падрыхтуе».

Тады трое яго паплечнікаў схілілі галовы і, перажагнаўшыся, пайшлі далей: у першы вечар прыйшлі яны ў месца, дзе былі іншыя браты, і там пераночылі; паколькі ў другі вечар надвор’е было дрэннае, а яны былі знясіленыя, то не змаглі яны дайсці ні да месца, дзе былі браты, ні да якога-небудзь замка ці фальварка, а калі надышла ноч, схаваліся ў разбураным і закінутым касцёле і там прылеглі, каб адпачыць. Пакуль яго паплечнікі спалі, святы Францішак пачаў маліцца. І падчас першай начной вігіліі з’явілася яму шмат раз’юшаных дэманаў, якія з вялікім шумам і шаленствам сталі кідацца на яго з усіх бакоў: адзін налятаў з аднаго боку, другі з другога; адзін цягнуў яго ўгору, другі ўніз; адзін пагражаў яму адным, а другі другім, і так самымі рознымі спосабамі выгаляліся яны, каб перашкодзіць малітве. Але не змаглі яны гэтага зрабіць, бо Бог быў з ім. Урэшце святы Францішак, які доўгі час біўся такім чынам з дэманамі, гучна ўсклікнуў: «O духі клятыя, вы нічога не можаце зрабіць без Божага патурання. Таму прапаную вам, імем Бога ўсемагутнага, зрабіць з маім целам усё, што Ён вам дазволіць, і вельмі ахвотна я сцярплю ўсё гэта, бо няма ў мяне большага ворага, чым цела маё, і калі адпомсціце яму, дык саслужыце мне добрую службу». Тады дэманы з вялікім імпэтам і шалам схапілі яго і пачалі цягаць па касцёле, і мучыць яго яшчэ мацней, чым раней. І тады святы Францішак стаў крычаць і сказаў: «O Пан мой Есус Хрыстус, дзякую Табе за Тваю любоў і літасць, якія Ты паказваеш мне, бо гэта знак вялікай любові, калі Пан карае свайго служку ў гэтым жыцці, значыць не будзе караць у іншым. А я гатовы з радасцю сцярпець любое пакаранне і пакуты, якія табе, мой Божа, будзе заўгодна паслаць мне за мае грахі».

Тады д’яблы, скароныя і збянтэжаныя ягонаю цярплівасцю і цвёрдасцю, паляцелі прэч, а святы Францішак у духоўным запале выйшаў з касцёла і рушыў у бліжні лес і там аддаўся малітве, і, б’ючы сябе ў грудзі са стогнам, плачам і маленнем, шукаў Езуса, каханага душы сваёй. І калі нарэшце знайшоў Яго ў таямніцы сэрца свайго, то часам гаварыў з Ім, поўны глыбокай пашаны, як з Панам сваім, то адказваў Яму, як суддзі свайму, то заклінаў Яго, як бацьку свайго, то размаўляў з Ім, як з Сябрам сваім. У тую ноч і ў тым лесе яго паплечнікі, паколькі яны прачнуліся, слухалі і заўважалі ўсё, што ён рабіў, бачылі яго і чулі, як моцна ён плакаў і пабожна прасіў міласэрнасці для ўсіх грэшнікаў. І тады яны пачулі, што плача ён моцна аб цярпеннях Хрыстовых, быццам бачыў іх на свае вочы.

У тую ж самую ноч бачылі, як ён, з рукамі, складзенымі крыжам, маліўся, як уздымаўся над зямлёю і доўгі час заставаўся ў паветры, аточаны ззяннем славы, і ў гэтых пабожных дзеях правёў усю ноч, забыўшыся пра сон.

На наступную раніцу яго спадарожнікі, ведаючы, што з-за цяжкай бяссоннай ночы святы Францішак быў занадта слабы целам, каб працягваць шлях пешкі, пайшлі да беднага селяніна і малілі яго, дзеля любові да Бога, пазычыць асла іх айцу святому Францішку, бо ён не мог ісці.

Калі бедны чалавек пачуў, што яны гавораць пра брата Францішка, то спытаўся ў іх: «Ці не браты вы таго брата з Асізі, пра якога людзі кажуць так шмат добрага?». Браты адказалі, што менавіта для яго яны просяць асла. Тады той добры чалавек з вялікаю пабожнасцю і клопатам асядлаў асла, прывёў яго да святога Францішка і з вялікаю пашанаю дапамог святому ўладкавацца на ім. І так яны рушылі далей, і той чалавек з імі ішоў за сваім аслом.

Калі яны крыху прайшлі, селянін сказаў святому Францішку: «Скажы, ці не ты брат Францішак з Асізі?». І святы Францішак адказаў: «Так». «Імкніся, — сказаў селянін, — заставацца такім жа добрым, якім лічаць цябе ўсе людзі. Бо многія маюць вялікую веру ў цябе, і я раю табе быць тым, каго людзі спадзяюцца бачыць».

Калі святы Францішак пачуў гэтыя словы, ён не раззлаваўся на павучанне селяніна і нават не падумаў: «Па якім праве істота, да цябе падобная, можа чытаць мне павучанні?», як падумалі б сёння многія ганарліўцы. Але святы адразу сышоў з асла, упаў на калені перад бедняком і, пацалаваўшы яму ногі, пакорліва дзякаваў яму за гэтае міласцівае настаўленне. Тады селянін і паплечнікі святога Францішка з вялікаю пабожнасцю паднялі яго з зямлі і зноў пасадзілі на асла, і працягнулі свой шлях.

Прыкладна на палове шляху да вяршыні — а стаяла жудасная спякота, і дарога ўгору была цяжкаю — селянін, пакутуючы ад смагі, крыкнуў услед святому Францішку: «Гора мне, я паміраю ад смагі. Калі не пап’ю, то ўпаду непрытомны». Тады святы Францішак сышоў з асла і стаў маліцца, укленчыўшы і ўзняўшы рукі да неба, пакуль не адкрылася яму, што малітва яго пачутая. Тады ён сказаў селяніну: «Бяжы хутчэй вунь да той скалы і там знойдзеш жывую ваду, якую Езус Хрыстус па міласці сваёй цяпер выпусціў з каменя». Пабег селянін да таго месца, на якое паказаў святы Францішак, і знайшоў чысцюткую крыніцу, што ўзнікла па малітве святога Францішка з найцвярдзейшай скалы, і там наталіў смагу і ўзрадаваўся.

І дакладна вядома, што гэтую крыніцу Бог стварыў цудоўным чынам па малітве святога Францішка, бо ніколі ні да таго, ні пасля не знаходзілі на тым месцы ці нават на адлегласці ад яго ні крыніцы, ні раўчука.

Здзейсніўшы гэта, святы Францішак са сваімі паплечнікамі і селянінам падзякавалі Богу за цуд, якім Ён іх уганараваў, і працягнулі свой шлях.

І калі наблізіліся яны да вяршыні гары Верна, заўгодна было святому Францішку спыніцца перадыхнуць пад дубам, што тады стаяў ля дарогі і цяпер стаіць, і адтуль пачаў аглядаць абшары і паселішча, а пакуль ён так аглядаў наваколле, зляцелася туды вялікая колькасць птушак з розных мясцовасцяў, якія, радасна спяваючы і ўзмахваючы крыламі, атачылі святога Францішка так, што некаторыя селі яму на галаву, некаторыя — на плечы, некаторыя — на рукі, іншыя схаваліся на яго грудзях, а другія паселі на калені і ля ног яго. Убачыўшы гэта, селянін і паплечнікі святога вельмі здзівіліся, але святы Францішак, узрадаваўшыся ўсім сэрцам, сказаў ім: «Я веру, дарагія браты, што нашаму Пану Езусу Хрысту было заўгодна, каб мы пасяліліся на гэтай адасобленай гары, бо нашыя браты і сёстры птушкі вельмі ўзрадаваліся нашаму прыходу». І пасля гэтых словаў падняліся яны і пайшлі далей; і нарэшце прыйшлі на месца, якое з самага пачатку абралі ягоныя паплечнікі. І гэта ўсё, што трэба было сказаць у першым разважанні, інакш кажучы, пра тое, як святы Францішак прыйшоў на святую гару Верну.

Пераклад з італьянскай мовы
Аксаны Данільчык.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY