Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(110)/2024
Юбілеі

QUIS UT DEUS
Асобы

ПАТРАБАВАЛЬНЫ ПАПА
Пераклады
Асобы

СУРАЗМОЎЦА ГАРАЦЫЯ
Літаратуразнаўства
Асобы
Проза

ЛУЧАЙСКІ КАСЦЁЛ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Літаратуразнаўства

ВЕРШЫ
Успаміны

СВЯТЛО ВІГІЛІІ
Культура
Прэзентацыя
Інтэрв’ю
Мастацтва кіно

Ігар СУРМАЧЭЎСКІ

МОДА ДЛЯ САМЫХ МАЛЕНЬКІХ
XVII–ХІХ СТАГОДДЗЯЎ

Невядомы мастак. Партрэт караля Рэчы Паспалітай Яна Сабескага.
1683. Палатно, алей. Палац Вілянув (Варшава).

Есць такія тэмы ў нашым антыкварным і музейным асяроддзі, якія лічацца не вартымі ўвагі з боку навукоўцаў — знаўцаў культуры і мастацтва. Дзякуй Богу, з адраджэннем нашых славутых палацаў і замкаў пачалося больш глыбокае вывучэнне побыту мясцовай шляхты, яе ўбораў, правілаў правядзення баляў, падзеяў, звязаных са свецкімі і рэлігійнымі святамі, абрадамі. Найцікавейшая тэма шляхецкіх баляў падштурхнула супрацоўнікаў замкавга комплексу «Мір» да вывучэння і збірання аксесуараў, якія суправаджалі і нават кіравалі далікатнымі свецкімі падзеямі — атрымалася прыгожая калекцыя веераў XVIII–XIX стст., дарэчы, адзіная ў музейных зборах нашай краіны. Але ўсё ж нас па-ранейшаму больш уражваюць калекцыі ў замежных музеях.

Каралеўскі палац у Стакгольме… Велічныя да галавакружэння інтэр’еры, неабсяжныя брусэльскія дываны, высакароднае зіхаценне ампірнай бронзы выклікаюць захапленне, але адразу ўзнікае нейкае пачуццё «дэ жа вю» — дзесьці такое ўжо было «занатавана» ў падсвядомасці, дзесьці падобнае я бачыў… Невялічкі ўваход збоку ад велічнага фасада Каралеўскага палаца вядзе ў «Луўрысткамарэн» (Livrustkammaren), па-нашаму — у Каралеўскую скарбніцу. Вось дзе я быў здзіўлены! Вядома, есць нешта падобнае ў Аружэйнай палаце маскоўскага Крамля, але каралеўскія дзіцячыя ўборы, якія выкарыстоўвалі падчас сакрамэнту хросту, мяне проста ўразілі — нічога падобнага я раней не бачыў. Чытаць-чытаў у гістарычнай літаратуры, што нашыя магнаты давалі шматдзённыя балі ў гонар нараджэння нашчадка, палілі з гарматаў з ап’яняльнымі воклічамі «Віват!», а ў больш сціплых абставінах, у сялянскай хаце, спавівалі малога ў бацькаву кашулю і неслі ў храм хрысціць. Я ўважліва разглядаў немаўлятаў каралеўскай крыві, упрыгожаных у шоўк і карункі, на творах мастакоў XVIII–ХІХ стст. Дзіўна ўявіць сабе амаль навобмацак убор, у якім хрысцілі маленькіх уладароў Еўропы ці магнатаў ВКЛ. Такая магчымасць надарылася для мяне толькі ў Стакгольме. За шклом у музейнай цішыні на тле старых брутальных падрапаных цаглінаў кантрастам глядзеліся лёгкія каралеўскія шоўкавыя пялюшкі, аточаныя венецыянскімі карункамі ці срэбранай павуцінкаю. Побач са мною ў музеі хадзіла сямейная пара шведаў пенсійнага ўзросту. Паджарыя і дагледжаныя, яны няспешна перасоўвалі свае лёгкія складныя фатэлі (ёсць такая паслуга ў «Луўрысткамарэн») і падоўгу разглядалі цікавыя артэфакты ў вялікіх шкляных вітрынах, нешта ціха абмяркоўваючы. «Можа ўспамінаюць сваіх унукаў ці праўнукаў, а можа… і сваё дзяцінства», — падумалася мне, калі шведскі дзядок раптам дастаў прафесійную камеру з заплечніка і пачаў фатаграфаваць экспанат за экспанатам. Менавіта ў тую хвіліну мне і запала ў душу: «А чаму б мне не сабраць такую ж калекцыю дзіцячай моды, наогул невядомай у Беларусі?».

 

Спавівальная стужка. Лён. Італія, XVI ст.
Музей Вікторыі і Альберта (Лондан).

З гісторыі дзіцячага адзення

Самы старажытны артэфакт дзіцячага адзення з калекцыі знакамітага музея Вікторыі і Альберта ў Лондане — гэта спавівальная стужка з Італіі канца XVI стагоддзя. Яна скроена з выбеленага ільну шырынёю 15 см, даўжынёю 2–3 метры і ўпрыгожаная вышыўкаю і венецыянскімі карункамі. Такая стужка выкарыстоўвалася бацькамі на працягу многіх стагоддзяў, каб трымаць немаўлятка ў цяпле, моцна ўкруціўшы ручкі да цела і спавіўшы ножкі. Да таго ж стужка абмяжоўвала рух і спрыяла бяспецы малога. Лічылася, што для правільнага росту дзіцёнка трэба як мага даўжэй трымаць яго спавітым роўна, каб прадухіліць крывізну костак і рахіт, што пазней было прызнана памылковым меркаваннем. Тым не менш, малога нават проста падвешвалі спавітым на вялікім цвіку, каб не перашкаджаў дарослым. Мода на такія стужкі адышла ў Заходняй Еўропе ў канцы XVIII ст., але ў некаторых культурах яна бытуе да гэтай пары. Старажытнагрэчаскі лекар Саранус Эфескі (98–138 гг.) раіў масіраваць доўга нерухомае цела дзіцяці і намашчваць яго этрускім воскам і аліўкавым алеем, каб змякчыць скуру і разагрэць ручкі ды ножкі. Па словах Сарануса, малога нельга трымаць спавітым больш за два месяцы, бо перавышэнне гэтага тэрміну негатыўна ўздзейнічае на развіццё суставаў. Нягледзячы на меркаванні лекараў і асветнікаў, з XVIII ст. звычка спавівання дзяцей доўжылася на землях былой Рэчы Паспалітай аж да канца ХХ стагоддзя.

Карло Крывелі. «Мадонна з Немаўляткам Езусам». 1480. Тэмпера, дрэва.
Музей Вікторыі і Альберта (Лондан). Фрагмент.

Андрэа дэла Робіа (1435-1525).
Пано-тонда з фасаду прытулка для немаўлят у Мілане
(Spedale degli innocence). Кафля.

Спавівальныя стужкі больш старажытных часоў можна ўбачыць на творах старых майстроў, на абразах іканаграфіі «Нараджэнне Хрыстова», «Нараджэнне Божай Маці» і нават знайсці ў «Каляднай стаенцы», якая з’явілася ў Італіі ў XIII ст. Вельмі цікавая ў гэтым рэчышчы творчасць італьянскіх майстроў, асабліва венецыянскай і сіенскай школаў жывапісу эпохі Протарэнесансу і Рэнесансу. Вось твор сіенскага майстра Амброджо Ларанцэці (?–1348 гг.) «Мадонна з Дзіцяткам» 1340-х гадоў. На ім Езус спавіты ў цёмную пялюшку, паверх якой ідзе белая спавівальная стужка, але тым не менш Немаўлятка спрабуе вызваліцца з-пад ільняных путаў — Яго ножкі і правая ручка ўжо спазналі радасць свабоды. «Мадонна з Дзіцяткам» Джаванні Беліні (1430–1516 гг.) з Пінакатэкі горада Павія (Ламбардыя) паказвае нам Езуса трохі пасталеўшым дзіцем у незвычайным для нас уборы — у чырвонай кароткай сукенцы, але з белай спавівальнай стужкаю, якая туга ўтрымлівае тулава (менавіта хрыбетны слуп) Малога. Мяркую, што такі ўбор для гадавалага немаўляці быў распаўсюджаны ў Паўночнай Італіі ў 1450–1455 гг., калі быў напісаны твор знакамітага майстра, а тугая спавівальная стужка вакол тулава немаўляці дапамагала развіццю і ўтрымліванню хрыбетнага слупа ў роўным стане. Амаль такі ж убор (чырвоную сукенку і белую спавівальную стужку на тулаве) мастак Джаванні Беліні паўтарыў у сваёй «Мадонне з Дзіцяткам» (1470 г., Музей Метраполітан у Нью-Ёрку), але на гэтым палатне ёсць рэдкая і цікавая дэталь — каптурок немаўляці XV ст. на тонкай карункавай стужцы, завязанай на банцік пад падбародкам дзіцяці. Якім чынам спавівалі малога ў Італіі на мяжы XV–XVI стст. можна прасачыць на вялікіх дзесяці керамічных пано, якія ў выглядзе тонда ўпрыгожваюць фасад прытулка немаўлят у Мілане (Spedale degli innocence). Іх стварыў слынны італьянскі майстар паліхромнай глазурованай кафлі Андрэа дэла Робіа (1435–1525 гг.). Калі параўнаць убор Езуса на творы Амброджо Ларэнцэці 1340-х гадоў і рельефы з выявамі кволых пакінутых «інначэнці» Андрэа дэа Робіа, то можна заўважыць, што традыцыя ўбору для самых маленькіх за 150 год нічым не змянілася — гэта відаць на старадаўніх іконах яшчэ ў большым адрэзку часу, амаль за дзве тысячы гадоў. Але варта звярнуць увагу на адну дэталь: чырвоную тонкую стужку, завязаную крыж-накрыж ці па спіралі — адзінае ўпрыгожванне белага ільнянога ўбору Немаўляткі Езуса. Гэта чырвоная стужка мела не толькі ўтылітарнае прызначэнне (не давала раскруціцца пялюшкам), але мела і сакральнае значэнне: чырвоны колер па народных уяўленнях служыў як абярэг, што апісана не толькі ў навуковых кнігах: мне пра гэта апавяла мая мама, Сурмачэўская (Балтынская) Ларыса родам з вёскі Жыцькава Барысаўскага раёна. Таму чырвоную спавівальную стужку стараліся зрабіць з лепшага матэрыялу, упрыгожыць вышыўкай ці наогул сплесці яе, як пас.

 
Амброджо Ларанцэці.
«Мадонна з Дзіцяткам»,
1340-я г. Тэмпера, дрэва.
Пінакатэка Брэра (Мілан).
  Джаванні Беліні.
«Мадонна з Дзіцяткам».
1470. Тэмпера, дошка.
Музей Метраполітан (Нью-Ёрк).

 

Уборы для хрэсьбінаў.
Еўропа

Спецыяльныя хрысцільныя ўборы прызначаліся для сакрамэнту хросту, іх апраналі некалькі разоў на самыя важныя святочныя дзеі, пакуль немаўлятка не вырастала. Мілыя сэрцу артэфакты шляхецкага і каралеўскага побыту зберагаюцца стагоддзямі не толькі ў зборах музеяў і палацаў, але ў большасці ашчадна ляжаць у сямейных куфрах, бо гэта было і ёсць гісторыяй сям’і, краіны. Таксама была традыцыя перадаваць хрысцільныя ўборы з пакалення ў пакаленне.

Да хрэсьбінаў рыхтаваліся грунтоўна і сур’ёзна, не шкадуючы сродкаў на спецыяльны ўбор, які шылі з самых дарагіх тканінаў і ўпрыгожвалі ядвабнымі стужкамі, срэбранымі, венецыянскімі, фламандскімі карункамі. Спалучэнне вытанчанага і маляўнічага ўбору немаўляці і строгага адзення святара падкрэслівала значнасць падзеі. Для пашыву капаў і каптуркоў выкарыстоўваліся каштоўныя тканіны з гардэроба маці: на гэтую справу ішлі бальныя сукенкі, якія выйшлі з моды. Яшчэ была такая традыцыя, калі хрысцільны ўбор рабіўся з вясельнага ўбору маладой маці — у XVIII і першай палове ХІХ ст. гэта былі рознакаляровыя тканіны, бо з сярэдзіны ХІХ ст. пасля вяселля ангельскай каралевы Вікторыі ў моду ўвайшоў белы колер для нявесты, як знак цноты і чысціні. На часы праўлення ангельскага караля Якаба І (1566–1625 гг.) прыпаў росквіт стылю вышыўкі «круіл», які хутка распаўсюдзіўся па Еўропе — яго прыёмы можна прасачыць па хрысцільных уборах праз усё XVII ст. Ангельскі «якабінскі» стыль вышыўкі, ці «круіл» (crewel embroidery) — гэта вышыўка шарсцянымі і срэбранымі ніткамі з выкарыстаннем мноства розных швоў і сцяжкоў: сцябліннага, тамбурнага, гладдзю, «у раскол» і г.д. Арнаментыка мудрагелістай вышыўкі брала свой пачатак у прывазным з Індыі тэкстылі, у асноўным гэта былі стылізаваныя выявы экзатычных пладоў, раслінаў, птушак, жывёлаў.

Хрысцільная пялюшка. Ядваб, срэбраныя карункі. Англія. 1650-я.
Музей Вікторыі і Альберта (Англія).

Хрысцільная пялюшка. Ядваб, срэбраныя карункі, вышыўка.
Італія, 1620-я. Музей Вікторыі і Альберта (Англія).

Да XVII стагоддзя падчас сакрамэнту хросту немаўлятаў поўнасцю акуналі ў ваду, таму хрысцільны ўбор рабіўся гэтак, каб дзіця было лёгка распрануць. Для гэтага лепей за ўсё падыходзілі спавівальная стужка, каптурок на завязках і вялікая посцілка ці капа, якая шылася з асабліва каштоўных матэрыялаў: ядвабу, аксаміту, атласу, парчы і ўпрыгожвалася аблямоўкаю з карункаў, стужак, бліскавак. Па вуглах посцілкі маглі вышываць гладдзю герб нованароджанага дзіцяці — статусу бацькоў. Такія каштоўныя хрысцільныя посцілкі выкарыстоўваліся толькі ў асаблівых выпадках і перадаваліся з пакалення ў пакаленне як фамільная рэліквія. Галаўному ўбору немаўляткі, каптуру ці банэту, таксама адводзілася шмат увагі не толькі таму, што ён атуляў тварык і галоўку малога, а таму, што галаўны ўбор прыкрываў цемечка (раднічок) дзіцяці, праз якое, паводле вераванняў, нованароджаная несмяротная душа яшчэ сорак дзён падтрымлівала сувязь з «тым», пазазямным светам. Таму каптуры і банэты шылі з асаблівай увагаю да дэталяў і ўпрыгожванняў. З упрыгожванняў варта асабліва адзначыць шыццё пярлінамі, якія сімвалізавалі чысціню і мудрасць. Гэты каштоўны мінерал яшчэ называлі «каменем нявестаў Хрыстовых», бо ён быў папулярны ў жаночых кляштарах. Пярліны шырока выкарыстоўваліся ў аздабленні сакральных прыладаў: вокладак Евангелля, шатаў, літургічнага адзення. Упрыгожванне пярлінамі адзення для дзяцей надавала ўбору для хросту сакральнасць. Такія адзенні немаўлятаў захоўвалі сярод фамільных каштоўнасцяў у спецыяльна аздобленных скарбонках. А быў яшчэ спецыяльны каптур, які апраналі паверх банэта, пачынаючы з XVII ст. Ён выглядаў як мяккае кола, што бараніла галоўку немаўляці ад удараў пры падзенні, а сваім выглядам нагадваў каўбасны пачастунак («пудзінг»), таму і атрымаў адпаведную назву. Такі каптур-«пудзінг» можна ўбачыць на партрэтах знакамітых немаўлятаў XVIII–XIX стагоддзяў, напрыклад, на партрэце пазашлюбнага сына Кацярыны ІІ, графа Аляксея Бобрынскага (1762–1813 гг.) пэндзля Фёдара Рокатава 1763 года з Рускага музея (Санкт-Пецярбург).

 
Сант’яга Моран (1571–1626).
Партрэт Інфанты Маргарыты Францыскі,
дачкі Філіпа ІІІ. Палатно, алей.
Музей Прада (Мілан).
  Gustav Friedrich Amalius Taubert
(1755–1839).
Партрэт будучага літаратара
Юзафа Вавжынца
Красінскага герба «Слепаўрон». 1784.
Папера, пастэль.
Музей Нарадовы (Варшава).

Фёдар Рокатаў (1735–1808).
Партрэт графа
Аляксея Бобрынскага.
1763. Палатно, алей.
Рускі музей (Санкт-Пецярбург).

У пачатку XVIII ст. цырымонія сакрамэнту хросту змяняецца: поўнае акунанне немаўляці ў ваду ўжо не патрабуецца — святая вада толькі акрапляе галоўку дзіцяці, адпаведна змянілася і вопратка. Яна становіцца больш складанаю: з’яўляюцца хрысцільныя сукенкі, якія не трэба было здымаць падчас сакрамэнту. У пачатку ХІХ ст. яны шыліся па модзе тагачаснага «дамскага шыку»: з высокім ліфам і вялікім дэкальтэ, якое рэгулявалася з дапамогаю шоўкавай стужачкі. Такія хрысцільныя сукенкі мелі кароткія рукавы і доўгую спадніцу, нагадваючы перавернутую літару V, якая вілася вадаспадамі карункаў ніжэй за ножкі немаўляці. Лічылася, што чым даўжэй такая сукенка, тым больш пражыве хрэснік. Крой такіх сукенак мала чым змяніўся за ХІХ ст. У ХІХ ст. нарэшце з’явіўся нават абутак для немаўлятаў — пінэткі, якія прыдумаў у 1870-я гады вядомы французскі куцюр’е Жан Луі Француа Пінэ (1817–1897 гг.), пакінуўшы сваё імя ў назве гэтага мілага твора для маленькіх ножак.

Хрысцільныя ўборы XVIII ст., якія зберагліся ў Скандынавіі, выглядаюць трохі інакш, чым такія ж артэфакты з кантынентальнай Заходняй Еўропы. Звычка спавіваць немаўля ў каштоўную тканіну, баронячы ад холаду найперш яго галоўку, апранутую ў каптурык, прывяла да з’яўлення спецыфічнай верхняй капы ў выглядзе мяха. Верхняя частка такога «мяха» прыкрывала галоўку немаўляці, выглядаючы як дарагі човен, які бацькі трымалі на руках падчас адплыцця дзіцяці ў чароўны хрысціянскі свет. У другой палове XVIII ст. спавівалі толькі ніжнюю частку цела, пакідаючы рукі свабоднымі, а наверх апраналі спецыяльную кофту. У Скандынавіі такі звычай захаваўся аж да канца ХІХ ст., калі ў астатняй Еўропе ўжо апраналі доўгія хрысцільныя сукенкі.

 
Каптурок для немаўляці. Ядваб,
срэбраныя карункі. Нарвегія. 1700.
Нацыянальны музей мастацтва,
архітэктуры і дызайна. Осла (Нарвегія).
  Каптурок для немаўляці. Ядваб,
срэбраныя карункі. Германія, 1775.
Мастацкі музей. Бостан (ЗША).

На такой урачыстасці адзенне хлопчыкаў мала чым адрознівалася ад дзявочага. Паколькі немаўлятаў часта атаясамлівалі з анёлкамі, якія не маюць полу, дарослыя асабліва не надавалі ўвагі адрозненню адзення хлопчыкаў і дзяўчынак. Напрыклад, у Даніі толькі па арнаменце карункаў, якія ўпрыгожвалі рукавы, можна было пазнаць, хто хрысціцца: па закругленых карунках — дзяўчынка, а па прамых — хлопчык. Банэты, каптуркі таксама адрозніваліся: дзяўчынак апраналі ў банэт, скроены з цэтральнай часткі і двух бакавых; а хлопцаў — у банэт, скроены з некалькіх клінападобных адрэзаў. Традыцыя апранаць хлопчыкаў у сукенкі з’явілася ў XV—XVI стст. і пратрымалася аж да 1920-х гадоў. Такая традыцыя хутчэй сведчыла, што хлопчык знаходзіўся пад апекаю маці да 4–8 гадоў, перш чым пераходзіў на выхаванне да таты. Пад сукенкі хлопчыкі апраналі, як і дзяўчынкі ў ХІХ ст., карункавыя панталоны. Але крой сукенак для хлопчыкаў адрозніваўся ад дзявочых — дэкальтэ ў іх не рабілася, а сукенка зашпільвалася спераду, а не ззаду, як у дзяўчынак. Традыцыя сукенак для хлопчыкаў захавалася да гэтага часу толькі ў хрысцільных кашульках, а падзел колераў на «дзявочы» і «хлапчуковы» вызначыўся толькі ў сярэдзіне ХХ ст. У Еўропе здаўна лічылася, што блакітны колер — гэта колер Божай Маці, а чырвоны — Хрыста, таму адпаведныя колеры ўжываліся да канца ХІХ ст. у адзенні дзяўчынак і хлопцаў, але ў Расейскай імперыі яшчэ пры Паўлу І быў выдадзены загад, па якім кожная народжаная вялікая княжна атрымоўвала ордэн святой Кацярыны з чырвонай муаравай стужкаю, а вялікі князь — ордэн святога апостала Андрэя Першазваннага з блакітнаю стужкаю.

 

 
Каптурок немаўляці.
Бавоўна, вышыўка ў стылі “круіл”.
Англія, 1600-я гады.
Прыватны збор.
  Каптурок немаўляці.
Частка слуцкага паса, карункі.
Рэч Паспалітая. 1770-я гады.
Прыватны збор.

Уборы для хрэсьбінаў.
ВКЛ. Сяляне

Усё сказанае вышэй пра сакрамэнт хросту, пра традыцыі і моду самага маленькага насельніцтва Еўропы XV–ХХ стст. тычыцца і нашай культуры, пачынаючы з часоў Вялікага Княства Літоўскага, бо мы жылі і жывём ў культурным асяроддзі еўрапейскага хрысціянскага свету больш за 1000 гадоў. Нашы мясцовыя традыцыі, звязаныя з хрэсьбінамі, можна падзяліць на два рэгістры, якія розняцца толькі знешне, а сутнасць застаецца адной.

Народзіны і хрост былі найважнейшымі падзеямі ў беларускай сялянскай сям’і. Хрост адбываўся ў касцёле ці ў царкве ў атачэнні родных, кумоў і гасцей. Імя нованароджанаму звычайна выбіралі па святцах. Выбар хросных таксама быў важны.

Калі хацелі, каб у сям’і нарадзіўся сын, то пасля нараджэння чарговай дачкі маці спавівала яе ў бацькаву кашулю і так адпраўляла яе на хрост. Калі падчас хросту ішоў дождж ці снег, гэта было добрым знакам. Хлопчыка пасля абразання пупавіны спавівалі ў матчыну кашулю, каб ён быў шчаслівым. Перад хростам бабкаю-павітухаю праводзіўся абрад — «Радзіны»: дзіця купалі ў вадзе з травамі, дабаўляючы ў ночвы срэбра ці золата, каб быў чысты і багаты, спавівалі ў пялюшкі спецыяльным абярэгам — тканым чырвоным пасам, і адзявалі на галаву чэпчык з фальбонамі. Пялюшкі, кашулі і каптуркі нованароджанага нельга было вывешваць да хросту на вуліцы, каб «не сурочыць». Асобныя ўборы немаўлятаў мелі свае спецыфічныя назвы: напрыклад, мятлік — гэта пялюшка з выразам пасярэдзіне, якую надзявалі падчас купання, а прыгалавешак — хустачка, якую завязвалі на галаву немаўляці.

Рытуальныя дзеянні павінны былі гарантаваць добрыя працоўныя здольнасці і фармаванне хлопчыка як галавы сям’і, таму пасля хросту кума клала хлопчыка на гаспадарскае месца — на покуць, і тройчы праносіла вакол галоўнага стала, каб паважаў бацькоў і не цураўся роднай хаты. Хросныя павінны былі падараваць немаўляці знакавы падарунак — самым жаданым і дарагім была ікона з выяваю нябеснага абаронцы. З XVI–XVII стст. у праваслаўнай шляхты, асабліва ў княжаскіх сем’ях, з’явілася хрысціянская традыцыя, калі на замову пісалі ікону святога абаронцы «в рост и в меру» немаўляці — гэтак званую «мерную» ікону. Гэта былі ў асноўным іконы вузкага памеру, вышынёю 45–55 см. У гэтым кантэксце можна ўзгадаць палескія народныя іконы, якія найчасцей маюць памер вышынёю 50–54 см. Магчыма, што палескія іконы такога памеру якраз і былі сакральным падарункам «в меру» нованароджанаму хрэсніку з выяваю мужчынскага абаронцы — святога Георгія, Яна Воіна, Міколы Цудатворцы, ці жаночага — Божай Маці, святой Параскевы, Варвары…

 

 
Каптурок немаўляці.
Бавоўна, вышыўка
срэбранай ніткай
і паеткамі, карункі.
Італія, 1700-я гады.
Са збору аўтара.
  Каптурок немаўляці. Ядваб,
срэбраныя карункі.
Аўгсбург. 1750-я гады.
Са збору аўтара.

Уборы для хрэсьбінаў.
ВКЛ. Шляхта

Хрэсьбіны ў шляхецкім асяродку найлепей апісаныя ва ўспамінах нашых вядомых магнатаў. «Зранку адпраўляліся хрэсьбіны Ульрыка Радзівіла, — пісаў у сваім дзённіку за 1738 год Мікалай Казімір Радзівіл (1702–1762 гг.), — канюшага Вялікага Княства Літоўскага... Пасля тае цырымоніі ўся кампанія абедала ў замку, па абедзе быў карузэль з двух бандаў, палякаў і немцаў, першай я шэфам быў,.. другой — князь канюшы княства за шэфа быў... Узнагароды выйгралі: п. Казятульскі — пярсцёнак, Яблоньскі — загарак (гадзіннік), пугіляр (нататнік) і парахаўнічку, Барташэвіч — рукаятку асьпісавую (яшма)». Незнаёмая забаўка шляхты XVIII ст. — каруселі, ці карузэлі, уяўлялі з сябе конныя спаборніцтвы, што ўключалі вальтыжыроўку, стральбу па цэлі на скачучым кані, дэманстрацыю ўмення валодання пікаю і шабляю. Узгаданыя хрэсьбіны Ульрыка (Удальрыка) Радзівіла (1712–1770 гг.) адбыліся на 26-годдзе яго жыцця, але сама атмасфера і дух свята мала чым адрозніваліся, калі хрысцілі немаўлятка з магнацкага роду. На хрэсьбіны даваўся баль, грымелі салюты і віваты, а немаўлятка адорвалася шматлікімі падарункамі. Галоўны герой свята, нованароджаны нашчадак, якому перадавалі імя знакамітых продкаў, апранаўся паводле лепшых узораў еўрапейскай моды: ва ўсходнія ядвабы, французскія аксаміты, срэбраныя і венецыянскія карункі. Наконт карункаў у Радзівілаў былі свае погляды — такія ж, як на персідскія паясы. Нясвіжскія магнаты наладзілі вытворчасць сваіх «вэнадскіх хварботаў» і «далікатных анталяжаў», якія не саступалі па якасці і мастацтве фламандскім і венецыянскім. У вёсцы Семежава, а таксама ў бліжэйшых Бучаціне і Дзярэчыне, якія ўваходзілі ў Нясвіжскую ардынацыю, не пазней за XVII ст. пачалі вырабляць карункі, плеценыя «на клёцках», узоры якіх лёгка пазнаць на знакамітых партрэтах «малых галандцаў» і на нясвіжскіх парсунах. Па шляху Радзівілаў пайшоў і гродзенскі староста, які ў вёсцы Гарадніцы абсталяваў мануфактуру, дзе плялі карункі са срэбраных і залатых нітак для каралеўскага двара «на манер брусэльскі». Так што карункі, якія атачалі маленькую асобу будучага гетмана ці канцлера ВКЛ, хутчэй за ўсё, былі мясцовага паходжання.

Хрэсьбіны ў Пінску. 1750-я гады. НГАБ.

Сакрамэнт хросту на землях Рэчы Паспалітай меў сваю адметнасць. Калі ў шляхецкай сям’і нараджаўся будучы абаронца Гонару і Айчыны, яго хрэсьбіны адбываліся «на шаблях»: хлопчыка падчас сакрамэнту хросту наўпрост трымалі на скрыжаваных шаблях сябры-ваяры шчаслівых бацькоў. Пра такі незвычайны абрад я ўпершыню прачытаў у дзённіку графіні з Вялікай Бераставіцы Людвікі Касакоўскай (1893–1978 гг.). «23 лютага, субота. 1924. Ладнае надвор’е. Разам з Маняй Брунаў едзем да Рудавы на хрост сынка Рэні і Дзюка Вірыёнаў, якога спецыяльна хацелі ахрысціць пры падтрымцы Х палка (літоўскіх) уланаў пад камандаваннем палкоўніка Тэрэніўша О’Брайна дэ Лацы… У касцёле была Імша, а потым вельмі ўрачысты хрост. Малога Эдварда трымалі пры хросце на шаблях. Немаўляці ўручылі адразу паперу, дзе азначалася яго званне «капрал» і першага хрэсніка Х палка. Яшчэ малы атрымаў у падарунак залатыя шпоры, эпалеты і пакуль што бестэрміновы адпачынак… а потым наказ — каб дарослым стаць у шэрагі (ўланскага) палка». Уяўляю, якая прыгожая і ўрачыстая была гэта сакральная дзея!.. А такі звычай мог прыйсці да нас з Усходу, дзе раней шляхта запазычыла ў свае палацы ды збраёўні многія арыентальныя рэчы, у тым ліку ўсходнюю шаблю. Карабэла, ці шамшыр (кіпцюр тыгра) амаль усё жыццё былі пад рукою нашага рыцара. Яшчэ цікавы факт: калі ў касцёле на Імшы чыталі адпаведны тэкст з Евангелля, шляхта заўсёды пры гэтым даставала шаблі з похваў — гэта быў патрыятычны жэст на пагатоў бараніць веру і Радзіму. Ну і самым дарагім падарункам хлопцу на хрэсьбіны была менавіта зброя — шабля, напрыклад, такая, якую атрымаў уладар палаца ў Вілянаве (ля Варшавы) Аўгуст Патоцкі (1806–1867 гг.) ад свайго хроснага Юзафа Панятоўскага, пляменніка апошняга караля Рэчы Паспалітай.

 

 
Падушачка-шпілечніца.
Бавоўна, вышыўка.
Англія, XVIII ст.
Музей Вікторыі і
Альберта (Англія).
  Памандзер. Срэбра, ХІХ ст. Англія.
Са збору аўтара.

Хрэсьбіны.
Падарункі

Аніводныя хрэсьбіны не абыходзіліся без падарункаў. Абавязковым святочным гарнітурам ад хросных для немаўляці былі і ёсць белае адзенне (раней яго шыла сама хросная), рэлігійны медалік і спецыяльная вялікая свечка — усё гэта завецца «wiązaniem». Ну а далей асартымент падарункаў сягаў па вялікім спісе. Падарункі з высакародных металаў, золата і срэбра займалі пачэснае месца. «Срэбраная лыжачка на зубок» (са шляхецкім гербам) была самым пашыраным артэфактам у гэтым спісе. Але трэба адзначыць, што раней, асабліва ў ХІХ ст., малога адорвалі і невялікай срэбранай ці парцалянавай філіжанкаю са сподкам, якія былі ўпрыгожаныя вензелем нованароджанага з каронаю ці гербам. На хрэсьбіны ў магнацкім асяроддзі падносілі цэлыя срэбраныя сервізы з ініцыяламі немаўляці і графскім ці княскім гербам. А бразготкі для немаўляці? Мне нават цяжка ўявіць, чым забаўляўся маленькі шляхцюк у XVIII ст., калі яму было некалькі месяцаў? Гэтая тэма зусім не раскрытая ні ў адным з нашых музеяў. Між тым, бразготкі трохсотгадовай даўнасці рабілі з высокародных металаў і аздаблялі рэдкімі прыроднымі матэрыяламі з каралаў, маціцы ці слановай косткі. Дызайн такіх шляхецкіх бразготак не змяніўся амаль да пачатку ХХ ст. — гэта можна прасачыць па партрэтах немаўлятаў пачынаючы з XVII ст. Забаўкаю мог быць падоўжаны срэбраны ці залаты цыліндр, на адным канцы якога была свістулька са званочкамі, а на другім — каралавы ці маціцовы зубок. Срэбра, як вядома з даўніх часоў, выконвае ролю антысэптыка. Авіцэна (980–1037 гг.), прыдворны лекар эміраў і султанаў, раіў пры атручванні глытаць срэбраныя манеты. Карал у Старажытнай Грэцыі быў амулетам і сімвалам неўміручасці, які прыцягвае шчасце і бароніць ад хваробаў. Слынны лекар Сярэднявечча Парацэльс (1493–1541 гг.) сцвярджаў, што каралы адганяюць злых духаў. Перламутр, ці маціца — «пёркі з анёльскіх крылаў», лічыліся сімвалам любові да Бога, знакам мудрасці і ўлады, які прыносіць шчасце і абараняе ад злога, а вядомыя лекары даказалі, што часцінкі перламутра адсарбіруюць у свае поры таксіны. На партрэтах маленькіх шляхціцаў відаць, што на дзіця навешвалі для абароны яго фізічнага і духоўнага здароўя зашмат амулетаў і засцярогаў: бурштыны, каралы, ракаўкі, пярліны, зубы воўка, срэбраныя званочкі (каб нашчадак не згубіўся), памандзеры (ад французскага pomme d’ambre — духмяны яблык). Памандзер — гэта спецыяльная срэбраная скрыначка ў выглядзе шарападобнага ўпрыгожвання, начыннем якой былі духмячныя травы (цынамон, лаванда, размарын, чабор) ці спецыяльныя лекавыя саставы. Памандзер быў улюблёнай парфумнай забаўкаю для кавалераў і дам эпохі Рэнесансу і Барока, бо гэты «духмяны яблык» дапамагаў адганяць інфекцыі. Для гэтага таксама выкарыстоўваліся спецыяльныя «парфумныя» гузікі, якія рабіліся са срэбра ў тэхніцы скані (у сярэдзіне мясціліся духмяныя рэчывы).

Дзіцячая бразготка. Срэбра, косць.
Англія, ХІХ ст. Са збору аўтара.

Незвычайным падарункам на сучасны момант нам падасца простая падушачка для шпілек — шпілечніца для немаўляці (layette pincushion). Традыцыя дарыць шпілечніцу для немаўляці паўстала ў Еўропе ў XVII ст. Наогул шпількі, заколкі, засцёжкі, спражкі, запоны выкарыстоўваліся ў адзенні з даўніх часоў. Колькасць такіх рэчаў для замацоўвання тканінаў, каўняроў, стужак, карункаў нават вызначала багацце ўладаркі такіх артэфактаў. У XVIII-XIX стст. з дапамогаю шпілек і графак мацавалі спавівальныя стужкі, хрысцільныя і паўсядзённыя капы і пялюшкі немаўляці, таму падарунак такога артэфакта быў вельмі даспадобы будучай маці. Зазвычай такія падушачкі ўпрыгожваліся вышыўкаю бісерам: выявамі сентыментальных галубкоў, сардэчак, кветачак, словамі пажадання ці нават цэлым вершам; радзей — гербамі бацькоў. Былі свае забабоны і прымхі ў выкарыстанні такіх шпілечніц: лічылася, што да нараджэння дзіцяці нельга выкарыстоўваць такую падушачку, бо вострыя іглы прыносяць боль: «кожная шпілька — боль пры родах», і наогул стараліся ў час родаў не трымаць у пакоі цяжарнай вострыя прадметы. Але ў той жа час прымацоўвалі на адзежу немаўляці шпільку «ад суроку», якую найчасцей таемна дарыла адна з бабуляў. Найкаштоўнейшымі падарункамі-абярэгамі былі пярсцёнкі, кулоны і брошкі з мініяцюраю пад назваю «любімае вока», дзе пад крыштальным шклом хавалася мініяцюра з выяваю вока маці ці немаўляці. Мода на такі артэфакт пайшла з Англіі ў 1790-я гады і хутка распаўсюдзілася па ўсёй Еўропе, і пратрымалася ажно да 1830-х гадоў. Такі каштоўны выраб заўсёды быў пры маці ці дзіцяці, як сентыментальны напамін аб самым дарагім, што ёсць на гэтым свеце.

 

Здаецца, напісаў пра ўсё, што хацеў сказаць па гэтай тэме, але кожны раз, вяртаючыся да яе, знаходжу нешта новае, бо нараджэнне новага жыцця і ўсё, што звязана з ім, бясконца паўтараецца са стагоддзя ў стагоддзе. Часам лаўлю сябе на думцы, што, разглядаючы далікатны дзіцячы каптурок, якому ўжо за два стагоддзі, то бок, канула ў небыццё недзе дзесяць пакаленняў, думаю пра імгненнасць жыцця, і нават прыходзіць у галаву знакаміты выраз «memento mori», нібы ў руках трымаю не прыгожы мілы артэфакт з ядвабу і срэбраных карункаў, а, як Гамлет, мацаю пальцамі чэрап беднага Ёрыка. Але… недзе ў гэты час шыюць новае прыгожае адзенне для хросту, якое праз два стагоддзі будзе здзіўляць будучага калекцыянера, і гэтак бясконца, са стагоддзя ў стагоддзе… Жыццё працягваецца.

 

Літаратура:

  1. Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона : в 86 т. (82 т. и 4 доп.). — СПб., 1890–1907. Т. 11а, с. 568–569.
  2. E. Badinter, Historia miłości macierzyńskiej, tłum. K. Choiński. — Warszawa, 1998. S. 147–150.
  3. D. Żołądź-Strzelczyk, Dziecko w dawnej Polsce. — Poznań, 2002.
  4. Шышыгіна-Патоцкая К. Нясвіж i Радзівілы XX стагоддзя // Спадчына, №1, 1995. С. 82–91.
  5. Л. П. Касцюкевіч. Беларускія народныя абрады. — Мінск. 1994.
  6. Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя. Рэд.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелСЭ, 1989.
  7. Дыярыюш князя Міхала Казімера Радзівіла, Ваяводы Віленскага, Гетмана Вялікага В. К. Літ. // Спадчына, №4, 1994. С. 18-47.; №5, 1994. С. 37–57.; №1, 1995. С. 52–65.; №2, 1995. С. 47–76.; №4, 1995. С. 35–60.; №5, 1995. С. 135–161.; №6, 1995. С. 170–199.; №1, 1996. С. 195–223.; №2, 1996. С. 205–233.; №4, 1996. С. 219–250.
  8. Арьес Ф. Детская одежда (из книги «Ребёнок и семейная жизнь при старом порядке»). — Екатеринбург: Изд-во Урал. университета, 1999.
  9. Lena Rangström, Kläder för tid och evighet, Gustaf III sedd genom sina dräkter; Livrustkammaren, Stockholm. 1997.
  10. Małgorzata Możdżyńska-Nawotka. Pochwała kostiumu, czyli geneza mody dzieciecej, opublikowanego w książce Strój — zwierciadło kultury pod. red. Magdaleny Furmanik-Kowalskiej i Joanny Wasilewskiej. Polski Instytut Studiow nad Sztuką Świata. — Warszawa–Toruń. 2013.
  11. Francois Boucher. Historia mody. Dzieje ubiorów od czasów prehistorycznych do końca XX wieku. — Arkady. 2016.
  12. Graham C. Boettcher. The Look of Love: Eye Miniatures from the Skier Collection. Birmingham Museum of Art, 2012.
  13. Karl Janicke: Sophie Albertine. In: Allgemeine Deutsche Biographie (ADB). Band 34, Duncker & Humblot. — Leipzig, 1892.
  14. Polski Słownik Biograficzny. Tom 2. — Warszawa, 1936.
  15. В. Федорченко. Дом Романовых. Энциклопедия биографий. Олма-Пресс, 2002.
  16. Geografi över Kungariket Sverige, Uppland och Södermanland (1827), sid. 302–304.
  17. Badin (Couschi), Adolf Ludvig Gustaf Fredrik Albert. Herman Hofberg, Frithiof Heurlin, Viktor Millqvist, Olof Rubenson. Svenskt biografiskt handlexikon (andra upplagan, 1906).
  18. Calvert, Karin. Children in the House: The Material Culture of Early Childhood, 1600–1900. — Boston: Northeastern University Press, 1992.
  19. Rose, Clare. Children’s Clothes Since 1750. New York: Drama Book Publilshers, 1989.
  20. Callahan, Colleen, and Jo B. Paoletti. Is It a Girl or a Boy? Gender Identity and Children’s Clothing. Richmond, Va.: The Valentine Museum, 1999.
  21. Buck, Anne. Clothes and the Child: A Handbook of Children’s Dress in England, 1500–1900. New York: Holmes and Meier, 1996.
  22. Лилия Кузнецова. Петербургские ювелиры XIX века. Дней Александровых прекрасное начало. Центрполиграф. 2012. Глава 18: «Немного истории… Шалости аббатисы Кведлинбургской превращают наполеоновского маршала в шведского короля».
  23. Адам Мальдзіс. Як жылі нашы продкі ў ХVIIІ стагоддзі. Эсэ. — Мінск, 2009.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY