|
|
|
№
4(110)/2024
Юбілеі
Асобы
Пераклады
Асобы
Літаратуразнаўства
Асобы
Ірына БАГДАНОВІЧ
НАТХНЁНЫ ПАЛАНЭЗАМ І НАРОДНАЙ ПЕСНЯЙ: АРСЕНЬ ЛІС ЯК ПАЭТ І ДАСЛЕДЧЫК БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ Проза
Паэзія
Нашы святыні
Літаратуразнаўства
Ірына БАГДАНОВІЧ
«БО ТЫ, СТАХУ, ТВОРЫШ ЦУД…»: СТАНІСЛАЎ МАНЮШКА ЯК АДРАСАТ ПАЭТЫЧНЫХ ПРЫСВЯЧЭННЯЎ УЛАДЗІСЛАВА СЫРАКОМЛІ Успаміны
Культура
Прэзентацыя
Інтэрв’ю
Мастацтва кіно
|
Разважанні дарослага чалавека, яны адкуль? Напісаў і здзівіўся — а сапраўды, адкуль? З жыццёвага досведу, з прачытаных кніжак, з пачутага ад людзей. Ды ці мала з чаго... І каго ні вазьмі, мала хто ў тым пераліку не згадае ўспаміны самага ранняга дзяцінства. Якраз яны, калі чалавек яшчэ не перанасычаны ведамі, калі шмат што бачыць і асэнсоўвае ўпершыню, не грунтуючыся на папярэдніх уяўленнях, эмоцыях, калі на яго не ўплываюць думкі і ацэнкі «аўтарытэтаў», можа, самыя правільныя і самыя аб’ектўныя. І дарослыя разважанні, калі яны на тым, дзіцячымі вачыма ўбачаным, грунтуюцца, яны, як не круці, будуць іншыя. У мяне сярод дзіцячых успамінаў асобнае месца — пра «Вандзіна вяселле». Шмат чаго тады ўбачыў першы, а нешта і адзіны раз у жыцці. Сярод тых успамінаў — і муры лучайскага касцёла. Хлапчанё, якое нічога, акрамя прыземістых хат хутароў ды маленечкіх вёсачак, не бачыла, нечакана апынулася каля старадаўніх сценаў, якія пераходзілі ў спічастыя вежы, і недзе там, высока-высока, губляліся ў бяздонным небе, каля сонца, сярод хмараў. І тады здавалася, што менавіта яны даносяць людскія малітвы да Бога, бо Бог жа, бабуля заўсёды казала, недзе там, на небе. І калі асабліва хацела, каб ёй паверылі, бажылася: «Праўдачка, як Бог на небе!» А як іначай чалавек да таго Бога дакрычыцца? Ні ў саламянай страхой накрытай хаце, ні ў дварышчы, ні ў полі прамоўленыя чалавекам пацеры не вельмі да таго Бога, можа, і даляцяць? Рассеюцца ў прасторы, ветрам разнясуцца па палях-кустах, і ці пачуе іх Бог? Іншая справа ў гэтакім храме. Прамоўленае пад яго скляпеннямі не мае іншага выйсця, як толькі ў вежы, што цягнуцца ў неба, да Бога. Тут ужо ні адна просьба, ні адна споведзь не згубіцца, тут ніводнай думкі не схаваеш — Бог цябе праз тыя вежы наскрозь бачыць... Тады касцёл, хоць такіх гмахаў я не то што не бачыў, а нават уявіць не мог, зусім не напужаў. Можа, таму што дзіцячая душа не адчувала страху пакарання за грахі — якія грахі ў чатырохгадовым узросце? Узнікла, і ўсё жыццё са мною, зусім іншае пачуццё — павага. Тады павага, як і шмат якія іншыя дзіцячыя пачуцці, была невытлумачальнаю, проста змушала асаблівым чынам сябе паводзіць. І ўсё. А напаўненне таго дзіцячага пачуцця прыйшло праз многа-многа гадоў. І ці поўнае яно сёння, ці ўсё я разумею, упэўненасці няма, ды і ці будзе калі… Касцёл той стаяў воддаль ад дарог, па якіх часта ездзіў, ды і далекавата. За паўстагоддзя толькі разы са два шлях мой праходзіў досыць блізка ад Лучая, але адмыслова ехаць да таго зачыненага касцёла не выпадала. Іншыя клопаты, іншыя думкі, і часу, як заўсёды, бракуе... Але ўрэшце сустрэча адбылася. Ужо ў новы час, калі бязбожная ўлада сарамліва схавала свае атэістычныя дзіды, вярнула ператвораныя ў хлявы, напалову знішчаныя храмы вернікам, а былыя партыйныя чынушы, «у сабакі вочы пазычыўшы», рынуліся ў адчыненыя цэрквы-касцёлы адбіваць паклоны, замольваць грахі. Амаль адмыслова з далёкай сталіцы паехаў у Лучай. Мясцовасці вакол старадаўняга храма не пазнаў. Мабыць, то з лёгкай рукі мосарскага ксяндза Юзафа Булькі пайшло — велізарны добраўпрадкаваны кветнік. Не такі неабсяжны, як у Мосары, але таксама годны. Храм, вежы, што губляюцца недзе ў небе, той жа. Колькі разоў, узгадвючы, разглядаў фотаздымкі, адно сталася нечаканым — не стэрыльна белы. Нехта, фарбуючы сцены, капнуў у вапну крышачку чорнага, і як дарэчы, як цудоўна атрымалася падкрэсліць, што мурам шмат стагоддзяў, што смуга часу пакінула на іх свой след, што муры тыя столькі ўсяго бачылі... Калі глядзіш на выбеленую полацкую Сафію, баішся, каб нават паглядам сваім не запэцкаць, думкаю неадпаведнаю не апаганіць. Баішся... Гледзячы на крыху шараватыя сцены лучайскага касцёла, пранікаешся павагаю да храма, што перажыў стагоддзі, што бачыў пад сваімі сутарэннямі тысячы і тысячы простага люду, працаўнікоў, што йшлі да яго са сваімі радасцямі, а болей з горам: разумееш, што цагліны ў яго сценах не так рошчынай мацуюцца, як шчырымі малітвамі, бясконцаю вераю. Геніяльнае вырашэнне... Можа, без гэтага, быццам старадаўняга адцення фарбы, ці прыйшла б думка, што менавіта ён, набрынялы людскімі пачуццямі, павагаю, удзячна настаўляў кожнага, падтрымліваў і вёў па жыцці, ад хросту да адпявання. І потым, калі душа адляцела, памятаў, пакуль памяталі нашчадкі. Напэўна, і цяпер памятае, толькі ўжо моўчкі, толькі разам з Богам. І я, аглядаючы святыню, слухаючы няспешны расказ добразычлівага ксяндза пра збольшага вядомую гісторыю храма, увесь час шукаю хоць якой прыкметы, што нагадалі б мне мяне малога. І нічога не знаходжу. Нічога ўжо няма... Муры мяне, напэўна, як і ўсё, што каля іх адбывалася, памятаюць. Але муры маўчаць. А можа, акурат тое, што захавала мая дзіцячая памяць, і ёсць частка памяці муроў?.. Сёння навукоўцы, вывучаючы артэфакты, пісьмовыя крыніцы, па драбніцы расшыфроўваюць тое, што памятаюць муры. Падумаў, што не так доўга засталося чакаць: людзі абавязкова вынайдуць прыстасаванне, якое, падобна запісу на флэшцы, будзе чытаць усё, запісанае мурамі. І гэта не толькі цікава. Гэта патрэбна! Каб не згінуў народ, каб адрадзілася Краіна. Каб жыла вера! Патрэбна!
|
|
|
|