|
|
|
№
4(110)/2024
Юбілеі
Асобы
Пераклады
Асобы
Літаратуразнаўства
Асобы
Ірына БАГДАНОВІЧ
НАТХНЁНЫ ПАЛАНЭЗАМ І НАРОДНАЙ ПЕСНЯЙ: АРСЕНЬ ЛІС ЯК ПАЭТ І ДАСЛЕДЧЫК БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ Проза
Паэзія
Нашы святыні
Літаратуразнаўства
Ірына БАГДАНОВІЧ
«БО ТЫ, СТАХУ, ТВОРЫШ ЦУД…»: СТАНІСЛАЎ МАНЮШКА ЯК АДРАСАТ ПАЭТЫЧНЫХ ПРЫСВЯЧЭННЯЎ УЛАДЗІСЛАВА СЫРАКОМЛІ Успаміны
Культура
Прэзентацыя
Інтэрв’ю
Мастацтва кіно
|
Гэта сёння дзярэчынскі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі сваёй дасканалай готыкай цешыць вока местачкоўцам і праезджым людзям. А ў гады майго школьнага юнацтва святыня мела варты жалю выгляд — стаяла без дзвярэй і акон, з праваленай страхой, з анямелай званіцай. Але і ў занядбаным стане вабіла да сябе — як сведка даўняй мінуўшчыны, звязанай з былымі ўладальнікамі Дзярэчына князямі Сапегамі. Таму, задумаўшы напісаць краязнаўчую кнігу пра шасцісотгадовае мястэчка, я найперш вырашыў абследаваць касцёл. Дзе па збуцвелых сходах, дзе па прыстаўной лесвічцы, распалохаўшы галубоў і сабраўшы на вопратку назапашанае за паўстагоддзя павуцінне, ускараскаўся на вежу. А там вісіць велічэзны звон сапегаўскіх часоў з надпісам па акружнасці, які на пацямнелай ад часу медзі давялося распазнаваць ледзь не навобмацак: «Me fecit Ian Tomashevich». Ну, тут мне ўніверсітэцкага курса лаціны хапіла: «Мяне зрабіў Ян Тамашэвіч». Калі ж гэткім самым рызыкоўным чынам спусціўся долу і разгроб смецце на падлозе паблізу алтара, то доўга сядзеў наўколенцах і чухаў патыліцу. Пад друзам адкрыліся дзе цэлыя, дзе патрушчаныя мармуровыя пліты з надпісам на той жа лаціне. Прачытаць іх было немагчыма — ад некаторых слоў захаваліся толькі часткі ці асобныя літары. Я акуратна перапісаў словы і паўсловы, перамаляваў усе рысачкі, спадзеючыся ў Мінску расшыфраваць таямнічы надпіс. Універсітэцкая выкладчыца лацінскай мовы, да якой я звярнуўся, хвілінаў колькі глядзела на мае пісьмёны як на шумерскі клінапіс і ўрэшце спачувальна развяла рукамі. Маўляў, вам патрэбен больш абазнаны адмысловец. А дзе таго адмыслоўца шукаць? І тут мне хтосьці падказаў, што лацініст патрэбнай кваліфікацыі ў Мінску ёсць. Ці не ў адзінкавым экзэмпляры. У Акадэміі навук працуе. Алесь Жлутка завецца. Ці трэба тут казаць, з якім багавейным трымценнем у душы ішоў я да таго Алеся Жлуткі. Паперчыну сваю падаваў яму — як чалабітную вялікаму князю! Каб жа хоць не адмовіў, каб рэканструяваў-прачытаў-пераклаў! І што вы думаеце? Праз пару дзён я атрымаў на рукі поўны рэканструяваны тэкст, які датаваўся 1772 годам і аказаўся эпітафіяй з фамільнага Сапегаўскага некропаля. У Жлуткавым перакладзе з урачыстагалосай лаціны і па-беларуску ён гучаў не менш урачыста: «Юзафу Сапегу, дыяцэзіяльнаму каад’ютару Віленскага біскупа, рэферэндарыю Вялікага Княства Літоўскага, роднаму дзядзьку, дзеля заслужанага ўшанавання; Міхалу Сапегу, падканцлеру Вялікага Княства Літоўскага, найлюбімейшаму дзядзьку, сэрца якога тут ляжыць; Казіміру Сапегу, бацьку найлепшаму, паручніку войска Вялікага Княства Літоўскага; кавалерам ордэна Белага Арла, мужам, аздобленым усялякімі цнотамі, за Радзіму і Дом свой князь Аляксандр Сапега, граф у Чарэі, Высокім, Дзярэчыне, ваявода полацкі, польны гетман Вялікага Княства Літоўскага, кавалер ордэна Белага Арла і Святога Станіслава, паставіў гэты помнік». Вернутая з нябыту Сапегаўская эпітафія так мяне натхніла, што даўно задумваная кніга пра Дзярэчын напісалася тады літаральна за два месяцы! Помню, пачуўшы ад мяне, з якой лёгкасцю Алесь Жлутка склаў-аднавіў тую Сапегаўскую эпітафію, яго тагачасны калега па Акадэміі навук з гонарам прамовіў: «Што Алесю эпітафія ХVІІІ стагоддзя, ён кракаўскі дыплом Скарыны рэканструяваў». І праўда — рэканструяваў. Ахвотнікаў азнаёміцца з гэтым унікальным дакументам адсылаю да выдання «Францыск Скарына ў дакументах і сведчаннях» (2020). Здавалася б, беларуская Скарыніяна налічвае ўжо не адно стагоддзе, што і засведчана ў падрыхтаваным Вітаўтам Тумашам і выдадзеным у 1989 годзе бібліяграфічным даведніку, дзе зафіксавана ажно 2 558 даследаванняў скарыназнаўцаў. А вось жа, дыплом Скарыны рэканструяваць ніхто раней так і не даўмеўся. Сёння той Тумашаў даведнік мог бы выйсці з важкім дадаткам — Скарыніяна за апошнія гадоў сорак значна пабагацела. Шэрагі даследчыкаў павялічыліся. Але ж нездарма кажуць у народзе — што ні галава, то розум. А калі «розум» бярэцца за Скарыну, не ведаючы пры гэтым лаціны… Вось жа напісаў пісар Познаньскай гарадской рады перад прозвішчам нашага першадрукара слова egregius, што азначае выдатны. А адзін з такіх «розумаў» прачытаў тое слова як Georgius і пусціў у свет як яшчэ адно імя (праваслаўнае!) Скарыны. І — пайшло-паехала. Да гэтай пары едзе. Скажам, на ордэне Скарыны (найвышэйшая ўзнагарода беларускай дзяржавы) чытаем: Францішак Георгій… І смех, і грэх. Вось чаму росшук і навуковая публікацыя датычных Скарыны дакументаў, чым самааддана і плённа займаецца Алесь Жлутка (дапяў ажно да Ватыканскага таемнага архіва!) — справа надзвычай патрэбная і актуальная. «Прыязджайце ў нашы пушчы і напіцеся з першакрыніц», — з гэткім запрашэннем у свой час звяртаўся Пімен Панчанка да іншаземцаў пасля выхаду ў свет першай Беларускай энцыклапедыі. Разумеў народны паэт, што без першакрыніц рака навукі ўмомант сплытчэе і перасохне. У сучаснай Беларусі гэта, як ніхто іншы, разумее Алесь Жлутка. Таму ў сваіх архіўных росшуках капае глыбей і глыбей, даходзячы да часоў далетапісных, калі на беларускіх землях толькі зараджалася, станавілася на ногі Вялікае Княства Літоўскае са сталіцай у Нава́градку. Вынікам гэтых росшукаў-раскопак стала яшчэ адно фундаментальнае выданне, калі хочаце, узор айчыннага крыніцазнаўства — зборнік «Міндаў, кароль Літовіі, у дакументах і сведчаннях» (2005). Апублікаваным там дакументам, дайце веры, пад васемсот гадоў! Гартаеш кнігу, са старонак якой да нас прамаўляе сама Гісторыя, і нібы чуеш звернуты да кіраўніцтва нямецкага ордэну зычны голас караля, каранацыя якога адбылася ў тым самым Нава́градку (ці ў яго ваколіцах): «Mindove, Dei gratia rex Littowie. Quoniam inspirationis divine gratia faciente per consilium de tenebris gentium in ecclesie Iesu Christi lumen sumus vocati…» («Міндаў, з ласкі Божае кароль Літовіі. Паколькі з ласкі Божага натхнення мы былі пакліканыя з цемры паганства да святла Касцёла Езуса Хрыста…»). А пад лістом караля прыпіска — «дадзена ў 1253 годзе на нашым двары». А дзе той двор знаходзіўся? Ды ў тым жа Нава́градку, дзе цяпер замчышча з цудам ацалелай у віхуры стагоддзяў кутняй вежай. Вось якія повязі аднаўляе Алесь Жлутка. І пакуль колісь слаўны і стольны Нава́градак усё збіраецца ды ніяк не збярэцца паставіць конны помнік першаму беларускаму каралю (сціпла называючы яго вялікім князем), руплівы даследчык разам з выдавецтвам «Тэхналогія» паставіў свой помнік — названы ўжо зборнік «Міндаў, кароль Літовіі...». Азіраючыся на свае студэнцкія (далёкія ўжо) гады, я са шкадаваннем прыгадваю, што вынікам паўгадовага лацінскага семестра павінна была стаць вывучаная на памяць сотня крылатых выслоўяў. Гэткі файл у памяці, вядома ж, не лішні, але беларускія студэнты, як мне і сёння думаецца, з куды большай ахвотай учытваліся б, напрыклад, у радкі славутай «Песні пра зубра» Міколы Гусоўскага, параўноўваючы з арыгіналам беларускі гекзаметр: «Неяк у Рыме пры сціжме людзей незлічонай…». Перакла́даў паэмы на беларускую існуе тры, да аднаго з іх, зробленага Уладзімірам Шатонам (лацініст лаціністу — спрыяльнік), прадмову напісаў Алесь Жлутка. Той пераклад выйшаў у серыі «Школьная бібліятэка» вялікім накладам, і хочацца верыць, што зерне ўпала не на камень. Вось як паэтычна і трапна схарактарызаваў апетага ў паэме зубра аўтар прадмовы: «Ён адначасна і пераможаны і пераможца, забойца і забіты. Ён — пушчы і долы, рэкі і балоты, ён смерд і князь. Ён — «буй тур» Вітаўт. Звер набывае чалавечыя рысы: ён здольны быць пяшчотным і лагодным, лютым і неўтаймавальным. Ён — князь пушчы і яе валадар, аднак ён жа і яе спараджэнне». Сказана з гонарам і глыбокім разуменнем вобраза, і сказанаму верыш, бо прадмоўнік меў магчымасць «пасмакаваць» лацінскі арыгінал. Аднак жа, магу і я паганарыцца — прыканцы шматспадзеўных 80-х мы з Алесем Жлуткам уваходзілі ў адну літаратурную сябрыну — суполку «Тутэйшыя». Не помню, каб ён удзельнічаў у шумных тутэйшаўскіх выступленнях, якія часам суправаджаліся скандальнымі водгукамі ў друку. Мы ездзілі па ўсёй Беларусі, ладзячы літаратурныя сустрэчы дзе толькі было магчыма — у інстытутах і бібліятэках, у школах і на заводах, у студэнцкіх інтэрнатах і мастакоўскіх майстэрнях. А немітуслівы Алесь сядзеў і прывучаў да «звонкага дзе і густога чаго» старажытных класікаў — грэцкіх анакрэонтыкаў і байкара Эзопа, рымляніна Гарацыя і рэлігійных філосафаў Аўрэлія Аўгусціна і Тамаша Аквінскага, нашых лацінамоўных паэтаў Міхала Карыцкага і Францішка Князніна… Зразумела, што тыя Жлуткавы пераклады надалі заўважнай літаратурна-мастацкай вагі зборніку «Тутэйшыя» (1989), пасля якога наша суполка стала выглядаць куды больш аўтарытэтна. Гэта ж не жарты — данашаэрны Гарацый па-беларуску: «Хаўтур не будзе! Змоўкні, жалобны плач, // і стогн агідны, і галашэнняў зык! // Сціш енк, не трэба ўшанаванняў // лішніх парожняй маёй грабніцы!». І калі зрэдку перакладчык з’яўляўся на тутэйшаўскіх сходках, на яго, суразмоўцу Гарацыя, паглядалі з зацікаўленай павагай. У такія моманты, мяркую, не толькі мне думалася: шчаслівы той, хто можа беспасярэдне дакрануцца душой да скарбаў агульначалавечай культуры. Неяк Алесь Жлутка ў публічным дыялогу прызнаўся, што даўно марыць аб стварэнні таварыства лаціністаў, якое папулярызавала б лацінскую мову. Ды вось бяда — лаціністаў тых у Беларусі можна палічыць на пальцах адной рукі. Але ж нездарма накрэслена на новазапаветных скрыжалях — для Бога мёртвых няма, у Яго ўсе жывыя. Гэтак і культурная прастора творыцца не толькі нашымі сучаснікамі. Па-ранейшаму на звыклай для іх лаціне прамаўляюць да нас Мікола з Гусава, Ян з-над Вісліцы і Саламон Рысінскі, што першым саманазваўся як Leuсorussus (беларус). З таго ж асвечанага сонцам маладзіковым Сярэднявечча даносіцца да нас прамоўленая на лаціне прысяга студэнта Кракаўскага ўніверсітэта Францішка Скарыны. На лаціне працягвае дыктаваць свой адрасаваны еўрапейскім манархам эпісталярый наш кароль Міндаў (мы больш звыклі да імя Міндоўг). На лаціне гавораць з намі з надзеяй быць пачутымі і пазнейшыя лацінамоўныя пісьменнікі нашай зямлі — іх цэлая кагорта. Здаецца, сама беларуская прырода не забыла мову, якая стагоддзямі лучыла нашых продкаў з адукаванай Еўропай. Вось я, прыехаўшы ў родную вёску, выходжу вечарам на зарослы чаротам бераг і што бачу-чую? «Божая кароўка заблыталася ў павуціну, // што на пожні расой вечаровай набракла. // Жабы ў сажалцы зноў вывучаюць лаціну — // паўтараць не стамляюцца: aква, аква». І чулі б вы, які гэта суладны і магутны хор, — ажно паветра да самага небакраю скаланаецца! Так што не прапашчая гэта справа — lingua latina — у Беларусі. І шмат каму яшчэ спатрэбіцца складзеная нашым лаціністам №1 граматыка лацінскай мовы. Таму і закончу я гэтыя нататкі ў рытарычным сярэднявечным стылі: пяро ў рукі Вам, шаноўны Алесь Жлутка — паўнамоцны прадстаўнік Скарыны і Гусоўскага, дасведчаны суразмоўца Гарацыя!
Хочацца да гэтага заслужана ўзнёслага і прыгожага Міхасёвага панегірыка (у яго першасным значэнні!) на адрас шаноўнага юбіляра і «дасведчанага суразмоўцы Гарацыя» далучыць таксама словы глыбокай удзячнасці ад імя чытачоў і рэдкалегіі часопіса «Наша вера», у склад якой ад самага пачатку ўваходзіць Алесь Жлутка як незаменны дарадца, мудры кансультант і як заўсёды чаканы аўтар. Ужо ў першым нумары квартальніка ў далёкім 1995 годзе быў надрукаваны ягоны грунтоўны артыкул «Пан, Госпад, Спадар?», які дасюль застаецца і актуальным, і запатрабаваным. Зрэшты, як і ўсе Алесевы публікацыі, што перыядычна з’яўляюцца на старонках квартальніка: ці то ягонае глыбокае даследаванне, прымеркаванае да юбілейнага 2000 года, «Заходняе хрысціянства на Беларусі» (друкавалася ў 1998 г. ажно ў трох нумарах часопіса); ці ягоны пераклад з грэцкай мовы «Вучэння дванаццаці апосталаў „Дыдахэ“»; ці пераклад з лацінскай мовы ўрыўка са «Споведзі» св. Аўгустына і «Ліста св. Бруна Баніфацыя да караля Генрыка ІІ»; ці, як заўсёды, цікавы, бо ўгрунтаваны на архіўных, дасюль невядомых дакументах, артыкул пра «Каранацыю Міндоўга і заснаванне першага біскупства…» А як жа тут не згадаць цэлую серыю артыкулаў Алеся Жлуткі пра нашага першадрукара Францішка Скарыну? Адзін з гэтых артыкулаў Алесь назваў «Жыццё дзеля Слова». І сам ён прысвяціў сваё жыццё служэнню Слову, перакананы, што «родная мова яднае нас з Богам». Ажно 12 гадоў гэтага жыцця Алесь аддаў руплівай і ахвярнай працы ў Камісіі па перакладзе літургічных тэкстаў і рэлігійнай літаратуры, рыхтуючы да выдання на беларускай мове Імшал, Лекцыянарый і іншыя літургічныя кнігі… Заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу і паслужыць кожнаму сваім глыбокім веданнем лаціны і гісторыі, Алесь нястомна кансультуе, перакладае і навучае, застаючыся пры гэтым сціплым, далікатным, дарэшты адданым Богу, Касцёлу і Бацькаўшчыне… Дарагі Алесь, мы дзякуем Богу за тое, што маем шчасце ведаць цябе, разам ствараць «Нашу веру» і на працягу амаль трох дзесяцігоддзяў адчуваць гэтае высокае «яднанне на ўзроўні духу». Няхай жа Дух Святы і надалей шчодра надзяляе цябе сваімі дарамі, а міласэрная Маці нястомна і чула атуляе сваёю апекаю. Plurimos annos! З малітваю, рэдкалегія часопіса «Наша вера».
|
|
|
|