Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(110)/2024
Юбілеі

QUIS UT DEUS
Асобы

ПАТРАБАВАЛЬНЫ ПАПА
Пераклады
Асобы

СУРАЗМОЎЦА ГАРАЦЫЯ
Літаратуразнаўства
Асобы
Проза

ЛУЧАЙСКІ КАСЦЁЛ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Літаратуразнаўства

ВЕРШЫ
Успаміны

СВЯТЛО ВІГІЛІІ
Культура
Прэзентацыя
Інтэрв’ю
Мастацтва кіно

Міленіум

На стыку стагоддзяў запаляцца зоркі,
Асыплецца шэрань на шыферны дах.
Усё як заўсёды: палі і пагоркі,
І белым сняжком перамецены шлях.

Пахілены крыж на пустым скрыжаванні,
Драўляная цэркаўка, могілкі, плот…
Вось так і канчаецца раннім змярканнем
Пад небам халодным двухтысячны год.

Як хутка сплылі праз завеі і хмары,
Па зорных шляхах і гарачай крыві,
Дзве тысячы год страшных войн і пажараў
І дваццаць стагоддзяў Хрыстовай любві.

А свет не змяніўся — ўсё ж тыя заганы:
Нянавісць і зайдрасць, і рабства, і страх…
І дваццаць стагоддзяў не гояцца раны —
Крывавяцца ціха на Божых руках.

Не могуць на гэтым няласкавым свеце
Прыняць Твой наказ ці пакаяцца хоць
Твае неразумныя, жорсткія дзеці,
Якім Ты замнога даў волі, Гасподзь.

 

* * *

Чарсцвее абыякавасцю сэрца,
Калі бяда чужая — не бяда.
Зачэрпнецца ў разбітае вядзерца
З забытай студні мёртвая вада.

Не адлюструюцца ў ёй зорныя вышыні
І не зайграе сонечны прамень.
На дне халодным цемраю застыне
У затхлай глыбіні спрадвечны цень.

Душа змярцвелая зачынена для Бога,
Ні майскім днём, ні ў восеньскую золь
Не пераступяць чорнага парога
Ні радасць блізкага,
Ні чалавечы боль.

Жыццё пустое — жорсткая адплата,
Зімовая халодная нуда.
Астыне без цяпла людскога хата,
Замерзне ў студні мёртвая вада.

 

Бабуля Макрына

Светлай памяці
бабулі Макрыны

Зноў восень на могілках
дожджыкам сыпле,
замшэлыя літары:
«...памяць ад сына»,
ты сорак гадоў тут
пад помнікам сціплым,
у роднай старонцы,
бабуля Макрына.

Быў доўгім твой век —
дзевяноста чатыры,
няпростай была тут
твая пуцявіна,
збалела душа,
запрасілася ў вырай —
бліжэй каб да Бога,
бабуля Макрына.

Жылося нялёгка...
такое бывала —
трапляла у хлеб
і сляза,
і мякіна…
Муж рана памёр,
ты дзяцей падымала —
шасцёра было іх,
бабуля Макрына.

Ты перажыла
ці не восем уладаў,
і ўсім з сваёй працы
была ты павінна.
О, колькі было іх —
нягоднікаў, гадаў —
сваіх і чужынцаў,
бабуля Макрына.

Усё адабралі:
зямліцу і волю...
Кацілася гвалту
і злосці лавіна,
а ты не кляла
сваю цяжкую долю —
душу ратавала,
бабуля Макрына.

Ты ведала сілу
і веры, і слова,
і знала:
астатняе ўсё —
хуткаплынна.
Якая была ў цябе
чыстая мова
і чыстае сэрца,
бабуля Макрына!

 

Ляхавіцкая бальніца,
30 чэрвеня 1986 г.

Светлай памяці бацькі

Не ўзвышаецца вежа званіцы
І аргана не чуюцца гукі.
У касцёле — палаты бальніцы,
Дзе цялесныя лечацца мукі.

Тут раўняюцца ўсе перад Богам,
І з’яднаны адною бядою,
Хто ў бязвер’і,
Хто ў веры — трывогу
Адчуваюць сцішэлай душою…

У вачах раз апошні —
Сінеча
Неба летняга тухне, згасае…
Бацька ціха сыходзіць у вечнасць,
У руцэ руку сына сціскае.

Кроў пульсуе павольней у венах,
І нясцерпныя сцішацца болі,
На гатычных праявяцца сценах
Твар Хрыста
І анёлы — на столі.

Для душы, што Гасподзь забірае,
Зноў становіцца храмам палата.
У касцёле былым памірае
Праваслаўны —
Унук уніята.

 

Брату Аляксею

А мы аддаляемся, мы аддаляемся,
Мы ў часе й прасторы з табою губляемся.
Дзяцінства, як знічка, міргае здалёку,
Да вечнай разлукі — нам крок ці паўкроку?

Сустрэчы нячастыя — нам як падзеі,
Адзін аднаго не заўжды разумеем.
У кожнага лёс свой, жыццё і навіны,
Яднаюць нас толькі з табой — успаміны.

І памяць для нас — быццам круг ратавальны,
Які нас выносіць на бераг світальны,
Дзе ўсё гэтак проста і ўсё зразумела,
Дзе бацька і маці, дзе лета ўспацела

Расою іскрыстай на ранішніх гонях,
Дзе дожджык і сонца ў раскрытых далонях,
Дзе сена — на лузе, на пашы — каровы,
Адзін на дваіх нам — пашарпаны ровар.

Дзе зналі цану мы акрайчыку хлеба,
Дзе сэнс пазнавалі няўмольнаму: «Трэба!»
І ўсё ж мы былі там шчаслівымі, браце,
Дзе строгасць — ад бацькі, пяшчота — ад маці.

Як хутка, як хутка ж усё праляцела,
Пад бурай жыццёвай душа зачарсцвела.
Даўно ў свеце іншым — і бацька, і маці,
І холад зімовы ў пакінутай хаце.

А мы, быццам лісце, сарванае з дрэва
Шалёнаю бурай, асенняй залевай,
Далёка ад дому — паціху старэем,
Адзін аднаго не заўжды разумеем…

 

Вечар

Над лугам росным
Кнігаўка заплача,
На небе цёмным
Зорак карагод.
Дзень адышоў,
Турботны і гарачы,
Той летні дзень,
Што, кажуць, корміць год.

А жнівень пахне
Яблыкам і хлебам,
Кране лістоту
Ранняя іржа…
Ну вось і зноў
Пад гэтым зорным небам
Бліжэй на дзень
Да вечнасці
Душа.

 

Сейбіты

Насыпае Гасподзь,
быццам зерне ў сявеньку,
па сваёй мерцы ўсім
дзён ашчадна зямных,
адпраўляе на ніву сваю
памаленьку
сеяць зернетка тое
і добрых, і злых.

За адным —
збажына каласіцца сцяною,
а другому —
каб толькі сядзець на мяжы,
ды ў канцы перад Богам
з сявенькай пустою
трэба стаць за разлікам
там кожнай душы.

Цярпліва чакаць
у пакойчыку цесным,
покуль зерне адвее
Гасподзь ад асця,
і анёлы на шалях
узважаць нябесных
і грахі, і заслугі
зямнога жыцця.

 

На радзіме

Абязлюдзела вёска. Клады
На пагорку бялеюць крыжамі,
І зноў восень нясе халады,
Занавешвае далеч дажджамі.

Родны край, чаму ж столькі тугі
У палях тваіх голых, маркотных?..
Разыходзяцца ціха кругі
Ад дажджынак на лужах халодных.

Адчуваю і боль, і віну
Тут, дзе спяць вечным сном мае продкі.
І ніхто не адкажа, чаму
Шлях зямны наш цяжкі і кароткі?..

Вы ўжо ўсе тут: бацькі і дзяды,
На магілы лістота злятае,
І бязлітасна вашы сляды
Са сцяжынак зямных час змывае.

Дзесьці ў небе — як быцам бы звон,
Ці то крык жураўлінай самоты?
Ці то голас мне ваш тут чуцён
У шаптанні дажджу і лістоты?

І чаму сярод гэтай імжы,
Тут, дзе восень, бязлюддзе і шэрасць,
Развярэджанай болем душы
Ў несмяротнасць так хочацца верыць?..

 

* * *

Адгарэлі, апалі лісты залатыя,
Праясняюцца ўзімку палі і жыццё.
Ды старыя грахі і памылкі былыя
Мне не скінуць з сябе, як старое рыззё.

І былое са мной — не забыць, не паправіць,
І растрачаны час не дагнаць, не вярнуць.
Па нязбытным вятры трызну горкую правяць,
І да раніцы мне не ўдаецца заснуць.

Не падманеш свой лёс, не пачнеш жыць спачатку,
І жар-птушку сваю за крыло не злавіць…
Выйду ранкам на двор, ціха хукну ў пальчатку
І сцяжынку мяту да варот —
Трэба жыць…


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY